Смекни!
smekni.com

Белорусский фольклор (стр. 1 из 2)

Беларускi фальклор – скарбнiца этнiчнай культуры беларусаў

Уступ

Казка

На календары вечнасці - канец XX стагоддзя, эпоха навукова - тэхнічнай рэвалюцыі, эпоха біёнікі і электронікі... Узброены ведамі чалавек ужо абганяе сёння самую смелую казачную фантазію, самыя няўрымслівыя мары. Фантазію казак абганяе, а сама казка, як ні дзіўна, не старэе, у нябыт не адыходзіць. Можна нават сказаць - наадварот, у апошні час попыт на гэты від вуснапаэтычнай народнай творчасці прыкметна ўзрос і працягвае павышыцца. Гэта датычыць, зразумела, і беларускага казачнага эпасу, беларускай казкі.

Жывая цікавасць, якую выклікае беларуская народная казка ў сучаснага чытача, не выпадковая: яна абумоўлена, несумненна, яе высокімі ідэйна - мастацкімі якасцямі і непаўторнай нацыянальнай своеасоблівасцю. Глыбокая народная мудрасць, высокая паэтычнасць вобразаў, нязломная і светлая вера ў чалавека, у яго сілы і магчымасці, маральная цнатлівасць і чысціня, непараўнаны, непераймальны гумар і вострая сатыра, прастата і даступнасць зместу, займальнасць апавядання і, нарэшце, сапраўднае моўнае чарадзейства, - вось некаторыя з гэтых вартасцей, якія заўсёды прываблівалі і прывабліваюць да беларускай казкі ўдзячных чытачоў і слухачоў.

Усе беларускія казкі класіфікуюцца звычайна па трох асноўных раздзелах: казкі пра жывёл, чарадзейныя казкі і сацыяльна - бытавыя. Казкі пра жывёл лічацца найбольш старажытнымі па паходжанні, змястоўнай сутнасцю сваёй яны ўзыходзяць яшчэ да такіх ранніх форм першабытнага светапогляду, як анімізм (адушаўленне) і антрапамарфізм (ачалавечванне). Трэба бачыць у іх таксама і далёкія водгукі татэмізму - адной з самых старажытных рэлігій чалавецтва, сутнасць якой складала вера ў татэма - агульнага для данага роду і якой-небудзь жывёлы ці расліны продка.

Чарадзейныя казкі па сваім паходжанні таксама належаць да найбольш старажытных. Галоўнае ў іх зместе - гэта мары і спадзяванні людзей на лепшае жыццё ў будучым, іх імкненні пакараць сабе сілы прыроды і перамагчы сацыяльнае зло, а таксама іх барацьба з чужаземнымі ворагамі - заваёўнікамі. Гэты змест раскрываецца своеасабліва - у вобразах і карцінах фантастычных, звышнатуральных, цудадзейных.

Сярод навелістычных сацыяльна - бытавых казак найбольш каштоўнасць у беларускім фальклоры маюць, несумненна, казкі антыпанскія і антыцаркоўныя, пазначаныя вострай сацыяльнай накіраванасцю. Колькасць і тых і другіх вельмі значная. Прычыну гэтага трэба бачыць у тым, што беларускі селянін цярпеў не толькі жорсткі сацыяльны прыгнёт, увасоблены ў вобразе пана - прыгонніка, але таксама цярпеў і жахлівы ўціск нацыянальны і рэлігійны. Адмоўны персанаж баларускіх антыпрыгонніцкіх казак - амаль заўсёды - пан-чужаземец, які не толькі лупіў тры скруры з мужыка, але яшчэ і таптаўся па ягонай душы, насміхаўся з яго мовы і звычаяў, бесперапынна абражаў яго нацыянальную годнасць.

Гэтак жа бязлітасна, як з панамі, абыходзіцца герой беларускіх казак і са “святымі айцамі” ўсіх масцей : папамі, ксяндзамі, дзякамі. Прадметам сатырычнага адлюстравання ў антыклерыкальных казках часцей за ўсё з’яўляюцца такія тыповыя рысы духоўнікаў, як ханжанства і крывадушнасць, прагавітасць і нахабства, паразітызм і амаральнасць.

Значную частку беларускага казачнага эпасу складаюць творы, у якіх высмейваюцца і ганьбуюцца розныя заганы ў чалавечым характары - такія, скажам, як непачцівыя адносіны да бацькоў, нетактоўнасць, зайздрасць, дурнота, імкненне пажывіцца за чужы кошт і многія іншыя. Гэтыя творы, адлюстроўваючы этычныя погляды народа, яго маральныя прынцыпы, яго разуменне дабра і зла, называюць усе рэчы сваімі імёнамі, недвухсэнсоўна і ясна, не прыбегаючы да алегорый, не карыстаючыся намёкамі. Многія з іх з’яўляюцца ўзорамі сатырычнай і гумарыстычнай творчасці народа.

Лёс розных жанраў беларускага казачнага эпасу склаўся неаднолькава. Сярод сучасных запісаў казак пра жывёл і чарадзейных новых, не вядомых раней сюжетаў, амаль не сустракаюцца. У параўнанні з гэтымі казкамі, жывыя традыцыі якіх відавочна затухаюць, пэўнай жыццястойкасцю і жыццяздольнасцю вылучаюцца казкі сацыяльна - бытавога зместу і рэалістычнага характару. Характэрныя змены назіраюцца ў змесце і паэтыцы тэкстаў, якія бытуюць : прыкметнае парушенне і разбурэнне кананічнай формы, адаптацыя фабулы ў адпаведнасці з сучаснымі ідэйна - эстэтычнымі патрабаваннямі, адчувальныя, з аднаго боку, страты ў апісальнасці, у малыўнічасці, у казачнай абраднасці і , з другога боку, узмацненне прытчавасці, прыспешванне цікавасці і скарачэнне шляху да закладзенага ў творы маральна - філасофскага сэнсу, жыццёвага ўрока, павучання. Тлумачыцца гэта не толькі сучаснымі ўмовамі бытавання казак, але і псіхалогіяй сённяшняга спажыўца фальклору.

За доўгія стагоддзі свайго існавання народная казка ўвабрала ў сябе пачуцці і думкі многіх пакаленняў, абагульніла сацыяльны і мастацкі вопыт тысяч і мільёнаў людзей, і таму набыла такія ідэйна - мастацкія вартасці, такую глыбіню зместу і дасканаласць паэтычнай формы, што і сёння можа служыць адным з магутных сродкаў маральнага, сацыяльнага і эстэтычнага выхавання моладзі.

Анекдот

Адносіны да анекдота ў сучаснай айчыннай фалькларыстыцы можна характарызаваць як досыць супярэчлівыя. На думку адных даследчыкаў народнай творчасці, анекдоты - гэта тыя ж самыя сацыяльна - бытавыя казкі, толькі значна меншага, невялікага аб’ёму ; прынцыповых адрозненняў ад названага жанру казак у іх няма. Ёсць, аднак, і іншы пункт гледжання, паводле якога анекдот, пры ўсёй яго несумненнай блізкасці да сацыяльна - бытавой казкі, з’яўляецца асобным жанрам народнай вусна - апавядальнай творчасці. Больш таго - жанрам незвычайна актыўным і жыццяздольным у нашы дні, чаго нельга сказаць ні пра казкі, ні пра легенды і прымхліцы, ні пра паданні і бываліцы.

У чым жа трэба бачыць жанравую адметнасць анекдота ў параўнанні з казкамі? Па-першае, анекдот - твор цалкам сатырычнай або гумарыстычнай прыроды, твор абавязкова, папросту кажучы, смешны. Па-другое, анекдот вызначаецца гранічнай сцісласцю мастацкай формы; у адрозненне ад казкі, ён абавязкова аднаэпізодны, не ведае разгорнутай экспазіцыі, дыялог яго вельмі не многаслоўны, дзеянне завязваецца, развіваецца і даходзіць да кульмінацыі імгненна. Па-трэцяе, гэта - эстэтычны “эфект нечаканасці” ў канцоўцы твора: анекдот абавязкова заканчваецца неспадзяванай сатырычнай або гумарыстычнай развязкай, у якой скандэнсавана ўся ударная сіла камічнага, увесь смех.

У аснову многіх анекдотаў пакладзены, трэба думаць, сапраўдныя недарэчныя, смешныя выпадкі і здарэнні, якія мелі месца ў жыцці. Але ў большасці сваёй яны, несумненна,- плод фантазіі народа, яго жывога, дасціпнага розуму.

Легенды

З усіх жанраў гэтак званай неказачнай фальклорнай прозы найбліжэй да казак, дакладней - да чарадзейных казак, стаяць легенды. Легенда, як народнае мастацкае апавяданне вызначаецца, па-першае, своеасоблівым спалучэннем рэальнага і фантастычнага, звычайнага і дзівоснага, па-другое, пачаткова-зыходнай устаноўкай на вытлумачэнне і, па-трэцяе, выразна павучальным характарам. У легендах шмат фантастычнага - непараўна больш, чым у блізкіх да іх духам даўніны гістарычных паданнях аб далёкім мінулым. Прынцыповая розніца між імі ў тым, што паданне рэальны жыццёвы факт упрыгожвае, аздабляе выдумкай, у тым ліку - фантастычнай, а легенда імкнецца выдуманае, створанае фантазіяй выдаць за сапраўднае, за рэальнае. Апрача таго, дзівосныя з’явы і падзеі ў легендах вытлумачваюцца - чаго мы ніколі не бачым у казках.

Легенда прыйшла ў наш фальклор і заняла ў ім сваё адметнае месца ў часы ўсталявання на землях усходніх славян хрысціянства. Прыйшла на змену больш старажытнай за яе язычніцкай прымхліцы, якую, аднак, не выцесніла, а пачала жыць і развівацца побач, многае ўзяўшы ад сваёй папярэдніцы і яшчэ больш - ад самой жывой рэчаіснасці новай эпохі.

У аснову легендарнага сюжэта эвычайна кладзецца якісці цуд, неверагоднае здарэнне, з удзелам і людзей і істот звышнатуральных, з умяшаннем сіл цудадзейных.

Пра што складаліся легенды? Пра стварэнне свету, пра паходжанне жывёл, птушак і насякомых, пра святых і Бога, пра пекла і рай, пра віну і пакаранне за яе, пра дабрачыннасць і ўзнагароджанне за яе, пра чалавечую долю і смерць - і пра многае іншае.

Прымхліца

Прымхліца (ад слова - прымха) - гэта невялічкае вуснае апавяданне аб нейкім незвычайным, цудадзейным і, як правіла, “страшным” здарэнні, удзельнікам ці сведкам якога нібыта быў сам апавядальнік або добра знаёмы ці нават блізкі яму чалавек. Якія ж гэта такія страшныя, цудадзейныя здарэнні? Ну, скажам, сустрэча з нячысцікам, з вурдалакам, з дамавіком, са змяіным царом, з русалкаю і з іншымі падобнымі істотамі - прадстаўнікамі гэтак званай ніжэйшай народнай дэманалогіі.

Вытокі гэтага цікавага, самабытнага жанру апавядальнай вуснапаэтычнай творчасці тояцца ў глыбокай даўнасці, у пэўных асаблівасцях старажытнага светапогляду, у дахрысціянскіх язычніцкіх уяўленнях. Асновай для яго ўзнікнення і далейшага развіцця паслужыла вера чалавека ў існаванне надпрыродных сіл, у магчымасць розных чарадзейна-магічных пераўтварэнняў, дзівосных праяў і цудаў.

Галоўная вызначальная рыса прымхліц у тым, што усе яны, без выняткку, звязаны з такою з’явай светапогляднага парадку, як прымхлівасць.

Паданне

Паданне, будучы таксама, як казка ці легенда, вусным мастацкім апавяданнем, ад гэтых папярэдніх істотна адрозніваецца тым, што зместам сваім звязана з якой-небудзь канкрэтнай падзеяй гістарычнага жыцця-быцця народа і прымацавана да пэўнай мясцовасці. Часцей за ўсё яно (паданне) вырастае з нейкай падзеі мясцовай гісторыі. Устаноўка на гістарызм - найбольш характэрная рыса падання. Адсюль і грамадская функцыя паданняў перш за ўсё - пазнавальна-інфармацыйная.

Істотнай прыкметай многіх паданняў з’яляецца іх растлумачальны характар - імкненне даць адказ на пытанні: адкуль што ўзялося, як ўзнікла і гэтак называецца. Вытлумачыць, напрыклад, паходжанне і назвы пэўных населёных пунктаў, рэк і рэчак, азёр і крыніц, курганоў, лесу, паляны, балота і інш. У беларускім фальклоры большасць паданняў менавіта такога зместу. Астатнія - іх меншасць - звязаны з лёсам і жыццём пэўнай асобы, канкрэтнага чалавека, нечым выдатнага і цікавага.