Галоўным выяўленчым сродкам радыёрэпартажу з’яўляецца жывое слова. Яно перадае думкі і эмоцыі аўтара. Тут дарэчы будуць асацыяцыі, кантрасты, метафары. Цяжкасць работы над рэпартажам заключаецца ў тым, што журналісту трэба пастаянна знаходзіць вобразныя словы, дакладныя эпітэты і параўнанні, падкрэсліваць характэрныя дэталі. Вялікая роля імправізацыі.
Перыфраза – найчасцей вынік індывідуальна-мастацкага бачання свету. Свабодныя словазлучэнні абазначаюць прадметы і іх прыметы, дзеянні і іх аб’екты раздзельна, а перыфразы, маючы тую самую структуру, семантычна непадзельныя і называюць з’явы жыцця ўсім слоўным комплексам. Гэта добра відаць, калі параўнаць свабодныя і генетычна звязаныя з імі перыфрастычныя словазлучэнні, адрозніць якія можна толькі ў кантэксце. Прыклады: радзіма – зямля продкаў, унук – сынаў сын.
Шмат перыфраз сталі традыцыйнымі. Беларускім шоўкам называюць лён, другім хлебам – бульбу, беларускім морам – возера Нарач, блакітным палівам – газ, царом звяроў – льва, аўтарам Макбета – Шэкспіра. Традыцыйныя перыфразы зразумелыя і без канэксту.
Перавага перыфразы над звычайным словам у тым, што яна не толькі называе пэўную з’яву, але і адразу характарызуе яе праз апісанне прымет, уласцівасцей. Таму яе можна выкарыстоўваць у мове рэпартажу, як адзін з найлепшых вобразных сродкаў.
Здольнасць перыфразы даваць ацэнку журналісты часта выкарыстоўваюць пры замене ўласных назваў. Як вядома, уласнае імя не перадае ніякіх эмоцый, экспрэсій, не характарызуе прадмет ці асобу. У працэсе маўлення ўласнае імя выконвае толькі намінатыўную функцыю. Перыфраза ж адразу і называе, і характрызуе. Напрыклад: Японія, краіна ўзыходзячага сонца, мае свае прыярытэты ў гэтай сферы эканомікі. (СТВ, “Навіны”)
Перыфрастычныя ўласныя назвы звычайна выкарыстоўваюцца ў кантэкстах, дзе ўжываецца і прозвішча, афіцыйная назва або дзе на іх паказвае змест. Некаторыя прадметы, з’явы і дзеянні лічацца непрыстойнымі, і паводле агульнай згоды іх звычайна называюць не адкрыта, а іншасказальна, часта з дапамогай перыфраз. Але часам з дапамогай эўфемізмаў. Даследчыкі не раз пакрэслівалі, што перыфраза і эўфемізм – вельмі блізкія стылістычныя сродкі мовы. Эўфеместычныя выразы мяккае месца, далікатнае становішча, ніжняя адзежына – традыцыйныя перыфразы. Напрыклад: дурань – чалавек, які не разбіраецца ў чым-небудзь, не разумее штосьці.
Важную ролю ў стварэнні моўнай тканіны рэпартажу выконваюць так званыя кампазіцыйна-сэнсавыя (або функцыянальна-сэнсавыя) тыпы маўлення – апісанне, апавяданне і разважанне.
Апісанне звычайна перадае сувязі паміж прадметамі і з’явамі рэчаіснасці. Аснову вобразнага апісання складае прадметная лексіка. Апісанне таксама часта выкарыстоўваецца як зачын рэпартажу. Апісанні мастацкай літаратуры адрозніваюцца ад публіцыстычных апісанняў тым, што апошнія маюць падкрэслены сацыяльна-ацэначны характар. У рэпартажы апісанне выконвае функцыю дакументальна дакладнай перадачы абстаноўкі такой, як убачыў яе аўтар. Напрыклад: У нацыянальным мастацкім музее працягваецца выстаўка японскай керамікі. Кожны прадмет непаўторна прыгожы і мае сваю гісторыю і харктар.У дзень закрыцця пройдзе мастэр-клас па мастацтву экібаны. ( АНТ, “Афіша”)
Апавяданне ў адрозненне ад апісання – дынамічнае, выражае сувязі паміж падзеямі, служыць для выражэння часавай, храналагічнай паслядоўнасці дзеянняў або з’яў. У апавядальных сказах уся актыўная інфармацыя сканцэнтравана ў складзе выказніка. Дзеясловы і акалічнасныя словы – галоўныя кампаненты апавядання: Выстаўка Ганны Балаш пройдзе 4 і 5 лістапада. Там будуць прадстаўлены лялькі, а таксама карціны мастачкі. Гэтая падзея з’яўляецца доказам развіцця сучаснага мастцтва у Беларусі. ( АНТ, “Афіша”)
Разважанне – важнейшы кампанент аўтарскага маўлення, якое звязвае, цэментуе рэпартаж у адно закончанае цэлае. Існуюць два асноўныя метады разгортвання матэрыялу ў разважаннях: сінтэтычны і аналітычны. Можна ісці ад агульных палажэняў да прыватных, г.зн. спачатку прывесці агульнае палажэнне, якое трэба даказаць, а потым падаць факты, доказы і ілюстрацыі (аналітыка); можна, наадварот, ад прыватных назіраняў і з’яў ісці да агульных, г.зн. спачатку паведаміць факты і назіранні, а потым зрабіць агульны вывад, змяшчаючы ў сабе галоўную думку. Але часцей за ўсё сустракаюцца разважанні змешанага тыпу, дзе аналіз перакрыжоўваецца з сінтэзам.
Вялікае значэнне мае для рэпартажнага стылю і склад маўлення, які можа разглядацца з некалькіх пазіцый. Адна з найважнейшых – прыналежнасць маўлення (аўтару, герою). Катэгорыі маўлення, якія вылучаюцца па гэтай прыкмеце, вядомыя: аўтарскае маўленне і чужое (простая, ускосная, няўласна-простая мова).
Асноўныя рысы аўтарскага маўлення рэпартажу – жвавасць, рухомасць, гнуткасць, разнастайнасць. Яно неаднароднае па мадальнай афарбоўцы, па стылістычным складзе, па спосабу выкладання матэрыялу і па спосабах перадачы чужой мовы.
Вуснасць мовы тэлебачання, яе прамы зварот да масавага слухача, які ўспрымае маўленне сінхронна з вымаўленнем, патрабуе асаблівых якасцей слова. Калі лексічная ці граматычная памылка з’явіцца на газетнай старонцы, чытач пераадолее яе з адноснай легкасцю, з меншай стратай сэнсу, чым глядач. Вуснае маўленне няспынна разварочваецца ў часавай прасторы, а яна не дае магчымасці вярнуцца да незразумелага.
У вусным маўленні лепшаму ўзаемаразуменню дапамагаюць розныя нямоўныя элементы: жэсты, міміка, разнастайныя рухі, асоба журналіста ў кадры. Здаецца, што рэпарцёр гаворыць пра падзею без папярэдняй падрыхтоўкі, а стварае ўсё “на хаду”, экспромтам. Гэтым тлумачацца шматлікія адхіленні ад літаратуных норм ужывання слоў і граматычных канструкцый. Але гэта адбываецца ў тых выпадках, калі журналіст не валодае свабодна той мовай, на якой размаўляе.
Вуснае маўленне – гэта з’ява шырэйшая за гутарковы стыль. У вуснае маўленне цалкам уваходзіць гутарковы ( гутаркова-бытавы) стыль, таму некаторыя аўтары часта атаясамліваюць катэгорыі вуснага маўлення і гутарковага стылю.
Гутарковыстыль маўлення – гэта стыль непасрэдных неафіційных зносін, які найбольш ярка ўвасабляецца ў вуснай форме дыялагічнага маўлення бытавога тыпу. Такое маўленне разгортваецца імгненна і адбываецца ва ўмовах, калі прамоўца не мае часу на папярэдняе абдумванне, да таго ж, тут і не патрэбны педантычны адбор сродкаў.
Галоўнае ж, што істотна для гутарковага стылю ў цэлым, - непасрэднасць, адсутнасць прадуманага адбору моўных сродкаў, адсутнасць скурпулёзнасці ў адшліфоўцы мовы. Аднак размоўны стыль у чыстым выглядзе можа існаваць ў рэпартажы вельмі абмежавана. Рэпарцёр і глядач, які сядзіць дома, аддзеленыяадзін ад аднаго, тут няма непасрэднага кантакта, тут мы маем справу не з прыяцельскай размовай аб жыцёвых дробязях. Гэта больш падобна да маналога. У маналагічнай форме будуецца значная частка рэпартажаў, а таксама каментарыяў. Вуснае маўленне, яго накіраванасць на рэальнага глядача, імкненне пераканаць яго вызываюць неабходнасць выкарыстання некаторых рыс дыялога.
1.5 Патрабаванні да тэксту тэлерэпартажу
У апошні час выпрацоўваюцца новыя прынцыпы і патрабаванні да метадаў, зместу, кампазіцыі, афармлення журналіцкіх матэрыялаў. Існуюць патрабаванні да тэксту тэлерпартажу. Вось некаторыя з іх:
1) Трэба пазбягаць абрэвіятур нават пры паўторным згадванні. У эфіры могуць ужывацца толькі агульнавядомыя абрэвіятуры. Напрыклад, РБ – Рэспубліка Беларусь.
2) Спасылка на крыніцу павінна папярэднічаць цытаце, слухач паінен ведаць, хто з’яўляецца аўтарам цытаты, перад тым як яе пачуе.
3) Па магчымасці трэба пазбягаць прамога цытавання. Калі толькі прамая цытата не з’яўляецца істотнай, лепш за ўсё ўжываць пераказ. Карыстацца прамымі цытатамі ў эфіры вельмі нязручна, бо складана ўказаць глядачу на пачатак і канец цытаты. Калі ж даводзіцца цытаваць, лепш пазбягаць няўклюдных фраз, а ужываць выразы “па яго словах”, “як ён сказаў”.
4) Нельга ставіць залежныя сказы перад галоўнымі. Напрыклад: “Забіўшы першы гол у вароты Іспаніі, Дэвід Бэкхам ...” Такі сказ можа вельмі заблытаць слухача. Найлепшы варыянт – просты сказ: дзейнік + выказнік + дапаўненне. Напрыклад: ” Дэвід Бэкхам забіў прешы гол у вароты Іспаніі…” Таксама можна разбіць складаны сказ на два простыя.
5) Калі ў надрукаваным артыкуле можна падаць “Уладзімір Пуцін, былы прэзідэнт”, то рэпарцёру трэба казаць “былы прэзідэнт Уладзімір Пуцін”
6) Лічбы трэба акругляць. Журналісту газеты трэба падаваць лічбы, як мага дакладней, але ў эфіры 5 120 000 рублёў ператвараюцца ў “больш чым пяць мільёнаў рублёў”.
7) Трэба карыстацца дзеясловамі ў цяперашнім часе, калі гэта да месца. Выкарыстанне цяперашняга часу (“гаворыць” замест ”сказаў”) стварае ўражанне імгненнасці дзеяння, а таксама “ эфект прысутнасці”.
8) Вельмі важка пазбягайць займеннікаў. Калі ўсё ж даводзіцца імі карыстацца, трэба не забываць растлумачыць, да каго яны маюць дачыненне. Шмат займеннікаў у матэрыяле могуць ускладніць яго яснасць.
9) Для таго, каб слухач мог адчуць усе нюансы журналісцкага твору, рэпартаж павінен быць напісаны зразумелай і яснай мовай. Але журналіст павінен добра валодаць той мовай , на якой ён размаўляе. Бо рабіць памылкі ў прамым эфіры немагчыма.
10) Лепш чаргаваць складаныя і простыя сказы
Фразы ў рэпартажы павінны быць кароткія. Варта пазбягаць нагрувашчвання думак у адной фразе. Пры вольным вусным выкладанні магчымы фразы больш распаўсюджаныя, чым пры чытанні. Патрабаванне да невялікага аб’ему фразы абгрунтавана фактарам напружвання ўвагі глядача, які не толькі зрокава ўспрымае інфармацыю, але і на слых.