Смекни!
smekni.com

Карэньшчына: тры стагоддзі з жыцця аднаго маёнтка (стр. 4 из 5)

Можна канстатаваць павелічэнне чыншу параўнальна з 1747 г. у 2,7 раза, мядовага ў 4 разы і з'яўленне новых грашовых выплат — падымнага і грашовага. Дзякло зноў выступала ў выглядзе натуральнай павіннасці — па паўбочкі жыта і аўса, па 4 курыцы і 30 яек, па 2 капы грыбоў з кожнай паўвалокі. Замест зніклых ладройшчыны і работніны зноў з'явіліся адпрацовачныя павіннасці: паншчына ў памеры 3 мужчынскіх і 2 жаночых дзён у тыдзень з валокі (г. зн. 2,5 дня з паўвалочнага надзелу), плюс адна паездка ў год на сваёй падводзе ці транспартаванне па вадзе 1 плыта да Вільні (на адлегласць каля 210 км). Апрача таго належала выходзіць на рамонт мастоў, гацяў і карчмы, а ў выпадку заснавання ў вёсцы новага двара кожная гаспадарка абавязана была вывезці з лесу па 10 бярвенняў.

Інвентарнае апісанне Кораньскага прыхода ад 31 студзеня 1783 г.34 змяшчае вопіс маёмасці плябаніі, яе зямельных угоддзяў, а таксама спіс падданных, што жылі ва ўладаннях касцёла — Кораньскай юрысдыцы . Землі плябаніі знаходзіліся ў самім сяле Корань (каля 8 валок) і цераспалосна з уладаннямі капітула — у засценку Нарбутава (1 валока 22 моргі), у Капцах (1 валока), сярод земляў вёскі Прудкі ва ўрочышчы Дворышча (1 валока), а таксама па 1,5 валокі ў Міхалкавічах, Жырблевічах, Церахах і Грамніцы. Усяго на гэтыя землі прыходзілася каля 10 валок ворыва, каля 7 валок лесу, каля 2,5 валок сенакосаў. Прыкладна 6 валок выкарыстоўваліся на патрэбы плябаніі, а 5 былі выдзелены пад надзелы сялян. Плябаніі належалі таксама два ставы — у Капцах і Бачылаўцы (з іх другі — напалам з маёнткам Укропавічы). Спіс падданных уключаў 9 двароў і 3 сям'і кутнікаў у Корані, 4 двары ў Нарбутаве, а таксама па 1 двары ў Грамніцы, Церахах і Жырблевічах і сям'ю каваля Томаша Шчарбовіча, што жыла ў Чэрневе (відавочна, без уласнага двара і зямельнага надзелу). Усяго ў 16 дварах пералічаны 111 чалавек (57 асобаў мужчынскага полу і 54 — жаночага), з іх 13 кутнікаў. У іх карыстанні знаходзіліся 21 рабочы конь і 4 жарабят, 31 рабочы вол і 6 маладых, 27 кароў і 6 цялушак, 70 авечак, 18 козаў і 48 свіней. Непасрэдна ў плябанскай гаспадарцы было 6 дойных кароў, 1 пляменны бык (бугай), 10 авечак, 10 свіней, 7 гусей, 6 качак, 10 курэй. Апрача таго, за асабістыя грошы плябана былі куплены 7 кароў, 2 валы, 1 бугай, 19 авечак, 1 каза, 1 казёл, 7 свіней, 9 індыкоў і 4 гусі.

Павіннасці кожнай гаспадаркі зводзіліся да паншчыны ў колькасці 3 дзён на тыдзень (усяго 156 дзён на год) і выплаце падымнага — 3 злотых 10 грошаў. Памеры надзелаў не пазначаны, але, калі верыць звесткам пра тое, што ў суме яны складалі каля 5 валок, то на кожны двор прыходзілася ў сярэднім меней за 1/3 валокі (7 га). На гэтых надзелах высявалася 10 бочак жыта (азімага), каля 2 бочак ячменю, 8 бочак аўса, 4 бочкі яркі (яравога жыта), па 2 бочкі пшаніцы і гароху, па чвэрці лёну і канаплі. Норма высеву зерневых, мяркуючы па гэтых лічбах, складала блізу 1 чвэрці (100 л, ці 0,8 ц) на гектар. Ураджайнасць жыта прыкладна ў пяць разоў перавышала пасеў (г. зн. была блізу 4 ц/га), ячменю — вагалася ад сам-1 да сам-10, аўса — каля сам-3, прычым у інвентары адзначаецца, што ў даўнія гады ўраджай аўса нават не вяртаў насення.

Да гэтага інвентара дадаецца запіс пра змяненне зямельных уладанняў касцёла, здзейсненых капітулам 24 кастрычніка 1787 г.35 Плошча іх склала з таго часу 17 валок 22 моргаў, з якіх 6 валок належалі непасрэдна плябаніі, а 10 валок 22 моргі прызначаліся пад надзелы яе прыгонных.

Завяршаюць спіс інвентароў XVIII ст. два інвентары прэстымонія Прудкі, датаваныя 29 верасня 1787 і 1789 г.36 Колькасць двароў у Прудках склала ў 1787 г. 22, а праз два гады — 23. У Лішчыцах іх было адпаведна 13 і 14. У 1787 г. 1 двор пазначаны таксама ў засценку Капцы, а 2 — у засценку Гарадзец. У 1789 г. іх насельнікі дапісаны пасля спісу гаспадарак вёскі Лішчыцы, без пазначэння месца жыхарства. Памеры надзелаў пазначаны толькі ў інвентары 1787 г., прычым не ў валоках, а ў моргах (1/30 валокі). Самыя маленькія надзелы — па 10 сядзібных моргаў, ці 1/3 валокі — былі ў 3 сялян, якія плацілі за іх чынш па 13 злотых 10 грошаў. Самым буйным быў надзел у 2 валокі (Мацея Жукоўскага з Лішчыц). За яго належаў чынш у 80 злотых. Яшчэ 3 чалавекі мелі надзелы больш за 1 валоку сядзібнай зямлі, а ў 7 спалучэнне сядзібных і прыёмных моргаў у суме давала валоку і болей, што азначала плату ад 40 да 63,5 злотых. Палова ўсіх надзелаў (20) укладвалася ў памеры ад 20 да 27 моргаў (14-19 га) сядзібнай зямлі, яшчэ ў 5 сялян такія самыя лічбы давала спалучэнне сядзібных і прыёмных моргаў. Чынш з такіх надзелаў налічаўся ў межах ад 26 злотых 20 грошаў да 36 злотых. На 0,5 валокі сума чыншу складала 20 злотых, г. зн. яна не змянілася параўнальна з 1778 г. Верагодна, былі і іншыя павіннасці, аналагічныя павіннасцям сялян з іншых вёсак (падымнае, мядовае), але ў інвентары яны не згадваюцца.

Сярэдні памер гаспадаркі быў даволі стабільны. Паводле дадзеных інвентара 1740 г. ён складаў каля 6,3 чал. (дыяпазон ваганняў — ад 2 да 18). Серыя інвентароў 1783—1789 г. змяшчае дадзеныя пра гаспадаркі па 7 з 12 паселішчаў. Іх сярэдні памер складаў 6,1 чел., а з улікам кутнікаў — да 6,3 (пры размаху ваганняў ад 1 да 14). Забяспечанасць зямлёй моцна мянялася па розных прэстымоніях, і нават па адным паселішчы з цягам часу, што бачна з табліцы 1. Верагодна, значнае павелічэнне ворыўнай зямлі ў прэстымоніях Вялікі Корань і Прудкі звязана з расчысткай новых земляў з-пад лесу.

Забяспечанасць бальшыні гаспадарак свойскай жывёлай была здавальняльнай. Тыповая гаспадарка мела, як правіла, 1—2 коней, пару валоў, не менш за 2 каровы, 2—3 свіней.

У XVIII ст. у маёнтках капітула пераважала грашовая рэнта — чынш. Самая высокая норма паншчыны фіксуецца ў інвентарах Кораньскай плябаніі (2,5—3 дні з гаспадаркі) і прэстымонія Вялікі Корань за 1786 г. (3 мужчынскія і 2 жаночыя дні з валокі, ці прыкладна 2,5 з гаспадаркі). Паколькі сярэдні памер гаспадаркі быў блізкі да 6 чал., з іх прыкладна палова працаздольных, то на кожнага работніка прыходзілася менш за 1 чалавека-дзень на тыдзень. Гэтая норма была намнога ніжэйшая за сярэднюю па Беларусі. Нагадаем, што ў суседнім маёнтку Айнаравічы паншчына складала 4—5 дзён з гаспадаркі, ці 8—10 з валокі. Такое становішча было куды больш тыповым для шляхецкіх маёнткаў. Поводле падлікаў П. Лойкі, у 29 прыватнаўласніцкіх маёнтках захаду і цэнтра Беларусі ў другой палове XVIII ст. паншчына складала ў сярэднім 9,8 чалавека-дзён на тыдзень з валокі37. Характэрна, што і сярэдні памер гаспадаркі па Беларусі ў цэлым быў прыкметна вышэйшы. Ю. Можы паводле дадзеных 15 інвентароў за перыяд з 1725 да 1808 г. налічыў у 4370 дварах 34 950 душ, г. зн. блізу 8 чалавек на двор.

У сакавіку 1793 г. у працэсе другога падзелу Рэчы Паспалітай тэрыторыя цэнтральнай Беларусі адышла да Расіі. Для ўладанняў каталіцкай царквы гэта мела вельмі істотныя наступствы: усе маёнткі біскупа і капітула ў 1794 г. былі канфіскаваныя. У актавай кнізе капітула за 1797 г. падаецца пералік страчаных уладанняў, сярод якіх фігуруюць прэстымоній каноніка Ігнацыя Кліманьскага Вялікі Корань, прэстымоній Мікадыма Пузыны Корань, або Красны Бор, прэстымоній Якуба Дадэркі Прудкі38. 18 жніўня 1795 г. маніфестам імператрыцы Кацярыны II гэтыя і шэраг іншых канфіскаваных маёнткаў (у тым ліку і суседнія Айнаравічы, або Мураваны Двор) былі пажалаваны ва ўласнасць генерал-маёру Івану Мікалаевічу Няплюеву 39. Пры гэтым тры былыя капітульныя прэстымоніі былі аб'яднаныя ў адзін маёнтак, які атрымаў назву Красны Бор.

Пераход у склад Расійскай імперыі азначаў для жыхароў Карэньшчыны не толькі змену ўладальніка, але і шэраг іншых, часам вельмі балючых новаўвядзенняў. Адным з іх была рэкруцкая павіннасць, якой не ведала Рэч Паспалітая. Цяпер усё мужчынскае насельніцтва ва ўзросце ад 19 да 35 гадоў трапляла ў разрад ваеннаабавязаных, і пры абвяшчэнні чарговага набору (ён праводзіўся ў сярэднім 1 раз на год) кожны з іх рызыкаваў трапіць на 25-гадовую вайсковую службу. Адчувальна павялічыўся і ўзровень эксплуатацыі сялян. Хоць непасрэдных звестак на гэты конт няма, можна меркаваць, што ў маёнтку Красны Бор ужо ў гэты час замест чыншу ўсталявалася такая ж паншчына, як і ў суседніх Айнаравічах, чаму спрыяла часовае аб'яднанне абодвух уладанняў у адзін маёмасны комплекс генерала Няплюева. Пасля яго смерці абодва маёнткі дасталіся ў спадчыну яго дачцэ Марыі, па мужу Енгалычавай, якая 21 чэрвеня 1826 г. прадала Красны Бор гвардыі палкоўніку Казіміру Іванавічу Чудоўскаму 40.

Што тычыцца ўладанняў Кораньскага касцёла, то яны былі пакінуты ў руках плябана Рафала Гзоўскага. Згодна з інвентарным апісаннем ад 8 снежня 1796 г.41, землі гэтага маёнтка пасля паўторнай фундацыі капітула ад 1787 г. вымяраліся 17 валокамі 22 моргамі, з якіх 6 валок выкарыстоўваліся плябанскім дваром, а 10 валок 22 моргі складалі надзелы прыгонных сялян плябаніі (іх спісу ў гэтым інвентары няма).

Наступнае апісанне Кораньскага касцёла датуецца 18 жніўня 1804 г.42 На той час у Корані было 4 двары, у Нарбутаве — 3. Яшчэ 7 чалавек пазначаны ў спісе чэлядзі плябанскай і 1 — у якасці кутніка. Колькасць душ абодвух полаў складала 59 чалавек. Усе сялянскія надзелы былі аднолькавыя — па 3 моргі (крыху больш за 2 га) сядзібнай зямлі і па 3 моргі сенакосаў. Апрача таго сяляне мелі яшчэ палявыя надзелы, падзеленыя на 3 змены па 4 моргі ў кожным участку. Адна гаспадарка (Мацея Гусакоўскага) мела дадаткова ўчастак пусташы ў 6 моргаў сядзібнай і сенакоснай зямлі. У сярэднім на двор прыпадала па 12 моргаў ворыва, па 3 моргі сядзібнай і 3 — сенакоснай зямлі, г. зн. па 18 моргаў (крыху менш за 13 га) на двор. За сядзібныя надзелы належала па 2 мужчынскія і 2 жаночыя дні паншчыны і па 2 талакі ў год (на вываз гною і на жніво). Такім чынам, і ў царкоўных уладаннях норма паншчыны наблізілася да лічбы, характэрнай для шляхецкіх маёнткаў. Зямельныя ўладанні плябаніі ў суме складалі 18 валок (каля 385 га), з іх 9,5 валокі і 2,5 морга прыходзілася на дворную зямлю, 5 валок — на сялянскія надзелы, 3 валокі і 12,5 морга — на баравы лес. 4 пусташы (іх памер не пазначаны) знаходзіліся ў арэндзе ў яўрэя-карчмара і трох дробных шляхцічаў — Міхала Главацкага, Антонія Гашынскага і Станіслава Добжынскага. На 7 сялянскіх двароў прыпадала 8 коней, 3 клячы (кабылы), 3 жарабят, 17 валоў, 1 бык, 8 кароў, 1 цялушка, 12 коз, 35 авечак, 16 свіней, 41 курыца. Аднаму з сялян — Вінцэнту Шчарбовічу — як новіку нядаўна оседламу была дадзена ільгота на 2 гады, пасля заканчэння якой ён мусіў выконваць павіннасці ў агульным парадку.