Смекни!
smekni.com

Гістарычная самаідэнтычнасць насельніцтва Беларусі ў 11 - 17 стст (стр. 1 из 6)

.

Ігар Марзалюк

Канд. гіст навук, дацэнт каф. археалогіі і спец. гіст. дысцыплін

Магілёўскага дзяржуніверсітэта

Сёння ў гістарычнай навуцы Беларусі даволі востра дыскутуецца пытанне пра пачаткі беларускай дзяржаўнасці і гістарычнай самаідэнтычнасці насельніцтва беларускіх земляў у эпоху сярэднявечча. Некаторыя гісторыкі ўвогуле адмаўляюць тэзу пра тое, што насельніцтва Беларусі ўспрымала у 15 - 17 стст. Кіеўскую Русь як пачатковы перыяд уласнай дзяржаўнасці. Калыскай будучай Беларусі яны лічаць толькі Полацкае княства. Прычым яно разглядаецца як цалкам незалежная дзяржава. Такога погляду прытрымліваецца і выбітны сучасны ўкраінскі медыевіст як Наталля Якавенка, якая сцвярджае літаральна наступнае: “Для ўсіх трох адломаў колішняй Кіеўскай дзяржавы памяць пра сваю гістарычную “прамаці” Кіеўскую Русь – таксама выявілася рознаю. Так, беларускія княствы, якія супольна з суседзямі літоўцамі стваралі сваю маладую дзяржаву практычна з нуля, на кіеўскую спадчыну практычна не аглядаліся; паколькі яны заўсёды трымаліся ўбаку ад Кіева, то ў строгім сэнсе іхняю яна ніколі не была, таму не выклікала ні настальгіі, ні ідэалагічнага ператлумачэння”.[1] Як мы пабачым далей, пры разглядзе канкрэтных сведчанняў гістарычных крыніцаў, падобная тэза не вытрымлівае навуковай крытыкі.

З нашага пункту гледжання найважнейшай у вырашэнні гэтага пытання з’яўляецца гістарычная самаідэнтыфікацыя тагачаснага насельніцтва беларускіх земляў. Пісьмовыя крыніцы дазваляюць нам прасачыць тыя гістарычныя стэрэатыпы якія існавалі ўасяроддзі адукаваных русінаў: духавенства, прадстаўнікоў набілітэту і мяшчанаў. Гэтае пытанне, як мы пабачым далей, наўпрост звязана таксама з дыскусіяй пра тое, які з усходнеславянскіх народаў мае больш падставаў лічыць сябе спадкаемцам Кіеўскай Русі.

Апошняя дыскусія налічвае не адну сотню год. Ужо ў 13 ст. укладальнікі Галіцка-Валынскага летапісу лічылі, што Галіч быў “другім Кіевам”- спадкаемцам традыцыяў першай Кіеўскай дзяржавы. Адпаведна гэтаму складзеныя на Валыні летапісныя кодэксы, кшталту Іпацьеўскага, ўключалі “Аповесць мінулых гадоў”, Кіеўскі летапіс 12 ст. і, ўрэшце, Галіцка-Валынскі летапіс 13 ст. У сваю чаргу складзены ва Ўладзіміра-Суздальскай зямлі Лаўрэнцьеўскі летапіс пасля “Аповесці мінулых гадоў” падаваў уладзіміра-суздальскія паведамленні[2]. Выразна адрознівалася ад двух апошніх традыцый і летапісанне Вялікага Ноўгараду[3]. Ужо тады паўсталі прынцыпова адрозныя схемы гісторыі Усходняй Еўропы, якія захаваліся да сённяшняга дня, праўда зазнаўшы пэўныя трансфармацыі і мадыфікацыі. Яны працягваюць сваё існаванне ў якасці афіцыйных нацыянальных версіяў украінскай і вялікарасейскай гістарыяграфіяў.

На жаль, летапісных помнікаў дамангольскага перыяду, створаных на тэрыторыі Беларусі, не ацалела. Аднак пэўныя факты з гісторыі Полацкага княства дазваляюць адказаць на пытанне пра тое, ці лічылі яго валадары Кіеў чужым для сябе, а сваё княства цалкам самастойным? Сёння амаль ніхто з тых, хто так лічыць, нават і не паспрабаваў “спытацца” ні ў полацкіх Ізяславічаў-Рагвалодавічаў, ні ў палачан, кім яны самі сябе лічылі, якія этнапалітычныя ды сацыякультурныя ўзоры панавалі ў іх асяроддзі? Па-сутнасці, адбываецца адвольны перанос уяўленняў са свядомасці чалавека канца 20 ст. па пытаннях дзяржаўнай незалежнасці, нацыянальнасці на рэаліі ранняга сярэднявечча. Зыходзячы з апрыёрнага пастулявання тэзы, што погляды людзей на гэтыя праблемы на працягу стагоддзяў былі нязменнымі, даследчыкі, якія стаяць на такіх пазіцыях, хочуць таго ці не, пачынаюць ствараць гістарычныя дэфармацыі і міфы нічога супольнага не маючыя з рэаліямі далёкага мінулага. Адразу хочаццца абмовіцца, што ў гэтым разделе не ідзе размовы пра этнагенетычныя працэсы, якія адбываліся на беларускіх землях у 11-13 стст. Нас цікавілі толькі пэўныя ментальныя ўстаноўкі сучаснікаў, іх асабістыя ўяўленні і ўчынкі, якія дазваляюць паглядзець на палітычныя і сацыяльна-культурныя рэаліі таго часу іх вачыма.

У гістарыяграфіі даўно звернута ўвага на тую акалічнасць, што пасля няўдалага замаху Рагнеды на Уладзіміра, апошні вылучыў “отчыну” свайму старэйшаму сыну Ізяславу - Полацкае княства. Паводле родавых законаў, пераемнікам роду, які абарваўся, мог стаць старэйшы нашчадак па жаночай лініі. Таму Ізяслаў быў пераемнікам свайго дзеда па маці – Рагвалода Полацкага. З-за гэтай прычыны полацкі княскі стол і быў замацаваны за нашчадкамі Ізяслава. Атрымаўшы Полацкую зямлю ў “выдел”, яны пазбаўляліся права прэтэндаваць на іншыя часткі Кіеўскай Русі [4].

Але ці успрымалася гэтая падзея у гісторыі Полацкай зямлі сучаснікамі як прызнанне яе поўнай незалежнасці? Тыя ж скандынавы, ў часы панавання Брачыслава Ізяславіча, разглядалі Полацкую зямлю як частку Гардарыкі, хоць і падкрэслівалі асобнасць і важнае значэнне Полацкага цэнтру побач з двума другімі важнейшымі ўсходнеславянскімі цэнтрамі: Кіевам і Ноўгарадам [5].

Беларускі гісторык Юры Заяц пераканаўча паказаў, што ў аснове канфлікту паміж Усяславам Чарадзеем і Яраславічамі ляжалі прэтэнзіі полацкага князя на вялікакняскі кіеўскі “стол”. Усяслаў, як вядома, з’яўляўся праўнукам кіеўскага князя Уладзіміра. З-за таго, што дзед Усяслава, Ізяслаў, памёр яшчэ пры жыцці свайго бацькі ў 1001 г. і не княжыў у Кіеве, па княскаму спадчыннаму праву яго нашчадкі пазбаўляліся вялікакняскага кіеўскага стала. Аднак бацька Ўсяслава Брачыслаў Ізяслававіч, разам са сваім дзядзькам Яраславам Мудрым, быў суправіцелем усіх земляў Кіеўскай Русі і займаў кіеўскі княскі стол. Такім чынам, з’яўляючыся князем Полацкай зямлі і не маючы права прэтэндаваць на асобныя часткі Кіеўскай Русі, Ўсяслаў валодаў правам на вярхоўную ўладу ў ёй [6].

Паказальна, што аўтар “Слова о полку Игореве” называе спадчынай Усяслава не толькі Полацкае княства, а ўсю Рускую зямлю: “Вы бо своими крамолами начясте наводити поганыя на землю Рускую, на жизнь Всеславлю”[7]. Вылучанасць Ізяславічаў з агульнага уладання не трэба змешваць з палітычнай ізаляцыяй ці незалежнасцю. Ніхто з кіеўскіх князёў не лічыў, што полацкая дынастыя абсалютна незалежная ад Кіева[8]. Культурныя і гандлёвыя кантакты Полацка з Кіевам - рэч добра вядомая даследчыкам[9].

Адзіны культурны узор скарыстоўвалі і Полацк, і Кіеў, і Ноўгарад, будуючы саборы Святой Сафіі і выказваючы такім чынам прэтэнзіі на гегемонію сваіх цэнтраў у Кіеўскай Русі[10]. З гэтай канцэпцыяй самым непасрэдным чынам была звязаная канцэпцыя “Новага Іерусаліма”, які атаясамляўся “з другім Рымам” і ўспрымаўся як духоўны і свецкі цэнтр Свету, а хрысціяне як “новы Ізраіль", абраны Богам народ, які атрымаў боскую благадаць пасля непрыняцця юдэямі навукі Хрыста. У ўсходнехрысціянскай, праваслаўнай традыцыі, такім цэнтрам Свету лічыўся Канстантынопаль, у рыма-каталіцкай – Рым, дзе знаходзілася сталіца вышэйшай духоўнай і свецкай улады – Папы Рымскага і імператара[11].

Паказальна, што сама гарадская структура Канстантынопаля адбудоўвалася на ўзор Іерусаліма, чым падкрэслівалася пераемнасць новай хрысціянскай сталіцы ў справе выратавання чалавецтва – роля, страчаная “ветхім” Іерусалімам. Пасля хрышчэння Кіеўскай Русі, гэтая ідэя была запазычана ўладарамі маладой усходнеславянскай дзяржавы дзеля абгрунтавання роўнага статусу ды незалежнасці Кіева ад Царграду. Кіеў забудоўваўся па Канстантынопальскаму узору – арганізацыя гарадской прасторы Кіева капіравала гарадскую прастору Канстантынопаля і магла ўспрымацца сучаснікамі як прэтэнзія на права стаць новым цэнтрам свету, сталіцай богаабранай, абетаванай ці “абяцанай” зямлі. Гэтыя прэтэнзіі найбольш выразна былі сфармуляваныя пры князяванні Яраслава Мудрага – у Кіеве з’яўляюцца аналагічныя канстантынопальскім Залатыя вароты, храм Святой Сафіі, а таксама манастыр св. Георгія і св. Ірыны. У гэты ж час ствараецца першы летапіс у якім выразна падкрэсліваецца ідэя богаабранасці Кіеўскай Русі : “како избра Бог страну нашу на последнее время”. У разгорнутым выглядзе канцэпцыя богаабранасці і перанясення сталіцы хрысціянскага свету, ператварэння яе ў важнейшы сакральны цэнтр, была выкладзеная мітрапалітам Іларыёнам у “Слове о законе и благодати”[12].

Для нас вельмі важным з’ўляецца той факт, які сведчыць аб запазычанні гэтай ідэі амаль у той самы час знакамітым полацкім уладаром 11 ст. – Усяславам Чарадзеем. Менавіта амбіцыямі Ўсяслава на гегемонію ва ўсходнеславянскім свеце неабходна тлумачыць і ўзвядзенне Полацкай Сафіі. Леанід Аляксееў лічыць, што полацкую Сафію будавала асобная грэцкая будаўнічая арцель, што абумовіла і архітэктурную спецыфіку храма. Разам з гэтым маецца і падабенства паміж усімі трыма храмамі: агульнасць ідэі, ўсе тры пабудаваныя ў новай частцы гораду[13]. Калі Кіеў, Ноўгарад і Полацк будавалі гэтыя саборы то, такім чынам, прэтэндавалі на “мадэляванне” самога цэнтру хрысціянскага свету, Візантыйскай імперыі, Канстантынопаля са Святой Сафіяй[14] і імкнуліся сцвердзіць статус Богаабранасці сваёй сталіцы і зямлі. Па сутнасці, князі Ноўгарада, Кіева і Полацка аспрэчвалі права на статус сакральнага цэнтру менавіта свайго дзяржаўнага ўтварэння і вяршынства сваёй дынастычнай лініі роду над астатнімі князямі Рурыкавічамі. Гэтыя прэтэнзіі былі артыкуляваныя і ў ацалеўшых помніках мясцовага летапісання. Наўгародская рэдакцыя “Аповесці мінулых гадоў” прасякнутая імкненнем падкрэсліць перавагу дзяржаватворчай традыцыі Наўгародскай зямлі ў параўнанні з Кіевам[15]. Хутчэй за ўсё, падобная “мясцовая” канцэпцыя ўсходнеславянскай гісторыі магла ўзнікнуць і ў полацкім летапісанні. Здаецца, можна пагадзіцца з адным найбольш аўтарытэтных знаўцаў гэтай праблемы, І.Данілеўскім: “У наступным, кожны з гарадоў, які прэтэндаваў на ролю цэнтру Рускай зямлі, аўтаматычны прыймаў на сябе абавязак стаць “трэцім Рымам” і “Новым Іерусалімам”. Адпаведна, тут з’яўляліся і знешнія атрыбуты сталіцы свету: Залатыя вароты, новы цэнтральны храм і да.г.п.”[16] Пра тое, што Ўсяслаў Чарадзей не абмяжоўваў сваіх амбіцыяў землямі Полацкага княства, а прэтэндаваў на вярхоўную уладу ў Кіеве, на кіеўскі “залаты” стол, сведчыць і фрагмент тэксту з апавядання пра яго, якое нядаўна было знойдзена М.Ліннікавай у Расейскім дзяржаўным архіве гістарычных актаў. Мы маем на ўвазе цікавейшы дыялог паміж Усяславам і валхвом: “(ре) че же влък Всеславови: “Се княже, ти огнь небесный, разжеися, в нем же закаляемо железо не имать съкрушитися, и се же кръвь змиева (иже Евву праматерь искуси), в ней же копия омочи 3-жди, и еще власы и главы твоея пожьри бог отец наших, и дрьжава твоа не раздрушима (курсіў наш – І.М.) выну силою его!” Отвещав Сеслав рече: “Повеленьная ми сътворю, 3-жды пожьгу и помочю, и влас не пожру никако же се бо есть дело бесовсте!” Он же глагола к нему, яко: “Понеже не въсхоте влас сих потребити, озлобиши аростию врази твои вься, и градов их не плениши и не владееши непщевания деля, токмо град твой полстий боронити имаше копием сим (курсіў наш – І.М.), яко же и бысть”. Тъгда въспечялова князь Всеслав Бренчиславичь зряща сего ради”[17]. Як бачым, “дрьжава” Усяслава гэта не толькі Полацкае княства, бо з-за адмовы князя цалкам здейсніць паганскі рытуал, які мусіў забяспечыць трываласць дзяржавы і яго вайсковую удачу, ён страчвае патэнцыяльную магчымасць валадарыць у ёй і вымушаны абмежавацца толькі Полаччынай.