Смекни!
smekni.com

Карэньшчына: тры стагоддзі з жыцця аднаго маёнтка (стр. 3 из 5)

З 1717 г. курс талера быў прыраўняны да 8 злотых (240 польскіх грошаў меднай манетай)25 . Такім чынам, 9 злотых чыншу і 0,5 злотых мядовага адпавядаюць амаль 1,19 талера, што сведчыць пра павелічэнне грашовых выплат у рэальным вылічэнні прыкладна на 40—60%. Затое дзякло цяпер бралася не натурай, а таксама грашыма, прычым у вельмі выгадных для сялян суадносінах. Яго кошт можна супаставіць з цаной прадуктаў харчавання ў сярэдзіне — другой палове XVIII ст., якая неаднаразова пазначаецца ў інвентарах розных маёнткаў. Цэны на збожжа вагаліся ў розныя гады і на розных тэрыторыях, але ў асноўным віленская бочка жыта каштавала ад 16 да 25,5 злотых, бочка аўса — ад 6 да 20 злотых, курыца — ад 6 да 12 грошаў, дзесятак яек — ад 3 да 10 грошаў26. Калі прыняць сярэднюю цану жыта за 20 злотых, а аўса — за 13 злотых, то дзякло ў памеры 2 злотых і 16 грошаў адпавядала кошту менш чым 0,1 бочкі гэтых культур. Нават калі дапусціць, што ва ўставе 1576 г. размова ішла не пра віленскія бочкі, а пра бочкі-салянкі (яны складалі 1/4 аб'ёму віленскай бочкі), рэальны кошт дзякла за гэты час вельмі панізіўся.

Паншчына ў сярэдзіне XVIII ст. ужывалася толькі ва ўладаннях плябаніі, прычым яна павялічылася з 1 да 2,5 дня на кожную гаспадарку. У іншых інвентарах паншчына не прыгадваецца зусім, а 6 дзён талакі і падводная павіннасць засталіся толькі ў Прудках, прычым налічваліся таксама не з валокі, а з гаспадаркі (фактычна гэта азначае двухразовае павелічэнне, бо звычайна валоку трымалі дзве гаспадаркі). У Вялікім Корані замест прыгоннай працы браліся ладройшчына і работніна агульным коштам у 5 злотых і 2 грошы (0,63 талера). Верагодна, гэтая сума прыкладна адпавядае кошту прыбытку, які прыносілі б маёнтку паншчына і талака. У суме павіннасці з паўвалочнага надзелу адпавядалі цяпер 2,3—2,5 талера, а без ладройшчыны і работніны — 1,7—1,9 талера. Такім чынам, можно казаць пра пэўнае (але ніяк не драматычнае) павелічэнне эксплуатацыі параўнальна з XVI ст.

Для параўнання можна прывесці дадзеныя з інвентара суседняга маёнтка Айнаравічы, які непасрэдна межаваў з Коранем з паўднёвага захаду. Можна не сумнявацца, што становішча ў ім было добра вядомае жыхарам Карэньшчыны. Пад час продажу часткі гэтага маёнтка ад Тамаша Цадроўскага Міхалу і Зофіі Свідам у кастрычніку 1752 г.27 павіннасці падданых складалі: паншчына ў 2 мужчынскія і 2 жаночыя дні з кожнай хаты, 5 гвалтаў пад час летняга жніва і яшчэ 2 — пад час ворыва, выпрадзенне 3 талек з уласнага лёну, дзякло ў памеры 2 чвэртак мінскай меры (трэба меркаваць — палову бочкі) жыта, 2 чвэртак аўса, 1 воза сена, 2 курыц, 2 дзесяткаў яек і яшчэ 1 злоты грашыма.

Самы ранні інвентар прэстымонія Малы Корань датуецца 9 сакавіка 1761 г.28 У ім пазначаны 13 двароў у вёсцы Грамніца, 8 — у Жырблевічах і 13 — у Церахах. Амаль усе гаспадаркі мелі па чвэрці валокі аседлай і па чвэрці прыёмнай зямлі (толькі ў дзвюх было ўсяго па чвэрці аседлай валокі), пры гэтым 12 гаспадарак у Грамніцы, 7 у Церахах і 2 ў Жырблевічах мелі дадатковую пустоўскую зямлю: 12 двароў — па 1/4 валокі, 5 — па 1/2, 3 — па 3/4, адна — цэлую валоку. Стаўка грашовай павіннасці подле даўных застаў была такой самай, як у папярэдніх інвентарах: 5 тынфаў з аседлай чвэрці, 2 — з прыёмнай і 1 — з пустоўскай, плюс з кожнага двара па 2 тынфы дзякла, 2 тынфы за 6 дзён рабошчызны, 2 тынфы за ладроўшчызну і 15 грошаў мядовага. Але за кошт таго, што тыповы надзел ахопліваў тут не палову, а тры чвэрці валокі (усіх трох разрадаў), сума плацяжоў з яго была на 1 тынф большай, чым у Вялікім Корані — 547 грошаў, ці 18 злотых і 7 грошаў (2,28 талера).

Далей па часе ідзе серыя з трох інвентароў прэстымонія Прудкі, датаваных 1774, 1775 і 1778 г.29 Колькасць двароў у Прудках дасягнула 22, у Лішчыцах — 13. Апрача таго з'явіліся засценкі Гарадзец і Млын, якія мелі па 1 двары. Размеркаванне зямлі за тры дзесяцігоддзі з часу папярэдняга інвентару істотна змянілася: цяпер 22 з 36 гаспадароў значыліся карыстальнікамі надзелаў у 0,5 аседлай валокі, яшчэ 5 мелі ў дадатак прыёмную (ад 1/4 да 1/2 валокі), а 7 — пустоўскую зямлю (усе па 1/4 валокі). На агульным фоне вылучаюцца, з аднаго боку, жыхары Лішчыц Саўка Шэйпа і Мацей Жукоўскі, якія валодалі адпаведна 1 і 1,5 валокі аседлай зямлі, а з другога боку — Грышка Грэцкі і Адам Жукоўскі з той самай вёскі, у якіх было толькі па пустоўскім надзеле (1/2 і 1/4 валокі адпаведна).

Забяспечанасць сялян рабочай скацінай была даволі аднастайнай. На 36 гаспадарак у 1774 г. прыпадала 56 коней і 71 вол, у тым ліку 20 гаспадарак мелі па 2 кані і 2 валы, 6 — па 1 кані і 2 валы. Толькі 2 гаспадаркі ў Прудках і 2 у Лішчыцах мелі па 4 валы і 2 кані (у 1778 г. у двух гаспадароў было ўжо па 4 валы і 3 кані, а ў трох — па 4 і 2). З другога боку, у адным двары былі толькі 1 вол і 1 конь, у другім — толькі конь, а 4 гаспадары не мелі цяглавай жывёлы (двума з іх былі вышэйзгаданыя Грышка Грэцкі і Адам Жукоўскі).

Плата за тыповы надзел у 0,5 аседлай валокі складала, паводле інвентару 1774 г., 18,5 злотых (2,31 талера). Пры гэтым ніякіх адпрацовачных павіннасцяў сяляне не выконвалі, бо ў маёнтку не было панскага ворыва. У 1775 г. павіннасці рэзка ўзраслі: з той самай паўвалокі належала 10 тынфаў (паводле тагачаснага курсу гэта складала 32 злотых, ці 4 талеры) чыншу і 6 тынфаў за мёд і воск, да таго ж сяляне мусілі адпрацоўваць яшчэ па 2 дні паншчыны ў год (магчыма, на самай справе — у тыдзень) на карысць кораньскага плябана, які ў гэты час арандаваў прэстымоній. Трэба меркаваць, што менавіта з арэндай і звязана рэзкае павелічэнне павіннасцяў. У 1778 г. чынш зноў панізіўся да 20 злотых (2,5 талера) з паўвалокі.

Для параўнання ёсць амаль адначасовы інвентар часткі сумежнага маёнтка Айнаравічы, набытага ў сакавіку 1779 г. Стэфанам і Зофіяй Свідамі ад Зофіі Цадроўскай і яе мужа Зыгмунта Шыцкага30 . Цяпер паншчына ў гэтым маёнтку складала ўжо 2 мужчынскія і 3 жаночыя дні з гаспадаркі (на 1 больш параўналь на з 1752 г.), плюс 2 мужчынскія гвалты на ворыве і 3 жаночыя — на жніве. Затое дзякло не прыгадваецца — магчыма, за кошт яго скасавання і была павялічана паншчына. Іншыя павіннасці з паўвалочнага надзелу складаліся з 2 злотых падымнага, 3 курыц, 20 яек, 3 талек прадзіва. Апрача таго штоноч належала выходзіць па чарзе на варту ў панскі двор, а „для засыпання грэбляў, ежлі б таго патрэба была, з сваіх дзён ехаць павінны" . За паўвалокі прыёмнай зямлі належала плата ў 10 злотых.

Група блізкіх па часе інвентароў належыць да прэстымонія Вялікі Корань. Адзін з іх датаваны 1 кастрычніка 1781 г.31, а другі, што захаваўся ў трох розных спісах — 1 кастрычніка 1786 г.32 Гэтыя інвентары найбольш падрабязныя. Інвентар 1781 г. фіксуе 17 двароў у Чэрневе (у іх 52 асобы мужчынскага полу і не менш за 32 — жаночага 33), 21 двор (адпаведна 57 і 51) у Міхалкавічах і яшчэ 7 (20 і 17) — у Загор'і, якое было выселкам той самай вёскі і пазней злілося з ёй. Апрача таго ў складзе прэстымонія з'явілася яшчэ адно новае паселішча — Юршы — з 4 дварамі (12 і 9). Усяго, такім чынам, у наяўнасці было 49 двароў з прыкладна 250—260 жыхарамі. На іх прыпадала 75 коней (1,5 на двор), 84 валы (1,7), 100 кароў (2), 202 авечкі (4,1), 70 козаў (1,4), 125 свіней (2,5) і 4 вуллі пчол. Звесткі пра памеры надзелаў страчаны для 5 двароў Чэрнева з прычыны пашкоджання адпаведнага аркуша інвентара. З астатніх 44 гаспадарак 28 мелі надзелы па 1/2 валокі, 2 — па 3/8 валокі, 7 — па 3/4 валокі, 2 — па 5/8 валокі. У 3 гаспадароў было толькі па 1/4 валокі, а ў 2 — увогуле не было (адзін з іх запісаны як парабок, другі — як млынар-агароднік ). З тыповага надзелу ў 0,5 валокі належалі павіннасці ў памеры 20 злотых чыншу, плюс 4 злотых і 20 грошаў падымнага .

Інвентар 1786 г. змяшчае істотныя адрозненні, асабліва ў дачыненні да свойскай жывёлы. Колькасць двароў у Чэрневе павялічылася да 20 (апрача іх пазначана 1 сям'я кутнікаў , якая не мела ўласнай хаты). У Міхалкавічах стала 23 двары (і яшчэ 5 сем'яў кутнікаў), у Загор'і — 9 двароў і ў Юршах — па-ранейшаму 4. Колькасць жыхароў абодвух полаў (без кутнікаў) склала 339 чалавек на 56 двароў (6 чал. на двор). Рэзка павялічылася параўнальна з папярэднім інвентаром колькасць скаціны: на гэты раз згадваюцца 191 конь (3,4 на гаспадарку), 233 валы (4,2), 347 кароў (6,2), 443 авечкі (7,9), 148 коз (2,6), 617 свіней (8,3) і 79 вулляў. Лічбы па асобных дварах уражваюць: напрыклад, у гаспадарцы Лявона Саўрыцкага з Чэрнева значацца 4 кані, 8 валоў, 12 кароў, 14 авечак, 7 козаў і 13 свіней, тады як у інвентары 1781 г. у яго пазначаны толькі 1 конь, 2 валы, 2 каровы, 5 авечак, 2 казы і 1 свіння. Такая вялікая розніца за 5 гадоў наўрад ці можа быць растлумачана натуральным прыростам. Магчыма, у першым выпадку быў моцны недаўлік, або падлічвалася толькі дарослая жывёла, а ў пазнейшым інвентары — таксама і маладняк.

Велічыня надзелаў крыху скарацілася: з 56 гаспадарак 39 мелі па 1/2 валокі, 3 — па 3/4, 5 — па 3/8 і 8 — па 1/4. Беззямельных гаспадарак на гэты раз няма. Усе валокі належалі да аднаго разраду — аседлых (сядзібных) . Толькі адна гаспадарка — ляснічага Станіслава Фалькоўскага — мела апрача 3/4 валокі асноўнага надзелу яшчэ 1/2 вольнай валокі. У Міхалкавічах амаль усе двары мелі таксама па 2 моргі (каля 1,4 га) сенажацяў. У іншых паселішчах іх не было амаль ніўкога, толькі ў Чэрневе 3 двары мелі да сваіх паўвалочных надзелаў па 5 дадатковых моргаў — ворыўных і сенакосных.

Спіс павіннасцяў у гэтым інвентары даволі складаны. Грашовыя павіннасці збіраліся перад днём Св. Міхаіла. Са стандартнай паўвалокі належала 24 злотых чыншу, а апрача таго — 2 злотых мядовага і 1 злоты 10 грошаў падымнага з кожнага двара. За дадатковыя моргі была адмысловая плата — па 1 злотым і 15 грошаў з ворыўнага і па 24 грошы — з сенакоснага морга. На кожны злоты налічваўся яшчэ і дадатак у памеры 1 гроша — грашовая подаць. Усяго з двара прыходзілася, у залежнасці ад памераў надзелу, розных плацяжоў на суму ад 18 да 55 злотых, часцей за ўсё — каля 35-37 злотых у год. Кутнікі плацілі 6 злотых 20 грошаў падымнага.