З пазнейшых падручнікаў можна назваць такія: “Грамматіка. Албо сложеніе писмена, хотящимся учити словеньскаго языка младолетним… отрочатомъ”, выдадзены ў Вільні ў 1621 годзе. Гэта буквар, аздоблены гравюрамі.
Асобнае месца сярод філалагічных дапаможнікаў старажытнай пары займае “Граматыка словенская” Івана (Иоанна) Ужэвіча. Звесткі пра Івана Ужэвіча, гады жыцця якога невядомыя, абмяжоўваюцца амаль што толькі тым, што пазначана на тытульнай старонцы парыжскага спіса “Граматыкі...”: “Граматыка словенская напісана през Иоанна Ужевича словянина, славной Академии Паризской в теологии студента в Парижу”. Іван Ужэвіч да гэтага часу, напэўна, вучыўся ў Ягелонскім (Кракаўскім) універсітэце, што вядома са спісаў студэнтаў гэтага ўніверсітэта за 1637 год. З кракаўскага перыяду дайшлі да нас толькі яго паэтычныя творы пераважна панегірычнага характару.
“Граматыка...” І. Ужэвіча ў наш час вядома ў дзвюх рукапісных рэдакцыях 1643 і 1645 гг. Першая з іх захоўваецца ў Нацыянальнай Бібліятэцы ў Парыжы, другая – у бібліятэцы г.Араса на поўначы Францыі. Шырокаму колу даследчыкаў яна стала вядома толькі ў 1970 годзе пасля факсімільнага перавыдання яе ўкраінскімі лінгвістамі. Хаця дакладна вядома, што “Граматыка...” І. Ужэвіча не друкавалася пры жыцці аўтара, было б няправільна лічыць, што ў айчынным і замежным мовазнаўстве не было вядома пра яго навуковую спадчыну. Звяртацца да прац І.Ужэвіча пачалі ўжо ў пачатку ХVІІІ ст., і як не дзіўна, перш за ўсё замежныя вучоныя. Асаблівую ўвагу да прац І.Ужэвіча праявілі славянскія вучоныя (чэх Йозеф Добраўскі, славенец Варфаламей Копітар, рускі Сяргей Строеў). Славянскія мовазнаўцы пры складанні граматык абапіраліся на вопыт І.Ужэвіча.
Аналіз складу “Граматыкі...” сённяшнімі даследчыкамі паказвае, што І.Ужэвіч адлюстраваў і апісаў стан сучаснай яму беларускай літаратурнай мовы, надзвычай дакладна зафіксаваўшы лексічныя, фанетычныя, словаўтваральныя і марфолага-сінтаксічныя змены, якія адбываліся ў ёй да ХVІІ ст. “Граматыка...”, відаць, была напісана з улікам вопыту першай універсальнай граматыкі “Мінервы” таленавітага іспанскага вучонага Ф.Санчаса.
“Граматыка...” напісана на лацінскай мове, якая ў той час шырока выкарыстоўвалася ў Еўропе, а ілюстрацыйны матэрыял і парадыгмы пададзены кірыліцай. “Граматыка...” была арыентавана перш за ўсё на заходнееўрапейскага чытача, які цікавіўся мовай сваіх суседзяў з Усходняй Еўропы. Сваёй “Граматыкай...” І.Ужэвіч хацеў пазнаёміць замежнага чытачы са сваёй Радзімай, яе багатай і дасканалай мовай.
Пасля выдання ў 1970 г. “Граматыкі...” Ужэвіча ўкраінскімі моваведамі ва ўкраінскіх навуковых выданнях з’явілася серыя артыкулаў, у якіх падкрэслівалася, што праца І.Ужэвіча – гэта граматыка ўкраінскай мовы. На жаль, у беларускім мовазнаўстве “Граматыка...” І.Ужэвіча аказалася амаль незаўважанай. У сярэдзіне 70-х гг. ХХ ст. англійскі беларусіст Дж. Дынглі ў спецыяльным артыкуле пераканаўча паказаў перавагу ў гэтай “Граматыцы...” беларускіх моўных рыс. Даследчык зрабіў вывад, што адлюстраваная ў ёй мова з’яўляецца літаратурна-пісьмовай мовай ВКЛ, і “Граматыку...” трэба прызнаць часткай лінгвістычнай спадчыны Беларусі. Дж. Дынглі ўстанавіў таксама, што сам І.Ужэвіч паходзіць аднекуль з паўднёва-заходняй часткі Беларусі. З-за абмежаванасці моўнага матэрыялу “Граматыкі...” (у ёй няма тэкстаў, толькі сказы, многія сказы незакончаныя) пытанне аб тым, якая мова апісана ў “Граматыцы...” – беларуская ці ўкраінская – наўрад ці можна вырашыць канчаткова. Аднак варта падкрэсліць, што гэта не царкоўнаславянская мова. Тэрмін ‘словенская‘ ў загалоўку ўжыты не ў тым значэнні, якое ён меў ва ўсходнеславянскай граматычнай традыцыі ХVІ – ХVІІ стст. (стараславянская, царкоўнаславянская), а як родавае абазначэнне розных славянскіх моў. “Граматыка...” І.Ужэвіча ў пэўнай ступені прадстаўляла адразу некалькі славянскіх моў, вядомых аўтару, аднак асноўным прадметам “Граматыкі...” была адна мова – тая, на якой размаўлялі ruteni. У Заходняй і Цэнтральнай Еўропе ХV – ХVІІ стст. тэрмін ruteni побач з russi і roxolani абазначаў разам беларусаў і ўкраінцаў, у адрозненне ад тэрміна moschovitae, які ўжываўся для абазначэння “московитов, великорусов”. У І.Ужэвіча sacralinguasclavonica (царкоўнаславянская мова) супрацьстаіць мове, якая з’яўляецца аб’ектам “Граматыкі...” (ruteni). Такім чынам, “Граматыка...” І.Ужэвіча ўяўляе сабой першы ва ўсходнеславянскай традыцыі вопыт апісання не царкоўнаславянскай мовы, а літаратурна-пісьмовай мовы (!), якой карысталіся ў ВКЛ у ХVІ – ХVІІ стст. і якая ў аднолькавай ступені з’яўляецца спадчынай беларусаў і ўкраінцаў. Перш за ўсё гэтым цікавая для нас “Граматыка...” І.Ужэвіча.
“Граматыка словенская” І. Ужэвіча складаецца з трох частак: фанетыка-арфаграфічнай, марфалагічнай і сінтаксічнай. Пры разглядзе гукаў і літар (гэтыя паняцці яшчэ не размяжоўваліся) вылучаліся 43 літары, з іх 24 зычныя, астатнія – галосныя.
У правапісе І.Ужэвіч зафіксаваў найбольш адметныя асаблівасці старабеларускага пісьма, якія адлюстравалі спецыфічныя фанетычныя працэсы ў народна-гутарковай мове. Ён не адрозніваў на пісьме літары ђ і е, што сведчыла пра супадзенне гукаў [ђ] і [е] у адным – [э]; адлюстраваў працэс зацвярдзення губных на канцы слова, шыпячых, [ц], [р]. Гэтым “Граматыка...” І.Ужэвіча збліжалася з нормамі старабеларускага дзелавога пісьменства, якое арыентавалася на перадачу асноўных фанетычных асаблівасцей жывой мовы. І.Ужэвічам шырока перададзены разнастайныя асіміляцыйна-дысіміляцыйныя працэсы. Да спецыфічных беларускіх рыс, адлюстраваных у “Граматыцы...”, належаць напісанне прыстаўной і(ірце), спалучэння зн замест здн і інш. Пры афармленні форм роднага склону неадушаўлёных абстрактных назоўнікаў мужчынскага роду І.Ужэвіч прапанаваў канчатак -у- (кошту, розуму). З іншых асаблівасцей можна адзначыць ужыванне словаформ з канчаткамі –амі (-ямі) для творнага, -ахъ (-яхъ) для меснага склону назоўнікаў множнага ліку (каменями, въ соболяхъ). Характэрнымі для беларускай мовы марфалагічнымі паказчыкамі вызначалася і сістэма прыметніка, напрыклад, канчаткам -ого для прыметнікаў мужчынскага роду і –ое для жаночага роду ў родным склоне адзіночнага ліку (вдячного, святое); суфіксамі –ш-, -ейш-, прэфіксам най- для ўтварэння форм ступеней параўнання (смачнейший, найсмачнейший).
Па сутнасці ўпершыню І.Ужэвіч даў трохчленную класіфікацыю часавых форм дзеяслова (цяперашні, будучы, прошлы), што адпавядала рэальнаму стану мовы. Услед за М.Сматрыцкім І.Ужэвіч разгледзеў дзеепрыслоўе. У граматычна-правапіснай сістэме І.Ужэвіч адлюстраваў працэс станаўлення марфалагічных норм старабеларускай мовы. Ён засяродзіў увагу на апісанні сінтаксічных асаблівасцей народнай мовы, у прыватнасці, параўнальных прыметнікавых канструкцый (слонце яснейшое месеца), інфінітыўных і дзеепрыслоўных словазлучэнняў (ён упившися пошол спати). У лексічным складзе “Граматыкі...” І.Ужэвіча добра адлюстраваны працэс фарміравання слоўніка беларускай мовы на пэўным гістарычным этапе. У слоўнікавым, як і ў граматычным складзе, “Граматыка...” І.Ужэвіча адлюстравала характэрны для свайго часу працэс узаемаўплыву і ўзаемаўзбагачэння беларускай і польскай моў.
На жаль, “Граматыка словенская” не была надрукавана і не змагла адыграць належнай ролі ў распрацоўцы мовы тагачаснай свецкай літаратуры. Аднак усё зробленае Іванам Ужэвічам дае падставы сцвярджаць, што яго імя павінна стаяць побач з імёнамі такіх выдатных дзеячоў эпохі беларускага Адраджэння, як Ф.Скарына, Л.Зізаній, М.Сматрыцкі, В.Цяпінскі, С.Будны і інш. Такім чынам, буквары, граматыкі і іншыя вучэбныя дапаможнікі засведчылі высокі ўзровень мовазнаўчай думкі на Беларусі ў старажытныя часы. Аб’ектам іх распрацовак была ў асноўным царкоўнаславянская мова. Уласна беларуская мова стала аб’ектам вывучэння значна пазней. Аднак традыцыі старажытнага ўсходнеславянскага мовазнаўства адыгралі станоўчую ролю ў яе распрацоўцы.
Тэма: Старажытныя ўсходнеславянскія лексікаграфічныя дапаможнікі
Друкаваныя слоўнікі канца ХVІ – ХVІІ стст. прадэманстравалі высокі ўзровень філалагічнай думкі ўсходніх славян старажытнай пары. К канцу ХVІ ст. перадавыя дзеячы культуры ўжо мелі багаты вопыт перакладаў і тлумачэнняў незразумелых слоў. Сярод тых, хто займаўся гэтай справай, можна назваць Францыска Скарыну, Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага, Мілеція Сматрыцкага і іншых дзеячоў.
Царкоўнаславянская мова як афіцыйная мова праваслаўнай царквы, навукі была не зусім зразумелай простым людзям, якія ў паўсядзённым жыцці карысталіся жывой беларускай мовай. З мэтай наблізіць простых людзей да культуры і навукі Францыск Скарына на палях сваіх выданняў рабіў глосы – падбіраў адпаведнікі да царкоўнаславянскіх слоў, слоў запазычаных або ўстарэлых. Можна лічыць, што глосы, змешчаныя ў выданнях Ф.Скарыны – першыя працы па беларускай лексікаграфіі. Для тлумачэння незразумелых слоў Ф.Скарына выкарыстоўваў розныя спосабы тлумачэння. Часцей за ўсё ён выкарыстоўваў спосаб аднаслоўнага перакладу (риторъ – мовца, языцы – народы, скиния – становішча). Сустракаюцца таксама тлумачэнні слоў словазлучэннямі (югъ – ветръ полуденный, ливъ – ветръ отъ западу). У выданнях Ф.Скарыны адлюстраваны амаль усе фанетычныя рысы жывой беларускай мовы ХVІ ст.