Нягледзячы на тое, што ў 1907 –1917 гг. па даручэнню Этнаграфічнага аддзела Рускага музея А.К. Сержпутоўскі правёў 13 экспедыцый на іншыя тэрыторыі з мэтай вывучэння побыту літоўцаў, палякаў, украінцаў, рускіх, татар і народаў Каўказа, асноўным аб’ектам яго даследаванняў заставалася роднае беларускае Палессе.
У 1910 г. з’явілася праца А.К. Сержпутоўскага “Земляробчыя прылады беларускага Палесся”, дзе, як відаць з назвы, апісваюцца сельскагаспадарчыя прылады працы, падрабязна характарызуецца іх канструкцыя і спосабы выкарыстання, а таксама прасочваецца гісторыя іх узнікнення і развіцця. Асобныя працы А.К. Сержпутоўскі прысвяціў апісанню промыслаў і рамёстваў, якімі былі вымушаны займацца сяляне, каб здабываць дадатковыя сродкі для існавання, бо балоцістая і пясчаная глеба давала дрэнны ўраджай і не задавальняла патрэбы людзей. Праца “Бортніцтва ў Беларусі” прысвечана падрабязнаму апісанню бортніцтва – аднаго са старажытных заняткаў беларусаў-палешукоў. У нарысе “Лоўля ўюноў” паказана невыносна цяжкая, але жыццёва неабходная праца рыбакоў-палешукоў.
А.К. Сержпутоўскі шмат зрабіў для развіцця беларускай фалькларыстыкі і мовазнаўства. З вялікай любоўю да радзімы і свайго народа ён ашчадна збіраў народную мудрасць і запісваў мастацкае слова, вывучаў гаворку сялян роднага яму беларускага Палесся. Сабраныя вусна-паэтычныя творы беларускага народа часткова апублікаваны ў зборніках і іншых выданнях: “Сказки и рассказы белорусов-полешуков Материалы по изучению творчества белорусов и их говора” (Спб, 1911); “Казкі і апавяданні беларусаў Слуцкага павета. Матэрыялы да вывучэння беларускай мовы, этнаграфіі і літаратуры” (Л., 1926); “Отчет о поездке в Гомельскую губернию в 1926 году” (Мінск, 1926); “Грамматический очерк белорусского наречия дер. Чудино Слуцкого уезда Минской губернии” (Спб, 1911). Ім былі падрыхтаваны да друку зборнік беларускіх прыказак і прымавак, зборнік “Песні Магілёўшчыны”, які не захаваўся. На жаль, загінула і самая вялікая праца вучонага – “Быт беларусаў”.
Адной з апошніх убачыла свет праца А.К. Сержпутоўскага “Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў” (Мінск, 1930). Як пазначана ў прадмове, запісы для яе рабіліся на працягу амаль 40 гадоў на паўднёвай Случчыне, пераважна ў адным пункце – вёсцы Чудзіна. Занатоўваючы фальклорны матэрыял, аўтар звяртаў увагу і на мясцовае вымаўленне, пра што гаворыцца ў прадмове: “Запісаў так, як чуў ад людзей, і стараўся, як толькі можна, запісваць тымі словамі і выразамі, якімі мне гаварылі”. Праца складаецца з пяці частак: І. Прырода, ІІ. Чалавек, ІІІ. Заняцці, ІV. Звычай, V. Вера.
Значнае месца ў яго даследчай дзейнасці займала мовазнаўчая тэматыка. У працы “Граматычны нарыс беларускай гаворкі вёскі Чудзіна, Слуцкага павета Мінскай губерні” (1911) А.Сержпутоўскі на аснове матэрыялаў, сабраных падчас экспедыцый 1906–1907 гг., а таксама назіранняў больш ранняга перыяду, зрабіў усебаковае апісанне важнейшых асаблівасцей гаворкі вёскі ў адпаведнасці з праграмай пад рэдакцыяй Я.Карскага, выдадзенай Аддзяленнем рускай мовы і славеснасці АН. Нарыс пачынаецца ўступам з геаграфічнымі і этнаграфічнымі звесткамі пра вёску Чудзін, затым ідуць раздзелы, прысвечаныя фанетыцы, словаўтварэнню, марфалогіі, сінтаксісу і лексіцы мовы яе жыхароў. Багаццем фактычнага матэрыялу вызначаецца раздзел “Матэрыялы для слоўніка”. У ім больш за 2 з паловай тысячы слоў і фразеалагізмаў, аб’яднаных у 35 семантычных груп. Матэрыял пададзены без тлумачэння значэння.
Збіраннем лексікі А.Сержпутоўскі займаўся ўсё жыццё. Ён склаў два слоўнікі народнай мовы. Першы слоўнік сам аўтар кваліфікаваў як дадатак да “Зборніка беларускіх прыказак і прымавак”. За гэтыя дзве працы, прадстаўленыя Рускаму геаграфічнаму таварыству, даследчык быў узнагароджаны Малым залатым медалём. Рукапіс слоўніка, на жаль, не захаваўся. Пра яго памер, характар, лінгвістычныя вартасці можна меркаваць толькі па водгуку Дз.К.Зяленіна. Рукапіс займаў 158 старонак вылікага фармату і змяшчаў каля 4 тыс. слоў. Дз.Зяленін лічыў, што гэта не дадатак да “Зборніка прыказак і прымавак”, а самастойная праца. Значэнні слоў раскрыты пры дапамозе рускіх адпаведнікаў і апісальна. Дз. Зяленін ухваляў вельмі дакладны запіс прыказак, прымавак і слоў з поўным захаваннем усіх фанетычных і граматычных асаблівасцей мясцовай гаворкі і раіў аўтару зрабіць больш поўны слоўнік, уключыўшы матэрыял з прыказак і прымавак. Страчана была і другая лексікаграфічная праца А.Сержпутоўскага – “Кароткі слоўнік беларускай дзіцячай мовы”. Вядома, што гэты слоўнік быў завершаны ў канцы 1918 г. і перададзены ў Аддзяленне рускай мовы і славеснасці АН СССР, якое прыняло пастанову аб яго выданні пад рэд. Я.Карскага. Магчыма, праца была пераслана Інбелкульту і загінула ў Вялікую Айчынную вайну.
У савецкі час А.Сержпутоўскі працягваў экспедыцыі па Беларусі, збіраў мясцовую лексіку і перадаваў яе слоўнікавай камісіі Інбелкульта, якая ў 1927 г. адзначыла яго грашовай узнагародай за 1357 слоў-картак высокай якасці.
У 1918 г. А.Сержпутоўскі выступіў на старонках часопіса “Чырвоны шлях” з артыкулам “Да пытання пра беларускую арфаграфію”, дзе звярнуў увагу лінгвістаў на неабходнасць навуковай распрацоўкі і прыняцця адзіных і абавязковых для ўсіх правапісных правілаў. У 1926 г. А.Сержпутоўскі ўдзельнічаў у рабоце Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі, быў членам 2-х яе камісій – графічнай і правапіснай. Ён быў прыхільнікам увядзення ў беларускі алфавіт асобных літар для абазначэння афрыкат [дз], [дж], паслядоўнікам Б.Тарашкевіча ў правапісе чужаземных слоў.
Сярод ненадрукаваных лексікаграфічных прац трэба адзначыць беларуска-польска-рускі слоўнік Я.Ціхінскага. Аўтар працаваў над слоўнікам 40 гадоў свайго жыцця. Я.Ціхінскі зарэгістраваў 200 тыс. слоў і іх варыянтаў. Слоўнік змяшчаў беларускую лексіку ўсіх слаёў грамадства, пераважае лексіка Магілёўшчыны – радзімы аўтара. Словы падаюцца лацінскімі літарамі, зрэдку падаецца транскрыпцыя кірыліцай. У 1920 г. слоўнік збіраліся надрукаваць у 16 тамах. Падчас Вялікай Айчыннай вайны праца загінула. Зараз вядома толькі яе частка (каля 125 тыс. слоў).
У архівах знойдзена і такая лексікаграфічная праца як “Рукапіс Апанаса Вінцэсева Ярушэвіча №2. Расейска-беларускі слоўнік”. Яго аўтар – А.В.Ярушэвіч – у дарэвалюцыйныя гады працаваў дырэктарам Маладзечанскай семінарыі і займаўся складаннем слоўніка і пытаннямі правапісу беларускай мовы. У рукапісе – больш за 12 тыс. рускіх слоў, змешчаных у алфавітным парадку. 9505 слоў маюць беларускія адпаведнікі (пераклад).
Такім чынам, этналінгвістычныя і дыялекталагічныя распрацоўкі беларускай мовы пачатку ХХ ст. значна паглыбілі ўяўленне аб яе асаблівасцях у тагачасных навуковых колах і сярод шырокай грамадскасці.
Тэма: Вывучэнне гісторыі беларускай мовы ў пачатку ХХ стагоддзя
У пачатку ХХ ст. працягвалася публікацыя помнікаў беларускага пісьменства. Старажытныя летапісы, рэлігійныя творы, палемічная літаратура, якая адшуквалася ў розных архівах і кнігасховішчах, перавыдавалася звычайна з пэўнымі гісторыка-філалагічнымі каментарыямі. Пры апісанні помнікаў давалася агульныя характарыстыка іх мовы. Гэта спрыяла стварэнню спецыяльных даследаванняў моўных асаблівасцей помнікаў.
У гісторыі беларускай мовы, як і іншых галінах беларускага мовазнаўства, асаблівае месца належыць Я.Ф.Карскаму, які, даследаваўшы вялікую колькасць помнікаў беларускага пісьменства, выявіў галоўныя рысы мовы старога беларускага пісьменства, паказаў яго сувязь з жывой гаворкай, даў гістарычнае асвятленне змен у беларускай мове.
Вялікі ўклад у вывучэнне гісторыі ўсходнеславянскіх моў унёс акадэмік А.А.Шахматаў. У межах сваіх даследаванняў ён заўсёды звяртаўся да беларускай мовы і займаўся яе даследаваннем. Называючы беларускую мову то”языком”, то “наречием”, ён заўсёды лічыў яе самастойнай моўнай адзінкай. Важнейшай крыніцай гісторыі мовы А.Шахматаў лічыў жывыя народныя гаворкі. Для назірання над імі і для іх вывучэння ён ажыццяўляў нават паездку ў Мінскую губерню.
Тэма: Развіццё беларускай мовы і мовазнаўства ў 20-я гг.ХХ ст.
20-я гады ХХ стагоддзя – цікавы і ў многім вызначальны этап развіцця беларускай мовы. Гэта час, калі яна набыла статус дзяржаўнай і павінна была абслугоўваць усе сферы жыцця народа. Нездарма гэты непрацяглы па часе перыяд асобна вылучаецца пры перыядызацыі гісторыі беларускай літаратурнай мовы.
Моўная палітыка папярэдніх стагоддзяў, якая праяўлялася ў забароне афіцыйнага функцыянавання беларускай мовы, адукацыі на ёй, прывяла да таго, што ў пачатку ХХ стагоддзя наша мова заставалася недастаткова распрацаванай. Такая моўная сітуацыя не задавальняла тагачасных пісьменнікаў і мовазнаўцаў. І таму ў 20-я гады найбольш адукаваная частка беларускай інтэлігенцыі актыўна ўключылася ў працэс удасканальвання літаратурнай мовы. Стварэнне нацыянальнай тэрміналогіі і абстрактнай лексікі, здольнай абслугоўваць разнастайныя сферы жыцця рэспублікі, далейшая распрацоўка сістэмы стыляў, вырашэнне пытанняў культуры маўлення станавіліся гістарычнай неабходнасцю.
У 20-я гады на старонках часопiсаў "Полымя", "Узвышша", "Маладняк" і іншых неаднаразова абмяркоўваліся праблемы ўпарадкавання лексікі літаратурнай мовы. Адной з асноўных крынiц яе папаўнення, на думку тагачасных моваведаў, павiнна была быць народная мова, паколькi "толькi вёска, глухая, цёмная вёска <…> на працягу шмат вякоў у чыстаце захоўвала свой найдаражэйшы скарб – беларускую мову", у той час як на мове жыхароў гарадоў i мястэчак – найбольш адукаванай часткi беларускага грамадства – палiтычныя абставiны i моўная палiтыка папярэднiх часоў пакiнулi свой адбiтак.