Смекни!
smekni.com

Беларуская журналістыка ў парэформенны перыяд і ў перыяд стварэння рухаў і арганізацыі партый (стр. 3 из 3)

Цэнзурная гісторыя «Минского листка» складаная і драматычная. Дазваляючы выданне, царскія шлады бачылі яго органам русіфікатарскай палітыкі, а калі гэтага не атрымалася, мясцовая адміністрацыя і Галоўнае ўпраўленне па друку ўстанавілі за ім сістэматычны адкрыты і тайны нагляд. Мінскі генерал-губернатар М.Трубяцкой некалькі разоў патрабаваў закрыць гаету. Пагрозы і рэпрэсіі, забарона многіх тэм, матэрыялаў, прысвечаных рабочаму, сялянскаму пытанням, мясцовым парадкам, былі звыклай з’явай. Газета часта выходзіла з белымі прасветамі; замест знятых з нумара артыкулаў публікаваліся шматлікія аб’явы, нумары выходзілі паменшаным фарматам, або цалкам канфіскаваліся. Так, у 1896 годзе са 194 нумароў выйшла толькі 105.

Вялікае значэнне мела ў “Минском листке” імкненне рэдакцыі да прапаганды беларускай літаратуры і мастацтва, бо яны не толькі задавальнялі эстэтычныя патрабаванні грамадства, але ў першую чаргу былі сродкам нацыянальнага адраджэння беларускага народа. Вядучыя беларускія пісьменнікі і паэты выступалі адначасова як публіцысты, крытыкі, асветнікі. Цэнзура асобліва пільна сачыла за публікацыямі на беларускай мове, і кожны раз яны выклікалі рэпрэсіі. Так, калі ў 1887 годзе газета апублікавала сатырычна парадыйную паэму “Тарас на Парнасе”, гэта выклікала асобую ўвагу цэнзара і суровае папярэджанне рэдакцыі.

На старонках «Минского листка» чытачы знаёміліся з паэзіяй дэмакрата і асветніка Янкі Лучыны, з “Беларускімі паданнямі К.Каганца, “Беларускімі песнямі” А.Бярозы, беларускімі казкамі і паданнямі Д.Бохана. газета публікавала творы сусветнаай і рускай літаратуры – Гі дэ Мапасана, Э.Заля, Б.Пруса, М.Горкага, А.Чэхава, а таксама творы мясцовых літаратараў. Літаратурна-крытычныя выступленні газеты не толькі задавальнялі інтарэсы чытачоў, але і фарміравалі іх мастацкі густ. Важным у гэтым сэнсе быў зварот рэдакцый да жанра літаратурнага агляду, бо менавіта ён быў магчымай і зручнай формай для размовы з чытачом пра набалелыя актуальныя пытанні жыцця. У гэтым жанры выступалі Д.Бохан, С.Вінявіцкі, П.П-скі (псеўданім П.Лаўрова), Ю.Леўчанка і інш.

Раскрыццю пазіцый літаратурна-крытычнага аддзела і агульнага напрамку газеты дапамагала рубрыка “Бібліяграфічная заметка”.

Вялікае значэнне на старонках «Минского листка» мелі матэрыялы па этнаграфіі і гісторыі Беларусі. Іх публікацыя была важнай часткай ідэйнай праграмы газеты. Этнаграфічныя матэрыялы першых гадоў газеты былі канстатуючымі, статычнымі, але з цягам часу яны напаўняліся сацыяльным зместам. Выразны дэмакратычны напрамак мелі такія матэрыялы, як “Педагагічныя погляды беларускага народа”, “Нарысы становішча жанчыны ў прыгонным асяроддзі Беларускага краю” і інш.

У сваёй барацьбе за адраджэнне беларускай нацыянальнасці газета звярталася да праблемы беларускай мовы. У серыі артыкулаў “Беларускае мінулае” М.Доўнар-Запольскі адзначаў: “Асабліва важнай тут з’яўляецца мова: пакуль у народзе жыве яго мова – жыве і сам народ, са стротай яе ён пазбаўляецца сваёй самасвядомасці”. І далей піша: “Імкненне народа да кнігі на роднай мове – даўнейшае і пастаяннае, ён любіць яе, думае і размаўляе на ёй”.

У канцы 80-х гг. ХІХ ст. па ініцыятыве супрацоўнікаў газеты А.Слупскага, Н.Янчука ў якасці дадатку пачаў выходзіць “Северо-Западный календарь”, дзе многія артыкулы друкаваліся на беларускай мове.

У 80-90-я гады ўзнікаюць у правінцыйным друку такія жанры як перадавы артыкул, фельетон, літаратурны і часопісны агляд, нарыс, пісьмо. «Минский листок» шырока выкарыстоўваў усе гэтыя жанры і праз іх адлюстроўваў складаныя, у многім супярэчлівыя працэсы палітычнага, эканамічнага і культурнага жыцця Паўн.-Заходняга краю. Газета спрыяла грамадзянскаму абуджэнню чытачоў, актывізавала грамадскую думку.

Характар, змест, ідэйны напрамак, выкарыстанне розных жанраў і форм у “Минском листке” дазваляюць зрабіць выснову, што газета знаходзілася на ўзроўні лепшых выданняў правінцыйнага друку.

4. Друк Беларусі ў канцы ХІХ-пачатку ХХ стагоддзя

беларуская журналістыка друк цэнзура

90-я гады ХІХ стагоддзя – перыяд значнага прамысловага ўздыму ў Расіі. Ён выклікаў штуршок у развіцці прамысловасці Паўн.-Заходняга краю. За дзесяцігоддзе – 1890-1900 гады – колькасць фабрык і заводаў тут павялічылася ў 2,3 раза, а рабочых – у 2,6. У канцы 1900 года ў Беларусі налічвалася 865 прамысловых прадпрыемстваў, на якіх працавала 25,5 тысячы рабочых. Такім чынам, у Паўн.-Заходнім краі, як і ва ўсёй Расіі, праходзіла канцэнтрацыя вытворчасці. Адначасова павысілася і эксплуатацыя рабочых. Рабскае становішча рабочых выклікала да жыцця лісткі, якія выдаваліся сацыял-дэмакратычнымі групамі ў Беларусі. Яны друкаваліся нелегальна і шырока распаўсюджваліся сярод працоўных. Лістковая літаратура стала арганізуючай сілай у стачачнай і палітычнай барацьбе рабочых і сялян, садзейнічала павышэнню актыўнасці пралетарскага руху.

У 1896 годзе за мяжой пачаў выходзіць неперыядычны зборнік “Работник”, у якасці дапаўнення выдаваўся “Листок Работника”. На іх старонках было надрукавана нямала матэрыялаў з Беларусі.

Пачатак ХХ стагоддзя азнаменаваўся наступленнем сусветнага эканамічнага крызісу. З асаблівай сілай ён праявіўся ў Расіі. У краіне за тры гады (1900-1903) закрылася каля 33 тысяч фабрык і заводаў, велізарная колькасць рабочых было выкінута на вуліцу. Крызіс хутка перакінуўся на ўскраіны краіны, у тым ліку і на Беларусь. Пад яго ўдарамі закрываліся малыя прадпрыемствы. Так, у пяці паўночна-заходніх губернях – Віленскай, Мінскай, Віцебскай, Магілёўскай і Гродзенскай закрылася 500 прадпрыемстваў. Значна пагоршыліся ўмовы працы і жыцця рабочых. Усё гэта ўздымала рабочы рух на новы, больш высокі этап.

У рэвалюцыйную барацьбу ўступілі і сяляне. Уздым рэвалюцыйнага руху разварушыў і беларускую ліберальную буржуазію, якая ў 1902 г. стварыла Беларускую рэвалюцыйную грамаду. У адказ на ўздым рэвалюцыйных выступленняў царызм узмацніў рэпрэсіі, пачаў ствараць зубатаўскія арганізацыі. На парадак дня стала пытанне стварэння сацыял-дэмакратычнай партыі. Арганізуючым цэнтрам яе стала газета “Искра”. З першых жа нумароў яна пачала распаўсюджвацца і ў Беларусі. Вялікая роля ў стварэнні сеткі агентаў “Искра” належыць вядомым рэвалюцыянерам І.Бабушкіну, П.Лепяшынскаму, В.Радус-Зяньковічу, М.Кузняцову, Е.Беленькаму і інш.

Некаторыя ліберальна-буржуазныя выданні таксама паступова пачалі пераходзіць на прагрэсіўныя пазіцыі. Гэта можна прасачыць на прыкладзе газеты “Северо-Западный край”.

Першы нумар газеты выйшаў 1 кастрычніка 1902 г., апошні – 8 снежня 1905 г. Усяго за гэты адносна невялікі адрэзак часу выйшаў 801 нумар.

Газета мела звыш дваццаці аддзелаў. Найбольш значнымі сярод іх былі “Мясцовая хроніка”, “Апошняя пошта”, “Сярод рабочых”, “Тэлеграмы”, “Белетрыстыка”, “Фельетоны”, “Тэатр і музыка”, “Замежныя навіны”, “Палітычны агляд”.

Гісторыя газеты складаецца з двух выразна акрэсленых перыядаў. Першы (1902-04) – ідэйна і палітычна не акрэслены, калі ў ёй друкаваліся матэрыялы, прасякнутыя як ліберальным, рэфармісцкім, так і прагрэсіўным настроем.

Другі (1904-05) – рэвалюцыйны. У гэты перыяд газета не толькі паведамляла пра рэвалюцыйную барацьбу рабочага класа Расіі, друкавала папулярныя рэвалюцыйныя песні (“Смело, товарищи, в ногу”, “Марсельеза”, “Варшавянка”, “Интернационал” і інш.), але імкнулася даць фактам кароткія каментарыі, асэнсаваць іх палітычнае значэнне для агульнай барацьбы з царызмам. У дачыненні да гэтага органа друку мясцовая цэнзура асабліва лютавала: здымаліся шматлікія матэрыялы, выданне газеты перапынялася (10 чэрвеня 1905 – 28 кастрычніка 1905), пакуль 8 снежня 1905 газета г. увогуле не была закрыта, а супрацоўнікі рэдакцыі арыштаваны.


Спіс выкарыстаных крыніц

1. Конев А.Г. История журналистики Беларуси / Конев А.Г. – Мн: Выш. Школа, 2005г.

2. Виноградов А.Н. Истоки белоруской печати и журналистики / Виноградов А.Н. – Мн, 2005г.

3. Булацкі Р. В., Сачанка І. І., Говін С. В. Гісторыя беларускай журналістыкі. – Мінск, 1979.

4. Слука А. Г. Беларуская журналістыка:У 3-х ч. –Мінск, 2004. – Ч. 2.

5. Булацкі Р. В., Сачанка І. І. Хрэстаматыя па гісторыі беларускай савецкай публіцыстыкі. – Мінск, 1974.