Смекни!
smekni.com

Асаблівасці трансфармацыі інфармацыйнай прасторы краін цэнтральнай і усходняй Еуропы (стр. 2 из 3)

Такім чынам, у першай палавіне 1990-х гг. адбывалася значнае інвеставанне ў мас-медыя Цэнтральнай і Усходняй Еўропы замежнымі карпарацыямі ды адначасовае набыццё амерыканскімі і заходнееўрапейскімі канцэрнамі мясцовых перыядычных выданняў, тэле- і радыёэфірнага часу.

Завяршэнне мадэрнізацыі ўсходнееўрапейскіх мас-медыя па часе супала з агульным у рэгіёне заканчэннем эканамічнага крызісу. Аднак каб больш-менш трывала ўмацаваць свае пазіцыі на айчынным інфармацыйным полі, пры ўліку моцнага канкурэнтнага фактару, супрацоўнікі ўсходнееўрапейскіх сродкаў масавай інфармацыі спяшаліся засвоіць творчыя метады работы, арганізацыі інфраструктуры і тэхналогій функцыянавання ў сваіх галоўных канкурэнтаў – амерыканскіх і заходнееўрапейскіх мас-медыя.

Як сцвярджаў галоўны рэдактар аўтарытэтнай «Газеты выбарчая», адзін з заснавальнікаў знакамітага прафсаюза «Салідарнасць» Адам Міхнік, рабілася гэта не дзеля таго, каб стварыць «з айчынных мас-медыя амерыканскую «кальку», хоць такая заклапочанасць неаднойчы выказвалася. Якраз наадварот, польскія, чэшскія, венгерскія і балгарскія журналісты імкнуліся засвоіць прафесійныя здабыткі замежных спецыялістаў, каб у будучым захаваць уласную канкурэнтаздольнасць, скарыстаць засвоеныя дасягненні дзеля захавання сваёй аўдыторыі і, як вынік, абароны інфармацыйнай бяспекі сваёй Бацькаўшчыны.

Можна спрачацца наконт таго, наколькі паспяховым і карысным аказалася засваенне і выкарыстанне замежнага вопыту. Аднак для многіх чэскіх, балгарскіх і румынскіх газет увядзенне пасад рэдактара-распарадчыка, бібліятэкара, генеральнага менеджэра, сістэмнага рэдактара, менеджэраў па маркетынгу і рэкламе, па збыце і распасюджванню тыражу і інш. дазволіла не толькі захаваць свае пазіцыі на айчынных інфармацыйных рынках, але і палепшыць фінансавае становішча рэдакцый. Ужыванне прафесійных парадаў па правядзенні інтэрв'ю, падрыхтоўцы аналітычнага артыкула і праблемнага рэпартажу, напісанні ліда і падбору эпітэтаў, асвятленні навін на тэлебачанні і па радыё — усё гэта дапамагло не толькі захаваць ранейшую аўдыторыю, але і павялічыць колькасць падпісчыкаў, гледачоў і слухачоў. А менавіта гэта лічыцца неад'емнай часткай інфармайцыйнай бяспекі дэмакратычнай дзяржавы.

У адрозненне ад сваіх заходніх суседзяў па рэгіёне СМІ Беларусі не спазналі актыўнай канкурэнцыі з боку амерыканскіх і заходнееўрапейскіх інфармацыйных карпарацый. Пра тое, наколькі цяжка нашым журналістам давялося б вытрымліваць інфармацыйнае спаборніцтва, сведчыць той факт, што і дагэтуль «Першы нацыянальны тэлеканал» і «Сталічнае тэлебачанне» з цяжкасцю вытрымліваюць канкурэнцыю расійскіх тэлеканалаў. Разам з тым Беларусь яднае з краінамі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы глыбокая занепакоенасць праблемай «культурнага каланіялізму». Калі на Беларусі творчая інтэлігенцыя заклапочана празмернай русіфікацыяй, дык у заходніх суседзяў нашага рэгіёна грамадскія колы заклапочаны празмернай «амерыканізацыяй» побыту, размыццём пачуцця нацыянальнага гонару.

Нягледзячы на ўсе спробы захаваць інфармацыйную канкурэнтаздольнасць, супрацоўнікі тамтэйшых СМІ, а таксама шырокія колы грамадства выказваюць шчырую занепакоенасць будучыняй нацыянальнага друку, тэле- і радыёвяшчання. Напрыклад, у Чэхіі і Польшчы стала добрай традыцыяй пры фарміраванні новага ўрада пасля чарговых парламенцкіх выбараў выказваць новым міністрам патрабаванне выпрацоўкі комплекснай палітыкі ў галіне мас-медыя – палітыкі, якая гарантавала б «інфармацыйны суверэнітэт».

Прэзідэнты Вацлаў Гавел і Аляксандр Кваснеўскі, якія, згодна канстытуцыям сваіх краін, маюць прадстаўнічую, а не выканаўчую ўладу, неаднойчы выказвалі ў сваіх выступленнях занепакоенасць тым, што змест амерыканскіх, брытанскіх і нямецкіх тэлепраграм, якія займаюць шмат месца на чэскіх і польскіх каналах, асабліва рэкламы, «небяспечны для нацыянальнай свядомасці».

Таксама стала добрай традыцыяй чуць ад новых прэм'ер-міністраў абяцанні, што яны, маўляў, прыкладуць максімум высілкаў, каб спыніць «культурны каланіялізм», што яны не дазволяць замежным карпарацыям набываць час тэле- і радыёвяшчання, і г. д. Але, як сведчыць вопыт, вышэйзгаданыя дэкларацыі так і застаюцца абяцаннямі.

Для такога бяздзеяння маюцца сур'ёзныя падставы.

Па-першае, эканамічнае становішча краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы не дазваляе іх урадам і СМІ фінансава пахіснуць пазіцыі індустрыяльна развітых заходніх суседзяў у інфармацыйнай прасторы.

Па-другое, заканадаўчыя спробы «выцесніць» замежныя інфармацыйныя карпарацыі, як гэта мела месца ў Югаславіі на пачатку кіравання Слабадана Мілошэвіча, выклікае адпаведную рэакцыю ў Еўрапейскім Саюзе, стварае стэрэатып «недэмакратычнай дзяржавы» і, як вынік, шэраг санкцый, з якіх эканамічныя — яшчэ не самыя горшыя. (У дадзеным выпадку варта не забываць прафесійнае выслоўе: «Чатыры раззлаваных журналісты страшней за чатырыста жаўнераў».)

І па-трэцяе, нягледзячы на шматлікія праекты, дагэтуль у свеце не выпрацаваны універсальны комплекс законаў, які, з аднаго боку, гарантаваў бы незалежнасць сродкаў масавай інфармацыі, а з другога, «інфармацыйны суверэнітэт» краіны. Адзінае, што можа больш-менш надзейна гарантаваць, – гэта моц традыцый, якія бяруць пачатак з эпохі «індывідуальнага журналізму» ХVIII ст. Як сведчыць гістарычны вопыт ХХ ст., шчодрага на праявы таталітарызму, любое заканадаўства можа быць выкарыстана на шкоду дэмакратыі, аднак моц працяглых па часе традыцый можа істотна замінаць антыдэмакратычным праявам.

Такім чынам, для журналістаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы рэальным застаўся адзіны шлях – шлях назапашання менавіта такіх традыцый, шлях пераўтварэння мас-медыя ў рэальную «чацвёртую ўладу», шлях абароны «інфармацыйнага суверэнітэту» высокапрафесійнай якаснай працай.

Зразумела, гэты шлях зойме не адно дзесяцігоддзе, а пакуль жа праблема «культурнага каланіялізму» застаецца досыць балючай для мас-медыя краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Каб зразумець яе сутнасць, трэба ўзгадаць знакамітае выказванне Уінстана Чэрчыля: «Той, хто валодае інфармацыяй — кіруе светам». Агучаная паўстагоддзя таму, гэтая ісціна не страціла актуальнасці і ў наш час. Бо той, хто распаўсюджвае інфармацыю ў свеце, вобразна кажучы, прывучае ўвесь свет глядзець на тыя ці іншыя падзеі яго вачыма.

Як памятаем, дзяржаўныя СМІ Беларусі ў другой палавіне 1990-х гг. адлюстроўвалі пераважна пункт гледжання расійскай уладнай эліты на падзеі ў свеце, гэтаксама і СМІ краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы адлюстроўвалі пераважна пункт гледжання на сусветныя падзеі кіраўніцтва Еўрапейскага Саюза і Злучаных Штатаў Амерыкі. Прычына тут адна і тая ж — у крыніцах інфармацыі. У сваіх паведамленнях беларускія тэле- і радыёжурналісты абапіраліся на інфармацыю, якая паступала па каналах ІТАР-ТАСС, польскія, чэскія і венгерскія — па каналах Асашыэйтэд Прэс, Юнайтэд Прэс Інтэрнэшнл, Сі-Эн-Эн, Рэйтэр, Дойчэ Прэс Агентум, Франс-Прэс і г.д.

Канцэптуальны падбор фактаў, іх трактоўка, каментарый і аналіз — усё гэта не можа захоўваць журналісцкую непрадузятасць, калі ў канфлікце задзейнічаны нацыянальныя інтарэсы «супердзяржавы» ЗША, былой «звышдзяржавы» Расіі ці індустрыяльна развітых дзяржаў ЕС.

Дапускаючы ў сваю эфірную прастору навіны замежных інфармацыйных агенцтваў, краіны Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, па сутнасці, прымаюць і чужую трактоўку падзей. Адпаведна, грамадскую думку фарміруюць ужо не айчынныя СМІ, а замежныя мас-медыя. А пад уздзеяннем грамадскай думкі ўладныя структуры вымушаны, каб не пацярпяць паразу на будучых выбарах, прымаць адпаведныя рашэнні ў сферах знешняй ці ўнутранай палітыкі.

Такая сітуацыя не выглядае дзівоснай, калі ўлічыць, што ў другой палавіне ХХ ст. краіны Цэнтральнай і Усходняй Еўропы фактычна не мелі суверэнітэту ні ў знешняй, ні ў інфармацыйнай палітыцы. На працягу сарака пяці гадоў краіны–удзельніцы Варшаўскай Дамовы пераважна аднадушна падтрымлівалі ўчынкі СССР на міжнароднай арэне і асвятлялі сусветныя падзеі з пункту гледжання кіраўніцтва ЦК КПСС. Пасля 1990 г. сімпатыі іх уладных эліт дыяметральна змянілі накірунак — яны дэкларавалі намер увайсці ў Еўрапейскую Супольнасць і Паўночна-атлантычны саюз. Адпаведнымі сталі падтрымка ўчынкаў Злучаных Штатаў і ЕС на міжнароднай арэне ды адлюстраванне тых ці іншых падзей у СМІ.

Прынамсі, такая палітыка з пункту гледжання сучасных палітыкаў-прагматыкаў не лічыцца заганнай. Фактычная адмова ад уласнай знешняй палітыкі для Польшчы, Чэхіі, Венгрыі, Балгарыі і Румыніі, якія, у адрозненне ад Беларусі не абвяшчалі нейтралітэт, азначала вялікую эканомію сродкаў і гарантавала абарону з боку стратэгічных сюзнікаў ад знешняга ворага (маецца на ўвазе раздзьмуты ў папулісцкіх мэтах фактар «мусульманскага фундаменталізму»).

Яскравым прыкладам такой сітуацыі служыць асвятлення СМІ Цэнтральнай і Усходняй Еўропы пачатку «балканскага крызісу» — самай жорсткай еўрапейскай вайны канца ХХ ст. Распад Сацыялістычнай Федэратыўнай Рэспублікі Югаславія пачаўся, як вядома, увосень 1990 г., калі парламент Славеніі прыняў пастанову, згодна якой югаслаўскія федэратыўныя законы больш не распаўсюджваліся на рэспубліку. На рэферэндуме ў снежні 1990-га незалежнасць Славеніі падтрымалі 89 % выбаршчыкаў. Аднак гэты працэс яшчэ не разглядаўся сродкамі масавай інфармацыі краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы як пачатак сур'ёзных пераўтварэннях на палітычнай мапе кантынента. Так, «Газета выбарчая» ў рэдакцыйным артыкуле адзначала, што падобныя з'явы адбываюцца і ў СССР — савецкія рэспублікі штомесяц абвяшчалі дзяржаўны суверэнітэт, які, аднак, не меў канкрэтнага напаўнення, нават у прыбалтыйскіх рэспубліках. Польскае выданне назвала гэты цыкл «парадам папяровых суверэнітэтаў».