На жаль, наступны па часе тарыф падымнага Мінскага павета, складзены адразу пасля вайны з Расіяй у 1667 г.12, не змяшчае звестак пра маёнтак Корань, за выключэннем уладанняў плябана. У іх, адпаведна тарыфу, з 10 ранейшых дымоў пасля вайны застаўся толькі 1. Напэўна, уладанні капітула таксама былі моцна спустошаны, пра што ўскосна сведчаць дадзеныя па суседнім маёнтку Ганявічы, які таксама належаў капітулу. У ім тарыф 1653 г. фіксуе два прэстымоніі, што мелі адпаведна 48 і 38 дымоў, а тарыф 1667 г. прыгадвае толькі 11 дымоў13. Гэта пацвярджае агульную выснову пра катастрафічнае (прыкладна ўдвая) скарачэнне насельніцтва Беларусі ў выніку вайны 1654-60 г., зробленую ў свой час польскім даследчыкам Ю. Можы14.
У архіве капітула захаваліся два блізкія па часе інвентары прэстымоніі Малыя Ганявічы. Адзін з іх датаваны 1678 г. і прыгадвае трох падданых, з якіх Каптур карыстаўся адной валокай, а другая значылася ў пусташах 15. Другі інвентар не мае даты, але ў ім прыгаданы тыя самыя падданыя, прычым за Каптуром запісаны абедзве валокі. Відавочна, гэты дакумент быў складзены або крыху пазней, калі прыгаданы Каптур узяў валоку, якая раней пуставала, або крыху раней — калі меркаваць, што ён пакінуў адну з дзвюх валок, якія яму належалі. Для нас інвентар каштоўны тым, што на адвароце яго знаходзіцца першы з дайшоўшых да нас (на жаль, таксама недатаваны) інвентар прэстымонія Вялікі Корань16. Улічыўшы магчымае датаванне інвентара Малых Ганявіч, час яго стварэння можна ўмоўна вызначыць блізу 1680 г.
Адзначаны інвентар змяшчае першыя ўпамінанні імёнаў жыхароў Карэньшчыны — сялян вёсак Міхалкавічы і Чэрнева. Усяго названа 6 імёнаў: Мацей Калуш, Мікалай Калуш, Раман, Гаўрылка (з пазнакай “новік, што аддзяліўся” ), Янук Жаўняровіч і Яска Жаўняровіч. Мяркуючы па ўсім, гэтыя 6 чалавек і іх сем'і ўтваралі ўсё насельніцтва прэстымонія на той момант. Апісанне панскага двара фіксуе карціну поўнага запусцення і заняпаду: апалыя вароты, жылыя і гаспадарчыя пабудовы ахарактарызаваны як надгнілыя , з разбуранымі печамі і падпёртымі дахамі. Ад засеянага ў той год жыта, па вызначэнні складальніка інвентара, “ніякай карысці не чакаецца” (korzysci niespodziewac zadnej).
У 1690 г. быў складзены яшчэ адзін тарыф падымнага Мінскага павета. У ім, аднак, паняцце “дым” страціла свой першапачатковы сэнс. Цяпер яно азначала не рэальны сялянскі двор, а нейкую ўмоўную адзінку абкладання, што ахоплівала некалькі двароў. Пра гэта сведчыць той факт, што ў тарыфе рэгулярна сустракаюцца велічыні 1/2 і нават 1/4 дыма. Тым не менш гэтая крыніца можа даць уяўленне хоць бы пра адносную колькасць падданых. У Вялікім і Малым Корані разам было 9 дымоў, у Прудках — 2, у плябаніі Кораньскага касцёла — 1. Для параўнання, у Вялікіх і Малых Ганявічах разам значылася 5 дымоў17. З улікам дадзеных згаданых інвентароў можна меркаваць, што “дым” гэтага тарыфу адпавядае прыкладна 4 дварам (гэтым можна растлумачыць і велічыні 1/4 ці 3/4 дыма, што сустракаюцца ў тарыфе). У такім выпадку агульная колькасць падданых маёнтка Корань на 1690 г. можна ацаніць прыкладна ў 48 двароў.
Наступны тарыф падымнага за 1722 г. фіксуе не рост, а яшчэ большае скарачэнне насельніцтва. На гэты раз у абодвух Коранях і Прудках разам значыцца 9 дымоў, яшчэ 1 — у плябаніі Кораньскага касцёла18 . Усяго, такім чынам, у маёнтку было 10 дымоў, ці прыблізна 40 двароў.
Адзін з дакументаў, упісаны ў актавую кнігу віленскага капітула 13 мая 1737 г.19, прыгадвае, што паводле даўніх тарыфаў і звычаяў грашовыя выплаты з Вялікага, Малога Кораня і Прудкоў ажыццяўля юцца з разліку 10 дымоў, пры гэтым прэстымоній Вялікі Корань прыроўніваецца да 4 дымоў, Малы Корань і Прудкі — да 3 дымоў кожны. Гэта сведчыць пра далейшую трансфармацыю паняцця “дым” — яно ператварылася ў гістарычную адзінку абкладання, канчаткова страціўшы сувязь з рэальнай колькасцю сялянскіх двароў.
Уяўленне пра населенасць маёнтка і характар павіннасцяў у больш познія часы дае серыя інвентароў XVIII ст. Пачынае яе інвентарнае апісанне Кораньскага касцёла, датаванае чэрвенем 1740 г.20 У ім упершыню пайменна пералічана ўсё мужчынскае насельніцтва 8 паселішчаў, што існавалі на той момант на тэрыторыі Карэньшчыны — сяла Корань (13 двароў), вёсак Міхалкавічы (17), Жырблевічы (6), Лішчыцы (3), Прудкі (21), Церахі (10), Чэрнева (5) і Грамніца (8) — усяго 83 двары. У бальшыні гаспадарак (за выключэннем сяла Корань) пералічаны, хоць і без імёнаў, таксама жонкі і дочкі. Агульнае насельніцтва маёнтка можна вызначыць прыблізна ў 520 чалавек. Для непасрэдных падданых плябаніі, што жылі ў сяле Корань, пазначаны павіннасці: з кожнай гаспадаркі па 2 дні паншчыны ў тыдзень узімку (ад дня Св. Юрыя восеньскага да Св. Юрыя веснавога) і па 3 дні — улетку. Грашовыя плацяжы не прыгадваюцца.
Наступны па часе інвентар Кораньскага касцёла быў складзены ў маі — чэрвені 1742 г.21 Дакумент у цэлым аналагічны папярэдняму, за тым выключэннем, што не змяшчае пераліку парафіян з капітульных прэстымоніяў. Пералічаны толькі падданыя плябаніі, прычым за 2 гады іх колькасць істотна скарацілася. Увогуле ў інвентары пералічаны 10 гаспадарак, але пра жыхароў адной з іх сказана, што ўсе яны памерлі, а ў іншым двары дзеці памерлі, а гаспадар уцёк, засталася толькі яго жонка. Такім чынам, з ранейшых 13 засталіся 8 паўнацэнных гаспадарак (у іх 13 мужчын, разам з сынамі). З іх 4 сям'і жылі непасрэдна ў Корані, 3 — у неназваным засценку (з больш позніх крыніц відавочна, што гутарка ідзе пра Нарбутава), а 1 сям'я — у вёсцы Грамніца.
Гэты інвентар змяшчае першыя звесткі пра забяспечанасць жыхароў Карэншчыны свойскай жывёлай. У адной гаспадарцы яе не было ўвогуле, а ў кожнай з 7 астатніх — па запрэжцы (сасе) з пары валоў, па 1-2 кані і па 1-2 карове. Паказана таксама месцазнаходжанне чатырох зямельных участкаў, якія належалі плябаніі. Адзін з іх знаходзіўся паміж землямі вёскі Міхалкавічы, другі — ля вёскі Чэрнева, трэці — паміж надзеламі вёскі Грамніцы, а чацвёрты — паміж надзеламі вёскі Жырблевічы. Памер кожнага ўчастка пазначаны ў 3 чвэрці. Пры гэтым незразумела, меліся на ўвазе чвэрці валокі (што адпавядае памеру ўчастка прыкладна ў 5,3 га) ці плошча, на якой высяваліся 3 чвэрці (блізу 12 пудоў ці 1,97 ц) зерня, што прыблізна адпавядае 1,5-2 га.
Блізкі па часе стварэння недатаваны інвентар прэстымонія Прудкі22. Мяркуючы па складзе прыгаданых домаўладальнікаў, ён адносіцца прыкладна да 1744 г. У ім пералічаны 19 гаспадарак у вёсцы Прудкі і 4 — у Лішчыцах. Усяго на 23 гаспадаркі прэстымонія прыпадала 56 прадстаўнікоў мужчынскага полу. Усе гаспадаркі валодалі аднолькавымі надзеламі па 0,5 валокі (блізу 10,7 га), з якіх адна чвэрць валокі лічылася аседлым надзелам, а другая — прыёмным . За аседлую чвэрць належала плаціць чынш у памеры 5 тынфаў (г. зн. 190 грошаў), а за прыёмную — 2 тынфы (76 грошаў). У 12 гаспадарак не было іншых земляў, апрача гэтых дзвюх чвэрцяў валокі. Астатнія карысталіся дадаткова пустоўскай зямлёй, за якую плацілі па 1 тынфе за чвэрць валокі. 4 двары мелі па 0,25 валокі такой зямлі, 4 — па 0,5 валокі, а адзін гаспадар (Юрка Ліс з Лішчыц) меў 1,5 валокі. Апрача таго з кожнага надзела належала па 2 тынфы дзякла і паўгроша мядовага , а таксама 6 дзён адпрацовачнай і 1 дзень падводнай павіннасці ў год.
26 мая 1747 г. быў складзены інвентар прэстымонія Вялікі Корань23, які ахопліваў 19 гаспадарак у вёсцы Міхалкавічы і 6 — у Чэрневе. Колькасць сыноў і жывёлы ў ім не пазначана, маюцца толькі дадзеныя пра зямельныя надзелы і плату за іх. У гэтым прэстымоніі не было прыёмных валок. 18 гаспадарак мелі па 0,5 аседлай валокі, 5 — па 2/3 валокі, а двое (войт Сымон Калоша і Францішак Калоша з Міхалкавіч) — па цэлай валоцы. Апрача таго, адной валокай карыстаўся яўрэй — арандатар карчмы. У Чэрневе тры гаспадары мелі адпаведна 1/2, 3/4 і 1 валоку пустоўскай землі, у Міхалкавічах яе не было зусім. Плата за тыповы надзел у 0,5 валокі складалася з 9 злотых чыншу, 2 злотых і 16 грошаў ладройшчыны , 15 грошаў мядоўшчыны , 2 злотых і 16 грошаў дзякла і такой самай сумы работніны . У суме гэта давала 23 злотых і 3 грошы.
Параўнанне з папярэднім інвентаром паказвае, што сума чыншу ў абодвух прэстымоніях была прыкладна аднолькавай (тыповая гаспадарка, якая валодала паўвалокай аседлай і прыёмнай зямлі, у Прудках плаціла ў пераліку 8 злотых і 26 грошаў, г. зн. крыху меней за 9 злотых). Сума мядовага ў першым выпадку складала паўгроша, у другім — палову злотага. Гэта азначае розніцу ў 30 разоў, але, хутчэй, у інвентары Прудкоў ёсць памылка, а гутарка павінна ісці таксама пра палову злотага. Роўнай была і сума дзякла (2 злотых 16 грошаў дакладна адпавядаюць 2 тынфам). У Прудках не было работніны, затое ўжываліся адпрацовачныя павіннасці (верагодна, у Вялікім Корані іх замяняў грашовы эквівалент). Не было там таксама і ладройшчыны (калі яна проста не прапушчана ў інвентары). З улікам папраўкі на кошт мядовага грашовыя павіннасці тыповага надзелу ў Прудках (без пустоўскай зямлі) складалі, такім чынам, 357 грошаў, а ў Вялікім Корані — 513 (у тым ліку па 76 грошаў работніны і ладройшчы ны, без якіх застаецца 361 грош).
Гэтыя лічбы можна супаставіць з дадзенымі валочнай уставы 1576 г., але з улікам абясцэньвання гроша і змянення структуры ценаў. Ацаніць ступень інфляцыі дапамагае супастаўленне з курсам талера — манеты, колькасць срэбра ў якой на працягу другой паловы XVI — XVIII ст. заставалася амаль пастаяннай (у межах 20—25 г). У 1570-я г. талер прыраўноўваўся да 30 літоўскіх грошаў24, у якіх вызначаны расцэнкі валочнай уставы. Нагадаем, што ў той час з паўвалочнага надзела добрай ці сярэдняй зямлі, які складаўся з чвэрці цяглай і чвэрці асаднай валокі, належаў чынш у суме адпаведна 26,25 або 22,5 грошаў (г. зн. 0,875 — 0,75 талера), дзякло ў 0,5 бочкі жыта (у тагачасных цэнах — 7,2 гроша, ці 0,24 талера) і 0,75 — 0,5 бочкі аўса (9 — 6 грошаў, ці 0,3 — 0,2 талера), 2 курыцы і 10 яек (каля 4 грошаў, ці 0,13 талера), паншчына ў памеры 1 дня ў тыдзень, а таксама 6 дзён талакі ў год, падводная і некаторыя іншыя павіннасці. Без адпрацовачных павіннасцяў сума выплат с такога надзелу складала блізу 1,3—1,5 талера.