Ёсць яшчэ адна класіфікацыя рэпартажа: тэматычны, пастановачны і падзейны .
Падзейны рэпартаж
Падзейны рэпартаж прысвечан якой-небудзь падзее ці здарэнню. У гэтым выпадку, з’ява заўсёды адбываецца самастойна ў канкрэтны момант незалежна ад рэпарцёра. Таму яе немагчыма змяніць. Тут рэпарцёр не кіруе падзеяй, а ідзе ўслед за ёй.
Існуе праблема інфармацыйнай падставы ці праблема выбару навін.Дэвід Рэндал дае такое азначэнне навіне: “Это свежая и необычная информация на тему, представляющую всеобщий интерес, и ранее неизвестная”. [4, с.34]
У кнізе Эверэтта Дэнніса “Размовы аб масс-медыя” првыедзен спіс падзей, найбольш цікавых глядачу:
1. Канфлікт, сутыкненне інтарэсаў людзей, краін, арганізацый,
2. Катастрофа ці аварыя,
3. Новыя факты якой-небудзь значнай падзеі,
4. Навіны палітыкі і эканомікі,
5. Навіны культуры, спорту,
6. Значныя з’явы ў жыцці знакамітых людзей,
Іншымі словамі, навіна – гэта не толькі тое, што людзам неабходна ведаць, але і тое, пра што ім будзе цікава ведаць.
Тэматычны рэпартаж - гэта такі рэпартаж, калі журналіст на працягу адпавденага часу збірае факты пра якую-небудзь з’яву, выбудоўвае прычынна-выніковы ланцужок. Менавіта з яго атрымоўваецца нейкая выснова, якая і з’яўляецца інфармацыйнай падставай для стварэння тэматычнага рэпартажу. Гэта можа быць рэпартаж аб працы гарадскога транспарта ці экалагічным стане якога-небудзь рэгіёна. Часам тэматычны рэпартаж нараджаецца дзякуючы падзейнаму. У гэтым выпадку тэматычны рэпартаж -- гэта распрацаваная тэма аператыўнага рэпартажу.
Пастановачны рэпартаж -- гэта такі рэпартаж, калі журналіст правацыруе якую-небудзь з’яву, а потым апісвае яе, гледзячы на рэакцыю людзей. Тут усё пад кантролем рэпарцёра, ён можа ўплываць на з’яву, а не ісці ўслед за ёй.
1.4 Вобразныя сродкі мовы ў рэпартажы
Рэпартаж адносіцца да інфармацыйных жанраў публіцыстычнага стылю. Своеасаблівасць публіцыстычнага стылю вызначаецца ў першую чаргу спецыфікай публіцыстычнай формы адлюстравання рэчаіснасці, якая спалучае сістэму разгорнутых доказаў, што ўздзейнічаюць на розум чытачоў і слухачоў строгай лагічнасцю думкі і на іх пачуцці – эмацыянальнага выкладу. У публіцыстычным стылі спалучаюцца дзве важныя функцыі мовы – інфармацыйная (перадача грамадскай інфармацыі) і экспрэсіўная (уздзеянне на свядомасць людзей). Гэтыя функцыі ўзаемазвязаныя, неаддзельныя адна ад другой. Таму публіцыстычным стылем карыстаюцца тады, калі неабходна перадаць пэўную інфармацыю і адначасова аказаць уздзеянне на адрасата, пераканаць яго ў чым-небудзь, выклікаць цікавасць да канкрэтных ідэй, поглядаў, заахвоціць да пэўных дзеянняў і ўчынкаў. Тэматычны дыяпазон публіцыстыкі вельмі шырокі, ён вызначаецца таксама багаццем жанравых форм адлюстравання рэчаіснасці. Вылучаюцца тры катэгорыі публіцыстычных жанраў:
1) інфармацыйныя(заметка, рэпартаж, справаздача, інтэрв’ю, хроніка, агляд);
2) аналітычныя(артыкул, карэспандэнцыя, каментарый, рэцэнзія, агляд);
3) мастацка-публіцыстычныя (нарыс, эсэ, фельетон, памфлет).
Тыповымі рысамі публіцыстычнага стылю з’яўляюцца эмацыянальнасць, ацэначнасць, вобразнасць, пабуджальнасць. Усе гэтыя рысы адпавядаюць і рэпартажу. Яркая эмацыянальна-экспрэсіўная афарбоўка публіцыстычных твораў тлумачыцца тым, што калі аўтар перадае інфармацыю, ён выражае свае адносіны да яе. Прычым пазіцыя аўтара-публіцыста ў адрозненне, напрыклад, ад пазіцыі аўтара мастацкага твора выражаецца звычайна прама і адкрыта, што часта і абумоўлівае агітацыйны, пабуджальны характар публіцыстыкі.
Асноўныя рысы публіцыстычнага стылю выяўляюцца з дапамогай розных моўных сродкаў. Тут шырока выкарыстоўваецца грамадска-палітычная лексіка і фразеалогія (грамадзянін, канстытуцыя, суверэнітэт, дэпутат, міждзяржаўнае пагадненне, канферэцыя, парламенцкія выбары і інш.); словы, якія набываюць прымету публіцыстычнасці толькі пры ўжыванні ў пераносным значэнні (школа выжывання, працоўная вахта, палітычная гульня, атмасфера даверу, сустрэча на ўзроўні паслоў і інш.); стылёва афарбаваныя словы са станоўчай і адмоўнай ацэнкай (працаўнік, перадавік, міласэрнасць, дабрабыт, расіст, экстрэміст, мешчанін і інш.).
У рэпартажы нельга прыслабляць напругу. Ёсць некалькі спосабаў, каб стварыць дынаміку ў рэпартажы. Па-першае, гэта адмысловая кампазіцыя. Па-другое, дынаміку добра перадаюць стылістычна афарбаваныя дзеясловы, эпітэты і іншыя вобразныя сродкі мовы.
Як і ў мастацкай літаратуры, у публіцыстыцы шырока выкарыстоўваюцца метафары, эпітэты, параўнанні і іншыя тропы. У рамках кожнага стылю метафры трансфармуюцца, відазмяняюцца ў адпаведнасці з унутрыстылявымі фактарамі і патрэбамі. Публіцыстычнай метафары характэрна ярка выражаная ацэначнасць, станоўчая ці адмоўная. У рэпартажы метафарызуюцца, як правіла, паняцці, важныя ў ідэалагічных, эканамічных і іншых адносінах: чорнае золата блакітныя артэрыі. У гэтых і аналагічных выпадках замена прамых найменняў экспрэсіўнымі мае пазітыўна-ацэначны характар, падкрэслівае важнасць метафарызуемых паняццяў.
Актыўна ўжываюцца такія словы інтэрнацыянальнай палітычнай лексікі, як парламент, электарат, інаугурацыя, спікер, імпічмент, легітымны, рэйтынг, кансенсус, эксклюзіўны, карупцыя, прэзентацыя. Аднак менавіта такая лексіка патрабуе дакладнасці словаўжывання, адпаведнасці слова значэнню. Некаторыя з такіх слоў з’яўляюцца варварызмамі – словамі, якія ўласцівыя толькі рэаліям той краіны, адкуль яны прыйшлі да нас. Напрыклад, слова імпічмент мог бы быць лёгка заменены ў розных выпадках выразамі накшталт: адхіленне ад улады, ініцыяваць працэс недаверу, судовы працэс над прэзідэнтам, абвінавачванне ў злачынстве і г.д.
У мове рэпартажу выкарыстоўваюцца новыя словы і словазлучэнні, якія адлюстроўваюць сацыяльныя і палітычныя працэсы ў грамадстве: фінансавае аздараўленне, альтэрнатыўныя выбары, новае палітычнае мысленне і інш.
У апошія гады значна папоўніўся слоўнік навуковай тэрміналогіі:Інтэрнэт, прынтэр, віртуальны свет, стагнацыя, холдынг, дылер, інвестыцыя, спонсар і інш. Тут таксама існуе небяспека забруджвання мовы іншамоўнымі словамі, у той час як можна лёгка знайсці адпаведнікі ў беларускай мове.
Асаблівай увагі заслугоўвае выкарыстанне ў рэпартажах так званых маўленчых стандартаў і клішэ. Яны ўзнаўляюцца ў маўленні, падобна фразеалагізмам і выкарыстоўваюцца ў многіх функцыянальных стылях, у тым ліку ў публітыстычным. У адрозненне ад штампаў яны не выклікаюць негатыўных адносін, бо дапамагаюць эканомна выражаць думку, садзейнічаюць хуткай перадачы інфармацыі. Да іх належаць, напрыклад, такія выразы, якія атрымалі ўстойлівы характар: разрадка напружанасці, усеагульная падтрымка, духоўныя патрэбы і інш.
Ад маўленчых стандартаў, якія замацаваліся ў публіцыстычным стылі, трэба адрозніваць маўленчыя штампы – шаблонныя моўныя звароты, якія надаюць маўленню канцылярскую афрбоўку: згодна з пастановай, вывесці са складу, прысвоіць званне і г.д. Звычайна гэта метафары, якіяў выніку шырокага распаўсюджання страцілі сваю эмацыянальнасць і вобразнасць. Шкоднасць штампаў у тым, што яны маскіруюць банальныя думкі. Штампы, зразумела, недарэчныя ў мове рэпартажу, увогуле ў публіцыстыцы.У публіцыстычных тэкстах даволі часта сустракаюцца назоўнікі з суфіксамі –осць(-асць), -ств-(-цтв-), -нн-, -ізм, -іст, назоўнікі ў родным склоне (пасля эканамічнага крызісу, рэформа цэн, міністр абароны, скарачэнне ўзбраенняў і інш.), дзеясловы ў цяперашнім і прошлым часе, дзеепрыметнікі залежнага стану прошлага часу: Праект праграмы, накіраванай на падтрымку беларускіх аграгарадкоў, ужо распрацаваны. ( БТ, “Навіны”)
Мова рэпартажу мае і сінтаксічныя асаблівасці. Тут часта выкарыстоўваюцца сінтаксічныя канструкцыі з ярка выражанай экспрэсіўнасцю – сказы з інверсійным парадкам слоў, сказы-звароты, рытарычныя пытанні, паўторы.
У рэпартажы выкарыстоўваюцца стылістычныя (рытарычныя) фігуры – гэта моўныя звароты, якія маюць своеасаблівую сінтаксічную будову і ўзмацняюць выразнасць выказвання. Да іх адносяцца антытэза, эліпсіс, інверсія.
Антытэза (ад грэч. Antithesis - супрацьпастаўленне) – выраз, у якім супраўцьпастаўляюцца кантрасныя, процілеглыя паняцці, прыметы. Звычайна антытэза асноўваецца на антонімах. Выкарыстанне антытэзы дае магчымасць засяродзіць увагу слухача на пэўных рысах героя, абстаноўкі, з’явы і такім чынам узмацніць уражанне ад іх: Багаты і ў будні піруе, а бедны і ў свята гаруе.( народная прыказка) [9]
Інверсія (ад лац. Inversio - перастаноўка) – змяненне ў сказе звычайнага, прамога парадку слоў з мэтай надання пэўнаму слову, члену сказа дадатковай семантычнай і эмацыянальна-экспрэсіўнай нагрузкі. З дапамогай інверсіі падкрэсліваецца важнасць той ці іншай з’явы, апісанню надаецца ўзнятасць, урачыстасць або дынамічнасць. Але непатрэбная інверсія у сказе робіць мову напышлівай, манернай, таму ўжываць яе варта толькі там, дзе адчуваецца ў гэтым сапраўдная неабходнасць. Напрыклад: З жахам гляджу на тое, што адбываецца навокал.( CТВ, “Навіны”)
Эліпсіс (ад грэч. еlleipsis – пропуск) – моўны зварот, у якім свядома апускаецца дзеяслоў-выказнік. Абяцанкі – замест зарплаты. (БТ, “Навіны”) Эліптычныя сказы адметныя тым, што з’яўляюцца сэнсава і сінтаксічна самастойнымі адзінкамі, іх змест зразумелы без кантэксту. Выкарыстанне эліпсіса надае мове дынамізм, выразнасць, дапамагае перадаць псіхалагічнае напружанне таго, хто гаворыць.