Замак паступова страціў сваё значэнне як абарончы пункт. У ХVІІІ ст. значна была разбурана вялікая вежа, дах і перакрыцці праламіліся, абвалілася частка ўсходнян сцяны.
У сярэдзіне ХІХ ст. Крэўскі замак замаляваў мастак Н.Орда. Асабліва пацярпеў замак у час першай сусветнай вайны. Больш за 3 гады Крэва было фактычна на лініі фронту. Замак апынуўся на нямецкім баку абароны. Тут былі пароблены бетонныя сховішчы (у малой вежы і ля паўднёвай сцяны), назіральныя пункты, у час абстрэлу якіх сцены замка і вялікая вежа дужа пацярпелі. Шмат дзе цагляная абліцоўка сцен адслаілася, а месцамі нават паабвальвалася. Паўночная сцяна замка нахілілася да 10 градусаў. У 1929 г. яе ўмацавалі контрфорсам шырынёй у 2 м і закансервавалі. Абліцоўку галоўнай вежы звязалі жалезнымі зацяжкамі, а шчыліны залілі вапнай. Тады ж падмуравалі рэшткі паўночна-ўсходняй сцяны, умацаваныя эскарпам. Правялі шэраг іншых кансервацыйных работ, якія палепшылі стан замка. Дарэчы, некаторыя сучасныя даследнікі Крэўскага замка памылкова лічаць прымураваны ў 1915 г. да паўдневай сцяны нямецкі бункер за яшчэ адну старажытную замкавую вежу. Так гэты бункер трактуецца ў шэрагу апублікаваных прац, падаецца на некаторых сучасных планах замка і нават у рэканструкцыях. Цяпер устаноўлена, што гэтая прыбудова складзена з камянёў, павыбіваных з замкавых муроў снарадамі, прытым на цэментавым, а не на вапнавым растворы. Да таго ж тут выкарыстаны жалезабетонныя канструкцыі, якія да ХІV ст. не маюць ніякага дачынення. Пасля Другой сусветнай вайны стан замкавых муроў значна пагоршыўся.
У сярэдзіне ХІХ ст. вакол замка яшчэ можна было заўважыць рэшткі рва. Даследчыкі адзначалі, што яго шырыня каля 50 сажняў, і, мяркуючы па рэльефе мясцовасці, ён ніколі не быў глыбокі, бо запаўняўся вадою з сажалкі.
Помнік патрабуе неадкладнай растаўрацыі і кансервацыі.
2.3 Навагрудскі замак
Акрамя будаўніцтва новых нізінных замкаў, у XIV–XV стст. перабудоўваюцца і старыя драўляныя нагорныя дзядзінцы ў Навагародку, Віцебску і Гародні. Аснову гэтых замкаў склалі высокія вежы, злучаныя каменнымі мурамі. На тэрыторыі замкаў узводзяцца каменныя культавыя і жылыя пабудовы. У якасці прыкладу можна прывесці Наваградскі замак. Як азначае адзін з даследчыкаў беларускай архітэктуры М.Ткачоў, «гісторыя яго ўмацаванняў прайшла шлях ад простай агароджы-частакола да наймагутнейшага шматвежавага замка». Старажытная мураваная вежа накшталт Камянецкай з’явілася ў Навагародскім замку сярод драўляных зрубаў у другой палове ХІІІ ст. Яна мела чатырохвугольную ў плане форму, якая набліжалася да квадрата, і высокі падмурак, зроблены з вялікіх – да 1 м і больш – камянёў.
Шмат разоў падыходзілі да сцен замка крыжакі. Пасля аднаго з нападаў у канцы XIV ст. вежу давялося адбудаваць амаль поўнасцю, але ўжо не з каменю, а з цэглы.
Новая вежа Шчытоўка, квадратная ў плане, пабудавана ў традыцыйнай тэхніцы «лусковай» муроўкі, калі шчокі сцен рабілі з цэглы, а ўнутраную частку муру – з камянёў і цагельнага друзу на вапне. Вежа мела пяць паверхаў з перакрыццямі на бэльках. У ніжняй частцы знаходзілася брама. Муры праразалі арачныя байніцы, паверхі злучала лесвіца, «схаваная» ў тоўшчы паўднёвай сцяны. Рэшткі гэтай вежы захаваліся да нашых дзён.
Неўзабаве пасля будаўніцтва Шчытоўкі ўзводзяцца іншыя мураваныя вежы і муры замка. Спачатку з усходу ўзвялі яшчэ тры вежы і злучылі іх мураванымі сценамі. Вежы падобныя да Шчытоўкі, але ніжэйшыя і мелі тры паверхі. Да нашых часоў захаваліся рэшткі Касцельнай вежы і Малой брамы. З прычыны таго, што вады ў замку не было і толькі на ўсходнім схіле замкавай гары білі моцныя крыніцы, над адной з іх і паставілі дзесьці ў XIV ст. мураваную Калодзежную вежу.
У пачатку XIV ст. за замкавымі мурамі на двары зрабілі каменную царкву, якая потым шмат разоў перабудоўвалася, а крыху пазней, у сярэдзіне XIV ст., непадалёку ад царквы быў узведзены двухпавярховы каменны палац.
У канцы XV – пачатку XVІ ст. у беларусаў з’явіўся новы вораг – крымскія татары. У 1505 г. замак вытрымліваў аблогу вялікай татарскай арды султана Біці-Гірэя. У паўночна-заходняй частцы замка збудавалі магутную вежу, якую назвалі Дазорцай. Квадратная аснова вежы паступова пераходзіць у васьмярык. Гэтыя абрысы ўласцівы для замкавых вежаў, пастаўленых у часы росквіту беларускай готыкі.
Паступова ўсе драўляныя гародні ў Навагародскім замку змянілі мураваныя сцены. Таксама ў пачатку XVІ ст. ля паўднёва-ўсходняга схілу гары пабудавалі яшчэ дзве вежы, злучаныя мураванымі сценамі. Разам з Калодзежнай яны стварылі своеасаблівае дадатковае ўмацаванне, значна павялічыўшы фартыфікацыйныя якасці замка.
Захаваліся старажытныя гравюры ХІХ ст., якія даюць уяўленне пра яе вонкавы выгляд.
У нашы дні Навагрудскі замак патрабуе тэрміновай дапамогі. Пад замкаваю гарою залягае пласт грунтовых водаў. У падножжы Касцельнай вежы крыніцы вымываюць грунт з-пад фундаментаў і ствараюць эрозію замкавага схілу. Плануецца да канца года распачаць работы па інжынерных умацаваннях, накшталт тых, што рабіліся ў Каложскай царкве. Замак хавае яшчэ шмат сакрэтаў: як адзначаюць археолагі, тут можна праводзіць раскопкі кожны год і ўвесь час знаходзіць нешта цікавае.
Асноўныя работы, якія тут запланаваныя (пакуль мяркуецца, што гэта зойме каля пяці гадоў), будуць датычыць кансервацыі муроў і расчысткі тэрыторыі ад завезенага грунту. Разглядаецца таксама прапанова аб тым, каб у межах Шчытоўкі ў ніжнім ярусе зрабіць памяшканне з музейнай экспазіцыяй. Пачынаецца распрацоўка праектнай дакументацыі.
Глава 3. Умацаванае культавае дойлідства (Сынкавіцкая царква-крэпасць і Полацкая Сафія)
Для культавай архiтэктуры Беларусi канца 15-16 ст. характэрны новы тып пабудоў-храмы, прыстасаваныя да абароны, якiя ўваходзiлi ў сiстэму гарадскiх умацаванняў цi былi асобнымi кропкамi абароны у вясковых ваколiцах. У гэты час пашыраюцца мiжусобныя сутычкi памiж магнатамi, ад якiх больш за ўсе цярпеў просты люд. Сховiшчам для яго звычайна станавiлася бажнiца, нярэдка адзiнае ў наваколлi мураванае збудаванне. У ей можна было схавацца i адбiцца ад невялiкага атрада рабаўнiкоў, што спусташалi безабаронныя вёскii мястэчкi. Пiсьмовыя крынiцы паведамляюць пра шматлiкiя храмы-крэпасцi ў розных мясцiнах. Агульныя рысы кампазiцыi гэтых храмаў-кампактнасць аб'ёму, высокi шчыпцовы дах, абарончыя вежы з байнiцамii выразны падзел унутранай прасторы на абарончую i культавую часткi. Прыкладам такiх пабудоў з'яўляецца Сынкавіцкая царква - царква-крэпасць, Полацкая Сафія і іншыя ўмацаваныя культавыя забудовы.
Непадалёку ад горада Слоніма можна пабачыць адно з самых дзівосных збудаванняў ны Беларусі - Сынкавіцкую царкву. Яна высокая – здаецца, дастае да аблокаў. Сцены - з чырвонай старадаўняй цэглы, нібыта абпалены полымем шматлікіх войнаў, што пракаціліся па нашай шматпакутнай зямлі. Цяжка адарваць вочы ад гэтага надзвычай прыгожага помніка дойлідтва.
Сынкавіцкая царква - царква-крэпасць. Сведчаннем таму маўклівыя байніцы ў сценах Божага храма. За яго сценамі прашчуры не толькі тварылі малітву Усявышняму, але пры неабходнысці бараніліся ад ворагаў і перамагалі іх.
Падобная бажніца ёсць яшчэ толькі ў вёсцы Мураванка, што таксама знаходзіцца ў Гродзенскай вобласці.
Сынкавіцкая царква, на думку некаторых даследчыкаў даўніны, збудавана ў пачатку XV стагоддзя. Паданне кажа, што заклаў яе сам вялікі князь Вітаўт.
Можна лічыць цудам, што царква-крэпасць захавалася нязменнай да сенняшняга часу. Верагодна, часам яе пабудовы з'яўляецца канец XV - пачатак XVI ст.ст. Абарончую сістэму царквы ствараюць чатыры вежы і байніцы, размешчаныя пад скляпеннямі. У сярэдзіне вежаў есць лесвіцы, якія калісці вялі да байніц. Вокны ў храме ў мэтах паляпшэння абароны падняты высока над зямлей. Таўшчыня сцен каля 1,5 м. Будынак царквы мае выразныя элементы раманскай і гатычнай архітэктуры.
Царква-крэпасць — унікальны помнік абарончага дой-ідства гатычна-рэнесанснага стылю — была пабудавана 600 гадоў таму і захоўвае мноства таямніц і рамантычных паданняў. Царква нагадвае ўмацаваны замак са сценамі двухметровай таўшчыні. Па вуглах храма, бы волаты, стаяць чатыры цыліндрычныя вежы з байні-цамі, у сярэдзіне якіх размешчаны ярусы баявых галерэй. У розныя часы храм служыў не толькі месцам для богаслужэнняў, але і абараняў сялян ад спусташальных набегаў.
Гэта унікальная царква шмат чаго перажыла на сваім вяку. У 1656 годзе (падчас руска-польскай вайны) Мураванка была моцна пашкоджана, і аднавілі яе толькі праз некалькі гадоў. У 1706 годзе войскі Карла XII, ідучы праз Жалудок на Палтаву, па загаду караля абстралялі царкву, якая раззлавала яго сваім незвычайным велічным выглядам.
Пасля гэтых падзей храм прыйшоў у запусценне. Адрэстаўравалі яго толькі ў 1822 годзе. Рамонт у 1871—1872 гадах змяніў першапачатковы выгляд будынка. Заходнія вежы былі прыпадняты на цэлы сажань, і ў адной з іх зрабілі званіцу. Частку байніц заклалі. З невялікімі зменамі фасад храма захаваўся да нашых дзён.
У XVII стагоддзі Мураванка лічылася адной з самых багатых цэркваў на Беларусі. Ёй прысвячалі не толькі навуковыя працы, але і мастацкія творы. У XX стагоддзі храм перажыў цяжкія часы бязвер’я, быў закрыты і знявечаны, але дзякуючы намаганням вернікаў вярнуў сваё хараство і былую веліч.
Сёння царква зноў у цэнтры ўвагі вернікаў, навукоўцаў і турыстаў: яна заявіла пра сябе як прэтэндэнт на статус сусветнай культурнай спадчыны.
Полацкая Сафія на рубяжы XV і XVI ст. перабудавана ў пяцівежавую царкву-замак. Пятая вежа ўзвышалася над самым цэнтрам храма.
Узнікненне такога тыпу збудавання менавіта ў стольным Полацку заканамернае, бо гэты багаты і людны гандлёва-рамесніцкі горад на ўсходнім рубяжы ВКЛ лічыўся тады «ключом ад Лівоніі і самой Літвы». Валодаць такім «ключом» хацелі і Лівонія, і Маскоўская дзяржава, не кажучы ўжо пра вялікую ўладу. Рэальная пагроза знешняй небяспекі ставіла тут інкастэляцыю храмаў на парадак дня.