Вось што расказваў Янка Станкевіч на акадэміі у гонар В.Ластоўскага, зладжанай у Нью-Йорку ў 1953 годзе. "Сталым, але не аплачваным супрацоўнікам "Нашай нівы" і палітычным кіраўніком яе ад самага пачатку быў Антон Луцкевіч. Яго адылі ня часта можна было бачыць , ён рэдка бываў у рэдакцыі, да гасподы Луцкевічаў проста "так", без патрэбы не выпадала йсці. Можна сказаць, што Іван і Антон Луцкевічы мелі дачыненьне зь людзьмі як-бы вышшых сфэраў, з маючымі значаньне ў грамадзкім і палітычным жыцці, і да ўсіх іншых у іх не заставалася часу."
У апошнія гады свайго існавання "Наша ніва" мела ўжо многа платных падпісчыкаў. Матэрыяльны стан газеты паляпшаўся з году ў год. Тады пачалася і выдавецкая справа - было закладзена Беларускае выдавецкае таварыства ў Вільні. У гэты ж час была ўтворана Беларуская кнігарня ў Вільні, якую вёў як уласнік Вацлаў Ластоўскі да 1918 г.
Закрыццё газеты. Новыя выпрабаванні звязаны з пачаткам першай сусветнай вайны. Ва ўмовах ваеннага становішча і жорсткай цэнзуры “Наша ніва” хоць і заняла ў адносінах да вайны варожую пазіцыю, але вымушана была падтрымліваць ваенныя падаткі і адмовіцца ад прапаганды ідэі беларускай дзяржаўнасці. Але, тым не менш, амаль кожны нумар у выніку дзеянняў ваеннай цэнзуры выходзіў з купюрамі. За публікацыю антыўрадавых матэрыялаў асобыя нумары “Нашай нівы” канфіскоўваліся. На яе забаранялася падпісвацца настаўнікам і вучням Віленскай навучальнай акругі, паштовым, вайсковым і іншым чынам. Магчамасць здабыць грошы ў Івана Луцкевіча паменшылася. Сувязь з замежжам была прыпынена, пошукі антыкварных рэчаў спыніліся. Шмат беларусаў было мабілізавана ў армію, сярод іх і супрацоўнікі "Нашай нівы". А. Уласава забралі ў войска. Тады ён , спярша рэдактарства, а потым і правы выдаўца перадаў Янку Купалу (16 мая 1914). Шмат падпісчыкаў было адрэзана фронтам. А фронт тым часам набліжаўся да Вільні. Выданне газеты ў такіх умовах станавілася немагчымым. 7 жніўня 1915-га выйшаў апошні нумар штотыднёвіка з подпісам Янкі Купалы, якому пагражала пакаранне. У верасні германскія войскі акупавалі Вільню.
Такім чынам, на змест газеты "Наша ніва" уплывала:
1. Тое, што яна была неафіцыйным друкаваным органам БСГ. Усе праграмы, іх змена, мэты партыі адлюстроўваліся на старонках газеты. "Наша ніва" ёсць дзецішча кіраўнікоў БСГ, хоць уласцівы сабе народны склад газета займала ад лепшых літаратараў і ад чытача-карэспандэнта.
2. Існаванне цэнзуры ў царскай Расіі. Сацыяльна-палітычныя пазіцыі газеты былі даволі супярэчлівыя. Такая непаслядаўнасць, памяркоўнасць крытыкі царызму была абумоўлена імкненнем уратаваць газету ад арыштаў і закрыцця пасля сумнага вопыту з "Нашай доляй".
3. Тое, што рэдакцыя падзялялася на "верхнюю" і "ніжнюю" палаты. Гэтым тлумачыцца часам супрацьлеглыя погляды на беларускую справу ў артыкулах.
4. Матэрыяльныя цяжкасці.
5. Змена гістарычных умоў. Нельга разглядаць "Нашу ніву" як нейкае адзінае, нязменнае выданне на працягу амаль дзесяці гадоў. Мяняліся абставіны, мянялася аблічча і змест газеты. У Віленскім камітэце па справах друку у пачатку 1907 далі такое апісанне "Нашай нівы": "43. "Наша ніва". Спачатку крыху больш памяркоўная, чым "Наша доля", стала затым змяшчаць артыкулы бунтоўнага характару, за што падвяргалася некалькі разоў канфіскацыі." У 1908 г. "Наша ніва" заслужыла больш памяркоўную характарыстыку: "Адстойвае інтарэсы беларускага народа, прагрэсіўнага кірунку". У 1913 г.: "Кірунак - умерана-апазіцыйны з імкненнем да аддзялення беларускай нацыі."
3. Друк Беларусі ў 1910-1914 гг.
У другой палове 1910 г. у Беларусі прыкметна пайшлі на спад жорсткасць ваеннага тэрору і рэпрэсій, разгул ідэалагічнай рэакцыі. Гэта вызначалася не столькі ўплывам тагачаснага перыядычнага друку, які па-ранейшаму ўтрымліваўся ў межах дазволенага жорсткай цэнзурай, колькі агульным станам тагачаснага беларускага грамадства. Першая руская рэвалюцыя выклікала крушэнне старой, патрыярхальнай Расіі. Поўнасцю вярнуцца да дарэвалюцыйных парадкаў царскі ўрад ужо не мог. Яму перашкаджалі дзве магутныя сілы, якія на працягу некалькіх апошніх дзесяцігоддзяў павольна выспявалі ў нетрах грамадскага ладу. З аднаго боку, гэта быў атэістычна-рэвалюцыйны радыкалізм, які хутка выліўся ў форму сацыялізму, а з другога боку, абуджаліся і імкнуліся да актыўнасці і выступленняў у грамадска-палітычным жыцці шырокія працоўныя масы.
Прадстаўнікі царскіх уладаў дзейнічалі з прымяненнем ранейшых выпрабаваных спосабаў: арыштамі, высылкамі, поўным абмежаваннем друку і інш. У прыватнасці забараняліся рэвалюцыйныя і дэмакратычныя выданні. І з’яўляліся новыя газеты, якія цалкам знаходзіліся на ўтрыманні ўрада, або, як “палітычная рэптылія” – земскае выданне “Гомельское слово” – атрымлівалі ад яго грашовыя субсідыі.
Акцябрысцка-чарнасоценныя газеты «Минское слово», «Крестьянин», «Северо-западная жизнь» і інш. сцвярджалі, што яны служаць роднаму народу і абараняюць яго інтарэсы. У сапраўднасці ж палітычнае аблічча гэтых выданняў вызначаў ярка выражаны дзяржаўны шавінізм. Для публікацый правай прэсы характэрнымі з’яўляліся антыпольскія і антыяўрэйскія выступленні, асобныя газеты адмаўлялі існаванне беларускай нацыі, заклікалі царызм да жорсткай расправы з беларускім рэвалюцыйным рухам, выданнямі на беларускай мове.
Адной з найскладанейшых задач для дэмакратычна настроеных дзеячаў была спроба палітычна ці ў публіцыстыцы рэалізаваць свае ліберальныя памкненні, бо ў афіцыйным правым лагеры існаваў пастаянны попыт не на перакананні і прынцыпы, а на беспрынцыпнасць. Напрыклад, ні для каго з прадстаўнікоў адукаванага грамадства не было сакрэтам, што сістэма народнай адукацыі ў Расіі даўно патрабуе карэннай рэформы. Тым не менш вышэйшае чыноўніцтва царскай Расіі рабіла ўсё магчымае, каб як мага далей адцягнуць увядзенне ўсеагульнай адукацыі і правядзенне іншых пераўтварэнняў у сістэме адукацыі. “Было б глыбокай памылкай думаць, што міністэрства Шварца (народнай асветы) паўстае супраць вышэйшай або сярэдняй адукацыі, – падкрэсліваў летам 1910 г. у матэрыяле “Поход на школы” адзін з супрацоўнікаў “Полесской жизни”, – не, яго палітыка зводзіцца да знішчэння асветы ў Расіі”.
Пастаянны ўціск інтэлектуальных, ідэйных і духоўных магчымасцей дзеячаў і сіл антырадыкальнага лагера назіраліся не толькі пры вырашэнні пытанняў народнай асветы, а, бадай, ва ўсіх сферах тагачаснага грамадскага жыцця. У прыватнасці, беларускі друк адзначаў, што царскі ўрад са злачыннай раўнадушнасцю адносіўся да найцяжэйшай сітуацыі, якая склалася ў беларускім краі. Шматлікія штучныя перашкоды, створаныя эканамічна і палітычна шкоднай “рысай аседласці”, для яўрэйскага насельніцтва, прывялі да ўтварэння вялізных мас беднякоў. Па выразу газеты “Полесская жизнь”, “у гэтых адносінах беларускі селянін і беларускі яўрэй нічым не адрозніваюцца адзін ад аднаго”.
У гэты перыяд у Беларусі выдавалася 35 газет і часопісаў, апрача таго ў Вільні – 74. З іх на беларускай мове – 3, на літоўскай – 13, на яўрэйскай – 12 і на польскай – 28. У пераважнай большасці перыядычны друк губернскіх і павятовых гарадоў Беларусі выдаваўся на рускай мове. Выключэннем з’яўляўся Мінск, дзе выходзілі выданні на польскай, яўрэйскай і беларускай мовах. Значны колькасны рост перыядычнага друку сведчыў пра абуджэнне грамадскай думкі, пашырэнне грамадскага руху. Беларускія чытачы атрымлівалі ў гэты час газеты «Наш путь», «Мысль», «Полесье», «Полесская жизнь», «Северо-Западный голос», «Минский голос», «Северо-Западная жизнь», «Минские ежедневные ведомости», «Наш край», «Северо-Западная мысль», «Могилевский вестник», «Гомельская мысль», «Голос учителя» (Віцебск), «Минское эхо», «Наше утро», «Белорусская жизнь» і інш., якія адлюстроўвалі погляды самых разнастайных палітычных партый і плыняў. Усведамляючы важнае значэнне прэсы ў палітычнай і ідэалагічнай барацьбе, не шкадавалі сродкаў на друкаванае слова і польскія магнаты і клерыкалы. З 28 газет і часопісаў, якія выдаваліся ў Вільні напярэдадні першай сусветнай вайны, большасць выдавалася менавіта памешчыцка-клерыкальнымі коламі (“Przyjaciel”, “Dziennik Wilenski”, “Przeglad Wilenski”, “Jutrzenka”, “Goniec Wilenski” і г.д.).
У цэлым жа ў 1910-1914 гг. у краі даволі актыўна развіваўся і перыядычны прагрэсіўны друк. Гэтае яго развіццё праходзіла пад магутным уплывам ідэй сусветна вядомых рускіх філосафаў М.Бярдзяева, П.Фларэнскага, Г.Шпета і інш. Дзейнасць беларускага рэвалюцыйна-дэмакратычнага і ліберальнага друку насіла ярка выражаны асветніцкі, культурны і нацыянальна-вызваленчы характар.
4. Беларускі друк у часы першай сусветнай вайны і другой расійскай буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі
Першая вусветная вайна пачалася 19 ліпеня (1 жніўня) 1914 г., а з 18 ліпеня беларускія губерні былі аб’яўлены на ваенным становішчы. На іх тэрыторыі, як і на іншых заходніх ускраінах Расійскай імперыі, блізкіх да тэатра ваенных дзеянняў, быў устаноўлены жорсткі ваенна-паліцэйсуі рэжым. Вялікімі накладамі выходзілі ўрадавыя і буржуазныя газеты, што заклікалі падданых імперыі забыць клававую варажнечу і стаць на абарону “царя и отечества”.