Смекни!
smekni.com

Лексічная сістэма беларускай літаратурнай мовы (стр. 2 из 4)

· тэрміны розных грамадскіх навук - гісторыі (адраджэнне, рэфармацыя), філасофіі (абстракцыя, эмпірызм, алагізм), палітычнай эканомікі (вартасць, даход, сродкі абарачэння), логікі (дэдукцыя, суджэнне, абстрактнае разважанне) і інш.

Да грамадска-культурнай тэрміналогіі адносяцца словы, што функцыянуюць у сферы культуры - музыцы (акорд, арыя, гукарад), тэатральным мастацтве (авансцэна, дэкарацыя, трупа), кінамастацтве (гукааператар, сцэнарый), выяўленчым мастацтве (жывапіс, нацюрморт, пейзажыст), архітэктуры (арка, барока, готыка) і інш.

Асаблівасцю грамадска-палітычнай і грамадска-культурнай тэрміналогіі з’яўляецца тое, што ім не ўласціва вузка абмежаваная сфера выкарыстання, стылістычная замкнутасць.

У склад навуковай тэрміналогіі ўваходзяць тэрміны розных галін навукі - геаграфіі, фізіялогіі, геалогіі, астраноміі, хіміі, фізікі, матэматыкі мовазнаўства, медыцыны (аазіс, мерыды, лінгвістыка, суфікс, прэпазіцыя, косінус, тэарэма, функцыя, аорта, дыягназ, карыес, пратэз і інш.)

Да тэхнічнай тэрміналогіі адносяцца тэрміны, што функцыянуюць у розных вытворча-тэхнічных сферах - машынабудаванні, электратэхніцы, гідратэхніцы, радыётэхніцы, металургіі, горнай справе і г.д. (генератар,камера згарання, гідрометр, дамба, домна, бур і інш.)

3. З гісторыі фарміравання беларускай навуковай тэрміналогіі.

Пры аналізе фарміравання тэрміналогіі неабходна паслядоўна размяжоўваць працэс натуральнага папаўнення тэрміналагічнай лексікі ў ходзе развіцця пэўных галін навукі і ўласна тэрміналагічную работу па ўпарадкаванні гэтай лексікі. Натуральнае папаўненне тэрміналагічнай лексікі неаддзельна звязана з умовамі развіцця і функцыянавання нацыянальнай мовы. Тэрміналагічная работа па стварэнні пэўнай тэрміналогіі падзяляецца на чатыры этапы:

1. Гэты этап звязаны са сферай функцыянавання (навуковыя тэксты) тэрміналагічнай лексікі, у гэты час галоўная роля належыць спецыялістам канкрэтнай галіны ведаў.

2. Апісанне назапашанага моўнага матэрыялу і складаннем першых тлумачальных слоўнікаў.

3. Моўнае ўпарадкаванне (суаднясенне з нормамі мовы) і фіксацыя тэрміналогіі.

4. Нарматыўнае выкарыстанне тэрміна ў сферы функцыянавання.

Паколькі беларуская мова характарызуецца працягласцю і перарывістасцю свайго гістарычнага развіцця, то ёсць падставы сцвярджаць, што натуральнае фарміраванне беларускай навуковай тэрміналогіі таксама з’яўляецца працяглым, але перарывістым.

Такія пазамоўныя фактары, як забарона беларускай мовы Варшаўскім сеймам у 1696 годдзе і негатыўныя адносіны да яе царскага ўрада Расіі, выклікалі больш чым стогадовы разрыў паміж пісьмовымі традыцыямі старабеларускай і сучаснай беларускай мовы, адмоўна ўздзейнічалі на фарміраванне нацыянальнай навуковай тэрміналогіі, паколькі замацаванне навуковых тэрмінаў адбываецца, перш за ўсё, у працэсе ўжывання іх у друкаваных выданнях. Лексікаграфічная ж і ўласна тэрміналагічная работа ў такіх сацыяльных умовах наогул не магла быць арганізавана.

Першапачатковай асновай фарміравання тэрміналагічнай лексікі старабеларускай мовы неабходна лічыць назвы (намінацыі) розных прадметаў і з’яў прыроды ў народным маўленні і пазней фіксацыю гэтых намінацый у пісьмовых помніках старабеларускай мовы.

Разуменне працэсу развіцця беларускай навуковай тэрміналогіі цесна звязана з узнікненнем і развіццём пісьменства на Беларусі. А пісьменства на Беларусі аформілася адначасова з яго ўзнікненнем ва ўсёй Кіеўскай Русі (розныя надпісы, зробленыя кірыліцай рамеснікамі Кіева, Ноўгарада, Полацка, Смаленска і іншых старажытных цэнтраў, дзелавыя запісы і прыватныя лісты на бытавыя і гаспадарчыя тэмы). Так, у тэксце знойдзенай у 1959 годзе ў Віцебску берасцяной граматы, якая датуецца XIII – XIV стагоддзямі, можна вылучыць наступныя словы, што ўвайшлі ў склад тэрміналагічнай лексікі старабеларускай мовы і сталі асновай стварэння асобных тэрмінаў з розных галін гаспадарчай дзейнасці: грыўня, жыта, купіць, наяўнасць, прадаць.

Да ліку фактараў, якія садзейнічалі фарміраванню беларускай тэрміналагічнай лексікі ў XIV – XVII стагоддзях, можна аднесці, па-першае, тое, што з другой паловы XIV пісьмовая беларуская мова стала дзяржаўнай мовай Вялікага Княства Літоўскага. Гэта спрыяла развіццю поўнафункцыянальнасці старабеларускай мовы, фарміраванню яе асноўных стыляў, у тым ліку і навуковага. Па-другое, у першай палове XVI стагоддзя ў Беларусі ўзнікла, а да сярэдзіне XVI стагоддзя атрымала шырокае распаўсюджанне, кнігадрукаванне, якое ў значнай ступені садзейнічала выпрацоўцы лексічных норм, расшырэнню слоўніка, замацаванню намінацый новых навуковых паняццяў у моўнай практыцы. Найбольш развітымі (з пункту погляду натуральнага фарміравання) галінамі тэрміналогіі ў XIV – XVII стагоддзях былі тыя, якія абслугоўвалі асноўныя напрамкі гаспадарчага, навуковага і грамадскага жыцця беларускага народа. Гэта грамадска-палітычная, юрыдычная, гандлёвая, сельскагаспадарчая, прамысловая, ваенная тэрміналогія, а таксама тэрміналогія мовазнаўства, астраноміі, матэматыкі і інш.

Развіццё беларускай тэрміналогіі, як і іншых мовазнаўчых дысцыплін, было цесна звязана са станам школьнага навучання. Праваслаўным, ці так званым брацкім, вучылішчам і школам, якія ў XVI – XVII стагоддзях былі шырока распаўсюджаны на Беларусі як цэнтры ўсходнеславянскага пісьменства, патрэбны былі падручнікі. Першая друкаваная граматыка была выдадзена ў 1586 годзе ў Вільні друкарняй Мамонічаў (“Кграматыка словеньска языка...” прыпісваецца Іаану Дамаскіну). Кожная наступная граматыка, якая выдавалася на тэрыторыі Беларусі (“Грамматика словенска” Л.Зізанія 1596 г., “Грамматика славенския правилное синтагма...” М.Сматрыцкага 1618 і 1619 гг.), усё больш тэрміналізавалі лексічныя сродкі народнай мовы.

Ролю тэрміналагічных слоўнікаў ў XIV – XVII сагоддзях часткова выконвалі глосы, якія змяшчалі на палях ці паміж радкамі рукапісу або друкаванага выдання, што садзейнічала станаўленню адзінага моўнага і сэнсавага ўжывання тэрмінаў. У XVII стагоддзі ў сувязі з пашырэннем сферы ўжывання беларускай мовы распаўсюдзілася тлумачэнне беларускіх тэрмінаў з дапамогай рускіх глос: выличать – вычитать, грашовые – денежные, поданья – подати, час – время.

Вялікае значэнне для развіцця беларускай тэрміналогіі меў створаны ў 1596 г. Лаўрэнціем Зізаніем першы славяна-беларускі слоўнік – “Лексіс”, а таксама “Лексікон славенароскі” Памвы Бярынды. Значная частка змешчаных тут тэрмінаў захавалася да нашага часу: бытие, выхованье, истина, мова, особа, оборонца, пытанье, сведомосць, скарга, утиск.

Нягледзячы на дастаткова высокі ўзровень развіцця навукі і асветы, адпаведны тэрміналагічны фонд старабеларускай мовы, а таксама даўнія лексікаграфічныя традыцыі, у XVII – XVIIІ стагоддзях спецыяльныя тэрміналагічныя слоўнікі на Беларусі выдадзены не былі. Убачылі свет толькі адзінкавыя навуковыя кнігі. У многім гэта тлумачыцца перапынкам функцыянавання пісьмовай беларускай мовы, а пазней - негатыўным стаўленнем да яе царскага урада Расіі.

Прыкметны ўплыў на развіццё новай беларускай тэрміналогіі зрабілі навуковыя і навукова-папулярныя публікацыі канца XIX – пачатку XX стагоддзяў.

Да першых спроб беларускай тэрміналагічнай працы адносяцца граматычная тэрміналогія ў падручніку Б.Тарашкевіча “Беларуская граматыка для школ” (1918), слоўнік літаратурных тэрмінаў у кнізе М.Гарэцкага “Гісторыя беларускай літаратуры” (1920), распрацоўка Беларускай вайсковай камісіяй ваеннай тэрміналогіі ў брашурах “Вайсковая стылістыка” (1919) і “Каманды па-беларуску” (1920) і інш.

Паслядоўная і мэтанакіраваная праца па стварэнню беларускай навуковай тэрміналогіі пачалася пасля арганізацыі Беларускага школьнага савета (1919), які распрацоўваў асноўныя тэрміны для пачатковай школы. У лютым 1921 г. была створана Навукова-тэрміналагічная камісія, праца якой дала вялікі плён. За ўвесь час свайго існавання камісія мела 70 агульных пасяджэнняў, на якіх было разгледжана і прынята да 3000 тэрмінаў. На базе гэтай камісіі ў пачатку 1922 г. быў створаны Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт). У яго ўвайшлі М.Байкоў, М.Гуткоўскі, Я.Лёсік, С. Некрашэвіч і інш. Тэрміналагічныя камісіі Інбелкульта, нягледзячы на цяжкасці і недахопы, зрабілі вельмі карысную для беларускай навукі справу, а іменна:

1) вызначылі кола навуковых паняццяў і сродкі іх выражэння ў мове. Побач з асобнымі няўдалымі штучнымі наватворамі былі прапанаваны і даволі трапныя і дакладныя тэрміны, як скарачэньне (абревиатура); калючапёрыя (колючепёрые); яшчарка (ящерица); прымета, адзнака (примета); дужкі (скобки); сугучча (созвучие) і інш.;

2) шукалі крыніцы навуковай тэрміналогіі (навуковыя тэксты па розных галінах ведаў);

3) падбіралі іншамоўныя лексічныя адпаведнікі да беларускіх тэрмінаў;

4) распрацоўвалі прынцыпы тэрміналагічнай працы і асвятлялі іх у друку;

5) займаліся сістэматызацыяй і ўніфікацыяй тэрміналагічнай лексікі;

6) абагульнялі звесткі з розных беларускіх тэрміналагічных слоўнікаў, выдадзеных у рэспубліцы і за яе межамі.

Вынікам працы спецыялістаў па розных галінах ведаў і супрацоўнікаў тэрміналагічных камісій Інбелкульта (з 1929 г. – Беларукай акадэміі навук) сталі падрыхтоўка і выданне 24 выпускаў “Беларускай навуковай тэрміналогіі”, напрыклад:

Выпуск 1. Элементарная матэматыка – 1922 год;

Выпуск 2. Практыка і тэорыя літаратурнага мастацтва – 1923 год;

Выпуск 4. Тэрміналогія логікі і псіхалогіі – 1923 год;

Выпуск 6. Батаніка: агульная і спецыяльная – 1924 год;

Выпуск 7. Музычныя тэрміны – 1926 год;

Выпуск 13. Анатамічныя назвы – 1927 год;

Выпуск 17. Слоўнік бухгалтарскай тэрміналогіі – 1928 год;

Выпуск 19. Слоўнік сельскагаспадарчай тэрміналогіі – 1928 год;

Выпуск 21. Слоўнік фізічнай тэрміналогіі – 1929 год;