Смекни!
smekni.com

Замкавае дойлідства Беларусі (стр. 1 из 6)

Марыя Ладуцька

2003

Уводзіны

Творы мастацтва і, ў прыватнасці, архітэктуры, уяўляюць вялізарную каштоўнасць не толькі таму, што фіксуюць гісторыю народа, але і таму, што ўвасабляюць у сябе яго творчы патэнцыял, асаблівасці светаўспрымання, талент і вытанчанае пачуццё прыгожага. Замкавае дойлідства - адна з найбольш цікавых старонак гісторыі беларускай культуры, каштоўны дыямент нашай нацыянальнай спадчыны. Яго развіццё адбывалася даволі працяглы перыяд - усяго некалькі стагоддзяў. Таму сучаснікі маюць выдатную магчымасць на прыкладзе гісторыі замкавага будаўніцтва прасачыць тыя змены, якія адбываліся ў эканамічным, палітычным, культурным і паўседзённым жыцці нашых продкаў.

Замкам звычайна называюць ваенна-фартыфікацыйны комплекс, які складалаўся з некалькіх замкнёных абарончых збудаванняў. Замак – гэта таксама ўмацаванае жыллё феадала, назва некаторых палацаў ці вялікіх панскіх дамоў /15, р. 4/. У краінах Еўропы іх будаўніцтва звычайна звязваюць з эпохай сярэднявечнага феадалізму, калі замкі служылі надзейным умацаваннем ад частай пагрозы з боку шматлікіх ворагаў. У гады цяжкіх выпрабаванняў, калі пад пагрозай было само існаванне народа, замкі станавіліся для людзей домам, школай мужнасці і адзінства.

Існавалі замкі і на беларускіх землях. Даследчыкі адносяць пачатак іх будаўніцтва да XII ст./12, с. 402/, калі на Беларусі імкліва развіваліся феадальныя адносіны і раслі гарады. У той жа час, беларускія княствы часта станавіліся арэнай для міжусобных войнаў і знешніх нападаў. Але перыяд найбольш актыўнага развіцця замкавага дойлідства прыпадае на XIV - XVIII стст. Яго можна назваць класічным. Менавіта таму дадзены перыяд і выбраны для майго навуковага даследавання.

Трэба адразу ж падкрэсліць, што тэма замкавага дойлідства адносна добра вывучана беларускімі гісторыкамі. Наогул, даследаванне архітэктурнай спадчыны ў еўрапейскіх краінах пачалося ў XVIII ст. Але канчаткова новае станаўленне да нацыянальнай архітэктуры сфарміравалася ў першай палове XIX ст. пад уплывам эстэтыкі рамантызму, што выявілася найперш у літаратуры. Пад уплывам рамантызму пачалі паступова вывучаць помнікі дойлідства і ў Расійскай імперыі, у склад якой увайшла у канцы XVIII - пачатку XIX ст. Беларусь. Першымі звярнулі ўвагу на старажытныя замкі і бажніцы гісторыкі, мастакі, краязнаўцы і археолагі.

Наш зямляк Тэадор Нарбут, аўтар шматтомнай гісторыі беларускага і літоўскага народаў, даследаваў Лідскі замак, асабліва замкавыя вежы, рэшткі якіх тады яшчэ захоўваліся на значную вышыню. Другі гісторык Міхал Балінскі апісаў Крэўскі і Гальшанскі замкі, вывучаў помнікі Смаргоні, Лоска, Ляхавіч, Слуцка, Быхава, Пінска і іншых гарадоў. Помнікі старажытнай архітэктуры Беларусі – замкі, цэрквы, касцёлы і інш. – вывучаў вядомы беларускі археолаг ХІХ ст. Канстанцін Тышкевіч, які стварыў у сябе на радзіме, у Лагойску, музей старажытнасцей. У прадэсе абследавання помнікаў была вывучана гісторыя развіцця тэхнікі каменнай муроўкі, эвалюцы будаўнічых матэрыялаў (цэглы, дахоўкі, плітак падлогі) і архітэктурна-дэкаратыўнай керамікі (фасадныя пліткі і кафля) /10, с. /. Апісаннем беларускай нацыянальнай спадчыны займаўся вучоны, пісьменнік і краязнавец А. Г. Кіркор.

Ужо ў пасляваенны перыяд свае працы праблеме замкавага дойлідства прысвяцілі М. Ткачоў, В. Чантурыя, Ю. Якімовіч, А. Лакотка і г. д. Вялікую работу за апошнія 30 гадоў правялі мастацтвазнаўцы і гісторыкі беларускай архітэктуры. Некалькі прац па гісторыі старажытнага дэкаратыўнаўжытковага мастацтва і архітэктуры надрукаваў Міхаіл Кацар. Пад кіраўніцтвам Уладзіміра Чантурыі праведзены абмеры пошукаў беларускага дойлідства і абследаваны гістарычныя цэнтры ў цэлым шэрагу гарадоў рэспублікі. ён аўтар некалькіх падручнікаў і манаграфій па гісторыі беларускай архітэктуры.

Тамара Чарняўская прысвяціла манаграфіі помнікам старажытнай і сучаснай архітэктуры Магілёва, Віцебска і Мінска (апошняя ў сааўтарстве з Аленай Пятросавай) /9, с. /. Драўлянае дойлідства беларускага Палесся добра пададзена ў кнізе Юрыя Якімовіча. Цікавую працу пра архітэктуру палацаў і старадаўніх сядзіб XVIII — пачатку XIX ст. напісау Анатоль Кулагін /8/. Сумесна з Валянцінай Караткевіч ён выдаў кнігу аб помніках Слоніма. Пяру даследчыка належыць таксана капітальная манаграфія, прысвечаная беларускаму ракако. Разнастайнае ўбранне інтэр'ераў можна ўбачыць у каляровых альбомах, складзеных Надзеяй Фёдараўнай Высоцкай /2/.

Вялікім укладам у справу вывучэння і аховы нашай архітэктурнай спадчыны з'яўляюцца сямітомны "Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі" і пяцітомная "Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі". Выйшлі ў свет першыя тры тамы шматтомнага выдання "Гісторыя беларускага мастацтва".

Даследчыкамі быў выказаны шэраг навуковых думак, якія сталі асновапалягаючымі. У прыватнасці, даследчыкі паказалі, што развіццё замкавага дойлідства XIV - XV стст. на беларускіх землях мела складаны характар. Яно спалучала як мясцовыя ўласна беларускія традыцыі, так і элементы заходяга дойлідства. У гэтай сувязі асабліва цікавым уяўляецца разгляд развіцця замкабудавання на Беларусі ў агульнаеўрапейскім кантэксце.

Мэта маёй працы - даць комплексны аналіз замкавага дойлідства Беларусі XIV - XVIII стст. у кантэксце агульнаеўрапейскай палітычнай, эканамічнай і культурнай гісторыі. У гэтай сувязі я паставіла перад сабою дзве асноўныя задачы:

Вызначыць асноўныя этапы і паказаць асаблівасці замкавага дойлідства на беларускіх землях XIV - XVIII стст.

Ахарактарызаваць замкавыя комплексы Беларусі ў XIV - XVIII стст. як абарончыя, эканамічныя і культурныя цэнтры.

У дадзенай працы мне б хацелася не проста абагульніць вопыт папярэдніх даследчыкаў, а знайсці новыя фактары развіцця замкабудавання, якія маглі б істотна паўплываць на сучаснае бачанне праблем развіцця культуры і фартыфікацыйнай справы на Беларусі.

Глава І. Развіццё замкабудавання на беларускіх землях у XIV - XVIII стст.

Замкамі называюць ваенна-фартыфікацыйныя комплексы, якія складаюцца з некалькіх замкнёных абарончых збудаванняў. У краінах Еўропы іх будаўніцтва звычайна звязваюць з эпохай сярэднявечнага феадалізму, калі замкі служылі надзейным умацаваннем ад частай пагрозы з боку шматлікіх ворагаў.

На самой справе, будаўніцтва буйных драўляных і мураваных умацаванняў вялося на працягу некалькіх тысячагоддзяў. Ужо гарады старажытнага Ўсходу былі абнесены моцнымі сценамі. Вядомы былі крэпасныя фартыфікацыі і ў антычным свеце. Але пасля нашэсця варвараў традыцыі антычных архітэктараў у краінах Заходняй Еўропы былі забытыя. Мураваныя будынкі канешне ж узводзіліся, аднак яны не адрозніваліся вытанчанасцю форм, часта нават не былі разлічаны на даўгачасовае існаванне. Таму рэшткаў мураванай архітэктуры VI - IX стст. захавалася зусім мала.

На землях усходніх славян да прыняцця хрысціянства традыцыі будавання з камення і кірпіча практычна не існавала. Галоўным будаўнічым матэрыялам тут служыла дрэва. Яно было вельмі танным (у той час лясы пакрывалі большую частку беларускіх земляў), лёгка апрацоўвалася, але будынкі з дрэва хутчэй разбураліся, чым мураваныя. У канцы Х ст. з Візантыі на ўсходнеславянскія землі прыходзіць праваслаўе. У ХІ - ХІІ стст. будуюцца першыя мураваныя цэрквы. Менавіта будаўніцтва храмавых комплексаў дае вопыт мураванага дойлідства мясцовым майстрам. У Полацку і Гродна ўзнікаюць першыя архітэктурныя школы.

Заходнееўрапейскія майстры таксама зведалі ўплыў візантыйскага мастацтва. Да 1000 г. чуткі пра хуткі канец свету стрымлівалі развіццё манументальнай творчасці. Але пасля таго, як чалавецтва мінула гэты "ракавы рубеж" заходнееўрапейскія краіны ахапіла эпідэмія будаўніцтва. Аўтар гістарычнай хронікі тых гадоў Рауль Глабер пісаў: "Прыблізна праз тры гады пасля 1000 году былі адбудаваны нанава базілікі амаль ва ўсім свеце… Можна сказаць, што ўвесь свет адзінадушна скінуў старое рубішча, каб адзецца ў беласнежную вопратку цэркваў" /Цыт. па 1, с. 59 - 60/.

У ХІ ст. у архітэктуры Заходняй Еўропы ў выніку сумяшчэння мясцовых і візантыйскіх традыцый фарміруецца раманскі стыль. Ён характарызаваўся масіўнасцю збудаванняў, неразрыўнасцю пласкасцей сцен, вузкімі аконнымі аркавымі праёмамі, галоўнай роляй фасаду, а таксама інтэр'ераў і матыва аркад. Галоўным будаўнічым матэрыялам становіцца камень. Але прыкладаў цывільных забудоў раманскага стылю засталося няшмат, і большасць з іх - замкі. Так, замак Лашэ (канец Х ст.) у Францыі ўяўляў сабою прамавугольную чатырохпавярховую вежу-данжон, функцыіямі якой былі абарона і месца для жылля буйнога феадала. Пазней прамавугольныя вежы былі заменены круглымі. Напрыклад, пабудаваны ў ХІІ ст. Рычардам Львінае Сэрца ў Нармандыі замак Гайар меў круглы данжон, абнесены сценамі /1, с. 62 - 63/.

Абарончыя вежы тыпа данжонаў будаваліся і на беларускіх землях. Прыкладна паміж 1276 і 1288 гг. вядомы "градаруб" Алекса па загаду князя Ўладзіміра Васількавіча ўзвёў на рацэ Лясной мураваны Камянецкі слуп ці Белую Вежу. Крыніцы сведчаць пра тое, што вежы, падобныя на Камянецкі слуп, былі пабудаваныя ў Брэсце, Гродна, Полацку, Тураве і Навагрудку /13, с. 6 -10/. ХІІ - першая палова ХІІІ стст. вядомыя ў беларускай гісторыі як перыяд феадальнай раздробленасці. У гэты час адбываюцца ўнутраныя феадальныя сутычкі, паходы на беларускія землі літоўцаў, нямецкіх крыжакоў і татар. Таму не дзіва, што князі імкнуліся пабудаваць моцныя фартыфікацыі. Гэта стала магчымым дзякуючы развіццю мясцовага ваеннага будаўніцтва, а таксама ўплыву заходнееўрапейскіх традыцый.

Вопыт, набыты майстрамі ХІІІ ст. не прайшоў дарма. Ужо ў XIV ст. адбываецца сапраўдны ўсплеск замкабудавання на беларускіх землях. Аднаўляюцца абарончыя збудаванні беларускіх гарадоў. Будуюцца новыя замкі ў Лідзе і Крэва. Будаўніцтва апошніх было цесна звязана з будаўніцтвам мураваных замкаў у Вільні і Троках. Вось як апісваў Віленскія замкі А. Г. Кіркор: "На гары красаваўся велічны, значна ўмацаваны замак з трымя вежамі, акружаны валам. Каля падэшвы гэтай гары цягнуўся ніжні замак, названы Крывым Градам" /6, с. 141/.