Такім чынам, для развіцця беларускай пісьмовай мовы і беларускага мовазнаўства перыяд з канца ХVІІІ да сярэдзіны ХІХ ст. не быў спрыяльным. Гэта быў перыяд, калі ў поглядах на беларускую мову не было адзінства: некоторыя яе разглядалі як дыялект польскай ці расійскай мовы, іншыя лічылі самастойнай. Але менавіта ў гэты час, значна раней за іншыя галіны беларускага мовазнаўства, пачынае сваё існаванне новая беларуская лексікаграфія. На гэтым этапе прыйшло цвёрдае ўсведамленне неабходнасці стварэння беларускіх лексікаграфічных прац, спачатку як дапаможнікаў для чытання старажытных летапісаў, пазней – як арыгінальных беларускіх даведнікаў. Работа фалькларыстаў, этнографаў, моваведаў першай паловы ХІХ ст. павялічвала фактычны беларускамоўны матэрыял і стварала магчымасці з’яўлення к канцу ХІХ ст. абагульняльных прац па беларускім мовазнаўстве.
Тэма: Развіццё беларускага мовазнаўства ў другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст
Вывучэнне мясцовых гаворак
“Заходні Край” Расіі звярнуў на сябе асаблівую ўвагу царскага ўрада ў канцы 50-х – пачатку 60-х гадоў ХІ ст. Прычынай гэтага было “браджэнне мас”, якое абвастрылася ў сувязі з падрыхтоўкай і правядзеннем рэформы 1861 г., а таксама ўзмацненне руху за аднаўленне самастойнасці Польшчы ў межах 1772 года. Польскі бок дамагаўся аднавіць Рэч Паспалітую ў межаў, у якіх яна знаходзілася да падзелу ў канцы ХVІІІ ст., гэта значыць, уключыць у яе склад і Беларусь. Царскія ўлады, наадварот, імкнуліся даказаць, што “Заходні Край” – спрадвечная частка Расіі, а яго насельнікі – племя велікарускага народа. Для доказаў патрабаваліся адпаведныя факты і гэта прымушала даследчыкаў звяртацца да вывучэння побыту мясцовага насельніцтва, яго мовы. І расійскім, і польскім шавіністам галоўным было даказаць, што няма самостойнага беларускага народа, паколькі нельга было дапусціць разгортвання яго нацыянальных сіл.
Вострая барацьба грамадска-палітычных плыней і нацыянальная ўзбуджанасць народных мас прывяла да шырокага размаху этнаграфічных даследаванняў. На старонках газет і часопісаў пачало друкавацца шмат беларускіх народных песень, казак, прыказак, прымавак, загадак, пачалі змяшчацца этнаграфічныя замалёўкі. На Беларусі, якую да гэтага вывучалі пераважна польскія і рускія даследчыкі, вылучаюцца свае ўласныя сілы – спачатку Павел Міхайлавіч Шпілеўскі, Станіслаў Паўлавіч Мікуцкі, пасля І.І.Насовіч, М.Я.Нікіфароўскі, Е.Р.Раманаў, А.Я.Багдановіч, Я.Ф.Карскі, А.К.Сержпутоўскі, Ф.Багушэвіч і іншыя, здольныя вывучыць свой народ і яго мову.
У 60–70-я гг. ХІХ ст. была апісана значная частка беларускіх гаворак, у 80–90-я гг. гэта праца працягнулася, паглыбілася і былі зроблены спробы класіфікацыі беларускіх гаворак.
У 60–70-я гг. пачынаецца дзейнасць вядомых беларускіх этнографаў П.В.Шэйна, М.Я.Нікіфароўскага, Е.Р.Раманава, С.П.Мікуцкага, Дабравольскага, А.К.Сержпутоўскага і некаторых іншых.
Дзейнасць П.В.Шэйна пачалася на Беларусі ў сярэдзіне 60-х гг, пасля атрымання ім у 1865 г. пасады настаўніка Віцебскай гімназіі. Шматгадовыя назіранні над жывой гаворкай далі П.Шэйну магчымасць надрукаваць у 12-м томе “Записок отделения русского языка и словесности АН” (Спб., 1873) значны дадатак да слоўніка У.Даля – каля 490 слоў. Пасяліўшыся ў Віцебску, П.Шэйн усю сваю ўвагу скіраваў на вывучэнне беларускай народнай творчасці. Пры збіранні матэрыялаў П.Шэйн карыстаўся паслугамі карэспандэнтаў, для якіх у 1867 г. падрыхтаваў праграму збірання фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў, распрацаваў методыку іх апрацоўкі. Да зборніка “Беларускія песні” (Спб., 1873) П.Шэйн склаў дадатак – слоўнік “Объяснение непонятных слов, встречающихся в зборнике” на 850 слоў, выбраных з песень. Словы размешчаны ў алфавітным парадку і маюць належныя тлумачэнні. Укладаючы слоўнічак, П.Шэйн скарыстаў некаторыя лексікаграфічныя і фальклорныя працы. Ён уключыў у слоўнік уласныя імёны і назвы рэлігійных свят, падаў розныя граматычныя разрады слоў: злучнікі (але, бо), займеннікі (ён, які), прыназоўнікі (ў, для, з), прыслоўі (тудою, шпарка, хутка), гукапераймальныя словы (шусь, бразь). Складальнік выкарыстаў розныя спосабытлумачэння слоў: 1) пераклад на рускую мову адным ці некалькімі блізказначнымі словамі (волоцуга – бродяга); 2) апісальнае тлумачэнне (ліпоўка – кадка, выдолбленая из одного дерева (для мёда); 3) тлумачэнне праз этымалагічныя даведкі і параўнанні з іншымі мовамі (коваль – кузнец, древнее: ковачъ от ковати). Рэестравыя словы маюць граматычныя паметы: называецца часціна мовы, пры дзеясловах – трыванне. У сваім слоўніку П.Шэйн фіксуе варыянты слоў, якія адрознаваюцца гукавым ці марфалагічным складам, словы з іншым значэннем, чым у слоўніку І. Насовіча, на які ён абапіраўся.
Захаваўся рукапісны “Словарный материал по белорусскому наречию” П.Шэйна, сабраны ў розных мясцінах Беларусі. Гэта чарнавыя матэрыялы для слоўніка з 221 слова, тлумачэнні маюць толькі 139, націск у словах не абазначаецца. Семантыка слоў раскрываецца пераважна шляхам філалагічнага апісання і з дапамогай рускіх адпаведнікаў.
Невялікую картатэку (171 картка) складаюць словы, занатаваныя П.Шэйнам у Рэчыцкім, Мазырскім, Слуцкім, Пружанскім, Магілёўскім, Барысаўскім, Бабруйскім, Мінскім і іншых паветах. Націск тут таксама не абазначаецца. Адзіных правілаў лексікаграфічнай апрацоўкі слова П.Шэйн не прытрымліваўся:ён выяўляў і занатоўваў толькі значэнні. Часцей за ўсё тлумачэнне даецца апісальным спосабам, а таксама пры дапамозе рускіх адпаведнікаў.
У кароткім аглядзе свайго падарожжа па Беларусі з мэтай даследаваць беларускія гаворкі і збіраць помнікі вуснай народнай творчасці П.Шэйн у лютым 1878 г. пісаў, што праверыў і папоўніў вялікай колькасцю слоў слоўнік І.Насовіча. 43 карткі з жаночымі імёнамі і 73 з мужчынскімі, запісаныя ў Гродзенскай, Віцебскай і Магілёўскай губернях, складаюць своеасаблівы слоўнічак “Собственные имена белорусские”; у ім да рускіх імёнаў падаюцца адпаведныя беларускія і іх памяншальна-ласкальныя формы (Василий – Василь, Василько, Базыль, Базылько, Базылечко).
Цікавы матэрыл занатаваны пад назвай “Слова, которыми приманивают и отгоняют разных домашних животных”, некалькі дзесяткаў слоў занатавана ў чарнавых запісах П.Шэйна – “Материалах, собранных во время командировки в Белоруссию”. У дзённіку П.Шэйна змешчаны заўвагі, якія адлюстроўваюць яго погляды на лексікаграфічную практыку, у прыватнасці, на “Слоўнік беларускай мовы” І.Насовіча, які лічыў абласным слоўнікам, а беларускую мову памылкова разглядаў як дыялект велікарускай.
Выртыя пільнай ўвагі лексікографаў “Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-западного края” П.Шэйна, у якіх змешчаны “Предметный указатель” больш чым на 700 слоў з тлумачэннямі. Пераважная частка слоў тут – народныя назвы жытла, гаспадарчых будынкаў, іх частак, адзення, ежы і пітва, раслін, хвароб, прыкмет і звычаюў. Самі тэксты “Материалов...” таксама насычаны беларускай лексікай, якая можа быць выкарыстана пры складанні слоўніка народных гаворак.
П.Шэйн – вядомы фалькларыст і этнограф, ён не пакінуў грунтоўнай мовазнаўчай працы, але сабраныя ім матэрыялы, якія рассыпаны ў розных выданнях, рукапісы, што засталіся ляжаць на піліцах архіваў, сведчаць аб тым, што ён любіў беларускае слова, беражліва збіраў і падрыхтаваў для беларускага слоўніка вялікую картатэку.
Багатая лексікаграфічнымі матэрыяламі спадчына М.Я.Нікіфароўскага. На працягу 1892–1899 гг. ён стварыў серыю замалёвак пад агульнай назвай “Очерки Витебской Белоруссии”; асобнымі выданнямі выйшлі “Очерки простонародного житья-бытья в Витебской Белоруссии и описание предметов обиходности” (Віцебск, 1895), “Простонародные приметы и поверья, суеверные обряды и обычаи, легендарные сказания о лицах и местах” (Віцебск, 1897), “Простонародные загадки” (Віцебск, 1898). Да кожнага нарыса, да кожнай кнігі дадаюцца заўвагі-слоўнічкі, у якіх тлумачыцца віцебская лексіка (больш за 2000 слоў).
Апісваючы побыт народа, прылады працы, М.Я.Нікіфароўскі ўводзіць у тэкст беларускія назвы з захаваннем асаблівасцей іх вымаўлення. Знаёмства з дадаткамі-слоўнікамі пацвярджае, што гэтага правіла М.Я.Нікіфароўскі прытрымліваўся цвёрда. Дыялектных слоў у пералічаных кнігах вельмі многа, асабліва ў раздзелах “Ежа”, “Адзенне”, “Хатнія збудаванні”. Сэнс некаторых слоў зразумелы з кантэксту, многія тлумачацца тут жа ў тэксце і падрадквымі каментарыямі. Словы ў каментарыях размяшчаюцца не ў алфавітным парадку, а ў той паслядоўнасці, у якой сустракаюцца ў тэксце (пад нумарамі), у словах (у тэксце і ў тлумачэннях) пазначаецца націск. Тлумачэнне пераважна апісальнае, зрэдку – рускімі адпаведнікамі. Асобныя словы аўтар суправаджаў вельмі дакладным апісаннем адпаведнага прадмета, і такое тлумачэнне набывае характар энцыклапедычнага артыкула. Аўтар прыводзіў усе вядомыя яму значэнні слова, а не толькі тое, у якім яно ўжыта ў тэксце. У заўвагах падаюцца, акрамя адзінкавых слоў, цэлыя гнёзды аднакаранёвых слоў. Каб чытач правільна ўспрымаў незразумелае слова і мог карыстацца ім, аўтар забяспечваў словы граматычнымі паметамі: называў часціну мовы, асаблівасці ўжывання, пры назоўніках падаваў канчатак у форме Р. скл. (а часам і само слова ў форме Р. скл.). М.Я.Нікіфароўскі не абмяжоўваўся звычайнымі каментарыямі да тэкстаў, а падаваў незразумелыя словы ў выглядзе лексікаграфічна апрацаваных артыкулаў: змяшчаў словы (і іх вырыянты) з пазначэннем націску, з граматычнымі характарыстыкамі да іх, з тлумачэннямі кожнага значэння. Нягледзячы на тое, што гэтыя дадаткі-слоўнічкі да этнаграфічных прац маюць немалую каштоўнасць, яны нагадваюць толькі фрагменты, матэрыялы да дыялектнага слоўніка.