Варта таксама мець на ўвазе, што прозвішчы на – скі, - цкі, - овіч, - евіч у мінулым у беларусаў, украінцаўі палякаў мелі выразна акрэсленую сацыяльную дыферэнцыяцыю. Так, прозвішчы ад тапанімічнага паходжання на – скі, - цкі ў нашых продкаў раней пераважна належалі шляхце, такія ж якасці даволі часта ў беларусаў мелі і прозвішчы на – овіч, - евіч. А таму адной з прычын трансфармацыі такіх прозвішчаў у нашых заходніх суседзяў у асноўным у 17-18 стст. На ўзор блізкіх па структуры прозвішчаў на – овіч, - евіч з’явілася тое, што ў беларусаў мадэль тыпу Хадкевіч, Тышкевіч, Міцкевіч успрымалася як сацыяльна падвышаная, шляхецкая.
Праз увядзенне ў твор хронікі роду Загорскіх , вобраза Чорнага Войны, легендаў і паданняў пісьменнік дае магчымасць чытачу адчуць прычынна-выніковыя сувязі ў гістарычным працэсе, выхоўвае гістарычную свядомасць сучаснікаў.
Прозвішчы як элементы анамастычнай прасторы твора, з улікам умоўнасцей мастацкага жанру звычайна адпавядаюць агульнаму тону твора, часу, аўтарскай канцэпцыі, мастацкаму метаду, этнакультурнаму рэгіёну, адлюстраванаму ў творы (А. Рогалёў). У мастацкіх тэкстах выдзяляецца некалькі істотных разнавіднасцей прозвішчаў: онімы выдуманыя, створаныя аўтарскай фантазіяй на аснове агульнанацыянальных узораў; онімы сапраўдныя, рэальныя, якія мелі (маюць) праратыпы літаратурных персанажаў; онімы рэальныя, але часткова змененыя, падпраўленыя дзеля спецыяльных літаратурна-эстэтычных мэт і задач. Беларускія прозвішчы У. Караткевіч, як правіла, выбірае з ліку існуючых і пашыраных на Беларусі або стварае сам, аднак яны не супярэчаць тым, якія бытуюць. Напрыклад: Боўда, Сямашка, Дыміна, Хаданскі, Камар і інш. Як бачым, гэтыя прозвішчы пераважна агульнаславянскага паходжання. Такія прозвішчы чассцей заканчваюцца на зычны: Кагут, Кроер, Кірдун, Гарлач і інш., а таксама канцавымі фармантамі –скі/-цкі: Загорскі, Маеўскі, Выбіцкі, Браніборскі,Чарноўскі, Далеўскі, Міладоўскі і інш.; -іч:Раўбіч, Багушэвіч, Раткевіч.
Сярод спрадвечна беларускіх прозвішчаў значную колькасць складаюць апелятыўныя найменні. Найчасцей яны належаць прадстаўнікам сялянскага саслоўя, што аабумоўлена спецыфікай развіцця і станаўлення беларускай іменсаслоўнай сістэмы. Напрыклад: Губа, Лапата, Мурашка, Крэст, Вежа і інш. Як правіла, апелятыўныя прозвішчы, утвораныя семантычным спосабам ад імёнаў агульных, поўнасцю суадносяцца з назоўнікамі і абазначаюць назвы свойскіх жывёл (Кот), насякомых (Камар, Мурашка), рыб (Карп), частак раслін (Корчак), з’яў прыроды (Вецер), прылад працы (Лапата), атрыбутаў пахавальнага абраду (Крэст, Корста), назвы асоб па разумовых якасцях (Боўда, Балун, Дурань) і інш.
Большасць матываваных прозвішчаў маюць празрыстую матывацыю і суадносяцца ў асноўным з агульнымі назоўнікамі. Напрыклад: Хаданскі (>Хадан, Ходан – “той, што ходзіць”), Зубава (>зуб), Вірскі (>вір) і інш. Радзей прозвішчы матываваны дзеясловамі і прыметнікамі. Напрыклад, прозвішча Паківач матывавана дзеясловам “ківаць”, Маеўскі –“маяцца”, Таркайла – “торкаць” і інш.
Сярод небеларускіх варта адзначыць наступныя прозвішчы:
· Рускія (самая вялікая група): Буланцоў, Нахімаў, Ісленьеў і інш. Пра прыналежнасць гэтых прозвішчаў да рускіх сведчаць фармальныя прыметы, характэрныя для рускай антрапанімічнай сістэмы: суфіксы-оў, -аў, -еў, -ёў, -ін/-ын, -ой (Кроеў,Валуеў, Мураўёў, Бажанаў).Трэба адзначыць, што прозвішчы на –скі/-цкі сустракаюцца і ў рускай, і ў беларускай, і ў польскай мовах (бел. Загорскі, пол. Петрашэўскі, рус. Фіялкоўскі), паколькі гэтыя элементы агульнаславянскія. Значную колькасць сярод рускіх прозвішчаў складаюць матываваныя. Напрыклад: Садоўскі (>сад), Шумскі (>шум), Самарын (>Самара) і інш.
· польскія: Ржашэўскі, Дэмбоўскі, Звяждоўскі і інш. На тое, што гэта польскія прозвішчы, указваюць іх фармальныя прыметы:характэрныя для польскай мовы спалучэнні зычных жд, зв (Звяждоўскі), рж (Ржашэўскі, Дзержак), кр (Крашэўскі) і інш., о і у насавыя (Дэмбоўскі, Шыманоўскі);
· Яўрэйскія (адзінкавыя выпадкі): Якаў Леві;
· Літоўскія і нямецкія: Фан дэр Фліт, Корвід, гер Фельдбаух і інш. Да нямецкіх адносяцца таксама прозвішчы Адлерберг, фон Берг, Краненберг, Корф і інш., на што ўказвае іх фармальная прымета – спалучэнне, як правіла, дзвюх зычных;
· Англійскія: Крэбс, Норфальк, Нельсан і інш., а таксама французскія: Сент Арно, Галуа, Алекс дэ Таквіль інш.
Як бачым, у рамане “Каласы пад сярпом тваім” прадстаўлена даволі вялікая колькасць небеларускіх прозвішчаў. Гэта абумоўлена жанрава-стылістычнымі асаблівасцямі твора, шырокім дыяпазонам падзей і месцаў дзеяння, адлюстраваных у творы.
Вядома, што шляхецкія прозвішчы ў мастацкай літаратуры пад пяром пісьменнікаў робяцца аб’ектам вычварнай аўтарскій іроніі, сродкам совеасаблівага мастакоўскага здзеку. Гэта выразна праяўляецца ў двайных прозвішчах, дзе складанае найменне дае магчымасць пісьменніку дасягаць выключнай выразнасці ў абмалёўцы і характарыстыцы літаратурнага персанажа. Карыстаўся такімі прозвішчамі і У. Караткевіч: Басак-Яроцкі, Савіч-Елізараў, Барысевіч-Кальчуга, Хвалько-Халімон, Загорскі-Вежа.
Караткевіч у рамане выкарыстоўваў прозвішчы ў спалучэнні з разнастайнымі назоўнікамі – азначэннямі ў адносінах да паважаных людзей: стары Вежа, статс-сакратар Карніцкі, генерал-губернатар Назімаў, пан Яраш, старая Хаданская, містэр Крэбс.
У мастацкіх тэксце паралельна з прозвішчамі літаратурных персанажаў, створаных уяўленнем Караткевіча, выкарыстоўваюцца прозвішчы рэальных асоб—дзеячоў літаратуры, кампазітараў, філосафаў, вядомых гістарычных асоб: Каліноўскі, Мураўёў, Баршчэўскі, Шэкспір, Пушкін, Бах, Фідый, Эсхіл, Гарыбальдзі. Прозвішчы Каліноўскі і Мураўёў ствараюць ў рамане каларыт асяроддзя, часу, прыдаючы падзеям і фактам рысы гістарычнай рэальнасці (паўстанне 1863 года).
4. Мянушкі
У мастацкай літаратуры для характарыстыкі літаратурных персанажаў пісьменнікі нярэдка выкарыстоўваюць мянушкі. Сутнасць такіх анамастычных адзінак у канве твораў асабліва відавочная: яны ўтварыліся на базе агульнавядомых апелятываў з матывавана азначанай лексіка-семантычнай характарыстыкай ці ад звычайных прозвішчаў і асабовых уласных імёнаў, якая мастакамі слова адпаведным чынам тлумачыцца і выкарыстоўваецца як дзейсны характаралагічны сродак пры апісанні персанажа. У мастацкіх тэкстах мянушка –гэта дадатковы сродак ідэнтыфікацыі і характарыстыкі чалавека ў пэўным соцыуме, у якім нярэдка прысутнічае эмацыйная ацэнка.
Прырода беларускіх мянушак даследавана яшчэ недастаткова, хоць паходжанне, семантыка, словаўтварэнне, асаблівасці іх выкарыстання ў вуснай і пісьмовай мовах прыцягваюць увагу многіх. Цікавасць да станаўлення і развіцця гэтых найменняў выклікана яшчэ і тым, што значную частку беларускіх прозвішчаў складаюць былыя мянушкі: Бабыль, Бірук, Кулак, Бруй, Лабач, Блатун, Гарбуз, Галавень, Журавель, Сарока. Ёсць родавыя мянушкі, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне: прадзед – Каляснік (вырабляў калёсы), наступныя пакаленні – Калесніквы. Найчасцей мянушкі ўзнікаюць у мясцовым асяроддзі. Ёсць выпадкі, калі цэлыя вёскі маюць агульнае прозвішча і толькі адрозніваюцца мянушкамі. У беларускім мовазнаўстве гэтай праблеме прысвечаны публікацыі М. Бірылы., Г. Мезенка, У. Івашкі, Н. Новік і іншым.
На жаль, вельмі мала даследаваны асаблівасці мянушак у мове мастацкай літаратуры. Частка даследчыкаў лічыць, што сфера ўжывання мянушак абмежаваная. На іх думку, яны найбольш тыповыя народна-дыялектнай мове і ўжываюцца пераважна ў сялянскім асяроддзі. Наш жа аналіз сведчыць, што абсяг выкарыстання мянушак значна шырэйшы: яны ўласцівы ўсім сацыяльным групам насельніцтва, а ў мове мастацкай літаратуры такія онімы – дадатковы спецыфічны сродак для характарыстыкі персанажаў, адзін з кампанентаў для стварэння гумару, іроніі або сарказму. Большасць мянушак у мастацкіх тэкстах мае празрыстую ўнутраную форму, некаторыя – патрабуюць адпаведных тлумачэнняў, каментарыяў, аўтарскіх удакладненняў. Яны найчасцей нагадваюць вядомыя прозвішчы, імёны ябо звычайныя словы, у якіх пэўным чынам заменена або трансфармавана натуральная для такіх найменняў семантыка. Мянушкі часта – семантычныя неалагізмы, у якіх пісьменнік ажыўляе забытае ці ўкладвае новае значэнне ў агульнавядомыя лексемы, якія выковаюць ідэнтыфікуча-характарыстычную ролю і становяцца ключавымі словамі-дамінантамі пры абмалёўцы і апісанні літаратурных персанажаў.
Ажыўленне ўнутранай формы мянушак, уведзеных у мастацкі тэкст (часта яны з’яўляюцца аўтарскімі наватворамі), -- адна з мэт пісьменніка, рэалізацыя якой дае магчымасць выразна актывізаваць іх семантычныя і мастацка-выяўленчыя асаблівасці. Мянушкі найчасцей уводзяцца ў мастацкі тэкст з першых старонак твора разам з партрэтнай характарыстыкай літаратурнага персанажа і служаць своеасаблівай падказкай чытачу пра: а) схільнасці, род заняткаў носьбіта мянушкі: Балаховец – удзельнік банды Булак-Балаховіча; б) адметныя знешнія або ўнутраныя рысы літаратурнага персанажа: Кудлаты – вясковы хлопец з ускалмачанымі валасамі; в) індывідуальныя асаблівасці мовы літаратурных персанажаў: Судзьба – бедны селянін, які часта ўжываў гэта слова. У аснове мянушак ляжыць мімезіснае перайменаванне як вынік “наўмыснага выкарыстання ў сваім маўленні некаторых істотных асаблівасцей чужога маўлення з мэтай перадражніць або высмеяць яго адрасанта”, або частага паўтарэння збыткоўных адзінак, слоў-паразітаў і інш. Мімезісныя рэдублікаты заўсёды канатацыйна значымыя элементы звязнага тэксту, асабліва калі ўлічыць, што яны ўжываюцца мэтанакіравана, каб пакпіць, предражніць асобу, за якой замацавалася штучна створанае найменне. Лексіка-семантычны спосаб утварэння мянушак ад канатацыйна маркіраваных апелятываў або пераасэнсаваных онімаў (даволі часта прозвішчаў вядомых у соцыуме асоб, дзяржаўных дзеячаў і інш.)—адзін з прадуктыўных у пісьменніцкай моватворчасці Я. Коласа, Я. Брыля, В. Казько, У. Ліпскага (Акула, Марак, Хрушч, Латак, Булавешка, Рысь, Мамай, Ламаносаў, Пільсуцкі, Берыя, Мічурын, Сталін, Борман і г.д.).Прыём літаратурнай алюзіі, калі ў якасці новых онімаў выкарыстоўваюцца імёны і прозвішчы вядомых у соцыуме асоб або персанажаў з раней апублікаваных творах, -- адзін з эфектыўных у сучаснай беларускай літаратуры. У выбары мянушак праяўляецца майстэрства пісьменніка, яго інтэлект, дасведчанасць, грамадзянская пазіцыя, мастакоўскае адчуванне амаль няўлоўных нюансаў у словах.