Сутнасць навакольнага асяроддзя раскрываецца праз тлумачэнне простых і ў той жа час глыбінных ісцін: Радзіма – гэта месца, дзе “я нарадзілася” [33, с. 2], дзе “я зрабіў свой першы крок” [37, с. 2], дзе “мова родная мая, як ручаёк спявае” [37, с. 2], дзе маці пяе над калыскай, дзе пануюць сяброўскія адносіны паміж людзьмі. Беларусь таксама – гэта “краіна згоды” [38, с. 2], цуд і казка, лагодны дом, які мае свае каштоўнасці – Крыж святой Еўфрасінні.
На старонках часопіса дзіця выступае арганічнай часткай прыроды, маленькі чалавек – яе сябар. Жывёлы і птушкі, дрэвы і кусты, зоркі, сонца і месяц надзелены чароўнай сілай размаўляць, рабіць учынкі, смяяцца і крыўдаваць. Гэта дазваляе дзіцяці ўспрымаць навакольны свет як саму казку, як нешта таямнічае. Мастакі слова прывучаюць дзяцей бачыць незвычайнае, жыць у ладзе з прыродай, берагчы наваколле. Праз выхаванне любові да прыроды, праз паказ яе як каштоўнасці часопіс дапамагае закладвае прыгажосць душы, унутранага свету дзіця. Напрыклад, праз апісанні свету вакол дзіця ўяўляе адметнасці:
1. Лесу і поля:
– “глуха шэпча лес зялёны”, “лес гудзе-ракоча цёмнай шапкай верхавін” [15, с. 6];
– “лес ад сонца рыжы” [43, с. 2];
– “чуваць, як поле ўсё спявае” [25, с. 2].
2. Зімовай і летняй пары:
– “цёплы зімні ўбор” [4, с. 7];
– “брыльянцістым снежным блескам”, “цёплы пух”, “белая воўна” [9, с. 2];
– “зіма сёлета на сюрпрызы ахвотніца вялікая” [3, с. 4];
– “Летні дзень.
Ад сонца спёка,
Бо стаіць яно высока” [35, с. 8].
3. Раніцы і вечару:
– “Як агонь гарыць фіранка!
То світальная заранка.
Залатое стала шкло!
Зноўку сонейка ўзышло” [11, с. 3];
– “вечар падкраўся зусім нечакана” [16, с. 2];
– “Вечар чыстаю расой
Амывае ліпы,
Атуляе цішынёй
Родныя сядзібы” [19, с. 8].
4. Неба і зямлі:
– “навіслі хмары над зямлёй” [10, с. 3];
– “усміхнецца неба просінь у ясным сонцы веснавым” [18, с. 7];
– “зорачка ляжа з табой на падушцы” [16, с. 2];
– “месяц асвяціў паўнеба”, “хмарка месячык украла” [29, с. 14];
– “Сонейка над вёскай
Узышло даўно,
Зайчыкам вясёлым
Залаціць акно” [22, с. 8];
– “спрадвеку ахінаюць яны [сівыя туманы] зямлю сваімі калыханкамі” [24, с. 10];
– “рачулка ў берагах плыве, аб нечым шэпча патаемна” [25, с. 2].
5. Дрэў і кветак:
– “уздоўж дарогі спяць бярозы” [10, с. 3];
– “Каля нашай школы
Падрасла рабінка,
Нас яна вітае
Кожнаю галінкай” [17, с. 2];
– “бягуць насустрач белыя бярозкі і серабрыстыя таполі” [23, с. 9];
– “жоўта-залацістыя россыпы дзьмухаўцоў” [23, с. 9];
– “заліты сонейкам папаратнік” [27, с. 7].
6. Птушак і жывёл:
– “старая варона танцавала ўпрысядкі так шчыра, што ледзь не звалілася ўніз” [4, с. 7];
– “Дзве шустрых вароны
Пільнуюць рабіну –
І ягад прамёрзлых
Другім не пакінуць” [13, с. 4];
– “Апрануўся [бусел] у чорны фрак,
Як гусар абуўся” [20, с. 11];
– “Сарока і варона на галінках бярозы раскалыхваюцца. Адна стракоча, другая каркае” [30, с. 15];
– “І накінуўся Мішка,
Самы лепшы ядок,
З самай большаю лыжкай
На духмяны мядок” [2, с. 2];
– “У Белавежскім царстве жыў магутны ўладар лесу Зубр. Быў ён дбайны і справядлівы, любіў жыхароў пушчы” [21, с. 3];
– “Пераскочыла праз плот
Каза Мілка ў агарод” [28, с. 14].
Сям’я – гэта бліжэйшае акружэнне дзіцяці. Для дашкольніка самы дарагі чалавек – мама. Для яе знаходзіцца шмат цёплых і шчырых слоў. Напрыклад:
– “Матуля ўсіх нас моцна любіць.
Яна абдыме, прыгалубіць,
Яна вядзе нас па жыцці.
Так лёгка побач з ёй ісці!” [26, с. 3];
– “Мама прыгалубіць,
Мама ляльку купіць,
Звяжа ў завіруху
Рукавічкі з пуху.
Мама сядзе бліжай,
Казкай закалыша” [32, с. 9].
Зрэдку згадваецца пра брата і сястру, з якімі не сварацца, калі спяць, пра бабулю, добрую майстрыху, пра дзядулю, мудрага і ўважлівага да ўнукаў. На старонках часопіса складаецца вобраз шчаслівай і дружнай сям’і, дзе кожны – апора і падтрымка другому. У такой сям’і пануюць любоў, паразуменне, узаемадапамога, клопат, давер, увага і павага. Аднак, на жаль, ні ў адным з тэкстаў не гаворыцца пра бацьку.
Часопіс фарміруе адметнае стаўленне і да беларускай мовы: яна адзіная, родная, спеўная, ніводны народ больш не карыстаецца ёю, мова – паказчык адзінства народа, які трэба захоўваць як найвялікшы скарб. Дзеці ўжо з маленькага ўзросту пачынаюць разумець прыгажосць, багацце і мелодыку беларускай мовы.
Пачуццёвае, вобразнае ўспрыманне свету дзіцяці фарміруецца праз вытлумачэнне такіх эстэтычных катэгорый, як прыгажосць, дабрыня. Так, прыгожымі ў вачах дзіцяці паўстаюць музыка, якая зачароўвае душу, чалавек з добрым і чуйным сэрцам і інш.
Дабрыня – гэта значыць быць “чалавекам дружбы, міру” [1, с. 2], які заўсёды дапамагае дома, клапаціцца аб родных, імкнецца да дзейнасці на карысць Радзіме.
Любоў – найвышэйшая каштоўнасць, на ёй грунтуецца і прыгажосць, і дабрыня. Дзіця вучыцца любіць “аддана, шчодра, шчыра зямлю, дзе прадзеды жылі” [1, с. 2].
У першую чаргу часопіс імкнецца выхаваць чалавека, які любіць сваю Радзіму, ведае родную мову, спадчыну, гісторыю, культуру, шануе і паважае людзей, які дапамагаюць яму ў станаўленні. Адметнасць часопіса ў тым, што ён дае магчымасць дзецям праз лісты, вершы і малюнкі выказаць сваё бачанне ісцін, якое можа адрознівацца ад погляду дарослых.
Часопіс з’яўляецца выхавальнікам для маленькіх беларусаў, які дапамагае рабіць ім першыя крокі ў гэтым складаным жыцці.
Адукацыйна-гульнёвы часопіс для дзяцей і бацькоў “Детская площадка” выдаецца з 2005 года.Галоўны рэдактар выдання – С. Плыткевіч.
“Детская площадка” – гэта месца, дзе збіраюцца дзеці, каб гуляць, знаёміцца, сябраваць, дзяліцца сакрэтамі і быць заўсёды разам. Галоўны накірунак часопіса – зацікавіць дашкольніка, стымуляваць яго творчасць: падштурхнуць дзіця на выдумку і вынаходлівасць (рубрыкі “Разноцветные уроки”, “Рисуем вместе”, “Мир увлечений”, “Задачки для ума”, “Сделай сам”, “Домашняя мастерская” і інш.), развіць прыродную дапытлівасць (рубрыкі “Весёлая азбука”, “Умная страничка”, “Мая Беларусь” і інш.).
На старонках выдання можна сустрэць шмат развіваючых гульняў, конкурсаў, заданняў і практыкаванняў (віктарыны, конкурсы, тэсты, загадкі, матэматычныя задачы), а таксама безліч маляванак, казак, апавяданняў, коміксаў.
Часопіс змяшчае рубрыкі, інфармацыя якіх разлічана на дарослых. Так, напрыклад, рубрыка “В мамин блокнот” рэкамендуе бацькам матэрыял для дзіцячай выяўленчай дзейнасці (акварэльныя фарбы, папера, пластылін і інш.). У рубрыцы “Книжный путеводитель для родителей” змяшчаецца інфармацыя аб кніжнай прадукцыі, якая можа спатрэбіцца для заняткаў па чытанні, развіцці зрокавага і слыхавога ўспрымання, адвольнай увагі, творчага і лагічнага мыслення, памяці, фантазіі, моўных здольнасцей і інш. З дапамогай матэрыялаў з рубрык “Логические игры”, “Шахматная азбука”, “Игры со словами” дашкольнік можа лёгка і быстра засвоіць літары і лічбы. А рубрыка “Говорим красиво” дазволіць пазбегнуць памылак у маўленні.
Часопіс хоча выхаваць са сваіх чытачоў таленавітых дзяцей, якія любяць маляваць, чытаць і фантазіраваць. Такі падыход забяспечвае спрыяльнае развіццё творчага пачатку ў дзяцей.
“Детская площадка” – гэта вельмі цікавы і пазнавальны часопіс, з якім можна весела і карысна правесці час. Матэрыялы рубрыкі “Мая Беларусь” у адукацыйным плане нялішне будзе прачытаць не толькі дзецям, але і дарослым. Яны змяшчаюць інфармацыю пра беларускія гарады і мястэчкі, прыроду, народныя святы, традыцыі, што шырыць кругагляд чытачоў.
Такім чынам, часопісы для дзяцей дашкольнага ўзросту прадстаўляюць інфармацыю, накіраваную на першае сутнаснае азнакамленне дзіцяці са светам, ад якога залежыць, якім чынам дашкольнік будзе ўспрымаць навакольны свет, грамадства і сябе ў ім. Выданні адрозніваюцца прынцыпамі выхавання. “Вясёлка” імкнецца патлумачыць вечныя ісціны, звярнуць увагу дзіцяці на неабходнасць іх разумення. Даросламу належыць накіроўваючая роля. ”Детская площадка” – сапраўдная пляцоўка для дзіцячай выдумкі і вынаходлівасці, прыроднай дапытлівасці і фантазіі. Тут галоўная роля належыць дзіцяці.
Раздзел ІІІ. Часопісы для школьнікаў: тэматычная накіраванасць і асаблівасці ўзаемаадносін з аўдыторыяй
Малодшы школьны ўзрост называюць вершыняй дзяцінства. Маленькі чалавек захоўвае шмат дзіцячых якасцей – легкадумнасць, наіўнасць, погляд на дарослага знізу ўверх. У той самы час дзіця пачынае страчваць дзіцячую непасрэднасць у паводзінах, у яго з’яўляецца іншая логіка разважанняў, развіваецца тэарэтычнае мысленне. У школе дзеці праз навучанне набываюць новыя веды і ўменні, гэта значыць, ствараюць неабходную базу для сваёй будучыні, набываюць пэўны сацыяльны статус. Змяняюцца інтарэсы, каштоўнасці школьніка, увесь уклад яго жыцця. Паспяховая вучоба, усведамленне сваіх здольнасцей і ўменняў якасна выконваць розныя заданні прыводзяць да станаўлення пачуцця кампетэнтнасці – новага аспекту самасвядомасці, які можна лічыць адным з цэнтральных новаўтварэнняў малодшага школьнага ўзросту.
У сістэме выхавання малодшых школьнікаў асобае месца займаюць часопісы “Рюкзачок” і “Качели”.
“Рюкзачок” – дзіцячы пазнавальна-гульнёвы часопіс на беларускай і рускай мовах. Выдаецца з красавіка 2005 года. Галоўны рэдактар – Н. Ваніна.
Выданне прызначана для выхавання гарманічнай і творчай асобы, адукаванай і зацікаўленай у атрыманні ведаў. Часопіс хоча быць для свайго чытача добрым спадарожнікам на жыццёвым шляху да шчаслівай будучыні.