Смекни!
smekni.com

Беларуская журналістыка (стр. 5 из 6)

Роля газеты «Юный пахарь» у прапагандзе новага быту вельмі значная. Пад рубрыкамі «Камсамол творыць новы быт», «Па вёсках за кнігай» высвечваўся шырокі спектр жыцця сельскай моладзі. Разам з гэтым выданне крытыкавала, высмейвала розныя недахопы, забабоны, даказвала іх шкоднасць.

Праўдзівае, аўтарытэтнае слова газеты падтрымлівалі вядомыя пісьменнікі. Я. Купала надрукаваў у «Маладым аратым» адзін з лепшых сваіх вершаў «Маладая Беларусь». У газетах моладзі выступалі Ц. Гартны, П. Трус, К. Крапіва, У. Дубоўка, М. Чарот і інш. Пад псеўданімам «Сусед Вясёлы» друкаваў свае фельетоны і апавяданні К. Чорны: «Зарабатак», «Папоўскі вялікдзень», «Фэст» (1925 г.).

Мастацкія творы «Малады араты» змяшчаў пад рубрыкай «Для чытання вечарам». Літаратурная тэматыка была вельмі шырокай. Аднак галоўнай заставалася тэма працоўнага выхавання. Камсамольскі работнік, а пазней вядомы пісьменнік Платон Галавач у сваіх артыкулах сцвярджаў, што ўзняць сельскую гаспадарку можна толькі тады, калі селянін навучыцца выкарыстоўваць тэхніку і навейшыя дасягненні агранаміі.

Маладыя пісьменнікі выступалі ў друку з артыкуламі па розных накірунках дзейнасці камсамолу, аднак асноўнай тэмай было выхаванне новага чалавека. К. Крапіва змясціў у «Маладым аратым» (1925 г.) вядомыя сатырычныя вершы: «Ціт заводзіць новы быт», «Будуйце лазні», «Свет у кут - менш пакут», а таксама фельетон «Споведзь» і інш.

Удзел літаратараў у камсамольскім друку надаваў газетам і часопісам арыгінальнасць, яркасць, пераканаўчасць. Артыкулы, вершы, апавяданні былі прывабным агітацыйным сродкам. Акрамя таго, паляпшаўся стыль, мова выданняў, узрастала журналісцкае майстэрства. Дзве рэспубліканскія маладзёжныя газеты станавіліся прыкметнай з’явай у грамадскім жыцці.

У той жа час тыраж «Красной смены» і «Юного пахаря» абмяжоўваўся у тым, што яны друкаваліся на рускай мове. Яшчэ раз падкрэслім, што ў 20-я гады прыкладна 80% моладзі рэспублікі пражывала ў сяле і карысталася роднай мовай. Пагэтаму пераход абедзвюх газет на беларускую мову ў 1924 г. стаў новым моцным імпульсам іх развіцця і адначасова фактарам нацыянальнага выхавання моладзі.

Штомесяц з пачатку 1923 г. «Юный пахарь» выпускаў дадатак-брашуру «Камсамольскі вечар». Там друкаваліся вершы, песні, прыпеўкі і абавязкова п’есы для пастаноўкі ў сельскім клубе. Адной з мэт дадатка было выяўленне творчых сіл у вёсцы.

З 6 ліпеня 1925 г. замест газеты «Малады араты» два разы ў месяц пачаў выдавацца часопіс пад той жа назвай. Ён прывыбна афармляўся, у ім змяшчаліся фотаздымкі і малюнкі. Вокладка заўсёды была каляровай. «Малады араты» будзе кіраваць працай і барацьбой за новую вёску, - гаварылася ў звароце да чытачоў, - за шматполле, за асушэнне балот, за аб’яднанне сялян у кааперацыі; будзе дапамагаць моладзі ў рабоце сельскіх саветаў, у камітэце ўзаемадапамогі, у школе; будзе адлюстроўваць жыццё і працу вясковай моладзі. Шмат месца будзе адведзена выхаванню нашых карэспандэнтаў для барацьбы за новую вёску» .

Старонкі «Маладога аратага» былі прадстаўлены селькорам, камсамольцам, маладым літаратарам. Паўлюк Трус, Змітрок Бядуля, Станіслаў Шушкевіч, Кандрат Крапіва, Пятро Глебка, Кузьма Чорны, Платон Галавач і іншыя змяшчалі ў ім свае творы. Кола праблем, якія абмяркоўваліся ў часопісе, даволі шырокае. Рэдакцыя расказвала, як у сяле адкрылі хату-чытальню, інструктавала камсамольскія ячэйкі, як арганізаваць сельскагаспадарчы гурток, як разгарнуць палітычную працу сярод насельніцтва. «Малады араты» друкаваў матэрыялы спецыялістаў, як адбіраць зерне для сяўбы, як правільна рыхтаваць поле і выкарыстоўваць угнаенні.

Шмат было зроблена часопісам для ўкаранення новага быту. На яго старонках пастаянна з’яўляліся артыкулы аб камсамольскіх вяселлях, у падтрымку выступленняў супраць кулакоў, самагоншчыкаў, праціўнікаў савецкай улады. Даволі грунтоўна інфармаваў часопіс чытачоў аб міжнародных падзеях. «Малады араты» выконваў асноўную ролю сацыяльнай сувязі дзяржавы, урада, грамадскіх арганізацый з сялянскай моладдзю. Часопіс карыстаўся павагай чытачоў і выходзіў да канца 1926 г. Рэдагаваў яго вядомы паэт Андрэй Александровіч.

У Беларусі выдаваліся газеты і часопісы для моладзі нацыянальных меншасцяў. З 8 красавіка па 15 мая 1919 г. выходзіла газета «Камуністішэ штіме» («Камуністычны голас») - орган Мінскага бюро яўкамола (яўрэйскага камсамола). У 1920 г. было надрукавана два нумары газеты «Юнге ворт» («Слова моладзі») - орган галоўнага камітэта яўкамола. Выходзілі таксама старонкі моладзі ў яўрэйскіх партыйных газетах.

Першыя яўрэйскія маладзёжныя выданні выходзілі нерэгулярна, невялікімі тыражамі. Для паляпшэння выхаваўчай працы сярод моладзі ЦК ЛКСМБ у 1922 г. пачаў выдаваць газету «Дэр юнгер арбетэр» («Малады рабочы»), якая існавала да 1936 г.

У першую пару рэдкалегія «Дэр юнгер арбетэр» не магла выпрацаваць свой стыль. Нумары запаўняліся артыкуламі аб міжнародным становішчы, мала змяшчалася пісем, быў нешматлікім рабселькораўскі актыў. Да таго ж, газета выходзіла не рэгулярна - адзін-два разы ў месяц. Вопыт і майстэрства прыходзілі паступова, журналісты вучыліся працы ў рэдакцыі «Красной смены». Ужо ў 1924 г. «Дэр юнгер арбетэр» была пераведзена на штотыднёвы выпуск. І калі першыя нумары газеты выходзілі тыражом 1,5 тыс. экземпляраў, то ў 1927 - 24 тысячы.

Арганізацыйную і прапагандысцкую работу праводзіў камсамол і сярод польскай моладзі. У газеце «Млот» у 1921 г. друкавалася старонка «Штандар млодзёжы» («Сцяг моладзі»). А 1 снежня 1921 г. пачала выходзіць газета «Гвязда млодзёжы» («Зорка моладзі») - штотыднёвік рабоча-сялянскай моладзі Беларусі і Расіі, орган ЦК КСМБ. Газета была падобнай на часопіс, выходзіла на 8 і болей стронках фарматам сучаснай раённай газеты. У звароце да чытачоў рэдкалегія падкрэслівала, што гістарычны лёс беларускага і польскага народаў цесна звязаны. У сучасны момант у выніку захопніцкай палітыкі буржуазіі польская і беларуская моладзь падзелена на два лагеры. У той жа час на тэрыторыі Савецкай Беларусі і іншых саюзных рэспублік пражывае многа маладых палякаў, якія будуць атрымліваць інфармацыю з СССР і з Польшчы на іх роднай мове. І на самой справе ў газеце вяліся рубрыкі «Жыццё польскай моладзі ў СССР», «Становішча моладзі ў Польшчы», «Моладзь у Заходняй Беларусі».

Такім чынам, «Зорка моладзі» была спецыфічнай газетай інтэрнацыянальнага накірунку. Ад імя шматлікіх чытачоў яна падтрымлівала імкненне заходнебеларускай моладзі да аб’яднання ў адной рэспубліцы і заклікала польскую моладзь падтрымліваць беларусаў у справядлівай барацьбе. У кожным нумары друкаваліся матэрыялы, накіраваныя супраць арыштаў, забойстваў, турэмнага зняволення моладзі ў Польшчы і Заходняй Беларусі, асвятлялася дзейнасць дэмакратычных арганізацый. «Зорка моладзі» выходзіла да 1927 г.

«Малады рабочы» і «Зорка моладзі» разыходзіліся па ўсёй краіне, асобныя нумары пападалі ў Польшчу, Чэхаславакію і інш. дзяржавы. Яны ўтрымлівалі шырокую інфармацыю аб савецкай краіне і аказвалі станоўчы ўплыў на польскую і яўрэйскую моладзь.

Беларускі дзяржаўны універсітэт, які быў адкрыты ў 1921 г., стаў пачынальнікам студэнцкага друку. Першай газетай стаў «Голас рабфакаўца» - орган студэнцкага камітэта. Тады ж, у 1921 г., студэнты Горацкага сельгасінстытута пачалі выдаваць часопіс «Дни нашей жизни», а ў 1923 г. - часопіс «Голос революционного студенчества».

Выданні вышэйшых навучальных устаноў імкнуліся ўключыць студэнтаў у культурна-асветную і грамадска-палітычную работу, вялі абмеркаванне вучэбна-выхаваўчага працэсу. Вучоныя, камсамольскія і партыйныя работнікі выступалі супраць шкодных меркаванняў асобнай часткі грамадства, што моладзь з вёскі не можа быць студэнтамі інстытута. І для пераканання змяшчалі выступленні студэнтаў «ад станка і плуга».

У лютым 1924 г. студэнты БДУ выпусцілі часопіс «Голос пролетарского студенчества». Рэдкалегія даследавала гісторыю студэнцкага руху і рабіла вывад, што рэвалюцыйныя падзеі былі заўсёды звязаны з ім, пісала, што «пралетарый і бядняк-селянін павінны ведаць, як жыве, вучыцца, працуе, а часта і галадае наш студэнт».

У часопісе надрукаваны цікавы артыкул першага рэктара універсітэта У.І. Пічэты «Вузы и краеведение»(1924, № 1). Ён звяртаўся да студэнтаў з заклікам вывучаць родны край, каб адкрыць для чалавека скарбніцы прыроды. Каб узняць народную гаспадарку і рацыянальна скарыстаць прыроднае багацце, неабходна добра ведаць стан вытворчасці. А каб даць народу магчымасць усебаковага культурнага развіцця, неабходна вывучыць гісторыка-культурнае мінулае і на падставе гэтага будаваць новую культуру.

У кастрычніку 1924 г. у БДУ выйшла газета «Белорусский студент» з задумай стаць «рупарам усяго студэнцтва рэспублікі». Аднак гэтага не атрымалася. 2 лістапада 1924 г. была заснавана газета «Голос студента» - орган прафсаюзаў БДУ. У ёй быў надрукаваны артыкул рэктара У.І. Пічэты «Трэці год работы БДУ».

Студэнты-беларусы, якія вучыліся ў Маскве (звыш 1 тыс.), у 1924 г. пачалі выпускаць часопіс «Змаганне». Ён распаўсюджваўся ў беларускіх зямляцтвах маскоўскіх інстытутаў і быў дапаможнікам па вывучэнню гісторыі, эканомікі, геаграфіі, беларускай мовы і літаратуры. Крэда часопіса было ў наступным: «За што мы павінны змагацца? За ідэі камунізму. За ўмацаванне Саюза СССР. За вызваленне прыгнечаных усяго свету. Супраць чаго мы павінны змагацца? Супраць індывідуалізму. Супраць шавінізму. Супраць панскага прагнёту над братамі за мяжой»(1924, № 1). Выданне асвятляла студэнцкае жыццё беларускага зямляцтва, расказвала аб навучальных установах Масквы і вяло палеміку з эмігранцкімі беларускімі выданнямі.

У лютым 1925 г. выйшаў часопіс «Чырвоны сцяг» - орган беларускага бюро пралетарскага студэнцтва і цэнтральнага ўпраўлення зямляцтва г. Масквы. «Наш часопіс - чырвоны сцяг таго студэнцтва, якое выйшла з радоў пралетарыяту, сялянскай беднаты і сераднякоў, таго студэнцтва, якое хоча і будзе працаваць над умацаваннем Беларусі як часткі СССР, над яе эканамічным і культурным росквітам». Так фармулявала рэдкалегія задачы свайго часопіса. Потым гэта праграма ўвасобілася ў змесце «Чырвонага сцяга». Жыццё студэнцтва ў Маскве і Беларусі, пытанні палітыкі, эканомікі, культуры, міжнародныя праблемы былі ў полі зроку рэдакцыі часопіса. Шмат увагі ўдзялялася літаратуры. Там друкаваліся найбольш вядомыя маладыя паэты - М. Чарот, А. Александровіч, С. Шушкевіч. Выйшла ў свет сем нумароў «Чырвонага сцяга». Па тэматычнаму зместу і прафесійнаму афармленню гэта быў адзін з лепшых студэнцкіх часопісаў.