Смекни!
smekni.com

Музычная рэцэнзія як крытычны жанр (стр. 4 из 5)

Таццяна Заміроўская ўражвае сваёй “наслуханасцю” і універсальнасцю. Яна здольная пісаць не толькі пра беларускую музыку, але і пра рускую, еўрапейскую, амерыканскую. У ейных рэцэнзіях падчас такое мноства паралеляў і асацыяцыяў, што гэта, бывае, пачынае ціснуць на не такога кампетэнтнага чытача. Альбо нараджае зацікаўленасць і прагу далей адукоўвацца! Звернемся да рэцэнзіі Заміроўскай на альбом “Конверты для снов» гурта Детидетей. [10; 39] У журналісткі знаходзім аналогіі з наступнай музыкай: рускія рамансы, “надрыўная інфантыльная агузараўшчына”, гурт Колибри, Джыван Гаспаран, 16 Horsepower, Троіца, Земфіра, Дети Пикассо.

Вышэй прыгаданыя асобы цікавяцца і літаратурай, і кіно, што час ад часу адлюстроўваецца ў рэцэнзіях, але ж пішуць пра музыку. Яно і мудра, бо час энцыклапедыстаў прайшоў. Узгадваецца крылатае выслоўе: “Хто паўсюль, той нідзе”

“Бывалі журналісты, якія, насупраць, імкнуліся зрабіць сабе імя на некампетэнтнасці, нахабнасці…” [7; 390] У беларускай медыя-прасторы такога не заўважана. І кожны з рэцэнзентаў у той ці іншай ступені, тым ці іншым напрамку “ў тэме”.

“2. Важна мець уласнае меркаванне.

Для таго, каб стаць цікавым, арыгінальным журналістам, да якога прыслухоўваюцца, важна мець уласнае меркаванне. А таксама смеласць гэта меркаванне выказваць. Як не дзіўна, часцяком гэты пункт не выконваецца ” [7; 391]

Натуральна, калі не давяраеш сабе, не верыш сабе, ці паверыць табе чытач? Сяргей Будкін, Вітаўт Мартыненка і Таццяна Заміроўская не баяцца выказваць свой погляд. Іх рэцэнзіі прасякнуты ўпэўненасцю ў сябе. І, вядома, яны здольныя пераканаць, да іх прыслухоўваюцца!

“ Я ведаю мноства сімпатычных рабят, якія дасканала ведалі музыку…Але найлепшым прымяненнем для гэтых людзей аказаліся даведнікі і энцыклапедыі. І калі раней, у 70-я, 80-я гады, калі інфармацыі пра поп-музыку ў нашай краіне амаль не было, даведнікі і энцыклапедыі былі вельмі патрэбнымі, то зараз інфармацыі больш чым дастаткова: і ў інтэрнэце, і ў прэсе. Адсюль мараль: трэба мець уласнае меркаванне

А што рабіць, калі па тым ці гэтым музычным пытанні свайго меркавання няма? Я асабіста думаю, што яго можна сфарміраваць” [7; 391]

“3. Пачуццё стылю

Ёсць добрыя аналітыкі, якія дрэнна пішуць, і чытаць іх нецікава. Я думаю, што стыль для журналіста не менш важны, а можа, і больш важны, чым для пісьменніка. То бок многія пісьменнікі, таму што працуюць у буйной фірме, могуць замаскіраваць адсутнасць стыля альбо кампенсаваць яго чымсьці іншым. І пры гэтым мець вялікі поспех.

…Напрыклад, многія жанчыны вельмі хочуць быць моднымі, стыльнымі, прыгожа апранацца, але пры гэтым ёсць жанчыны, у якіх пачуццё стыля – прыроджанае. Такая жанчына можа апрануць хатнія пантофлі, джынсы і клятчастую кашулю і выглядаць пры гэтым беззаганна.” [ 7; 391-393]

Мартыненка і Заміроўская, на мой погляд, вельмі густоўныя. І пры гэтым іх ніяк не пераблытаеш адзін з адным, бо індывідуальныя! Будкін – ён, зрэшты, самы малады з гэтай тройкі – як бы ”недапрацаваны” і крышачку “няскладны”. Можа, з гадамі, з досведам “прычэшыцца”.

“4. Галоўнае пісаць пра тое, да чаго ты нераўнадушны” [ 7; 395]

У Мартыненкі зрэдку пабачыш злобную рэцэнзію. Беларускія рускамоўныя каманды ён не любіць, але папросту ігнаруе іх. Хаця і па-негатыўнаму нераўнадушны да такіх! Беларускамоўных жа Вітаўт шануе, хаця б таму, што нешта робяць музыкі, так ці інакш развіваюць культуру і –галоўнае для яго!- беларускамоўныя. Ён умее захапляцца музыкай ды піша натхнёна.

Як варта разглядаць твор мастацтва?

“Памылковым з’яўляецца разгляд мастацкага твору з пазіцый нейкіх умоўных, кананізаваных правілаў і “законаў”. Бо, як вядома, не тое добра, што правільна, а тое правільна, што добра…” [ 5; 18 ]

У эпоху постмадэрнізму, смелых эксперыментаў гучыць неверагодна слушна.

Так, напрыклад, неардынарная творчасць Сяргея Пукста ( а ён імправізуе за раялем; то спявае на высокіх нотах, а то рыкае; выкарыстоўвае расстроеную гітару) успрынята журналістамі з разуменнем і нават захапленнем. Калі Сярожу запрасілі 12.04.07 у госці на open.by адказваць на пытанні, у загалоўку ён быў названы “джаз-тэрарыстам”, што выражае любоў і захапленне, а не адмоўнае стаўленне. А. Галецкі піша, што Пукст – гэта “эстэт, панк, панк-эстэт, меланхалічна-халерычны постмадэрніст, адна з самых знакавых фігураў андэграўнду, піянер нігілістычнага джазу…” [15; statii1.htm]

«Недапушчальна, калі крытыка не ўлічвае канкрэтнай структуры твора мастацтва і мяркуе пра яго насуперак законам дадзенага віда і рода мастацтва без уліку прыроды жанра і асаблівасцяў метаду, абраных мастаком…

Крытыцы трэба раскрываць не толькі адмоўныя бакі з’явы мастацтва, але і станоўчыя. Адсюль пахвала – гэта таксама крытыка. ( Варта выразна адрозніваць пахвалу ад захвальвання: першая арыентуе, накіроўвае мастакоў і чытачоў, слухачоў, гледачоў, другая дэзарыентуе, прыносіць шкоду і тым і іншым)

… Крытыка станоўчых якасцяў каштоўная ў шматлікіх адносінах. Яна замацоўвае аўтара мастацкага твора на выбраным правільным шляху, указвае на тое, што трэба надалей развіваць і ўдасканальваць…” [ 5; 19-20]

Падмацуем гэтыя думкі творчасцю Вітаўта Мартыненкі. Ён не захвальвае, а ўмее хваліць у сваіх рэцэнзіях. Небескарэнна, вядома.

“ Так што Таварыш Маўзер прапануе ў дэбюце сур’ёзны прадукт – не праходзьце міма!”[ 19;2 ] І малады - а таму яшчэ не зусім смелы – калектыў падтрымаў, і зацікаўленасць у чытача выклікаў

На газетных старонках прыхаваны і піяр для гурта. “Семнаццаць няўрымслівых шлягераў на добрую гадзіну кайфа для шчырага рок-заўзятара…” [ 22; 15 ]


ЗАКЛЮЧЭННЕ

Такім чынам, рэцэнзія – самы распаўсюджаны жанр у сучаснай музычнай крытыцы. Рэцэнзія мае аналітычную прыроду. Асноўная яе мэта – даць адзнаку. Любая адзнака – суб’ектыўная, таму і рэцэнзія – жанр суб’ектыўны.

Якасная рэцэнзія мусіць быць вобразнай, лагічнай, добра аргументаванай, мець галоўную ідэю. У сучаснай музычнай крытыцы шырока распаўсюджаны прыём правядзення паралеляў і вымалёўка асацыяцыяў.

У Беларусі ў якасці рэцэнзентаў выступае Алег Клімаў, Таня Заміроўская, Вітаўт Мартыненка, Анатоль Мяльгуй, Сяргей Будкін і інш. Яны асвятляюць поп-рок-джаз –музыку ва ўсемагчымых яе адгалінаваннях.

У беларускіх СМІ асвятляецца не толькі беларуская, але і руская, еўрапейская, амерыканская музыка.

З прычыны слабаразвітай сеткі музычнай журналістыкі ў Беларусі рэцэнзія – чытанка немасавая. Мы маем усяго адну спецыялізаваную “Музыкальную газету” і спецыялізаваны часопіс “HOT7”, што піша пра замежных артыстаў.

Свае веды беларускі музычны крытык набывае самастойна: практычных дапаможнікаў фактычна не існуе, адпаведных спецыяльнасцяў і курсаў таксама няма.

Рэцэнзент – асоба ў музычнай прасторы не першасная і не другасная. Вось што піша з гэтай нагоды слынны магілёўскі журналіст Віталь Шум: “Для мяне музыка і музыкі – гэта матэрыял, пажытак для эмоцыяў, на якіх я будую свой свет, не больш. Я раскрываю сябе. Дакладна так жа, як гэта робяць музыкі, для якіх навакольны свет – гэта духоўны пажытак…” [18, 4]


ДАДАТАК

Музычныя рэцэнзіі ў часопісе “RollingStone”. Прааналізаваць усю рускую прэсу, што асвятляе музычныя справы, неверагодна складана й аб’ёмна. Таму прыпынімся на выбітным часопісе

“RollingStone”, рускай версіі амерыканскага сродка масавай інфармацыі.

Тыраж “RollingStone” 110 000, і ён карыстаецца попытам не толькі ў Расіі, але і ў Беларусі. У апошні час у палітыцы выдання усё болей выразна назіраецца адхіленне ад рок-музыкі і андэграўнду ў бок попу і мэйстрыму. І ў матэрыялах усё болей і болей эпатажнасці й “жаўцізны”.

Галоўны рэдактар “RS” – Сяргей Яфрэменка.

Рэцэнзіі на музыку, кнігі і кіно, як і любая аналітыка, размяшчаюцца напрыканцы выдання. Музычныя агляды – навінкі рускай, еўрапейскай, амерыканскай сцэны - займаюць каля 10 старонак. Пішуць тут наступныя асобы: Андрэй Бухарын, Дзмітры Вебер, Антон Абозны, Аляксандр Кандукоў.

Адзнакай, галоўнай рысай рэцэнзіі, тут прапітаны не толькі тэкст. Кожны агляд мае пэўную колькасць зорачак.

Побач з лаканічнымі рэцэнзіямі – больш разгорнутыя агляды (з бонусам – фота гурта). У іх журналіст яшчэ і выдзяляе ключавыя трэкі альбома.

Займальна, што ў кожным нумары друкуецца рэцэнзія на олдавы альбом класічнага року. Напрыклад, у №4 за красавік 2007 года гэта дыск LedZeppelin. Мяркую, гэта будзе карысна асабліва для маладога пакалення, не заўжды дасведчанага ў абразцовых рэчах 60-х - 70-х

Нягледзячы на лаканічнасць, рэцэнзіі даволі інфармацыйныя, грунтоўныя і змястоўныя. Яны, у адрозненні ад матэрыялаў інфармацыйных жанраў, пазбаўлены “жаўцізны”. Журналісты ўмеюць вобразна думаць і кампетэнтны.

Зрэдзьчас на старонкі “RS” трапляюць і топавыя беларускія выканаўцы. Напрыклад, спявак Атмараві.

Арцемій Троіцкі

Троіцкі – бачны рускі музычны крытык, мастацтвазнаўца, журналіст, колішні музыка гурта ЗВУКИ МУ. Праславіўся Троіцкі працай на радыё і тэлебачанні, арганізацыяй канцэртаў, а яшчэ – рэцэнзіямі.

Ілья Сцечкін піша пра Арцемія: “ Я балдзел ад ягонага стылю, у якім мэтру атрымліваецца аб’яднаць жывасць мовы і лагічную апавядальнасць пісьмовага тэксту”[7; 9 ] Стыль Троіцкага, на маю думку, вельмі моладзевы, лёгкачытэльны. Неад’емная рыса Троіцкага – гумар. Ды нават саму рэцэнзію ён параўноўвае з анекдотам.

Рэцэнзіі ў Арцемія ёсць самыя розныя – глыбокія і не вельмі, аргументаваныя і не вельмі, лаканічныя і разгорнутыя. Залежыць ад спецыфікі выдання. У музыцы ён неверагодна кампетэнтны, але, натуральна, у глянцавым часопісе “Касмаполітэн”, дзе пераважаюць ілюстрацыі, а не тэкст, свае пазнанні не рэалізоўваў цалкам.

Троіцкі заўважае, што найлепш за ўсё ў яго атрымліваецца пісаць пра тое, да чаго ён не раўнадушны.


Спіс літаратуры

Аналітычная літаратура