Пархвен мужна зносіў нечалавечыя катаванні і гэтак жа мужна памёр бы, не сказаўшы ворагам ні слова, але народныя мсціўцы вырвалі яго з рук катаў і прынялі ў свае баявыя рады.
Непераможнасць і неўміручасць нашага народа К. Чорны ў апавяданні «Вялікае сэрца» ўдала падкрэслівае праз цікавую мастацкую дэталь.
У апавяданні «Вялікае сэрца» дужасць і неўміручасць савецкага народа, нашай бацькаўшчыны сімвалізуе магутны дуб.
Стаяў гэты цар-дуб з развесістай кронай, высокі да хмар, і палохаў нямецкага каланіста Пфайфеля. Здавалася яму, што, прыкрываючыся гэтым дрэвам, як заслонай, у вёску ўварвуцца партызаны і знішчаць яго. І ён вырашыў—лепш знішчыць дуб! Але не было пілы, якая магла б захапіць ствол дрэва. Паспрабавалі яго паліць агнём. Цэлы абоз з дрывамі пацягнуўся да дуба, расклалі велізарньі касцёр. І ўсё—дарэмна. Абсмалены былі грудзі асілка, абгарэла голле, а ён усё стаяў, страшны для ворага. Прайшоў час, абпаленыя галіны пусцілі зялёныя парасткі. Яшчэ пройдзе час—і зноў зашуміць магутнаю кронай прыгожае велічнае дрэва.
Любоў да бацькаўшчыны, лютая нянавісць да чу-жынцаў, нястрымная прага помсты за кроў і слёзы людзей, што пралівалі гітлераўцы на нашай зямлі, зрабілі, як і Пархвена Катлубовіча, барацьбітамі з акупантамі і Банадыся Татарынчыка з апавядання «Прасторны дом», і героя апавядання «Папялішча», і безымянных герояў апавядання «Аксеніны сляды», і Мацея з апавядання «Паганыя косці», і жанчыну з апавядання «Агонь», і інш. 3 надзеяй і верай у перамогу ваюе з фашыстамі ўся сям'я з апавядання «Восень».
У радзе сваіх апавяданняў К. Чорны малюе карціны жахлівых зверстваў і разбою, як.ія чынілі ворагі над нашымі людзьмі, імкнучыся запалохаць іх, зрабіць паслухмянымі, адцягнуць ад партызанскай вайны. Пісьменнік паказвае, што на лютыя зверствы патрыёты адказвалі лютай барацьбой.
Гітлераўцы арыштавалі жанчыну і дапытваюцца, дзе брат Юрась (апавяданне «Бацька», 1942 г.). Прыгразілі застрэліць дачку Настачку, калі адмовіцца выдаць брата. Вось яна стаіць, дарагая, родная Настачка, стаіць і чакае ад маці ратунку. А любы брат Юрась? Ей трэба выбіраць паміж гэтымі двума людзьмі... Яна маўчала. Грымнуў стрэл, і Настачка павалілася і заціхла.
«— Дзе твой брат? — гучала раз-пораз у яе вушах, і гэты боль ішоў з вушэй у душу і сэрца і рваў чалавека на часткі. І нейк адразу ўся ўспыхнула. У вялікім парыве яна стала ва ўвесь свой рост і перасіліла слабасць. Яна яе больш не адчувала. Згінуў і боль у галаве. Толькі адчувалася кроў. Яна цякла з вушэй і з рота. Як толькі магла, яна пачала лавіць ротам паветра і страшным позіркам глянула на рыжага гітлераўца. Яна сама не пазнала свайго голасу:
— Наш Юрась адпомсціць за Настачку. У яго руках зброя. І я вам не скажу, дзе ён. І мой муж у Чырвонай Арміі. І Чырвоная Армія адпомсціць. І не будзеце вы панаваць над намі. Ніколі вы не дазнаецеся ад мяне, дзе Юрась.
Фашыст выстраліў ёй у грудзі, і яна ўпала нежывая».
Жорсткай помстай адказалі Юрась і яго бацька за гэтыя дзве смерці. Гнеў і нянавісць да акупантаў — шырыліся і мацнелі.
Пісьменнік у сваіх апавяданнях малюе такіх не па гадах дарослых, дачасна пасталелых у дні вайны дзяцей, расказвае пра пакуты і гора, якія ім даводзілася зносіць, часам нараўні з дарослымі. I, як пра самае ве-лічнае, апавядае мастак пра дзяцей, якія ўзнімаліся да гераічных учынкаў. 3 вялікай цеплынёй падаў ён гісторыю трынаццацігадовага Максіма, у якога памірала маці, прастрэленая немцамі ў грудзі (апавяданне «Матчына благаславенне». 1942 г.). Максім адпомсціў ворагу за матчыну смерць; злаўчыўшыся, ён усадзіў у сытую шыю нямецкага афіцэра нож, так што той і з месца не ўстаў. Маці апошнім промнем сваіх вачэй падзякавала сыну і благаславіла яго.
Станоўчыя героі ваенных апавяданняў К. Чорнага — самаадданыя патрыёты сваёй Радзімы. Яны жылі ў шчасці да варожага нашэсця. І яны, натуральна, сталі абаронцамі свайго шчасця, калі гітлераўцы ўзнялі на яго сваю чорную руку. Баявымі подзвігамі паказваюць яны сваю любоў да Радзімы.
Як і ў творах даваеннага часу, у апавяданнях, створаных у гады Вялікай Айчыннай вайны, К. Чорны паказаў сябе глыбокім знаўцам душы чалавека, яго псіхалогіі.
Мастацкае ўяўленне літаратара настолькі багатае, што пра каго б ён ні пісаў — перад намі паўстаюць жывыя тыпы з жывымі характарамі. Пісьменнік нібы становіцца на месца свайго героя і глядзіць на свет яго вачыма, адчувае яго сэрцам,— і мы выразна бачым перад сабой і «маленькую жанчыну» з «сваімі» дзецьмі на пакутнай дарозе вайны, і Пархвена Катлубовіча ў натоўпе местачкоўцаў у хвіліны, калі ён думае, як выратаваць гэтых людзей, і Лізавету, якая ўцякла з лагера і пехатой прайшла больш за пяцьсот кіламетраў, дабіраючьіся дадому («Восень»), і бацьку, у якога акупанты забілі дачку і ўнучку («Бацька»), і іншых.
Надзвычай паказальным у гэтым сэнсе з'яўляецца апавяданне «Смерць». Гэта—выдатнае сведчанне таго, як пісьменнік мог пранікнуць у псіхалогію сваіх герояў.
У творы вельмі мала дзеяння.
Пасля выгнання акупантаў салдат нямецкай арміі Клебер, які адбіўся ад свае часці і ратаваўся, спаткаўся са здраднікам-старастам Пацейчыкам, які таксама ратаваў сваю скуру. Некалькі дзён блукаюць яны, не ведаючы, куды падацца. Клебер не вытрымаў і здаўся ў палон; Пацейчыка знайшлі на полі апруцянелага.
Вось і ўвесь змест апавядання. Уся ўвага аўтара сканцэнтравана на раскрыцці думак і настрою герояў, іх адчуванняў. Пісьменнік зрабіў гэта бліскуча.
Перад намі два драпежнікі. Кожнаму здаецца, што другі яму дапаможа. Салдат Клебер узрадаваўся, убачыўшы Пацейчыка: ён памятаў гэтага старасту, які дапамагаў акупантам. Пацейчык — тутэйшы чалавек, яму знаёма гэтая мясцовасць, ён выведзе Клебера туды, дзе знаходзіцца яго армія. Узрадаваўся сустрэчы і Пацейчык: Клебер — усё-такі часцінка ваеннай сілы, ён — салдат і павінен ведаць, дзе войска і як туды трапіць.
Страх гняце іх абодвух. Усюды здавалася ім небяспека. Пагроза смерці была на кожным кроку.
Нібы абкружаныя паляўнічымі ваўкі, доўга блукалі яны. То траплялі ў лес, то выходзілі на поле. Чулі непадалёку страляніну, адзін раз — чалавечыя галасы. Жах гнаў іх з месца на месца. Яны пачалі не давяраць адзін аднаму, потым — ненавідзець. Пацейчык «ненавідзеў гэтага Клебера ўсімі сваімі помысламі і пачуццямі. Гэты Клебер сам шукае сабе ратунку, і ніякі ён не салдат, за якога можна трымацца. Ён толькі тады быў цвёрды і самаўпэўнены, калі ён, Пацейчык, паказваў яму ці каму-небудзь іншаму з іх, дзе чалавек закапаў хлеб. Цяпер гэтая гніда сама гатова ныць і енчыць аб ратунку».
У Клебера, у сваю чаргу, закіпала злосць на Падейчыка: «нікуды ён не варт—гэты тутэйшы мяшок. Дарог ён не ведае, смеласці не мае, і сам стараецца выратавацца за чужьімі плячыма».
Паступова, як бы «знутры», акрэслівае аўтар сутнасць сваіх герояў, раскрывае іх адчуванні. Ен амаль зусім не ўжывае дыялогу,— Клебер і Пацейчык не разумеюць адзін аднаго і «размаўляюць» толькі знакамі. Пісьменнік малюе знешнія дзеянні герояў, потым уяўляе сябе на месцы то аднаго, то другога і з дапамогай «унутранага» маналога перадае стан душы і настрой Клебера і Пацейчыка. І перад вачыма чытача жывымі праходзяць два агідныя тыпы ворагаў, якія з радасцю сустрэліся, а праз некалькі дзён гатовы былі адзін аднаму перагрызці горла.
Сатырычныя апавяданні і фельетоны К. Чорнага дзейсна служылі вялікай справе нашай перамогі. Пісьменнік шукаў новыя вобразныя сродкі для характарыстыкі аб'ектаў сатыры. Сама сатыра стала ў час вайны адным з найважнейшых напрамкаў яго творчасці.
Літаратура:
1.Бельскі А.І. Кароткі У.Г. Беларуская літаратура XI – XX ст.ст.- Мінск, 1999.
2. Казека Я. КузьмаЧорны. – Мінск, “Мастацкая літаратура”, 1980.
3. Кудраўцоў І. Кузьма Чорны. – Дзяржаўнае выдавецтва БССР, Мінск 1962.