Як бачна, тэкст газеты ідэалагізаваны. Маладыя салдаты аб’яўляліся героямі, юнымі ратнікамі, на якіх ускладалася надзея на перамогу ў грамадзянскай вайне. Члены КСМ у той час былі на паўваенным палажэнні і па першаму сігналу з’яўляліся на прызыўныя пункты для адпраўкі на фронт. «Красная молодёжь» 16 сакавіка надрукавала пастанову ЦК КСМ Л і Б аб мабілізацыі: у Чырвоную Армію камсамольская арганізацыя рэспублікі была прызвана амаль поўнасцю.
Зразумела, што час патрабаваў стварэння рэгулярна выходзячых газет і часопісаў для моладзі. Тым больш, што ў час грамадзянскай вайны юнакі станавіліся салдатамі і з імі неабходна было весці прапагандысцкую і адукацыйную працу. Аднак зрабіць гэта практычна было немагчыма з-за адсутнасці сродкаў, кваліфікаваных спецыялістаў і несупыннага перамяшчэння франтоў. Тады і была рэалізавана ідэя выпуску маладзёжных старонак у партыйных газетах. Першая такая старонка «Звезда молодёжи» у канцы сакавіка 1920 г. пачала друкавацца ў газеце «Звезда» у Смаленску, а затым і ў Мінску, куды была перавездена «Звезда» пасля яго вызвалення ад белапалякаў.
Старонкі моладзі друкаваліся ў многіх газетах: «Малады араты» у «Савецкай Беларусі», у Барысаўскай газеце «Бедняк» - «Страничка красной молодёжи», магілёўская «Соха и молот» друкавала старонку «Красная молодёжь» і г.д.
У студзені 1920 г. выйшаў часопіс «Молодой горн» - орган Віцебскага губкама РКСМ (большая частка Віцебскай губерні да 1924 г. уваходзіла ў склад РСФСР). Рэдкалегія бачыла сваю задачу ў палітычным і маральна-этычным выхаванні моладзі, стварэнні камсамольскіх ячэек і арганізацыі іх працы ў мірных умовах. Многа месца часопіс удзяляў сялянскай моладзі, расказваў аб арганізацыі камун, калектыўнай апрацоўцы зямлі.
Жыццё моладзі адлюстроўвалася на старонках часопіса рознабакова і шматгранна. Глыбокае тлумачэнне атрымалі праблемы асваення рабочых прафесій, уладкавання моладзі на працу, вучобу, выхавання ў юнакоў і дзяўчат рэалістычных адносін да буржуазнай маралі. Разам з гэтым «Молодой горн» друкаваў вершы, апавяданні беларускіх і рускіх аўтараў. Выходзіў часопіс да сярэдзіны 1921 г. і ў многім паспрыяў умацаванню губернскай камсамольскай арганізацыі. Пазней, у 1921 г., замест часопіса «Молодой горн» Віцебскі губкам РКСМ пачаў выдаваць газету «Юный творец», якая выходзіла раз у тыдзень фарматам раённай. Да 1923 г. выданне набыло папулярнасць у чытачоў і плошча яго была павялічана да фармату А-2.
«Юный творец» змястоўна адлюстроўваў жыццё камсамольскай арганізацыі губерні і праблемы рабоча-сялянскай моладзі. Зразумела, што асноўнай тэмай было тлумачэнне задач НЭПа, палітыкі камуністычнай партыі і камсамола. Рэдакцыя імкнулася не толькі прапагандаваць дырэктыўныя дакументы, што для друку таго часу было звычайнай справай і добразычліва ўспрымалася чытачамі, а таксама дапамагчы кожнаму юнаку і дзяўчыне знайсці сваё месца ў жыцці. Патрэбна вучыцца, набываць добрую прафесію і напружана працаваць, каб прыносіць карысць сабе і краіне, сцвярджалі журналісты «Юного творца».
У Гомельскай губерні выходзілі таксама старонкі моладзі ў партыйных газетах. Затым у жніўні 1920 г. быў створаны часопіс «Набат молодёжи» - орган губкама РКСМ. Першы нумар быў надрукаваны на грамадскіх пачатках партыйнай ячэйкай друкароў, якія дзеля гэтага арганізавалі васкрэснік. Перадавы артыкул быў прысвечаны задачам юнацкай прэсы. «Кожны камсамолец павінен удзельнічаць у сваім органе, - гаварылася ў артыкуле. - Толькі тады часопіс будзе паспяхова развівацца. Патрэбна стварыць старонкі моладзі ва ўсіх савецкіх і партыйных органах. Самыя буйныя паветы могуць выдаваць таксама свае старонкі», - рэкамендаваў «Набат молодёжи». Аднак выйшла ўсяго тры нумары часопіса.
Тады 1 мая 1921 г. губкам пачаў выдаваць штотыднёвую газету «Набат молодёжи». Спачатку яна выходзіла невялікім тыражом, здараліся перапынкі ў выпусках з-за недахопу сродкаў, але ўжо ў 1922 г. «Набат молодёжи» друкаваўся тыражом у тысячу экземпляраў. Чытачы прыхільна ставіліся да сваёй газеты, і ў 1923 г. яна разыходзілася па індывідуальнай падпісцы. Матэрыяльнае становішча рэдакцыі палепшылася і «Набат молодёжи» часта выходзіў на 6 палосах павялічаным фарматам. У кастрычніку 1924 г. газета была зарыентавана на сельскую моладзь і выходзіла да канца 1925 г. тыражом больш за 5 тыс. экземпляраў.
У шматлікіх допісах у рэдакцыі маладзёжных выданняў юнакі і дзяўчаты паведамлялі, што са зместам газеты яны звяраюць сваё жыццё.
Пасля заканчэння грамадзянскай вайны жыццёвыя інтарэсы беларускай моладзі значна пашырыліся. Наступіла пара будаваць тое жыццё, аб якім яна марыла і за якое змагалася на вайне. Паўстала задача ў сувязі з гэтым стварыць рэспубліканскія газеты і часопісы для моладзі.
На IV з’ездзе КП(б)Б у лютым 1921 г. было прынята рашэнне аб заснаванні рэспубліканскага камсамольскага выдання. А ў гонар адкрыцця 2-га Усебеларускага з’езда КСМБ 21 красавіка 1921 г. выйшаў першы нумар газеты «Красная смена» - орган ЦК КСМБ. Асноўная задача камсамольскага органа друку была сфармулявана наступным чынам: «Сёння выходзіць першы нумар газеты рабоча-сялянскай моладзі Беларусі «Красная смена». Нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы, у якіх знаходзіцца савецкая рэспубліка, нягледзячы на цяжкае гаспадарчае палажэнне нашай краіны, моладзь Беларусі мае свой орган. «Красная смена» будзе клікаць моладзь да працы, на барацьбу за ідэалы камунізму. Кожны юны рабочы, малады селянін, пралетарый, навучэнец можа на стронках нашай газеты атрымаць адказы на хвалюючыя яго пытанні, напісаць аб усім, што яго цікавіць. Жыццё моладзі на фабрыцы, у майстэрні, за станком і плугам будзе адлюстравана на стронках нашай газеты. «Красная смена» пакажа юным пралетарыям шлях барацьбы за вызваленне рабочага класса» (1919, 21 красавіка).
«Красная смена» стала не толькі летапісам гісторыі беларускай моладзі, але і інстытутам выхавання падрастаючага пакалення. У той час ніхто не мог думаць, што першая маладзёжная газета будзе мець такую багатую гісторыю, стане нацыянальнай каштоўнасцю, лепшай сярод камсамольскіх выданняў у СССР.
Аднак і на той час пачатак выхаду «Красной смены» меў важнае палітычнае і культурнае значэнне. Моладзь Беларусі пачынала працаваць у мірных умовах, павышала свой матэрыяльны і культурны ўзровень жыцця. Пагэтаму адэкватна ўспрымаліся заклікі да стваральнай працы, вучобы, арганізацыі ячэек у вёсках, на прадпрыемствах, воінскіх падраздзяленнях і інш. Гэта стала зместам камсамольскага друку.
Спачатку газета выходзіла толькі раз у тыдзень на чатырох старонках. Рэдкалегія друкавала невялікія артыкулы і заметкі, пісьмы чытачоў, вяла рубрыкі «Жыццё працоўнай моладзі», «Па камсамольскай Беларусі», «Навуковы аддзел», «Школа», «Тэатр і мастацтва», «Камсамольская мяцёлка» і інш., якія ўтрымлівалі цікавую інфармацыю. Кожны нумар адкрываўся перадавым артыкулам, у якім пазначаліся канкрэтныя задачы для рашэння камсамольскімі ячэйкамі. Першая старонка адводзілася для палітычнай інфармацыі, другая і трэцяя ўсебакова паказвалі жыццё моладзі. З артыкуламі выступалі кіраўнікі партыі, дзеячы навукі і культуры.
Чацвёртая стронка адводзілася для адказаў рабселькорам, там змяшчліся аддзелы «Чорная дошка» і «Пошта». «Красная смена», па ўспамінах сучаснікаў, была прадвеснікам новага зместу жыцця і дзейнасці моладзі. Неабходна падкрэсліць, што камсамольская газета з’яўлялася таксама і прапагандыстам партыйнай палітыкі і сістэмна тлумачыла сутнасць НЭПа, выступала супраць перажыткаў мінулага, агітавала маладых людзей за ўступленне ў камсамол.
Рэдакцыя заклікала моладзь да барацьбы супраць эксплуатацыі, да арганізаванага супрацьстаяння бандытызму, да новага быту і гуманістычнай маралі. Настойліва рэкамендавала пярвічным ячэйкам прымаць у камсамол у першую чаргу маладых людзей, правераных на справе, дзяцей рабочых і сялян, чырвонаармейцаў. У артыкуле «Чарговыя задачы саюза» гаварылася: «На першы план выходзіць сацыялістычная адукацыя нашай моладзі: школы, клубы, палітасветработа, дапрызыўная падрыхтоўка, прыём новых членаў камсамола - першачарговая работа КСМ» (1921, 21 красавіка).
Названая тэматыка далёка няпоўная. Былі ўзняты ў газеце важнейшыя пытанні, якімі займалася ўсё грамадства: голад у Паволжжы, ліквідацыя беспрацоўя, непісьменнасці. Самая мабільная, арганізаваная частка грамадства найлепшым чынам магла вырашыць гэтыя праблемы. Дзеля гэтага моладзь і асабліва камсамольцы працавалі ў вольны час, назапашваючы грамадзянскія і матэрыяльныя каштоўнасці. Усё гэта адбілася на старонках «Красной смены», тыраж якой ўжо ў 1923 г. складаў 4 тыс. экземпляраў. Такім чынам, «Красная смена» распачынала гісторыю адной з самых вядомых і старэйшых нацыянальных газет Беларусі.
У 1922 г. на анове сумеснай пастановы ЦК КП(б)Б і ЦК ЛКСМБ была створана газета сялянскай моладзі «Юный пахарь», рэдактарам якой стала В.Харужая. Назва газеты адлюстроўвала мэты новага выдання: аб’яднаць моладзь вёскі для выканання задач сацыялістычнага будаўніцтва. У газеце вялася «Старонка сельскагаспадарчых ведаў», пастаянна друкаваліся «Парады агранома», «Як рыхтаваць поле пад пасеў», «Як захаваць пасевы», «Што такое паравая машына», «Як працуе малацілка» і г.д. Гэта была своеасаблівая школа гаспадарчых ведаў.