Адначасова з мурамі раслі драўляныя рыштаванні вакол іх. Яны значна адрозніваліся ад сучасных, бо не прывязваліся да муроў, а мацаваліся так, што канцы брусоў насцілаў закладваліся непасрэдна ў муроўку. Пасля заканчэння будаўніцтва іх адразалі альбо вымалі. Зрэдку адтуліны ад іх закладвалі, але ў большасці выпадкаў яны заставаліся і імі можна было карыстацца, каб выставіць рыштаванні для рамонту будынка. На Беларусь такія рыштаванні існавалі да XVII ст.
Будаўніцтва вялося толькі ў цёплы перыяд года. Невялікую бажніцу маглі ўзвесці за адзін сезон, а замак сярэдніх памераў - за два-тры гады. На зіму незакончаныя сцены пакрывалі тоўстым слоем вапнавай рошчыны і пакідалі да вясны. Падавалі рошчыну, ваду і цэглу на рыштаванні па лесвіцах і на спецыяльных блоках з дапамогай вяровак. Падобныя сістэмы блокаў добра відаць на гравюры Францішка Скарыны з выдання 1518 г., дзе ён адлюстраваў тагачаснае буданіцтва. Побач рамеснікі абчэсвалі кавалкі колатага камення, выраблялі з іх блокі для пабудовы сцен.
Акрамя прафесійных майстроў, праца якіх, відавочна, неблага аплочвалася, на будаўніцтва замкаў прыцягваліся сотні, калі не тысячы чарнарабочых. А. Г. Кіркор прыгадваў, што на Беларусі існавала пракляцце: "Штоб табе ходиць у Вильно горы капаци" /6, с. 140/. Жыхары Гродна выконвалі спецыяльную "гарадавую" павіннасць: на працягу шэсцідзесяці дзён яны працавалі на аднаўленні ўмацаванняў - "украінных замкаў", у тым ліку Віленскіх. Для ваенна-фартыфікацыйных работ у самім Гродна прыцягваліся жыхары Ваўкавыску /13, с. 31/. Работы па аднаўленню праводзіліся штогод. Інакш, замкавыя ўмацаванні маглі прыйсці ў нягоднасць. Гэта асабліва тычылася драўляных пабудоў. Дрэва хутка старэе, гніе, асабліва ў месцах, дзе блізка знаходзяцца рэзервуары з вадой. Будаваць замкі далёка ад вады таксама не мела сэнсу - пад час аблогі абаронцы маглі загінуць ад смагі.
Відавочна, што дзяржаве прыходзілася несці вялікія выдаткі на будаўніцтва і ўтрыманне замкаў нават у мірныя часы. У ваенны час фартыфікацыі маглі знішчацца ўшчэнт. Рэчыцкі стараста М. Буйвід заклаў у 1593 г. тры свае сёлы з фальваркамі за 1000 коп гроўшаў, каб адрамантаваць замак. Таму ўладам прыходзілася шукаць дадатковыя сродкі. Так, на патрэбы Аршанскага замку ішла частка прыбыткаў мясцовых васкабойні і гасціннага двара. На патрэбы Рэчыцкага замку ішлі ўсе прыбыткі ад мясцовых мытніцы, мядовай, піўной і віннай корчмаў. Акрамя таго, жыхары Рэчыцы давалі дзяржаўцу кожнага дзесятага асятра (ці любую іншую рыбу). Нават зняволеныя, што знаходзіліся ў вежы, плацілі па чатыры грошы /13, с. 71 - 74/.
Цяжка сказаць, ці выконвалі простыя жыхары свае абавязкі з вялікай ахвотай. Мне падаецца, што абарончыя магчымасці замкаў перавялічваюцца сучаснікамі. Напрыклад, замкі-кастэлі хутчэй за ўсё утрымоўвалі пад час аблогі толькі гарнізон. Мірныя жыхары хаваліся ў навакольных лясах. Каб стымуляваць працу мірнага насельніцтва, улады ўключалі спецыяльныя артыкулы ў прывілеі на Магдэбургскае права. Усё тыя ж жыхары Рэчыцы павінны былі ахоўваць замак, забяспечваць яго дровамі, рамантаваць і ўзводзіць новыя пабудовы. Грамата 1498 г., дадзеная мяшчанам Полацка, вымагала несці ваенную павіннасць на карысць горада і клапаціцца аб умацаваннях /13, с. 112 - 113/.
Я лічу, што вялікія прывілеі, якія надаваліся гарадам і мястэчкам з Магдэбургскім правам, былі ў першую чаргу разлічаны на вызваленне дзяржаўнай скарбніцы ад затрат на аднаўленне фартыфікацый. Такім чынам, факт шырокага распаўсюджвання Магдэбургскага права ў канцы XIV - XVIII стст. часткова тлумачыцца фінансавымі праблемамі дзяржавы, а не проста клопатам аб развіцці рамяства і гандлю. Будаўніцтва замкаў ускосна ўплывала на палітыку вялікага князя, буйных феадалаў і дзяржавы ў цэлым. Прыняцце Магдэбургскага права дазваляла мяшчанам надалей паспяхова развіваць эканоміку сваіх гарадоў.
Арганізацыя работ па аднаўленню замкаў вялася магістратамі па-рознаму. Напрыклад, у Магілёве праца па рамонту гарадскога валу здзяйснялася наступным чынам. Магістрат мабілізоўваў "слуг мескіх", сотнікаў, дзесятнікаў і "паспалітых". Яны распараджаліся грашыма, якія горад ахвяраваў на рэстаўрацыю. У іх кампетэнцыі знаходзіліся пытанні закупу будаўнічых матэрыялаў, падрыхтоўкі інструментаў, арганізацыі рабочай сілы і спецыялістаў у ваенна-інжынернай справе. Асноўны цяжар працы палягаў на сотні. Ім выдавалася "картка", у якой загадзя апісваліся тэрміны, характар і аб'ём работ. Гэта дапамагала пазбегнуць прастояў, рэгламентавала і дысцыплінавала ўвесь працэс будаўніцтва. Магістрат таксама наймаў за плату дадатковых рабочых, якія выконвалі самую розную працу - наразалі і клалі дзёрн, заточвалі калы і г. д. Кіравалі імі дзесятнікі. Рытм працы стымулявалі музыкі. На кожным надзеле меўся свой "добыш" (барабаншчык), які "бубніў", ствараючы лёгкую для працы атмасферу/13, с. 75 -76/.
Але не паўсюдна справа была так добра арганізавана. У Мазыры пасля атрымання Магдэбургскага права ў 1577 г. жыхары сутыкнуліся са злоўжываннем замкавай адміністрацыі. Горад знаходзіўся недалёка ад Украіны, дзе дзейнічалі казакі. Мясцовыя сяляне заўсёды мелі магчымасць пакінуць свае воласці пайсці на поўдзень, каб пазбавіцца феадальнага ўціску. Пры такіх умовах асноўны цяжар па аднаўленню замка ляжаў на мяшчанах. У 1601 г. драўляны замак выгараў ушчэнт. У 1609, 1611 і 1613 гг. праблему ўзнаўлення Мазырскіх фартыфікацый разглядаў сейм. Але мяшчане неахвотна ахвяравалі свае сілы і сродкі. Таму для тых, хто імкнуўся пазбегнуць працы і выдаткаў, накладваўся спецыяльны штраф у сорак грыўняў (пазней ён быў падвоены). У выніку, 3 кастрычніка 1615 г. мяшчане на чале двух бурмістраў паўсталі. Яны напалі з харугвамі, мушкетамі і іншай зброяй на замак і пачалі аблогу. У горад пад пагрозай смерці забараняўся ўезд шляхты. Барацьба працягвалася да 1622 г., пакуль у справу не ўмяшаліся цэнтральныя ўлады /13, с. 104 - 105/.
Пераход гарадскіх умацаванняў пад апеку магістратаў у значнай ступені адбіўся і на архітэктуры гарадскіх замкаў. Павялічыліся памеры фартыфікацый, бо мяўчане клапаціліся і пра сваё месца. У Гродна для гарадскога апалчэння быў узведзены асобны замак. З'явіліся спецыяльныя выемкі, у якіх гараджане маглі хавацца пад час аблогі.
Прыватнаўласніцкія замкі таксама патрабавалі вялікіх выдаткаў. Юрый Іллініч пры ўзвядзенні Мірскага замку быў вымушаны спачатку пабудаваць цагельні ў вёсках Пропашы і Бірбашы. Вапну вазілі са Свержаня. У адно месца звозілі сотні кіламетраў палявога камення, які патрэбна было загадзя нарыхтаваць, потым абчасаць і адсарціраваць па памерах /13, с. 135/.
Абарона замкавых комплексаў вялася рознымі метадамі. Як правіла, пад час аблогі ворагі імкнуліся скарыстацца рознымі прыстасаваннямі. Асабліва жахлівая сітуацыя магла ўзнікнуць у драўляных пабудовах, якія праціўнік імкнуўся падпаліць. Абаронцы ў сваю чаргу, каб спыніць ворага, карысталіся гарачай смалою, драўлянымі бярвеннямі, якія скідвалі з пагоркаў, каменнямі. Нарэшце, з XV ст. абодвы бакі пачалі шырока выкарыстоўваць гарматы. У кожным замку было па некалькі гармат. У XVI ст. Аршанскі замак меў асабісты цэйхгаўз, дзе захоўваліся трыццаць тры гакаўніцы, дваццаць аркебузаў, тры невялікія гарматы, жалезны кій для стрэльбаў, ядры, кулі, свінец, порах, фіцілі, салітра і сера /13, с. 83/. Згодна рэвізіі 1552 г. у Полацку мелася дзесяць лёгкіх бронзавых гармат на колах, адна вялікая бронзавая гармата, две жалезныя, семдзесят дзевяць гакаўніц і г. д. /13, с. 116/
Як ужо казалася вышэй, у першай главе маёй навуковай работы, замкі выконвалі не толькі абарончыя, але таксама адміністрацыйныя функцыі. Да гэтага трэба дадаць, што ў замках месціліся турма, розныя сховішчы, магла захоўвацца скарбніца, былі жылыя пакоі і г. д. Прыкладам можа служыць Крэўскі замак, ператвораны вялікім князем Ягайлам ў канцы XIV ст. у адзін з галоўных цэнтраў дзяржавы. У замкавай турме ўтрымоўваліся яго дзядзька Кейстут і стрыечны брат Вітаўт. Калі Кейстут быў задушаны, то Вітаўту з дапамогай хітрасці ўдалося ўцякчы ў Ордэн. У 1385 г. тут была заключана Крэўская унія.
У XVII - XVIII стст. прыватнаўласніцкія замкі ператварыліся ў буйныя культурныя цэнтры. Асаблівую славу ў XVIII ст. набыў Нясвіжскі замак, радавое гняздо Радзівілаў. Вось, што пісаў пра яго А. Г. Кіркор: "Яго пастаянна паляпшалі, выдатна ўтрымоўвалі, ён быў моцнай цвярдыняй, неаднаразова граміўшай нападаючых ворагаў… Пад час вайны 1654 г. рускія войскі ўзялі горад і большую яго частку спалілі. Шмат пацярпеў і замак. У 1706 г. новае бедства насцігла горад: напалі шведы і разрабавалі. Але багацці і значнасць Радзівілаў дазвалялі вельмі хутка ўзнаўляць папярэднюю раскошу… Нясметныя багацці Радзівілаў і добрая іх воля заўсёды прадстаўлялі магчымасць хутка залечваць нанесеныя раны. Негледзячы на бедствы і разарэнні, горад заўсёды выпраўляўся, гандль яго заўсёды быў значным, і княская рэзідэнцыя ўяўляла раскошу і багацце, якімі не заўсёды могуць валодаць і царскія асобы. Яшчэ Мікалай Сірата пачаў збіраць у Нясвіжскім замку карцінную галерэю. Яна пастаянна ўзрастала, і ў 1779 годзе, негледзячы на ваеннае рабаўніцтва, па апісанням налічвала 984 карціны…
Князь Міхаіл Радзівіл з 1726 году не толькі ўзнавіў і адбудаваў пасля шведскіх рабаўніцтваў замак, храмы, умацаванні, але яшчэ павялічыў арсенал, пабудаваў ліцейны завод, палепшыў карцінную галерэю і бібліятэку…" /5, с. 369 -370/. Пры Нясвіжскім замку існаваў тэатр. У 1784 г. Нясвіж наведаў кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, які быў вельмі ўзрушаны мясцовай прыгажосцю і раскошай /11, c. 170 - 171/.
У другой палове XVIII ст. на змену барока прыходзіць класіцызм. Замкі канчаткова выходзяць з моды. Замест іх будуюцца магнацкія палацы. Войны і ліхалецці таксама зрабілі свой адбітак. У ХІХ ст., калі А. Г. Кіркор рабіў свае апісанні, большасць замкаў (Мірскі, Крэўскі, Гальшанскі) ужо ляжала ў руінах. Нават Нясвіжскі палаца перажываў не лепшыя часы.
Заключэнне