Прыкладам развіцця драўлянага дойлідства могуць служыць Мінскі і Гомельскі замкі. Мінскі замак быў узведзены на правым беразе ракі Свіслач у месцы ўпадзення ў яе ракі Нямігі. Ён займаў плошчу старажытнага дзядзінца і Верхняга горада. Замак меў авальную форму, быў абнесены моцным земляным валам, арміраваннага ўнутры сасновымі бярвеннямі. Срубныя канструкцыі дасягалі 5 - 6 метраў. М. Ткачоў лічыць, што абарончыя збудаванні Верхняга горада былі ўзведзены не раней за XIV ст /13, с. 47/. Драўляныя пабудовы не раз гарэлі, але абавязкова ўзнаўляліся.
Гомельскі замак знаходзіўся на правым беразе ракі Сож пры ўпадзенні ў яго ручая Гомій. Ад Гомельскага месца яго адмяжоўваў шырокім абарончым ровам. Меўся моцны вал, на вяршыне якога стаялі драўляныя вежы і сцены - гародні. Пра тое, што Гомельскі замак уяўляў сабою сур'ёзную перашкоду для праціўніка сведчаць словы караля і вялікага князя Жыгімонта Старога: "Замок мощный и обороною способенный Гомей взять или хоть огнем его спалить" /13, с. 59/. Драўляныя замкі існавалі таксама ў іншых гарадах - Барысаве, Рэчыцы, Мсціслаўе, Крычаве, Гальшанах і г. д. У Оршы, Навагрудку, Полацку, Віцебску і Магілёве мураваныя і драўляныя ўмацаванні суіснавалі разам. Магілёўскія фартыфікацыі пастаянна перарабліваліся. Камень і кірпіч замянялі дрэва. Такім чынам, адбывалася мадэрнізацыя замка.
З другой паловы XV ст. у замкабудаванні Беларусі адбываюцца некаторыя змены. Іх прычыны палягалі ў змене сацыяльна-эканамічнай і палітычнай сітуацыі. Калі раней галоўным ініцыятарам і арганізатарам узвядзення ваенных фартыфікацый выступала дзяржава, то зараз будаўніцтвам замкаў заняліся буйныя феадалы-магнаты. Пастаянныя войны і немагчымасць эфектыўнага кіраўніцтва Вялікім княствам Літоўскім (з 1386 г. большасць вялікіх князёў займалі яшчэ і пасаду польскіх каралей, жылі яны пры гэтым у асноўным у Польшчы) вымушала гаспадароў даваць землі і прывілеі шляхецкаму саслоўю. Пры гэтым найбольш заможныя феадалы карысталіся дадзенай сітуацыяй у мэтах далейшага абагачэння, захопу дзяржаўных земляў і кіравання. Магнацкія роды Радзівілаў, Сапег, Алелькавічаў, Сангушкаў і інш. імкнуліся прылюдна прадэманстраваць сваю магутнасць і сваё багацце. Такую магчымасць давала будаўніцтва радавых замкаў.
Адным з першых прыкладаў прыватнаўласніцкіх замкаў на Беларусі быў Мірскі замак. У 1506 - 1510 гг. яго будаўніцтва вёў князь Юрый Іллініч. У 1568 г. замак перайшоў у маёмасць Радзівілаў, якім належыў да самага канца XVIII ст.
Мірскі замак і гарадскі пасёлак Мір уяўляюць сабой архітэктурны комплекс, які ў асноўных рысах сфарміраваўся на працягу XVI - XVII стст. Гэты комплекс - спалучэнне феадальнай сядзібы з прыватнаўласніцкім паселішчам - дастаткова тыповы і адначасова ўнікальны. Унікальны, бо ў нас больш няма падобных па захаванасці і мастацкіх вартасцях замкаў. Мірскі замак— адзін з нямногіх добра даследаваных беларускіх замкаў, ды і сам пасёлак таксама адносна няблага вывучаны археолагамі /4/.
Варта адзначыць, што амаль усе даследчыкі разглядалі часткі комплексу - замак (больш) або мястэчка (менш). У аснову дадзеных разважанняў я паклала комплексны падыход, калі замак і горад разглядаюцца як дзве часткі аднаго цэлага.
3амак знаходзіцца ў 500 м на паўднёвы ўсход ад паселка. 3 усходняга, паўночнага і заходняга бакоў захаваліся рэшткі земляных умацаванняў XVI - XVII стст. У цяперашні час у замку поўным ходам ідуць рэстаўрацыйныя работы. У адной з вежаў з восені 1992 г. пачала працаваць філія Дзяржаўнага мастацкага музея Беларусі. Буйныя археалагічныя раскопкі ў замку выкліканы пачаткам яго аднаўлення. Вялікія па аб'ёме рэстаўрацыйныя працы пагражалі цэласнасці культурных напластаванняў у двары замка і вакол яго сценаў. Неабходна было сабраць інфармацыю для распрацоўкі праекта рэстаўрацыі помніка. Гэтыя дзве прычыны вымусілі правесці максімальна магчымае навуковае даследаванне культурнага слою.
Археалагічныя раскопкі на тэрыторыі пасёлка звязаны як з рэстаў-рацыяй Мікалаеўскага касцёла, так'і з вырашэннем чыста навуковых задач па вывучэнні сярэднявечнага горада. У выніку мы маем адзіны на Беларусі прыклад параўнальна добрага археалагічнага даследавання адразу дзвюх частак комплсксу (паселішча - замак). Каштоўнасць для археалагічнай навукі гэтых даследаванняў яшчэ і ў тым, што сам пасёілак і замак - "чыстыя" познесярэднявечныя помнікі, на іх няма культурных наслаенняў, ранейшых за канец XIV - пачатак XV ст. Гэта дазваляе даследчыкам дакладнеіі датаваць знаходкі і не блытаць іх з больш раннімі, як бывае на шматслойных помніках. Матэрыялы раскопак Міра і замка павінны стаць важкім укладам у стварэнне храналагічнай шкалы беларускіх старажытнасцяў. На працягу пяці стагоддзяў існавацня замка і шасціста гадоў інтэнсіўнага жыцця пасёлка сфарміраваўся значны культурны слой. За час шматгадовых археалагічных даследаванняў удалося атрымаць даволі дакладнае ўяўленне аб культурных напластаваннях пасёлка і замка: плошчы, глыбіні залягання, характары, наяўнасці археалагічнага матэрыялу, датаванні асобных праслоек.
На сённяшні дзень ступень даследаванасці такая, што можна рабіць высновы аб асаблівасцях фарміравання культурных наслаенняў у асобных частках пасёлка і замкавай тэрыторыі. Культурны пласт як комплексная з'ява жыцця паселішча характарызуецца адначасова тыповасцю фарміравання і спецыфікай, уласцівай для розных часоў і розных відаў помнікаў.
Так, напрыклад, маюцца даволі істотныя асаблівасці ў фарміраванні культурнага слою ў Мірскім замку і самім пасёлку, хоць працэс і тут і там адбываўся практычна адначасова. Асаблівасці абумоўлены ў першую чаргу розным сацыяльным і маёмасным становішчам гаспадароў замка і жыхароў горада, а таксама рознымі памерамі помнікаў, умовамі жыцця і заняткамі насельнікаў і г. д.
Культурныя пласты замка і горада адрозніваюцца ў першую чаргу афарбоўкай. Асноўным кампанентам культурнага слою з'яўляецца светла-шэрая зямля, аднак у замку яна насычаная фрагментамі цэглы, дахоўкі, праслойкі гліны, пяску, вапны—слядамі неаднаразовых рамонтаў і перабудоў. У пасёлку слой значна больш аднастайны па колеры, за выключэннем самых верхніх пластоў. Горад у сярэднявеччы быў амаль цалкам драўляным, мураваная забудова цэнтра паўстала ў канцы XIX — пачатку XX ст. Яна моцна парадзела ў часы апошняй вайны і ў верхніх пластах культурнага слою адклаліся праслойкі будаўнічага развалу.
Па-рознаму адбываўся і працэс фарміравання культурнага слою. У горадзе ён найбольш інтэнсіўна адкладаўся на падворках гараджан, у замку, які фактычна быў адной вялікай сядзібай, найбольш магутныя напластаванні склаліся звонку пад самымі сценамі палаца, каля брамнай вежы і ў паўднёва-заходнім вугле двара, дзе ў XVII ст. дзейнічала кухня.
Фарміраванне культурнага слою Мірскага замка мела сваю спецыфіку, выкліканую характарам збудавання як умацаванай рэзідэнцыі феадала. Гэтая спецыфіка выявілася ў нераўнамернасці адкладання слою і ў характары матэрыялаў, якія змяшчае культурны слой. Культурны слой Мірскага замка мае галоўным чынам светла-шэры колер. Ён насычаны як асобнымі фрагментамі, так і праслойкамі будаўнічых матэрыялаў: цэглы, дахоўкі, вапны, гліны, пяску. Слой сухі, дрэнна захоўвае арганічныя матэрыялы і жалеза.
Раскопкамі ўстаноўлена, што да пабудовы замка на яго месцы існавала паселішча другой паловы XV ст., магчыма, феадальны двор. Дзесьці ў самым канцы XV — пачатку XVI ст. пачалося будаўніцтва мураванага замка. Спачатку навезлі пяску з глінай, затым разраўнялі і падрыхтавалі пляцоўку, на якой і пачалі ўзводзіць замкавыя муры.
Стварэнне такіх падсыпак — з'ява характэрная для беларускага замкавага будаўніцтва. Насыпны пласт пяску і гліны мае розную таўшчыню (ад 0,2 да 1 метра) у залежнасці ад перападу рэльефу і таксама добра прасочваецца. Выяўлена таксама і праслойка гэтага пачатковага будаўніцтва, якая залягае непасрэдна на гліняна-пясчанай падсыпцы ў выглядзе тонкіх лінзаў вапны і фрагментаў цэглы, дахоўк, каменняў, гліны.
У далейшым культурны слой фарміраваўся ва ўмовах, тыповых для падобных помнікаў: даробкі, разбурэнні, пераробкі, рамонты. Таму і культурны слой замка ў адрозненне ад адначасовага яму гарадскога насычаны рознымі будаўнічымі матэрыяламі - праслойкамі гліны, вапны, пяску. У гэтым слоі ўдалося вычленіць і праслойку разбурэння гатычнай галерэі і збудавання палаца ў канцы XVI - пачатку XVII ст., а таксама праслойку рамонту палаца пасля ваенных дзеянняў другой паловы XVII ст.
Асноўным датуючым матэрыялам сталі шматлікія фрагменты цэглы меншага фармату, чым у XVI ст., тонкай пляскатай і хвалістай дахоўкі канца XVII - пачатку XVIII ст., кафля, бытавы посуд, люлькі, шкляныя і металічныя вырабы. На некалькіх паліхромных кафлінах-каронках стаіць дата 1583 г.
Варта адзначыць адну цікавую асаблівасць фарміравання наслаенняў пад паўночнай сцяной. Раскопкі паказалі вельмі нераўнамернае размеркаванне кавалкаў кафлі на плошчы. У некаторых месцах трапляліся ледзь не суцэльныя “залежы” пячной кафлі канца XVI і XVII ст. Было заўважана, што гэтыя залежы знаходзяцца якраз пад вокнамі палаца. Гэта азначае, што ў ходзе рамонтаў палаца старую пабітую кафлю збіралі і выкідалі за муры праз бліжэйшае акно.
Такім чынам, у даследчыкаў з'явілася магчымасць не толькі даволі дакладнай рэканструкцыі знешняга выгляду кафляных печаў, але і вызначэння прыблізнага месца размяшчэння печаў у палацы. Названыя рэканструкцыі знайшлі практычнае выкарыстанне ў часе стварэння праекта аднаўлення замка. Тут жа каля паўночнай сцяны пад адтулінай смеццеправода знойдзена яма - сметніца XVII ст.