Юры Кітурка
Снежань 1999
Пасля рэвалюцыі 1917 г., калі актыўна ішлі працэсы палітычнага пераўпарадкавання тэрыторый Расійскай імперыі, беларусы атрымалі рэальны шанс на стварэнне ўласнай незалежнай дзяржавы. Аднак агульная палітычная кан'юнктура ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе склалася так, што гэтая магчымасць была толькі часткова рэалізавана ў Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы. У 1920-30-х г. значная частка беларускіх земляў не ўвайшла ў склад БССР, а была далучана да Польшчы, і беларусы — жыхары гэтых тэрыторый — апынуліся ў становішчы нацыянальнай меншасці ў чужой дзяржаве, хоць і жылі на сваёй уласнай зямлі.
Пасля першай сусветнай вайны польская нацыя здолела стварыць і замацаваць уласную дзяржаву, прычым кіраўніцт ва адноўленай Рэчы Паспалітай не пажадала абмежавацца этнічнымі польскімі тэрыторыямі. Лідэры і значная частка грамадства новай Польшчы, якія знаходзіліся пад моцным уплывам уласных гістарычна -палітычных міфаў, імкнуліся далучыць беларускія землі да сваёй дзяржавы і паланізаваць беларусаў. Для нас важна зразумець, што было прычынай узнікнення такіх захопніцкіх амбіцый у свядомасці не толькі польскай эліты, але і амаль усёй нацыі. Гэтая з'ява мела пад сабой глыбокія карані, і зразумець яе можна толькі звярнуўшыся да папярэдняга перыяду развіцця беларуска -польскіх дачыненняў.
Самым уплывовым палітыкам у ІІ Рэчы Паспалітай, безумоўна, быў Юзаф Пілсудскі. Яго меркаванні па розных пытаннях палітычнага жыцця 1920—30-х г. даволі часта былі вызначальнымі для значнай часткі польскага грамадства таго часу. Таму разгляд стаўлення Ю. Пілсудскага да Беларусі і беларускага народа дасць магчымасць лепш зразумець тыя прынцыпы, якімі вызначалася палітыка ўладаў ІІ Рэчы Паспалітай у дачыненні да беларусаў.
Асноўныя пастулаты, на якіх грунтаваліся адносіны Ю. Пілсудскага да Беларусі і беларускага народа, склаліся яшчэ ў пачатковы перыяд палітычнай дзейнасці, калі ён узначальваў Польскую сацыялістычную партыю (ППС) у 1890-1900-х г. Разглядаючы гэтае пытанне, трэба зрабіць наступную заўвагу. У 1890 - пачатку 1900-х г. Пілсудскі ў сваіх артыкулах і лістах вельмі рэдка ўжываў слова “беларусы”. Часцей ён пісаў пра ліцвіноў і русінаў. Выкарыстоўваючы гэтыя тэрміны, Пілсудскі працягваў традыцыю ягелонаўскіх часоў падзяляць жыхароў Вялікага Княства не па этнічнай прыналежнасці, а па канфесіі. Русінамі ён называў усіх праваслаўных жыхароў Рэчы Паспалітай, да якіх належалі беларусы і ўкраінцы. Пад ліцвінамі ён разумеў літоўцаў і беларусаў -каталікоў, а ў некаторых выпадках — усё насельніцтва гістарычнай Літвы. Толькі з 1904 г. Пілсудскі пачаў выразна ўжываць назву “беларусы -каталікі”, адасабляючы іх ад этнічных літоўцаў, за якімі ў польскай мове трывала замацаваўся старажытны этнонім жыхароў ВКЛ — “ліцвіны”.
У другой палове 90-х г. ХIХ ст. беларускай праблематы цы Ю.Пілсудскі аддаваў няшмат ўвагі. У гэты перыяд на землях былога ВКЛ яго найбольш цікавіла толькі барацьба з русіфікацыяй 1 і суперніцтва з Бундам ды расійскімі рэвалюцыя нерамі за ўплывы сярод мясцовага пралетарыяту 2.
Упершыню пра беларусаў як пра асобную нацыю Пілсудскі грунтоўна выказаўся ў лісце да Леона Васілеўска га3 ад 19 лістапада 1899 г. Васілеўскі на той час ўжо займаў прыкметнае становішча ў ППС і лічыўся спецыялістам па нацыянальных пытаннях. Гэтае пісьмо Пілсудскага было крытычнай заўвагай на рукапіс брашуры Васілеўскага “У агульным ярме”. Рукапіс трапіў у рукі жандараў пад час правалу Пілсудскага ў Лодзі і брашура была апублікаваная толькі ў 1901 г.4
У сваім лісце лідэр ППС выказаўся супраць таго, каб Васілеўскі прысвячаў асобныя раздзелы Беларусі і Літве, як гэта было задумана аўтарам ў першым варыянце. Пілсудскі лічыў, што землі былога ВКЛ маюць агульную гісторыю і адміністрацыйна -прававы лад, таму асобнае апісанне Беларусі і Літвы будзе толькі паўтарэннем. Апрача таго, ён баяўся нараканняў з боку Літоўскай сацыял-дэмакратычнай партыі, члены якой разглядалі этнічныя беларускія і літоўскія тэрыторыі як адзіны край5. Пілсудскі таксама заўважыў, што калі яны (пэпээсаўцы — Ю.К.) ужываюць назву “Беларусь”, то маюць на ўвазе перш за ўсё яе каталіцкія і ў нядаўнім мінулым уніяцкія часткі. Толькі іх жыхары здаваліся Пілсудскаму пэўнымі саюзнікамі ў барацьбе з царызмам. На праваслаўных беларусаў лідэр ППС такой стаўкі не рабіў. Далей ён раіў аўтару брашуры абавязкова даказаць цесную сувязь гістарычнай Літвы з Польшчай. У якасці доказаў Васілеўскі павінен быў прывесці наступныя аргументы: па-першае, у Беларусі і Літве жыве значная колькасць палякаў, па-другое, польская мова пануе ў гарадах, па-трэцяе, грамадскае жыццё ідзе пад моцным уплывам польскай культуры, а таксама дадаць агульную гістарычную традыцыю, сумесны ўдзел у паўстаннях і ўплыў палякаў на сацыялістычны рух Літвы. Пілсудскі хацеў, каб Васілеўскі абавязкова падкрэсліў, што палітыка царскага ўрада на Беларусі і Літве пасля 1863 г., накіраваная на выцясненне польскасці русіфікацыяй, а менавіта: закрыццё вялікай колькасці школ, забарона на ўжыванне ў грамадскіх месцах польскай мовы, паліцэйскі і рэлігійны прыгнёт, асаблівыя ўмовы пры продажу і куплі зямлі — усё гэтае знішчае краіну, вядзе да заняпаду культуры, адукацыі і эканомікі. На думку Пілсудскага, пералічаныя доказы павінны былі пераканаць чытача-пралетарыя ў тым, што Беларусь і Літва не маюць іншага шляху развіцця, як толькі разам з Польшчай, бо польскі рэвалюцыйны рух заўсёды знаходзіў водгук на гэтых землях, і супраціўленне яму толькі змяншае імкненне да незалежнасці ўсяго краю, а яго паразы цягнуць за сабой павелічэнне гнёту, які падае і на тых, хто супраціўляецца барацьбе 6.
Асобна пра беларусаў Пілсудскі пісаў: “Пра беларусаў дастаткова сказаць некалькі слоў — адзначыць неакрэсленасць іх нацыянальных пачуццяў і крыху пра ганенні на мову і рэлігію” 7. У словах лідэра ППС, несумненна, адчуваецца крайні прагматычны падыход да іншых нацый. У гэтым выпадку ён аддаў беларусам роўна столькі ўвагі, колькі яны, па яго меркаваннях, заслугоўвалі сілай нацыянальнага руху і ўзроўнем імкнення да самаарганізацыі. Пілсудскі добра ведаў, што ні адной аформленай беларускай групы на той час не існавала, асэнсаванне беларусамі сваіх нацыянальных інтарэсаў практычна не было адчувальным, таму ў барацьбе з царызмам ён разлічваў на іх значна менш, чым, напрыклад, на ўкраінцаў ці літоўцаў. У будучыні, як адзначаў Пілсудскі, пры “недахопе дадзеных у гэтых народаў да самавызначэння, найлепшым выхадам для іх было б аб'яднанне з Польшчай з забеспячэн нем ім усім — палякам, літоўцам, беларусам, яўрэям — свабоднага развіцця і знішчэннем усялякай перавагі адной нацыі над другой, што пры значнай складанасці нацыянальных адносінаў з'яўляецца неабходным. Гэтыя задачы павінны ставіць перад сабой усе сацыялісты на Літве, і іх ставіць ППС”8.
Падобныя погляды па нацыянальным пытанні ў 1899 г. выказаў адзін з самых вядомых тэарэтыкаў Польскай сацыялістычнай партыі Казімір Келес-Краўз 9. Ён лічыў, што рэвалюцыя, якая знішчыць царызм, адкрые перад кожным народам Расіі сваю дарогу, і некаторыя з гэтых народаў, для якіх расійская цывілізацыя з'яўляецца высока развітай, у час рэвалюцыі будуць неактыўнымі. Але заходнія абшары імперыі — Фінляндыя, балтыйскія правінцыі, дзе жывуць немцы і латышы, Літва, Польшча адыдуць ад Расіі, з якой іх аб'ядноўвае толькі насілле10 . У пытанні будучага палітычнага ўпарадкаван ня вызваленых краінаў Келес-Краўз працягваў прапаганда ваць ідэі федэрацыі: “...Польшча і Літва, якія належаць да сістэмы дзяржаваў Заходняй Еўропы, будуць мець усе падставы, каб узнавіць даўнейшую ўзаемную федэрацыю, і шмат прычын, каб увайсці ў цэнтральна -еўрапейскую федэрацыю” 11.
Пілсудскі быў цалкам згодны з такой перспектывай. З усіх прапанаваных на той час канцэпцый палітычнай будучыні для Польшчы, Беларусі і Літвы гэтая найбольш поўна адпавядала яго ідэалам. Кіраўнік ППС імкнуўся да ўзнаўлення менавіта той Рэчы Паспалітай, якая пачала губляць сваю незалежнасць у 1772 г. і канчаткова знікла ў 1795 г. Ідэя Польшчы Ягелонаў, безумоўна, была яму бліжэй за ідэю Польшчы Пястаў (так у канцы ХІХ - пачатку ХХ ст. прадстаўнікі польскай грамадскай думкі называлі канцэпцыю адбудавання дзяржавы ў этнічных польскіх межах). Без Беларусі ягелонаўская Рэч Паспалітая проста не магла здзейсніцца. Таму Пілсудскі, складаючы планы на будучыню, заўсёды аб'ядноўваў Беларусь і Польшчу. Іншыя варыянты палітычнай перабудовы гэтай часткі Еўропы, якія не прадугледжвалі стварэнне новай Рэчы Паспалітай у складзе польскіх, беларускіх, літоўскіх і ўкраінскіх земляў, былі для Пілсудскага і яго асяроддзя непрымальнымі і разглядаліся як варожыя. Згодна з духам часу, светапоглядам кіраўніка ППС і яго паплечнікаў адноўленая Рэч Паспалітая павінна была мець дэмакратычнае аблічча федэратыўнай рэспублікі, у якой працоўныя агульнымі намаганнямі змогуць дамагчыся знішчэння эксплуатацыі.
Нацыянальнае Адраджэнне на Беларусі для Пілсудскага характарызавалася дзвюма важнымі рысамі: па-першае, гэты працэс толькі пачынаўся і меў няшмат прыхільнікаў, а значыць, быў малаўплывовым, па-другое, беларускі нацыяналь ны рух на той час разглядаўся ім як натуральны саюзнік ППС.
Перспектывы палітычнага пераўпарадкавання ў тыя гады выдаваліся яшчэ вельмі далёкімі, таму Пілсудскі і яго аднадумцы выказваліся пра іх даволі агульна. Напрыклад, па адной з самых важных праблемаў, якая заўсёды хвалявала польскіх патрыётаў — пра межы будучай Рэчы Паспалітай, лідэр ППС не выказваў аніякіх канкрэтных меркаванняў, апрача пажадання стварэння федэрацыі народаў у межах 1772 г. Станіслаў Вайцахоўскі 12 таксама абмяжоўваўся ў гэтым пытанні толькі некалькімі словамі: “Мы нясем сацыялістычную прапаганду нашым братам на Літве і Русі, але нас нельга падазраваць у захопніцкіх планах, таму што мы дзейнічаем не ў інтарэсах польскасці, а ў інтарэсах рэвалюцыі, якая павінна вызваліць людзей ад ланцугоў няволі сённяшняга дня і забяспечыць ім незалежнае існаванне. Таму мы не акрэсліваем межы новай Польскай рэспублікі, бо тое, якімі яны будуць, вырашыць воля народаў пасля пераможнай рэвалюцыі” 13.