БЕЛАРУСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ УНІВЕРСІТЭТ
ФІЛАЛАГІЧНЫ ФАКУЛЬТЭТ
АНТРАПОНІМЫ Ў ТВОРЧАЙ СПАДЧЫНЕ ЎЛАДЗІМІРА КАРАТКЕВІЧА
Студэнткі IV курса
Філалагічнага факультэта
Спецыяльнасць “Беларуская філалогія”
Кароткінай А. А.
Навуковы кіраўнік- кандыдат
педадагічных навук – дацэнт
Якуба С.М.
Мінск, 2007
Змест
Уводзіны
1.Антрапонімы ў творы У. Караткевіча
2.Імёны
2.1 Славянскія і запазычаныя імёны
2.2 Як утварыліся імёны
2.3 Iмя па бацьку
3.Прозвішчы
4.Мянушкі
Заключэнне
Спіс выкарыстанай літаратуры
Уводзіны
Вывучэнне анамастычнай лексікі – асабовых уласных імёнаў, мянушак, прозвішчаў, розных тапанімічных назваў, псеўданімаў у беларускім мовазнаўстве і літаратуразнаўстве пачалося параўнальна нядаўна. За апошнія гады прыкметна актывізавалася цікавасць да анамастычных праблем, пра што сведчаць шматлікія навуковыя і навукова-метадычныя працы, у якіх разглядаюцца як агульныя, так і прыватныя асаблівасці анамастыкі.
1.Антрапонімы – гэта уласныя імёны літаратурных персанажаў (прозвішчы, імёны і імёны па бацьку, мянушкі, празванні, назвы персанажа па назве населенага пункта і інш., уласныя імёны рэальных асоб (палітычных дзеячаў, пісьменнікаў, вучоных, сваякоў і знаёмых пісьменніка).
Увогуле, антрапонімы ўяўляюць сабой вялікі пласт лексічных адзінак, сфера функцыянавання якіх надзвычай разнастайная. Пра гэта сведчыць ужыванне ўласных імёнаў у маўленні, у мастацкай літаратуры, дзе “імя, яго сэнс і форма, сітуацыя выкарыстання і нават яго адсутнасць ніколі не бывае выпадковым, нязначным”.
Антрапонімы з’яўляюцца неад’емным кампанентам твораў мастацкай літаратуры, іншых жанраў і разнавіднасцяў вуснай і пісьмовай мовы, складаюць значную частку слоўніка любога мастацкага твора, якая мае шэраг прыкмет і асаблівасцяў, што адрознівае іх ад іншых лексічных адзінак у мастацкім тэксце. Яны з’яўляюцца яскравым паказчыкам нацыянальных традыцый, якія прадаўжае і ўзбагачае мастак слова. Праз іх прасочваюцца адносіны пісьменніка да персанажа – носьбіта імя, сцвярджаецца аўтарская ідэя твора, выяўляецца моўная культура. Лінгвісты ў такіх адзінках выяўляюць наступныя характэрныя для іх функцыі, важныя для асэнсавана акрэсленага ўспрыняцця мастацкага тэксту: пазнавальную, адрасную, ідэалагічную, сацыяльна-ацэначную, эмацыянальна-экспрэсіўную і інш., якія ў канкрэтным творы, у канкрэтным антрапоніме могуць рэалізоўваць усе ці некаторыя з названых уласцівасцяў з большай ці меншай ступенню выразнасці, адпаведнасці зместу мастацкага твора або аўтарскай ідэі і інш. Вывучэнне спецыфікі антрапонімаў у творах адкрывае перспектыву паглыблена даследаваць асаблівасці мовы і стылю пісьменніка, заглянуць у яго творчую лабараторыю, прасачыць этапы станаўлення яго майстэрства, а таксама эвалюцыю зараджэння і напісання асобных літаратурных твораў і асобных жанраў літаратуры.
Калі прызнаць, што чалавек – гэта кніга, то ў ёй мовай імёнаў і прозвішчаў можна напісана радаводная гісторыя. Варта адзначыць, што антрапанімічныя назвы - гэта энцыклапедыя мовы, своеасаблівая памяць народа, гістарычныя помнікі, у якіх адлюстраваліся традыцыі, побыт беларусаў і іншых народаў, што пражывалі на тэрыторыі сучаснай Беларусі і з якімі кантактавалі нашы продкі. Таму пры вывучэнні антрапонімаў абавязкова ўлічваюцца і выкарыстоўваюцца звесткі з гісторыі, геаграфіі і іншых гуманітарных і прыродазнаўчых навук.
2. Уладзімір Караткевіч
Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч нарадзіўся 26 лістапада 1930 г. у Оршы Віцебскай вобласці. У час Вялікай Айчыннай вайны знаходзіўся ў эвакуацыі ў Пермскай вобласці, пасля ў Чкалаве. У 1944 г. вярнуўся на радзіму, атрымаў сярэднюю адукацыю ў Оршы. Пасля заканчэння філалагічнага факультэта Кіеўскага ўніверсітэта імя Т.Р.Шаўчэнкі (1954) настаўнічаў у вёсцы Лесавічы Тарашчанскага раёна Кіеўскай вобласці (1954-1956), а потым два гады працаваў настаўнікам у Оршы. У 1960 г. скончыў Вышэйшыя літаратурныя, а потым Вышэйшыя сцэнарныя курсы (1962) у Маскве.
Упершыню У. Караткевіч выступіў у друку з вершам “Машэка” ў 1955 г. Неўзабаве выйшла ў свет кніга паэзіі “Матчына душа” (1958), потым – “Вячэрнія ветразі” (1960), “Малая Іліяда” (1969), “Быў. Ёсць. Буду” (1986). Караткевіч – таксама аўтар збонікаў апавяданняў “Блакіт і золата дня” (1961), раманаў “Нельга забыць” (1962), “Дзікае паляванне караля Стаха” (1964; твор экранізаваны), “Каласы пад сярпом тваім” (1968; твор экранізаваны), “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” (1972), “Чорны замак Альшанскі” (1979; твор экранізаваны), кніг аповесцей і апавяданняў “Чазенія” (1970), “Вока тайфуна” (1974), “З вякоў мінулых” (1978), “Зброя” (1981).
У. Караткевіч вядомы і як драматург. Ім напісаны п’есы “Млын на Сініх Вірах” (1957, паст. У 1959 г.), “Званы Віцебска” (1977, паст. у 1974 г.), “Кастусь Каліноўскі” (паст. у 1978 г.), “Калыска чатырох чараўніц” (паст. у 1982 г.)
У. Караткевіч пісаў і для дзяцей. Юнаму чытачу адрасаваны яго сборнікі “Казкі (1975 г.), нарысы “Белавежская пушча” (1975 г.), “зямля пад белымі крыламі” (1977 г.).
За раман “Чорны замак Альшанскі”іпісьменнікутпрысуджана Дзяржаўная прэмія БССР імя Якуба Колоса ў 1984 г.
Памёр У Караткевіч 25 ліпеня 1984 г.
Мэта і задачы даследавання.
Асноўнай мэтай курсавой працы з’яўляецца даследаванне асаблівасцей анамастычных адзінак у мастацкім тэксце. Для дасягнення мэты былі пастаўлены наступныя задачы:
1. Фарміраваць веды пра антрапонімы як частку лексічнага фонду беларускай мовы, пра іх паходжанне, заканамернасці развіцця, адметнасць будовы і пашырэння на тэрыторыі Беларусі;
2. Зацікавіць праблемай вывучэння беларускай антрапаніміі;
3.Ахарактарызаваць структурныя і семантычныя асаблівасці антрапанімічных адзінак, ужытых Уладзімірам Караткевічам у рамане "Каласы пад сярпом тваім";
4. Выявіць ролю імёнаў і прозвішчаў у антрапанімічнай сістэме твора.
Аб’ект і прадмет даследавання.
Аб’ектам даследавання з’яўляецца мова беларускай мастацкай літаратуры, яе анамастыкон. Прадметам даследавання – асабовыя ўласныя імёны, прозвішчы, мянушкі у рамане Уладзіміра Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім”.
Метады праведзенага даследавання.
Асноўны метад даследавання – апісальны з выкарыстаннем прыёмаў назірання, навуковай інтэрпрэтацыі і абагульнення.
1. Антрапонімы ў творы Уладзіміра Караткевіча
Багацце і разнастайнасць антрапанімічных адзінак у рамане Уладзіміра Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім” абумоўлены жанрава-стылістычнай спецыфікай гістарычнай прозы. Аўтар уводзіць іх ў твор, каб праўдзіва паказаць старонкі мінуўшчыны, перадаць дух і каларыт эпохі. Антрапонімы ў рамане – гэта повязь часу мінулага і сучаснасці.
Назіранні за ужываннем імёнаў у рамане “Каласы пад сярпом тваім” сведчаць, што Уладзімір Караткевіч выкарыстоўваў іх не толькі дзеля звычайнай ідэнтыфікацыі літаратурных персанажаў, выдуманых ці перанесеных з рэальнага жыцця, а з глыбокім пачуццём мастацкай мэтазгоднасці. Суцэльная выбарка фактычнага матэрыялу паказала, што ў рамане ўжыта 523 уласныя найменні. Прычым колькасць мужчынскіх імёнаў удвая перавышае колькасць жаночых, што абумоўлена як самім зместам твора, так і тым фактам, што ў час, апісаны ў рамане, дамінуючае становішча ў грамадстве займаў мужчына.
Паводле структуры ўжываюцца, як правіла, адначленныя, двух-, трох- і зрэдку чатырох- і пяцічленныя найменні асоб.
Самую вялікую группу ў творы складаюць простыя найменні: уласнае імя ці прозвішча (Алесь, Майка, Загорскі, Раўбіч). Значнаяя частка караткевічаўскіх антрапонімаў – гэта двухслоўныя найменні: афіцыйнага ўжытку, у склад якіх уваходзіць імя і прозвішча (пан Яраслаў Раўбіч, графіня Альжбета Хаданская, граф Ілля Хаданскі). Маюць месца ў рамане і трохчленныя антрапонімы:
· Трохкампанентная мадэль наймення (імя, імя па бацьку, прозвішча): Аляксандр Аркадзевіч Сувораў, Павел Сямёнавіч Сілін і інш.;
· Архаічныя камбінацыі: Кастусь Сымонаў сын Каліноўскі і інш.;
· Уласнае імя і падвоенае прозвішча: Пятро Басак-Яроцкі, Флегмонт Савіч-Елізараў і інш.
Чатырохчленныя антрапонімы сустракаюцца ў творы толькі ў двух выпадках: “Ёсць Міхаліна, дачка Яраслава Раўбіча, сястра Франса Раўбіча, сястра Франса Раўбіча, дачка і сястра ворагаў”, “Нарадзіўся Даніла, сын Акіма і ўнук Пятра, а праўнук Севярына і пранашчадак Глеба” і характарызуюць асобу ў першым выпадку па імені бацькі і брата, у другім – па імені бацькі, дзеда і прадзеда. Пяціслоўнае найменне асобы сустракаецца ў рамане ўсяго адзін раз: “Княжацкі сын Аляксандр Загорскі, сын Георгія, унук Данілы, праўнак Акіма і прапраўнук Пятра, схіліў апошні раз сваю галаву” і характарызуе асобу па імені прадзеда і прапрадзеда. Ужыванне падобнай формы абумоўлена ўзвышаным стылем, які абраў аўтар для перадачы значнай падзеі ў жыцці Алеся Загорскага – прадстаўніка старажытнага і шаноўнага роду.
2. Імёны
Вядома, што антрапонімы ў лексіцы кожнай мовы займаюць асобае месца. Яны такія ж старажытныя, як і чалавечае грамадства, таму што “чалавек – не толькі адзіная істота, якая можа даваць назвы, але і адзіны ў свеце аб’ект, здольны да саманазывання”. Акрамя таго, імя з’яўляецца паўнамоцным прадстаўніком чалавека ў грамадстве, служыць сродкам індывідуалізацыі і ідэнтыфікацыі адной асобы ў дзяржаве. Значыць, асноўная функцыя ўласнага імя – не абагульняць, а вылучаць, адрозніваць, і не столькі называць чалавека, колькі своеасабліва дапаўняць яго як пэўную асобу. У сваю чаргу, гэты чалавек па-свойму, сваёй непаўторнай індывідуальнасцю канкрэтызуе дадзенае імя. Гэта значыць, што для людзей імя з’яўляецца не толькі абазначэннем чалавека, але і ўтрымлівае, змяшчае пэўны сэнс. І таму людзям людзям з даўніх часоў здавалася, што імя даецца ім не выпадкова, нябачнай сувяззю злучае іх з мінулым, сучасным і будучым, набываючы для чалавека амаль магічнае значэнне.