Смекни!
smekni.com

Друк Беларусі ў 1905-1917 гг. (стр. 1 из 5)

Друк Беларусі ў 1905-1917 гг.

ЗМЕСТ

1. Друк Беларусі ў перыяд рэвалюцый 1905-1906 гг.

2. Беларуская журналістыка ў 1907-1910 гг. Дзейнасць газеты “Наша ніва”

3. Друк Беларусі ў 1910-1914 гг.

4. Беларускі друк у часы першай сусветнай вайны і другой расійскай буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі

СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ

1. Друк Беларусі ў перыяд рэвалюцый 1905-1906 гг.

Рэвалюцыя 1905-07 гг. спрыяла ўзнікненню многіх перыядычных выданняў на тэрыторыі Паўн.-Заходняга краю. У пяці яго губернях да рэвалюцыі выходзіла ўсяго 25, пераважна афіцыйных, выданняў. У 1905-06 гг. налічваецца 75, але да канца года ўжо 36 выданняў спынілі сваё існаванне.

У канцы лістапада 1906 г. урад увёў у дзеянне “часовыя правілы аб друку”, якія катэгарычна забаранялі звяртацца да вострых пытанняў унутранай палітыкі і рабочага руху. Мясцовым уладам давалася права арыштоўваць асобныя нумары перыядычных выданняў і прыцягваць рэдактараў да судовай адказнасці. Становішча прывінцыйнага друку ўскладнялася яшчэ тым, што ён падвяргаўся папярэдняй цэнзуры.

У 1906-08 гг. у сістэме друку Паўн.-Заходняга краю значную ролю займаюць ліберальна-буржуазныя і ліберальна-дэмакратычныя выданні “Голос провинции”, “Окраина”, “Жизнь провинции”, “Минский курьер”, Витебская жизнь” і інш.

У сакавіку 1906 г. прысяжнаму паверанаму Я.Залкінду было дазволена выдаваць у Мінску штотыднёвую грамадска-палітычную і літаратурную газету “Голос провинции”. У рэдакцыйнай аб’яве газета заявіла, што ў ёй будуць друкавацца матэрыялы грамадска-палітычнага характару, навуковыя, эканамічныя, бібліяграфічныя артыкулы, навіны, хроніка, а таксама крытычныя і мастацкія творы. Рэдакцыя заявіла, што напрамак будзе “гуманным”, прагрэсіўным, пазбаўленым увякай нацыянальнай прадузятасці.

Выдавец і супрацоўнікі рэдакцыі былі людзьмі рознай палітычнай арыентацыі як умерана ліберальнай, так і дэмакратычнай. Выдаваў газету Глоба-Міхайленка. На яе старонках друкаваліся былыя супрацоўнікі “Северо-Западного края” – Д.Бохан, Я.Окунь, М.Караліцкі і інш.

Неўзабаве, у лютым 1907 г., за публікацыю карэспандэнцыі аб сходзе сялян Чэрніхаўскай воласці (Сноў), якія патрабавалі зямлі і волі, рэдактар быў адхілены ад працы, а яго месца заняў Д.Бохан.

Нумары газеты 289, 292, 293, 302 былі арыштаваны за друкаванне артыкулаў, якія “призывали к тому, чтобы подорвать авторитет власти и возбудить в неселении враждебное отношение с целью ниспровержения существующего в государстве общественного строя”. Апошнім для “Голоса провинции” быў №306. Замест яе пачала выходзіць “Жизнь провинции”.

Гісторыя гэтай газеты вельмі кароткая. Выйшаў у свет усяго 31 нумар. Калі “Жизнь провинции” надрукавала матэрыял супраць рэдактара чарнасоценнага “Минского слова”, рэакцыянера Шміда, урад закрыў газету.

З 30 ліпеня 1907 па 25 мая 1908 г. (248 нумароў) у Мінску выходзіла грамадска-палітычная і літаратурная газета “Окраина”. Выдаўцом і рэдактарам яе была жонка былога рэдактара закрытага “Голоса провинции” Глобы-Міхайленкі, які быў пазбаўлены судом права выдаваць газету і рабіў гэта, выкарыстоўваючы жончына імя. Зразумела, што праграма “Окраины” была той жа, што й “Голоса провинции”. У адным з артыкулаў газета пісала: “Тяжелое положение нашей прессы. Ни жить, ни дышать нельзя. Позволишь больше – оштрафуют, а то и закроют. Позволишь меньше – станут в газеты заворачивать селедку”. “Окраина” была не толькі грамадска-палітычным, але і літаратурным выданнем.

У перыяд першай буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі выходзіла таксама значная колькасць манархічных, рэакцыйных выданняў. Так, 21 лістапада 1904 г. па ініцыятыве мінскага генерал-губернатара была створана газета “Белорусский вестник”. Яе праграма нагадвала сабою формулу шырока вядомай у той час тэорыі “афіцыйнай народнасці”: “народность, государственность и самодержавие”. 16 снежня 1905 года яна закрылася.

У Мінску дапамогу рэакцыі аказвала газета “Минская речь”, якую выдаваў аддзел “Попечительства о народной трезвости”.

У праграмнай заяве паведамлялася, што гэта грамадска-літаратурная газета “неуклонно будет держаться законности на началах, возвещенных высочайшим манифестом 17 октября 1905 года и программы «Союза 17 октября”.

З лістапада 1906 года “Минскую речь” змяніла газета “Минское слово” , якую рэдагуе реакцыянер Шмід. Заклікі да ўзмацнення рэпрэсій, глум з народа, панічны страх перад рэвалюцыяй – вось што складае аблічча і палітычны змест газеты.

Асаблівую нянавісць гэтых шавіністычных газет выклікалі беларуская мова і літаратура. “Минское слово” пісала, што беларускія пісьменнікі «одержимы колонизаторскими целями», а беларусы не разумеюць мовы, на якой напісаны кнігі “разными Тетками, Неслуховскими, Франтишками Богушевичами и другими самозванными “певцами”.

Рэвалюцыйны час пашырыў распаўсюджванне перыёдыкі ў Беларусі, наблізіў яе змест да нацыянальных праблем, узмацніў дэмакратычны напрамак і ўклаў яшчэ адзін моцны пласт у беларускую культуру і пасунуў наперад стварэнне існага нацыянальнага друку.

2. Беларуская журналістыка ў 1907-1910 гг. Дзейнасць газеты “Наша ніва”

друк беларусь газета

3-га чэрвеня 1907 г. цар распусціў ІІ Дзяржаўную думу. З гэтага часу пачынаецца перыяд, які ўвайшоў у гісторыю пад назвай перыялу рэакцыі. Ён доўжыўся да лета 1910 г.

У Паўн.-Заходнім краі закрываліся прафсаюзы, спынялі існаванне сацыял-дэмакратычныя камітэты, арганізацыі Бунда; Беларуская сацыялістычная грамада фактычна распалася на два накірункі і таксама перайшла на нелегальнае становішча.

У такіх умовах кожная партыя імкнулася арганізаваць свой друкаваны орган, праз які даносіла да працоўных свае праграмныя патрабаванні.

Сістэма друку ў Беларусі ў 1907-10 гг. складвалася вельмі няпроста. Бальшавікі ў гэты час увогуле не мелі сваіх друкаваных органаў. Беларуская сацыялістычная грамада, знаходзячыся ў падполлі, легальна працягвала выдаваць газету “Наша ніва”, адзінае выданне, што ў гэты перыяд выходзіла на роднай мове. У Мінску і іншых гарадах Беларусі былі зноў створаны ці працягвалі выходзіць ліберальныя грамадска-палітычныя і літаратурныя газеты: «Окраина», «Минское эхо», «Западный Бур» (Брэст), «Полесская мысль» (пазней «Полесье»), «Полесская жизнь», «Гомельский вестник», «Гомельская мысль», «Гомельские отклики» (Гомель); «Минский курьер», «Минские новости», «Минское утро» (Минск); «Весь Северо-Западный край», «Северо-Западный голос», «Белорусская жизнь» (Вільня). Некаторыя газеты выходзілі двойчы – раніцай і вечарам. Ліберальныя газеты ствараліся і ў іншых гарадах – Магілёве, Віцебску, прычым у якасці дадатку да некаторых газет выходзілі лісткі аб’яў і паведамленняў. Усе гэтыя выданні эканамічнае і палітычнае становішча ў краі імкнуліся тлумачыць, зыходзячы з прагрэсіўных пазіцый. Так, “Гомельский вестник” пісаў пра царскі маніфест 17 кастрычніка 1905 г., палемізаваў з прадстаўнікамі новых буржуазных і манархічных партый, асвятляў мясцовае жыццё, друкаваў літаратурныя творы. Газета “Минский курьер”, разлічаная ў асноўным на інтэлігенцыю, шмат увагі ўдзяляла эканамічным і палітычным пытанням, праблемам развіцця літаратуры і мастацтва.

Самай буйной прыкметай развіцця беларускай журналістыкі ў гады рэакцыі быў працяг выдання адзінай беларускамоўнай газеты “Наша ніва”.

Доўгі час у гістарычнай навуцы трымалася адмоўная ацэнка "Нашай нівы". Толькі ў апошнія гады склаліся спрыяльныя ўмовы для аб'ектыўнай ацэнкі месца і ролі гэтай газеты ў нашай гісторыі. У савецкія часы "Нашу ніву" называлі "контррэвалюцыйным", "ліберальна-буржуазным", "нацыяналістычным" выданнем. Упершыню гэта было зроблена падчас спецыяльнай дыскусіі аб "Нашай ніве" на пасяджэнні Таварыства гісторыкаў-марксіістаў у 1931 годзе. Беларускую газету абвінавацілі ў тым, што яна стала ўпоперак буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі. Я лічу, што падставай для адмоўнай ацэнкі газеты марксістамі стала тое, што выданне даволі памяркоўна крытыкавала царызм, вызначалася неадназначнасцю пазіцый. Лягчэй складаную з'яву назваць адмоўнай, чым даследаваць яе розныя бакі. У 1986 годзе ў прагрэсіўным для таго часу артыкуле аб неабходнасці рэабілітацыі "Нашай нівы" Алег Лойка гаворыў, што "катэгарычнае патрабаванне ідэалізацыі ініцыятараў і арганізатараў "Нашай нівы" выяўляе ні больш, ні менш, як правінцыяналізм і недастаткова высокую культуру нацыянальнай самасвядомасці некаторай часткі нашай творчай інтэлігенцыі, што беспадстаўна ў кагорце нацыянальных дзеячаў нашага гістарычнага мінулага хоча бачыць адных толькі забранзавелых герояў, а не людзей з іх жывымі ідэямі і характарамі, з іх неамыльнасцю і памылкамі, з іх рамантычнымі страсцямі і бытавымі звычкамі".

Газета «Наша ніва» была фактычным органам палітычнай партыі «Беларуская Сацыялістычная грамада», якая была створана ў 1902 годзе ў беларускім асяроддзі студэнтаў у Пецярбурзе.

Думка аб стварэнні беларускай газеты ўзнікла ў членаў БСГ братоў Луцкевічаў, Аляксандра Бурбіса и Вацлава Іваноўскага ў канцы лета 1906. Тады партыя знаходзілася на нелегальным становішчы, і ёй неабходна было пачаць легальную справу. Антон Луцкевіч успамінаў: "У канцы лета 1906 году адбылася ў Вільні яшчэ адна наша партыйная канферэнцыя (у кватэры "Кудлы" - Катэцкага - на Юраўскім завулку.) Памятаю з гэтае канферэнцыі два вельмі важныя мамэнты: асуджэньне экспропрыяцыі, з'арганізаванай у Менску бяз ведама і згоды Ц.К., і - пастанова распачаць яўную легальную працу. Апошнюю справу рэфэраваў Іван і тут кінуў думку аб патрэбе друкаваньня легальнае беларускае газэты - ведама, у грамадаўскім духу. Прапазіцыя Івана была прынята аднагалосна. у выніку чаго праз пару месяцаў і нарадзілася "Наша Доля", замененая пасьля "Нашай Нівай"."

І вось вынік прапазіцыі Івана Луцкевіча. 1 верасня 1906 года нарадзілася першая беларуская газета "Наша доля". Дарэчы, раней гэтага адбыцца не магло, бо права на выданне газет і літаратуры на беларускай мове было атрымана толькі ў 1905 годзе. З пяці выдадзеных нумароў "Нашай долі" - чатыры былі канфіскаваны. За "заклік да ўзброенага паўстання для перамены дзяржаўнага ладу" Віленская судовая палата пастанавіла "выданне газеты "Наша доля" забараніць назаўсёды", а рэдактара газеты пасадзіць у крэпасць тэрмінам на год. Але ўжо праз нейкі месяц ( у іншых крыніцах - яшчэ падчас выдання “Нашай долі”) ўдалося пачаць выпуск другой беларускай газеты.