Смекни!
smekni.com

Пісьмовыя дакументы ў сферы дзелавых зносін (стр. 2 из 3)

Зразумела, правільныя заключэнні можна рабіць толькі пры зыходна даставерных пасылках, на падмурку якіх ажыццяўляюцца індуктыўныя, дэдуктыўныя ці іншыя віды лагічных заключэнняў. Праз праверку на лагічную правільнасць павінны праходзіць усе выказаныя думкі, меркаванні, прапановы, палажэнні, бо без гэтага іх доказнасць не будзе стратэгічна паўнавартаснай, нават калі з дапамогай іншых довадаў (напрыклад, псіхалагічных) можна дасягнуць тактычных поспехаў, дапусцім, у тым ці іншым дыспуце. Псіхалагічныя аргументы грунтуюцца на ўліку інтарэсаў, пажаданняў, пачуццяў, сімпатый аўдыторыі. Людзі звычайна кіруюцца ў многіх сітуацыях інстынктам самазахавання, эканамічнымі, асабістымі, грамадскімі інтарэсамі, здаровым сэнсам, добрай рэпутацыяй, пачуццём уласнай годнасці, гістарычна выпрацаванымі стандартамі паводзін, а таксама такімі пачуццямі, як спачуванне, справядлівасць, жаласць, павага да законаў, адказнасць перад самім сабой, сям‘ёй, грамадствам і інш. У той час як лагічныя доказы скіраваны на розум адрасата, псіхалагічныя – на яго пачуцці. Узважаная гарманічная камбінацыя абодвух відаў аргументаў у вусным ці пісьмовым тэкстах з улікам сітуацыі іх прымянення, складу аўдыторыі, як правіла, прыводзіць да поспеху выступоўцы (аўтара) тэксту. У рэчышчы абагульненых лагічных і псіхалагічных відаў аргументацыі вылучаецца мноства прыватных тактычных спосабаў, скіраваных на тое, каб створаны аўтарам тэкст (выступленне) быў пераканальным і адпавядаў пастаўленым мэтам і задачам.

Да такіх спосабаў належаць, у прыватнасці, дарэчныя спасылкі на думкі, выказванні агульнапрызнаных аўтарытэтаў па той ці іншай тэме, меркаванні экспертаў, спецыялістаў пэўнай галіны ведаў. Пры гэтым цытаванне класікаў, заслужаных людзей або пераказванне іх думак сваімі словамі павінны быць дакладнымі і аптымальна падыходзіць да палажэнняў, што разглядаюцца ў канкрэтным тэксце, з абавязковай спасылкай, аформленай у адпа-веднасці з правіламі цытавання (аўтар, назва працы, месца і год выдання, старонка). Далёка не заўсёды правамерна нават пры спасылцы на самы высокі аўтарытэт ці на групу кампетэнтных экспертаў па складаных пытаннях рабіць абагульненні тыпу філосафы (матэматыкі, фізікі, сацыёлагі і да т.п.) лічаць, што…, бо звычайна і сярод спецыялістаў назіраюцца супрацьлеглыя ці несупадальныя пункты гледжання па неадназначных пытаннях, праблемах, тэмах. У такіх выпадках мэтазгодна прывесці розныя канцэпцыі, аргументы, што выкарыстоўваюцца аўтарамі для сваёй правамернасці, каб даць можнасць адрасатам або самім паразважаць па прапанаванай тэме і ўсвядоміць усю яе складанасць і магчыма невырашальнасць на дадзены час, або пацвердзіць правільнасць розных падыходаў, таму што яны вядуць да асвятлення канкрэтнай тэмы з розных бакоў і тым самым спрыяюць яе больш аб‘ектыўнаму і аб’ёмнаму аналізу і прадстаўленню.

Лагічныя і псіхалагічныя довады, спасылкі на аўтарытэт служаць важнымі, але не адзінымі і самымі галоўнымі відамі доказаў і аргументацыі. Самым сур‘ёзным, вырашальным і пераканальным аргументам у большасці спрэчак або ў выступленнях, пісьмовых тэкстах з’яўляецца эмпірычны матэрыял, факты рэчаіснасці. Як правіла, любая тэорыя, канцэпцыя, пункт гледжання і г.д., што не стасуюцца з фактамі, павінны або карэктавацца, або пераглядацца, або прызнавацца проста неправільнымі. Дарэчная дэманстрацыя факта (рэальнага прадмета, прыкметы, дзеяння) здатны зрабіць непрымальнай думку найбольш дасведчанага мудраца. Успомнім у сувязі з гэтым верш А.Пушкіна:

“Движенья нет, ” – сказал мудрец брадатый ,

Другой смолчал и стал ходить.

Сильнее бы не мог он возразить.

Хвалили все ответ замысловатый.

Факты могуць дапускаць рознабаковую інтэрпрэтацыю, з іх улікам будуюцца несупадальныя ці нават супрацьлеглыя тэорыі, канцэпцыі. У такіх выпадках найбольш доказнай выглядае пазіцыя, дзе выкарыстоўваецца большая колькасць канкрэтных дадзеных, для чаго яны апрацоўваюцца з дапамогай квантытатыўных метадаў. Сярод апошніх выдзяляюцца звычайна колькасныя падлікі (ужываюцца, напрыклад, як вырашальны аргумент пры сацыялагічных апытаннях, галасаваннях, выбарах, рэферэндумах і інш.) і статыстычныя разлікі (прымяняюцца пры апрацоўцы вялікіх масівах дадзеных з дапамогай матэматычных формул для вывядзення правіл, тэндэнцый, заканамернасцяў, што дзейнічаюць у прыродзе, грамадстве і адрозніваюцца па сваёй сутнасці ад лагічных, дэтэрміністычных правіл, заканамернасцяў. Пры лагічным разглядзе праблемы дзейнічае прынцып так / не, пры статыстычным, імавернасным – прынцып больш / менш, дзе першыя члены прыведзеных пар (так, больш) служаць дадатным аргументам на карысць прапанаванага падыходу да вырашэння таго ці іншага пытання.

Самую вялікую колькасць інфармацыі чалавек атрымлівае зрокавым шляхам (каля 80%), а праз усе астатнія органы пачуццяў паступае ў пяць разоў менш атрыманых звестак, ведаў, таму неаыпадкова народная мудрасць цвердзіць, што лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць. Дарэчы, нервы, што вядуць ад вока да мозга ў 25 разоў таўсцей, чым тыя нервы, што вядуць ад вуха да мозга. У сувязі з гэтым эфектыўным сродкам аргументацыі як у вусным выступленні, так і ў пісьмовым тэксце выступаюць разнастайныя наглядныя ілюстрацыі (фотаздымкі, малюнкі, схемы, чарцяжы, графікі, дыяграмы, табліцы, формулы і інш.), якія не толькі дапамагаюць аптымальна выразіць інфармацыю праз осноўны орган (вока) яе ўспрымання чалавекам, але і прадставіць яе адначасова і раскладзенай на часткі (прааналізаванай), сінтэтычна, структурна арганізаванай, у выглядзе аднаго цэлага, дзе выдзяляюцца асноўныя і дапаможныя часткі (дэталі, кампаненты, элементы – малюнкі, схемы; уласцівасці, функцыі – графік, дыяграма; абстрактная сутнасць у выглядзе закона – формула, некаторыя табліцы, напрыклад, Перыядычная табліца хімічных элементаў Дз. Мендзялеева і інш.). Наглядны матэрыял шырока выкарыстоўваец-ца і як дыдактычны сродак, і як аргумент, сродак доказу, здатны істотна паўплываць на адрасата (слухача, чытача, успрымальніка інфармацыі), пераканаць яго ў ісціннасці ці, прынамсі, правамернасці таго, аб чым гаворыць адрасант (аўтар, прамоўца).

Пры адсутнасці прамога доступа да структуры, будовы таго ці іншага аб‘екта вывучэння, напрыклад, мозг чалавека, унутраны, ці семантычны бок мовы, дзейная сістэма пэўнага біялагічнага арганізма і г.д., прымяняецца прынцып доказу яго аптымальнай унутранай будовы шляхам мадэлявання, праз улік знешніх праяў дзейнасці дадзенага аб‘екта. Такі прынцып доказу атрымаў у навуцы найменне чорная скрыня, а уяўленні аб унутранай структуры апошняй залежаць не толькі ад стану, рэгістрацыі, дастасаванасці знешніх праяў у адзінай тэарэтычнай канцэпцыі, у межах якой вызначаецца, прапануецца канструкцыя аб‘екта на пэўны перыяд, але і дакладны ці імавернасны прагноз дзейнасці гэтага аб‘екта пры змене тых ці іншых варункаў яго функцыянавання. У гісторыі чалавецтва, напрыклад, вядомы розныя мадэлі сусвету (у прыватнасці, геацэнтрычная Пталамея і геліацэнтрычная Каперніка), розныя мадэлі атама і г.д. Найбольш доказныя дадзеныя пры гэтым атрымліваюцца або шляхам непасрэднага назірання за функцыянаваннем, дзейнасцю, паводзінамі аб‘екта (арганізма) у натуральных умовах, або шляхам правядзення спецыяльных эксперыментаў, дзе такія ўмовы ствараюцца штучна для больш паскоранага атрымання вынікаў з мэтай распаўсюдзіць іх на натуральныя ўмовы або на іншыя аб‘екты (параўн.: у медыцыне доследы над жывёламі і магчымасць прымянення вынікаў на карысць людзей і інш.)

У некаторых сацыяльных сітуацыях, відах чалавечай дзейнасці адсутнічаюць магчымасці правядзення эксперыментаў, асабліва калі апошнія закранаюць бяспечнасць ці інтарэсы людзей. Напрыклад, чалавека заўсёды цікавіла пытанне паходжання мовы, якая з наяўных ці існаваўшых раней моў з‘яўляецца самай старажытнай, першаснай. Згодна з захаванымі паданнямі індыйскі валадар Акбар праводзіў жудасныя эксперыменты з немаўлятамі, што прадстаўлялі бацькоў з рознымі мовамі для таго, каб даведацца пра зыходную мову людзей. З гэтай мэтай Акбар ізаляваў нованароджаных ад бацькоў, слугам, якія кармілі дзяцей і даглядалі за імі, павыдзіраў языкі, каб не маглі гаварыць і тым самым навучыць дзяцей маўленню, і праз некалькі гадоў зайшоў да падвыпрабавальных даведацца , што яны будуць гаварыць і на якой мове. Зразумела валадар нічога канкрэтнага не пачуў, акрамя нечленападзельных гукаў, што нагадвалі звярыныя.

Эксперыменты згаданага кшталту грамадства ніколі не дазволіць праводзіць ніякім даследчыкам, вучоным, тым не менш пастаўленае пытанне застаецца. У такіх выпадках праводзяцца так званыя разумовыя эксперыменты, калі навукоўцы ўяўляюць сабе тую ці іншую сітуацыю і на аснове свайго досведу, здаровага сэнсу робяць адпаведныя высновы. У прыведзеным выпадку з эксперыментам Акбара можна і без падобнага доследу прамадэліраваць сітуацыю ўяўна, пасля чаго адназначна заключыць, што ізаляванае дзіця не загаворыць ні на якой мове, або загаворыць на той мове, у асяроддзі якой будзе выхоўвацца, г. зн. не абавязкова на мове сваіх бацькоў. Адсюль можна зрабіць выснову, што мова служыць не біялагічным, а грамадскім здабыткам людзей, уяўляе сабой сацыяльную з‘яву.