Змест
Уводзіны
Глава І. Узаемадзеянне беларускай, рускай і польскай моў на ўзроўні фразеалогіі
1.1 Падабенства і адрозненне фразеалагічнага складу беларускай і іншых славянскіх моў
Глава ІІ. Фразеалагізмы з метэаралагічным кампанентам у беларускай, польскай, рускай мовах
2.1 Тэматычная характарыстыка фразеалагізмаў у залежнасці ад частотнасці іх ужывання
2.2 Паходжанне фразеалагізмаў з метэаралагічным кампанентам
2.3 Марфалагічная характарыстыка фразеалагізмаў
2.4 Сінтаксічная характарыстыка фразеалагізмаў з метэаралагічным кампанентам
Заключэнне
Спіс літаратуры
Уводзіны
Фразеалагізаваныя структуры той ці іншай мовы адлюстроўваюць асаблівасці нацыянальнага менталітэту, характару ўсведамлення рэальнага свету носьбітам менавіта гэтай мовы. Параўнальная фразеалогія спрыяе вывучэнню нацыянальна-моўных малюнкаў свету. Супастаўляльнае апісанне фразеалагічных адзінак у межах некалькіх моў паказвае, што нават роднасныя, блізкія мовы, якімі з’яўляюцца беларуская, руская і польская дэманструюць значныя разыходжанні у фрагментах моўных малюнкаў свету. Цяжкасці іх перакладу, усталявання адпаведнасці ў іншай мове звязаны, па-першае, з магчымасцю некалькіх варыянтаў перакладу, па-другое, з наяўнасцю ў мове безэквівалентных фразеалагізмаў
Апісанне фразеалагічнай сітэмы некалькіх моў адлюстроўвае нацыянальную спецыфіку гэтых моў і ўяўляецца перспектыўным. Менавіта з гэтым звязаны выбар тэмы нашай курсавой работы.
Аб’ектам даследавання з’яўляюцца фразеалагізмы з метэаралагічным кампанентам у рускай, беларускай і польскай мовах.
Мэтай курсавой работы з’яўляецца вывучэнне фразеалагізмаў з метэаралагічным кампанентам у беларускай, польскай, рускай мовах.
У сувязі з мэтай мэтазгодным з’яўляецца вылучэнне і задач работы:
1. Прааналізваць падабенства і адрозненне фразеалагічнага складу беларускай і іншых славянскіх моў;
2. Прасачыць адметнасці ўзаемадзеяння беларускай, рускай і польскай моў на ўзроўні фразеалогіі;
3. Даць тэматычнуюхарактарыстыку груп фразеалагізмаў у залежнасці ад частотнасці іх ужывання;
4. Прааналізаваць паходжанне фразеалагізмаў з метэаралагічным кампанентам у трох мовах.
5. Класіфікаваць фразеалагізмы з кампанентамі метэаралагічнага характару з пункту погляду марфалогіі;
6. Даць сінтаксічную характарыстыка фразеалагізмаў з метэаралагічным кампанентам.
Да праблемы параўнальнай фразеалогіі звяртаўся А.Груца у сваёй працы "Пра ўзаемадзеянне беларускай і польскай моў на ўзроўні фразеалогіі". Аўтар у згаданай працы разглядае фразеалагізмы на ўзроўні марфалогіі, лексікі. Аналіз і інтэрпрэтацыя прыведзенага ў працы матэрыялу дазваляе аўтару прыйсці да высновы аб прыкметным уплыве польскай мовы на беларускую, асабліва ў перыяд позняга Сярэднявечча, не толькі ў галіне лексікі, але і на ўзроўні фразеалогіі, што было непазбежна пры кантактаванні, узаемадзеянні іх як сродкаў зносін у межах аднаго дзяржаўнага аб’яднання.
На некаторыя моманты ўзаемаўплыву беларускай і польскай моў звярталася ўвага пры распрацоўцы слоўнікавых артыкулаў для "Гістарычнага слоўніка беларускай мовы" (на сённяшні дзень – 17 выпускаў па 20 друкаваных аркушаў кожны). На аснове гэтых распрацовак у розных, пераважна беларускіх, выданнях на беларускай і рускай мовах было апублікавана больш за 30 артыкулаў, прысвечаных высвятленню ў параўнальна-супастаўляльным плане пытанняў развіцця структуры і семантыкі паасобных лексем, словаўтваральных гнёздаў і розных тыпаў фразеалагічных адзінак у беларускай, рускай і часткова польскай мовах.
Падабенства і разыходжанні ў структурна-сінтаксічным, марфалагічным і лексічным планах фразеалагізмаў беларускай і польскай моў даследаваў Міхайлаў С.І. у працы "Беларускія і польскія фразеалагізмы з арніталагічным кампанентам: супастаўляльны аспект".
Дзеля таго, каб вызначыць тыя лексемы, якія ўваходзяць у склад фразеалагізмаў і стануць пасля прадметам разгледжання нашай курсавой работы, трэба вызначыць межы паняцця "метэаралогія".
Такім чынам, зыходзячы з азначэння, пададзенага ў "Энцыклапедыі прыроды Беларусі", метэаралогія – навука пра фізічныя працэсы і з’явы, якія адбываюцца ў атмасферы і ствараюць надвор’і і клімаце.
Беручы пад увагу пададзенае вышэй азначэнне, мы вызначылі прадметам даследавання наступныя лексемы, якія маюць характар метэаралагічных: дождж, снег, іней, гром, туман, мароз, град, вецер, раса, аблокі (тучы). Акрамя пералічаных, у слоўніках адшуквалі фразеалагізмы, што маюць у сваім складзе лексемы тэмпературнага характару: горача, спякотна, холад. Таксама цікавасць выклікалі самі назвы тэрмінаў: надвор’е, пагода, калі яны з’яўляліся часткай таго ці іншага фразеалагізма.
Агульная колькасць зафіксаваных на базе слоўнікаў фразем з метэаралагічным кампанентам: 96 адзінак.
Глава І. Узаемадзеянне беларускай, рускай і польскай моў на ўзроўні фразеалогіі
1.1 Падабенства і адрозненне фразеалагічнага складу беларускай і іншых славянскіх моў
Кантактаванне і ўзаемадзеянне моў суседніх народаў, асабліва ў межах адной дзяржавы не магло не спрыяць узбагачэнню кожнай з іх перш за ўсё на ўзроўні лексікі і фразеалогіі. Уплыў і перавага польскай мовы над беларускай тлумачыцца не ўнутрымоўнымі, а экстралінгвістычнымі фактарамі. Беларуская мова праз пасрэдніцтва старажытнарускай і стараславянскай моў увабрала ў сябе лексічнае і фразеалагічнае багацці такіх міжнародных моў старажытнай культуры, якімі былі грэцкая і лацінская мовы, а таму яна характарызавалася дасканалым граматычным ладам за разгалінаванай сістэмай скланенняў імёнаў і спражэнняў дзеясловаў, багатай і разнастайнай сістэмай словаўтварэння і словазлучэння на ўзроўні як простага, так і складанага сказа. Менавіта таму, калі беларуская мова была дзяржаўнай у межах Вялікага Княства Літоўскага, яна доўгі час з поспехам абслугоўвала ўсе сферы жыцця, культурна-побытавыя запатрабаванні беларускага народа як яе носьбіта. Аднак нельга не ўлічваць таго, што ў сувязі з прымусовым апалячваннем і акаталічваннем беларускага народа ў адносінах да беларускай мовы кіраўніцтвам Рэчы Паспалітай пасля Люблінскай 1569 і Брэстскай 1596 года уній праводзілася палітыка дэскрэдытацыі і дэскрымінацыі. Гэта ў канчатковым выніку прывяло да забароны пастановай польскага сейма ў 1696 годзе карыстання беларускай мовай у афіцыйнай перапісцы, а потым канчатковага выцяснення з судова-адміністрацыйнай практыкі і іншых сфер грамадскага жыцця. У гэтай сітуацыі шматлікія фразеалагічныя адзінкі, паланізмы па паходжанні, нейкі час працягвалі развівацца і ўжываліся пераважна ў гутарковай мове, а пасля далучэння беларускіх зямель да Расеі, страты непасрэдных кантактаў з польскай мовай, за рэдкім выключэннем, былі канчаткова выцеснены адпаведнымі па семантыцы ўсходнеславянскімі эквівалентамі. Трэба таксама адзначыць, што працэс папаўнення беларускай фразеалогіі за кошт запазычанняў з польскай мовы працягваецца і ў наш час [4; 68].
Асаблівасці выяўлення агульных і спецыфічных адметнасцяў фразем некалькіх моў непасрэдна звязаны з агульнасцю і спецыфічнасцю іх семантычнай матывацыі, унутранай формы, вобразнай асновы. Не гледзячы на тое, што значная колькасць беларускіх, рускіх і польскіх фразеалагізмаў узыходзяць да адных і тых жа вытокаў, многія фраземы значна адрозніваюцца па матывацыйных якасцях.
Фразеалагічны фонд, які аб’ядноўвае беларускую мову з іншымі славянскімі мовамі, грунтуецца, па-першае, на фармальным і семантычным падабенстве пэўнай сукупнасці ўстойлівых звышслоўных адзінак (параўнаем: бел. бабіна лета, рус. бабье лето, укр. бабине літо, србх. бабино лето, пол. babielato, слв. babielеto); па-другое, у беларускай мове шматлікія фразеалагізмы будуюцца па тых жа структурных схемах, што і ў іншых славянскіх мовах (параўнаем: лье як з луба, рус. льет как из ведра, укр. лити як з ведра, бал. вали като ръкав, србх. пада као из кабла, пол. lijejakzzebra); па-трэцяе, агульнасць многіх фразеалагічных значэнняў узнаўляльных зваротаў беларускай і іншых славянскіх моў засноўваецца на рознай, але празрстай матывацыі (параўнаем: голы як бізун, рус. гол как сокол, укр. голий як бубен, бол. гол като пушка, србх. го као прост, пол. golyjakobicz); па-чацвертае, беларускія фразеалагізмы падаобныя на фразеалагізмы іншых славянскіх моў тым, што ў складзе дадзеных устойлівых адзінак ёсць агульныя кампаненты, часта дэсемантызаванія. Напрыклад, у фразеалогіі ўсіх славянскіх моў даволі часта выкарыстоўваюцца словы тыпу даць, мець, галава, рука, сэрца (параўнаем: бел. даць пытлю, рус. дать оплеуху, укр. дати пити, бал. давам ритник, србх. дати по глави).
Тым не менш індывідуальная сістэма фразеалагічных адзінак уяўляе адну з найбольш спецыфічных уласцівасцяў кожнай славянскай мовы, дзе адзначаецца мноства выразаў, якім няма эквівалентных адпаведнікаў у суседніх роднасных мовах (параўнаем: бел. на ласкавым хлебе быць выскачыць як піліп з канапель, дацца ў знакі і іншыя, рус. сидеть на шее, сказать невпопад, сидеть в печенках). Пэўная частка беларускіх фразеалагізмаў мае ў сваім складзе лексічныя кампаненты з забытай, выветранай семантыкай, такія кампанеты называюцца некрацізмамі, і як самастойныя адзінкі не выкарыстоўваюцца не толькі ў іншых славянскіх мовах, але і ў самой беларускай мове. Дзеля прыкладу можна прывесці такія фразеалагічныя кампаненты: бібікі, лахі, лухта, панталык, ходырам, лясы, байды. Згаданыя кампаненты на сённяшні дзень выкарыстоўваюцца толькі ў складзе фразеалагізмаў: біць бібікі, лахі пад пахі, плесці лухту, збіць з панталыку, хадзіць ходырам, тачыць лясы, біць байды. Такая акалічнасць робіць фразеалагізмы з адзначанымі кампанентамі даслоўна неперакладальнымі на іншыя славянскія мовы і складае адметнасць беларускай фразеалогіі. Калі дадаць да гэтага непаўторную нацыянальную вобразнасць многіх фразеалагізмаў (напрыклад: як пугаю па вадзе, раскажаш пра вераб’я, а перакажуць пра жураўля, выскваркі не варты, на лапату ды за хату), асаблівасці іх ужывання ў маўленні, спецыфічную экспрэсію, своеасаблівы каларыт, то ёсць падставы лічыць беларускія ідыёмы самацветамі нашай мовы, без засваення і выкарыстання якіх немагчыма пазнаць і вывучыць яе прыроду і характар.