Смекни!
smekni.com

Трансфармацыя інфармацыйнай прасторы Польшчы (стр. 2 из 5)

На пачатку 1990 г. краіна ўвайшла ў перыяд трансфармацыі, які стаў заканамерным вынікам палітычных рашэнняў «Круглага стала» паміж прадстаўнікамі «Салідарнасці» і ўрадам ПНР (гэтыя паседжанні палітолагі называлі польскай «аксамітнай рэвалюцыяй»). У галіне СМІ першым вынікам дамоўленасці паміж апазіцыяй і ўрадам стала рашэнне аб роспуску буйнейшага выдавецкага кааператыва «Праца-Кніга-Рух», які друкаваў 90 % перыядычных выданняў. Кааператыў (прынамсі, аналагічны па сваіх магутнасцях беларускаму Дому друку) валодаў 19 тыпаграфіямі і 18 прадпрыемствамі распаўсюджвання прэсы. Па сутнасці, кааператыў з'яўляўся адным з істотных каналаў палітычнай улады ў краіне. Дык не дзіва, што апазіцыя, якая рвалася да ўлады, найперш наносіла ўдар па «Праца-Кніга-Рух».

Наступны ўдар быў нанесены па цэнзуры, якая ў часы ПНР была выключна дзейсным і непасрэдным рэгулятарам прэсы. Так, згодна дэкрэта 1946 г., цэнзура мела прызначэнне не толькі перашкаджаць навінам і меркаванням, якія пагражалі б грамадзянскім інтарэсам, але і знішчаць фальшывую інфармацыю. Вызначэнне, што адпавядае грамадскім інтарэсам, а што — не, дый якая інфармацыя праўдзівая, а якая — паклёп, было прэрагатывай партыйных органаў. Дзяржаўным актам 11 красавіка 1990 г. ліквідаваліся органы цэнзуры. З мэтай дэпалітызацыі друкаваных СМІ пры Сейме была ўтворана Ліквідацыйная камісія. Польскае тэлебачанне перайшло на сістэму "РАL", якая значна пашырала магчымасці тэлевяшчання ў адрозненне ад прынятай у краінах Варшаўскай Дамовы сістэму «SЕКАМ».

У той перыяд прэзідэнт Асацыяцыі польскіх журналістаў (аналаг недзяржаўнай Беларускай асацыяцыі журналістаў) Стэфан Браткоўскі, выступаючы на пасяджэнні Сусветнага камітэта свабоды слова, звярнуўся за дапамогай да замежных інвестараў: «Мы заваявалі свабоду слова. Цяпер для Польшчы патрэбны інтэлектуальны план Маршала настолькі ж старанна распрацаваны, як і план высадкі на Месяц. Патрэбны выкладчыкі, кансультанты, падручнікі, бібліятэкі, друкарскае абсталяванне...»

Рашэнні «Круглага стала» не толькі паспрыялі скасаванню ранейшай назвы дзяржавы — Польская Народная Рэспубліка і прыняццю новай — Рэспубліка Польшча. Яны знаменавалі і фактычны сыход з палітычнай арэны кіруючай Польскай аб'яднанай рабочай партыі. Разам з ПАРП спыніў сваё існаванне і партыйны друк — каля 100 выданняў, якія складалі палавіну агульнаганацыянальнага тыражу. Захаваліся толькі тыя газеты, якія заўсёды арыентаваліся ў сваіх матэрыялах на шырокія колы насельніцтва – «Рабочая трыбуна» (Катовіцы), «Газета Кракаўская» (Кракаў) і «Газета Познаньская» (Познань). Цяпер, праўда, яны выходзяць без сімвала партыйнай прыналежнасці на першай паласе — «Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!».

Цэнтральны орган ПАРП газета «Народная трыбуна», якая лічылася найбольш інфармацыйным і аналітычным выданнем у краіне, зачынілася з-за спынення крыніц фінансавання. У яе апошнім нумары на першай паласе быў змешчаны выразны слоган "Без грошай няма прэсы". Амаль адразу з'явілася газета, якую прынята лічыць яе пераемніцай, – «Трыбуна», рэдакцыя якой таксама дакляравала сваю палітычную прыхільнасць сацыялістычным ідэалам. Аднак якасны ўзровень матэрыялаў «Трыбуны» значна саступаў яе папярэдніцы.

Пасля закрыцця Галоўнага ўпраўлення па кантролю за друкам, публікацыямі і відовішчамі, пасля ліквідацыі цэнзурнага нагляду ў краіне пачаўся сапраўдны інфармацыйны «бум». Толькі зімой 1989–1990 гг. з'явілася больш за 600 выданняў, пераважна камерцыйнага характару. Першапачаткова камерцыйная прэса прыносіла вялікія прыбыткі пры мізэрных высілках выдаўцоў на яе стварэнне. Стомлены за гады «сацыялістычнага будаўніцтва» аднастайнай прэсай, польскі чытач ахвотна набываў порнавыданні і «жоўтыя» газеты. Сярод тэхнічнай інтэлігенцыі значным попытам карыстаўся спецыялізаваны друк, найперш выданні, прысвечаныя камп'ютэрным сістэмам. Менавіта тое, што спецыялізаваны друк заняў сваю нішу і займеў трывалую аўдыторыю, дапамагло яму перажыць крызіс 1992–1993 гг., спароджаны скарачэннем паставак расійскай паперы ў выдавецтвы і адпаведна ростам яе кошту.

Наогул, як адзначаў у сваіх артыкулах вядомы журналіст-аналітык газеты «Рэха Кракава» Рафал Скапскі, пасля абвяшчэння свабоды слова падача навін у польскім друку набыла адценне празмернай камерцыйнасці, пагоні за сенсацыяй. Рэдакцыйная палітыка засяроджваецца на дасягненні любымі сродкамі дзвюх задачах – пашырэнне чытацкай аўдыторыі і павелічэнне рэкламных паступленняў. І хоць сцвярджалася, што такім чынам польскі друк набліжаецца да амерыканскай і заходнееўрапейскай мадэлі, яе адцуранне ў шырокіх колах грамадства фіксавалася сацыялагічнымі апытаннямі. Нездарма карэспандэнт газеты «Трыбуна» Марэк Крупа ў артыкуле «Тут ляжыць пахаваны цэнзар» даказваў, што праявы свабоды слова накладваюць на журналіста дадатковыя этычныя абавязкі.

Яшчэ большы рэзананс у грамадстве выклікаў артыкул прафесара Йельскага універсітэта, амерыканца польскага паходжання Томаша Глобана-Класа «Паміж цэнзурай і свабодай» у газеце «Палітыка». З пункту гледжання Глобана-Класа, каб пераадолець хаос, які ахапіў польскі друк пасля вызвалення ад камуністычнага і адначасова ад маральнага кантролю, неабходна выпрацаваць кодэкс гонару журналіста. За ўзор прапаноўваўся кодэкс фінскіх журналістаў. Гэты збор уключаў 12 правілаў:

«1. Твой абавязак – служэнне праўдзе і справядлівасці.

2. Паважай рэпутацыю, гонар і правы кожнага чалавека.

3. Трымайся фактаў, нават калі яны не вельмі прыемныя.

4. Адрознівай каментарый ад інфармацыі.

5. Не рабі агульных высноў, памятай пра сваю адказнасць за словы і абразы.

6. Памятай: абвінавачванне – не прысуд, а ты не суддзя.

7. Памятай аб правільным напісанні імёнаў і прозвішчаў.

8. Захоўвай сям'ю.

9. Абараняй свабоду збора і распаўсюджвання інфармацыі.

10. Не пішы супраць сваіх перакананняў.

11. Памятай, што паводле тваіх паводзін людзі будуць меркаваць пра ўсю прафесію.

12. Думай! Узважай! Правярай!»

На жаль, і па сённяшні дзень у Польшчы афіцыйна не зацверджаны кодэкс паводзін журналіста. Але нефармальна дзясяткі рэдакцый у сваёй дзейнасці прытрымліваюцца кодэкса, прапанаванага Томашам Глобанам-Класам. Ва ўсялякім выпадку, няма сумненняў, што на прапанаваны варыянт кодэкса звярнулі сур'ёзную ўвагу рэдакцыі тых выданняў, якія здолелі захаваць сваю аўдыторыю ў цяжкі перыяд трансфармацыі, найперш «Газета выбарчая», «Палітыка», «Рэспубліка» і інш.

Адначасова з палітычнай легалізацыяй «Салідарнасці» атрымалі магчымасць выйсці з падполля і яе шматлікія выданні. У 1991–1994 гг. яны складалі аснову друкаваных СМІ. У гэты перыяд імі мэтанакіравана праводзілася палітыка «гістарычнай рэвізіі», згодна якой чатыры дзесяцігоддзя ПНР аналізаваліся як эпоха «нацыянальных бедстваў». Самым папулярным патрабаваннем журналістаў, якія сімпатызавалі «Салідарнасці», у той перыяд было – асудзіць на турэмнае зняволенне былога кіраўніка ПНР Войцэха Ярузэльскага за ўвядзенне ў 1981 г. ваеннага становішча. Таму падрабязна асвятляліся юрыдычныя працэдуры прыцягнення Ярузэльскага да судовай адказнасці. І хаця рэальных вынікаў тыя працэдуры не далі, але стваралі ў краіне атмасферу «рэальнай помсты» ўсім, хто меў хоць нейкае дачыненне да ПАРП і тагачасных польскіх спецслужбаў.

Але ўжо ў першай палавіне 1990-х гг. адбываецца раскол сярод лідэраў «Салідарнасці». Абраны прэзідэнтам Лех Валенса пакрысе аддаляецца ад былых паплечнікаў. Яго рупарам стала старэйшая газета прафсаюза «Штогоднік Салідарнасці». Былы рэдактар гэтай газеты Тадэвуш Мазавецкі быў абраны прэм'ер-міністрам, а пасля сваёй адстаўкі перайшоў у апазіцыю да Валенсы і абраў сваім рупарам газету «Рэспубліка». А колішнія дарадцы Валенсы Адам Міхнік, Іржы Курань і Браніслаў Герэмек згуртаваліся вакол выдання «Газета выбарчая».

У 1992 г. спыніўся друк значнай часткі рускамоўных выданняў. Засталіся тыя, існаванне якіх не фінансавалася і не заахвочвалася дзяржавай, – пераважна органы праваслаўных згуртаванняў. Затое павялічылася колькасць беларускамоўных выданняў. Акрамя «Нівы», з'явіліся «Беларускія навіны» (бюлетэнь Беларускага дэмакратычнага аб'яднання), «Праваслаўе ў Беларусі і ў свеце», «ФОС» (штоквартальны часопіс Брацтва праваслаўнай моладзі Беластоцка-Гданьскай епархіі).

Пасля заканчэння першага перыяду трансфармацыі інфармацыйнай прасторы, які польскі даследчыкі датуюць 1994 г., высветлілася, што такія грамадска-палітычныя штотыднёвікі як «Палітыка», «Наўпрост», «Права і жыццё» не толькі не страцілі сваёй аўдыторыі ў параўнанні з папярэднім перыядам, але і павялічылі тыраж. Павялічыўся тыраж і ў «старых» часопісаў для жанчын – «Сяброўка» (да 1,5 млн экз.), «Кабета і жыццё» (да 400 тыс. экз.). Практычна нязменным застаўся тыраж цэнтральнага органа Войска Польскага «Польшча ўзброеная» (50 тыс. экз., аналаг беларускай газеты «Во славу Родины», да 1991 г. меў назву «Жаўнер вольнасці»).

Сёння ў Польшчы зарэгістравана каля 1000 выданняў. Гэта на 200 адзінак менш, чым на Беларусі, пры тым што па колькасці насельніцтва Польшчы пераважае ў 4 разы. У мінулым годзе, згодна даследаванням аўтарытэтнага Цэнтра друказнаўства Ягелонскага універсітэта, рэйтынг папулярнасці газет і часопісаў вызначаўся наступным чынам.

Газеты:

1. «Газета выбарчая».

2. «Рэспубліка».

3. «Штадар моладзі».

4. «Суперэкспрэс».

5. «Жыццё Варшавы».

6. «Экспрэс вячэрні».

7. «Трыбуна».

8. «Кур'ер Польскі».

9. «Грамада».