Смекни!
smekni.com

Гістарычная самаідэнтычнасць насельніцтва Беларусі ў 11 - 17 стст (стр. 2 из 6)

Аднак у гэтай спрэчцы паміж трыма важнейшымі цэнтрамі дзяржаўнасці ўсходніх славянаў перамог Кіеў. Менавіта Кіеў на працягу 12 – 17 стст. працягваў разглядацца як вярхоўная сакральная сталіца ўсходнеславянскіх земляў. Існуюць прамыя сведчанні пісьмовых крыніцаў украінска-беларускага паходжання, якія адназначна называюць Кіеў “Новым Іерусалімам”. Паказальна, што гэтую выключную ролю Кіева, як галоўнага сакральнага цэнтру Усходняй Еўропы, прызнаваў і Іван Грозны, нягледзячы на тое, што менавіта ў яго час канцэпцыя “Масква – Трэці Рым” набыла сваю ідэалагічную завершанасць[18]. Князі полацкай дынастыі шчодра адорвалі кіеўскае духавенства, Кіева-Пячорскі манастыр. Добра вядомы і сімпатыі пэўных прадстаўнікоў гэтага духавенства да полацкіх князёў[19].

Згаданыя факты дазваляюць сцвярджаць, што першыя пакаленні полацкіх князёў выказвалі прэтэнзіі на кіеўскі княскі стол. Полацкія князі добра памяталі, што яны не толькі Рагвалодавічы, але і Рурыкавічы. Геральдычныя знакі полацкіх уладароў красамоўнае таму пацверджанне[20]. Пра тое, што полацкія князі не лічылі ўсіх астатніх Рурыкавічаў абсалютна чужымі для сябе, сведчыць таксама факт распаўсюджання на Полаччыне культу Барыса і Глеба. Шырока вядомыя факты скарыстання імёнаў гэтых святых князёў у імёнаслове Полацкай дынастыі. Двое сыноў славутага Усяслава Чарадзея таксама насілі іх імёны. Пацверджанні папулярнасці культа Барыса і Глеба знаходзім і ў металапластыцы, і ў фрэскавых роспісах храмаў Полацкай зямлі. Вельмі красамоўны ў гэтым сэнсе фрэскавы роспіс Пятніцкай царквы ў Бельчыцах, дзе выявы Барыса і Глеба размешчаныя на найбольш відных і шанаваных у храме месцах – перадалтарнай сцяне[21].

Нам здаецца абсалютна слушнай тэза пра існаванне ў 11-13 стст. “параметраў калектыўнай ідэнтычнасці Русі”, якія былі характэрныя для ўсіх усходнеславянскіх земляў у той час[22]. Іншая справа, што ў старажытнарускіх летапісах мы не знаходзім ніякіх сведчанняў, якія б дазвалялі казаць пра тое, што ўсё насельніцтва Кіеўскай Русі ў 10 - 12 стст. мела супольную этнічную свядомасць. Размова ў даным выпадку ідзе найперш пра сацыякультурныя узоры дзяржаватворчай традыцыі і канфесійнай самаідэнтыфікацыі. Для ўкладальнікаў Кіева-Пячорскага пацерыка таксама быў бяспрэчным той факт, што Полаччына з’яўляецца часткай Русі як канфесійнай агульнасці[23]. Тое, што прынамсі ў асяроддзі кіеўскага духавенства, прадстаўнікоў полацкага княскага дому лічылі “рускімі” (усходнеславянскімі) князямі, як і іншых Рурыкавічаў, сведчыць і створанае ў 12 ст. “Житіе и хожденіе Даніила Руския земли Игумена”. Добра вядома, што Данііл паходзіў з Чарнігаўшчыны, яго мова насычаная паўднёварускімі дыялектызмамі, потым ён стаў інакам Кіева-Пячорскага манастыра і адтуль увайшоў на ігуменства[24]. Паказальна, што калі Данііл ставіць “кандило” ў Ерусаліме за “рускіх” князёў, то называе сярод іх не толькі Святаполка Ізяславіча Кіеўскага, Уладзіміра Манамаха Пераяслаўскага, яго сына Мсціслава і Алега Святаславіча Чарнігаўскага, але і сыноў Усяслава Чарадзея: Глеба, Давыда і Барыса[25]. Гэты помнік быў добра вядомы і на Полаччыне. Да нашых дзён захаваліся беларускія спісы гэтай крыніцы, што зараз захоўваюцца ў Варшаўскай нацыянальнай бібліятэцы, ў рукапісе, які паходзіць з Полацкай Сафійскай бібліятэкі[26].

Немагчыма таксама адмаўляць той факт, што полацкія князі, як і Полацкае княства, займаюць у гісторыі Кіеўскай Русі вельмі адметнае, спецыфічнае месца. Iстотна адзначыць тую акалiчнасць, што Полацкая зямля ва ўсходнеславянскiх летапісах 11-12 стст. амаль нiдзе (за выключэннем паведамлення Наўгародскага I-га летапісу за 1169 г.[27]) ў складзе "Рускай зямлi" у шырокiм сэнсе не згадваецца. Апошняе тлумачыцца якраз вышэйзгаданымi генеалагiчнымi прычынамi. Паданне, як ужо неаднаразова звярталі на гэта ўвагу даследчыкі, слушна перадае сутнасць таго, што адбылося – “выдел” Ізяслава пры жыцці бацькі і зацвярджэнне за яго родам вотчынных правоў на Полацкую зямлю. Менавіта таму толькі полацкіх Рагвалодавічаў называлі ў летапісах крывіцкімі князямі, бо яны былі пазбаўленыя права браць удзел у калектыўным кіраванні Кіеўскай Руссю, якая з’яўлялася вотчынай Яраславічаў. Нашчадкі Яраслава Мудрага лічылі полацкіх князёў чужым элементам, заўсёды падкрэслівалі “іншароднасць” полацкай галіны ў сэнсе іх вылучанасці з агульнародавага ўладання[28]. Вельмі паказальна ў сувязі з гэтым і адмова наўгародцаў плаціць даніну Усяславу Чарадзею падчас яго знаходжання на вялікакняскім кіеўскім стале: “Всеслав, седе во Киеве, посла к новгородцам по дань. Новгородцы же реша: “Княже, мы есмя племени Ярославлю крест целовахом на его дети и внучати, а ты еси не от племяни Ярославля; и ко Полоцку дани отцы и деды наши не давали и тебе дати не хотим, а бери со своея волости”[29].

Пасля марных спробаў Усяслава Чарадзея аспрэчыць гэткае становішча справаў і рэалізаваць прэтэнзіі на вярхоўную ўладу ў Кіеўскай Русі, ўсталявалася своеасаблівае “статус кво”. Кіеўскія князі, прызнаючы правы полацкага княскага роду на Полацк і не прэтэндуючы на полацкі княскі стол, разам з гэтым не лічылі, што полацкая дынастыя абсалютна незалежная ад Кіева. Наадварот, прызнанне вярхоўнай ўлады вялікага кіеўскага князя, яго “старэйшынства” і выкананне звязаных з гэтым абавязкаў (супольныя паходы на полаўцаў) разглядалася як неабходная ўмова для захавання полацкімі князямі сваіх воласцяў. Натуральна, што ў вылучаных з агульнародавага ўладання Ізяславічаў-Рагвалодавічаў гэта не выклікала аніякага захаплення, але кіеўскія князі сілай зброі прымушалі полацкіх валадароў быць у іх “волі”. Калі Брачыслаў са сваім дзядзькам Яраславам быў “за едін”, што як слушна лічыць Ю.Заяц, сведчыла пра яго самастойнасць і роўны статус з Яраславам[30], то ўжо пра нашчадкаў Усяслава Чарадзея так казаць не выпадае. Іх палітычная залежнасць ад Кіева відавочная. Дазволім сабе прывесці колькі прыкладаў, якія красамоўна пацвярджаюць гэткія рэаліі 12 ст. Паказальна, што атрымаўшы галоўны, полацкі стол, сын Усяслава Чарадзея Давыд ужо праз два гады пасля смерці бацькі бярэ удзел у выправе на полаўцаў у 1103 г. супольна з іншымі князямі Кіеўскай Русі, а ў 1104 , з імі ж - супраць свайго роднага брата Глеба Менскага[31]. Спробы паказаць Давыда “ізгоем” немагчыма абгрунтаваць пры дапамозе захаваных крыніцаў, як і сцвердзіць, што пасля смерці бацькі на галоўным полацкім стале “сеў” Барыс[32]. Мы салідарызуемся з найбольш аргументаваным на сённяшні дзень меркаваннем Вячаслава Насевіча пра тое, што пасля смерці Ўсяслава Барыс атрымаў ва ўладанне Друцк[33]. Спробы Глеба Менскага захапіць воласці, якія належылі да вотчыны Яраславічаў, як вядома, скончыліся вельмі сумна. Прычым з кантэксту летапіснага паведамлення пра паход Манамаха супраць Глеба у 1116 г. выразна вынікае факт яго “старэйшынства” над менскім князем: “...Глеб же, вышед из города с детми и с дружиною, поклонися Володимеру, и молвиша речи о мире, и обещася Глеб во всем послушати Владимира. Володимер же омирев Глеба и наказав его о всем, вдасть ему Менеск, а сам възратися Киеву”[34]. Паказальна, што ніводны з Усяславічаў за брата не заступаецца. Гэта, як лічыць Эдуард Загарульскі, сведчыць пра тое, што самыя полацкія князі лічылі паход кіеўскага князя на свайго брата слушным і справядлівым, бо апошні выказаў прэтэнзію на вотчыну Яраславічаў і парушыў нормы княскага землеўладання [35].

Пасля смерці Манамаха нежаданне полацкіх князёў прызнаць над сабой вярхоўны сюзэрэнітэт яго пераемніка Мсціслава выклікала карны кааліцыйны паход у 1128 г. У яго выніку быў узноўлены звыклы парадак рэчаў: “...пополчане сътснувшеси выгнаша Давыда и с сынъми и поемши Рогволода идоша к Мстиславу просвяще к себе княземъ и створи волю ихъ Мстиславъ и поимше Рогволода ведоша и Полотьску”[36]. Полацкія князі склалі хроснае цалаванне кіеўскаму ўладару, у якім абавязваліся браць удзел у вайсковых паходах Кіева супраць стэпавікоў. Адмова выконваць свае васальныя абавязкі (удзельнічаць у выправе супраць полаўцаў) прывяла ў 1130 г. да высылкі прадстаўнікоў полацкай дынастыі ў Візантыю[37].

З цягам часу ў Полацкай зямлі паступова стабілізавалася пастаянная арыентацыя яе князёў той ці іншай лініі на адпаведную лінію паўднёварускіх князёў. Друцкія Барысавічы абапіраліся на Манамаха і манамахавічаў, Глебавічы - спачатку на Ізяславічаў, а з сярэдзіны 12 ст. - на Ольгавічаў[38]. Шукаючы дапамогі ў князёў няполацкіх дынастыяў палачане вымушаныя былі і самыя падтрымліваць апошніх у міжусобнай барацьбе і нават прызнаваць іх вярхоўны сюзэрэнітэт. Праілюструем гэтую тэзу некалькімі красамоўнымі прыкладамі. У 1151 г. полацкае веча, выдаліўшы Рагвалода і запрасіўшы на полацкі стол Расціслава Глебавіча, звяртаецца да наўгарод-северскага князя Святаслава Ольгавіча за дапамогай і дэкляруе яму васальную вернасць: ... “слашася Полотьчане к Святославу Олговичу с любовью, яко имети отцом собе и ходить в послушании его, и на том целовати крест”[39]. Выразна сведчаць крыніцы і пра васальную залежнасць полацкіх князёў ад Андрэя Багалюбскага, ў паходах якога яны бралі ўдзел. Асабліва красамоўнае сведчанне аб гэтым знаходзім у летапісным паведамленні 1174 г. пра выправу на Кіеў, калі Багалюбскі “...полотьским князьям пойти повеле всем”[40].