Смекни!
smekni.com

Друк Беларусі ў 1905-1917 гг. (стр. 5 из 5)

Са старонак рускамоўных газет, якія выдаваліся на тэрыторыі Беларусі, актыўна прапагандаваліся ідэі панславізму, прадказвалася блізкая перамога “славянскай зброі” і панаванне Расіі на новых тэрыторыяз Еўропы і Блізкага Усходу. У залежнасці ад палітычнай скіраванасці гэтыя выданні можна падзяліць на манархічныя і ліберальна-буржуазныя. Да ліку першых належыць газета “Северо-Западная жизнь” (1911-1915 гг.), якую выдавалі браты Л. і С.Саланевічы. Для газеты быў характэрны вялікадзяржаўны шавінізм, антыпольскія, антыяўрэйскія і антыбеларускія выступленні. Сярод газет ліберальнай арыентацыі трэба назваць “Северо-Западный голос” (1905-1915 гг.), на старонках якога знаходзілі адлюстраванне апазіцыйныя настроі буржуазіі, праграмныя патрабаванні кадэцкай партыі.

У верасні 1915 г. Вільня была захоплена войскамі кайзераўскай Германіі. Большая частка беларускай інтэлігенцыі, дзеячаў культуры ў тых складаных умовах не мелі дакладна акрэсленай праграмы дзеянняў, не ведалі, з якой уладай звязаць свае спадзяванні ўтварэння суверэннай беларускай дзяржавы.

Былыя заснавальнікі, выдаўцы і рэдактары “Нашай нівы” браты Луцкевічы вырашылі выдаваць у акупаванай Вільні беларускую грамадска-палітычную і літаратурную газету нацыянал-дэімакратычнага асветніцкага накірунку. Атрымаўшы дазвол нямецкіх улад, яны з 15 (28) лютага 1916 г. пачалі выдаваць газету “Гоман”, якая выходзіла 2 разы на тыдзень, а друкавалася лацінкай і кірыліцай. З 33 нумара рэдагаваць газету стаў В.Ластоўскі.

Сацыяльна-палітычная праграма выдання ўключала элементы вульгарнага сацыялізму: ліквідацыя эксплуатацыі працоўных, народаўладдзе, утапічную ідэю самакіравання праз усялякія таварыствы, кааператывы,. У галіне нацыянальнай палітыкі рэдакцыя прытрымлівалася канцэпцыі ідэйнага і культурнага адзінства беларускага народа, заклікала беларусаў арыентавацца на еўрапейскую парламенцкую дэмакратыю. У матэрыялах, якія змяшчаліся ў “Гомане”, праводзілася лінія на стварэнне незалежнай Беларускай рэспублікі, або федэратыўнага Беларуска-Літоўскага краю на тэрыторыі былога Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага з сеймам у Вільні.

З 1 лістапада 1916 г. (сс) у Петраградзе пачалі выходзіць дзве газеты на беларускай мове – “Дзянніца” (друкавалася кірыліцай) і “Сьветач” (лацінкай). Выданне беларускіх газет у Петраградзе было абумоўлена тым, што Вільня яшчэ ў 1915 г. была захоплена немцамі і частка дзеячаў нац.-вызваленчага руху Беларусі перабралася, галоўным чынам, у Петраград і Мінск. Каб наладзіць сувязь паміж рэв.групамі гарадоў Беларусі, была патрэбна газета.

У першы нумар “Дзянніцы” яе рэдактар Ц.Гартны вырашыў даць перадавы артыкул пра цяжкае становішча Беларусі ў сувязі з пачаткам першай сусветнай вайны, творы маст.літаратуры, хроніку найважнейшых вэвалюцыйных падзей, карэспандэнцыі. Аднак цэнзар так уважліва папрацаваў над гранкамі нумара, што ад яго амаль нічога не засталося. Перадавая была выкраслена цалкам. Ад карэспандэнцыі “Капыль” застаўся толькі загаловак і подпіс “Змітро”. Таксама была знята цэнзарам большая палова артыкула Гартнага “Аб спажытковай бядзе”, выкраслена некалькі абзацаў з артыкула “Яшчэ аб Беларускім універсітэце”... Апошні, 7-мы, нумар “Дзянніцы” выйшаў 31 снежня 1916 г.

Газета “Сьветач”, якую рэдагаваў Эдвард Будзька, прызначалася беларусам-католікам. Палітычны кірунак яе быў не такі радыкальны, як у “Дзянніцы”, тут прапагандаваліся ідэі культурна-нацыянальнага адраджэння Беларусі з рэлігійна-каталіцкім ухілам, друкаваліся матэрыялы дыдыктычнага характару. Рэдакцыя выступала за пашырэнне кааперацыі, павелічэнне колькасці культурна-асветніцкіх гурткоў, школ на роднай мове, беларускамоўных газет.

Газета вучыла чытачоў, як лепей вырошчваць сельскагаспадарчыя культуры, нагадвала пры гэтым, што беларускаму сялянству трэба рассяляцца па хутарах і тым самым падтрымлівала рэформу Сталыпіна. Рэдакцыя прытрымлівалася вядомай тэорыі “адзінай плыні”, не падзяляла бел.народнасць на класы, лічыла беларусаў адной вялікай і дружнай сям’ёй. З нацыянальна-ліберальных пазіцый вырашаліся газетай таксама і сацыяльныя пытанні.

Выданне газеты “Сьветач” было спынена 31 снежня 1916 г. з-за фінансавых цяжкасцей (як і газеты “Дзянніца”).


СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ

1. Конев А.Г. История журналистики Беларуси / Конев А.Г. – Мн: Выш. Школа, 2005г.

2. Беларуская журналістыка (1760–1917 гг.): Вучэбна-метад. дапаможнік. – Мінск, 1991. – Ч. 1.

3. Виноградов А.Н. Истоки белоруской печати и журналистики / Виноградов А.Н. – Мн, 2005г.

4. Булацкі Р.В., Сачанка І.І., Говін С.В. Гісторыя беларускай журналістыкі. – Мінск, 1979.