Смекни!
smekni.com

Замкі і крэпасці Беларусі XIV-XV ст (стр. 3 из 5)

Пра вежу старажытнага Турава вядома толькі, што яна ўжо ў 30-х гадах ХІХ ст. была таксама разбурана. Цяпер на Тураўскім гарадзішчы ад яе засталося адно амаль круглае ўзвышша.

Дзве абарончыя вежы – адна на Верхнім, другая на – Сярэднім замку – меліся ў найстаражытным горадзе Беларусі – Полацку. Час іх узвядзення невядомы, аднак архаічныя рысы планава-кампазіцыйнага характару – размяшчэнне ў цэнтры замка, незвязаннасць са сценамі – дазваляюць меркаваць, што ўзведзены яны былі не пазней XIV ст. Ва ўсякім разе, полацкія вежы існавалі яшчэ ў канцы 70-х гадоў XIV ст. Абедзве вежы добра відны на акварэльным малюнку С. Пахалавіцкага “Аблога Полацка Стэфанам Баторыем у 1579 г.”

Інвентар Полацка 1580 г., пры пералічэнні ўмацаванняў Верхняга замка, ніводную з вежаў не называе. Гэта дае падставу меркаваць, штояны былі пебудаваны з дрэва і, верагодна, згарэлі ў час аблогі 1579 г. Традыцыя ўзводзіць адзіночныя вежы пасярод замкавага дзяцінца шырока існавала на Беларусі нават да XVІІ ст. Яны вельмі часта спалучалі і выконвалі разам з чыста абарончымі функцыямі функцыі гаспадарчыя.

Як сведчыць “Попіс замку" Радашковіцкага за 1549 г., на панадворку яго ў абкружэнні драўляных гародняў і чатырох вежаў асобна стаяла яшчэ адна, пятая, вежа. Яна мела чатыры паверхі і ўзвышалася над усімі вежамі.

У Шклове, у 1661г., акрамя гарадскіх фартыфікацыйных збудаванняў існавалі драўляныя ўмацаванні замка графаў Сяняўскіх. Тут сярод дзяцінцаў таксама стаяла высокая, сечаная з бруса шматярусная вежа, з якой у час аблогі вёўся абстрэлподступаў да замка.

Такім чынам, у другой палове ХІІІ-XVІІ ст. у Беларусі былі шырока распаўсюджаны замкі з адзіночнымі вежамі-данджонамі. Іх узнікненне звязана як з уплывам заходнееўрапейскага ваеннага дойлідства, так і з далейшым развіццём ваенна-інжынернага мастацтва славянскіх народаў.


Глава 2. Вялікакняжацкія замкі і ўмацаваныя гарады XIV-XV стст

2.1 Лідскі замак

Адным з першых на Беларусі замкаў новага тыпу з’яўляецца Лідскі, пабудаваны ў 30-х гадах XIV ст. Велічныя муры ўзведзены на штучным насыпе са жвіру, пяску і камянёў у балоцістай сутоцы дзвюх рэчак – Лідзеі і Каменкі. Спачатку замак меў адну вежу ў паўднёва-ўсходнім куце і чатыры высокія 15-метровыя сцяны з баявой галерэяй. У замку было два ўваходы. Адзін з іх, паўцыркульнай формы, знаходзіцца ў паўднёвай сцяне на вышыні 4 м ад першапачатковага ўзроўню двара, недалёка ад замкавай вежы. Другі, у форме паўкруглай аркі вышынёй 2,5 м, праразае заходнюю замкавую сцяну і знаходзіцца на ўзроўні зямлі. Захаваліся рэшткі былой брамы. Гэта два вялікія камяні ў аснове арачнага праёма з круглымі адтулінамі для металічных слупкоў, на якіх трымаліся вароты. З боку двара да малога ўвахода пазней прыбудавалі падковападобнае абарончае збудаванне, ад якога захаваліся моцна пашкоджаныя падмуркі. Калі вораг і здолеў бы выламаць вароты, то трапіў бы ў каменны мяшок, дзе не было паратунку.

З поўначы, на адлегласці 7–10 м ад замкавых муроў, праходзіў глыбокі роў шырынёй каля 20 м, які злучыў абедзве ракі і абараніў замак з боку горада.

Замкавыя муры ў асноўным збудаваны з палявога каменю. Звонку яны складзены з вялікіх, часам крыху абчасаных валуноў. Камяні падабраны да аднаго па памерах і пакладзены роўнымі гарызантальнымі радамі. Прамежкі паміж імі запоўнены каменнымі клінамі і замазаны рошчынай. Унутраная частка сцен складзена з дробных камянёў. З цэглы зроблены вуглы замкавых вежаў і сцен, дэкаратыўныя паясы на фасадах, аркі, скляпенні, байніцы.

У канцы XIV – пачатку XV ст. крыжакі ўжо мелі гарматы. Таму беларускія і літоўскія замкі сталі прыстасоўваць да агнястрэльнай зброі. У Лідскім замку былі пабудаваны яшчэ адна замкавая вежа і новы вялікі ўваход недалёка ад яе, які праразаў усходнюю сцяну на вышыні 2,5 м ад узроўню зямлі.

Рэшткі гэтай вежы былі раскапаны ў 1977 г. Захаваўся амаль увесь першы паверх. Вежа мела ўваход у выглядзе аркі з боку двара і лесвіцу ў тоўшчы заходняй сцяны, якая вяла на верхнія паверхі. Абедзве вежы Лідскага замка былі пакрыты дахоўкай, шматлікія рэшткі якой знойдзены падчас раскопак. Дахоўка мае паўцыркульную карытападобную форму з мацавальным шыпам пасярэдзіне ад яе шырокага краю. Некаторыя экземпляры яе маюць яшчэ і дадатковы маленькі шып у цэнтры ўнутранай паўакружнасці шырокага краю дахоўкі. Маленькімі шыпамі яна чаплялася за падоўжаныя жэрдкі, прыбітыя да крокваў даху, а вялікія шыпы ўтрымлівалі адну дахоўку на другой. Прамежкі паміж радамі даховак замазваліся вапнавай рошчынай. Гэтая самая старадаўняя дахоўка на Беларусі датуецца канцом XIV – першай паловай XV ст.

Лідскі замак у XV ст. уяўляў моцную абарончую пабудову з аднапавярховымі драўлянымі будынкамі па перыметры замкавых муроў для гарнізона і складоў, сярод якіх вызначаўся дом каменданта. Такі тып замкаў быў распаўсюджаны тады ў Прусіі і па іншых прыбалтыйскіх землях. Зараз замак адбудоўваецца.

Гістарычны лёс замка ў Лідзе даволі складаны. У XIV ст. яго муры не раз стрымлівалі напады крыжакоў. У XV ст. яго зачапілі міжусобныя феадальныя войны, а ў пачатку XVІ ст. пад замкавымі мурамі апынуліся крымскія татары. Летам 1659 г. замак пасля доўгай аблогі і штурму быў захоплены войскам рускага ваяводы Мікіты Хаванскага і цалкам спалены. Увесь час Лідскі замак належаў дзяржаве і ахоўваўся мясцовай шляхтай. Да канца XVІІІ ст. у замку праходзілі гарадскія суды. У пачатку XVІІІ ст. яго моцна пашкодзілі шведскія войскі, якія ўзарвалі вежы і ўсе куты замкавых сцен.

На пачатку ХХ ст. замак часткова закансерваваны. Разабраны небяспечныя часткі каменных муроў, а верхняя частка сцен замацавана цэментным растворам. Пасля Рыжскага пагаднення у 1920 г. Ліда аказалася у межах Польшчы. Замак крыху паднавілі рэстаўратары. Унутраны ж двор служыў розным мэтам - як футбольнае поле, як цыркавая арэна. Узімку тут разбіваўся лядовы каток. У чэрвені 1941 года на Ліду пасыпаліся нямецкія бомбы. Горад зноў быў спалены. Замак жа быў непашкоджаны. Пасля таго, як у горад увайшлі гітлераўскія войскі, у замку знаходзіўся шпіталь, а пасля замкавы двор выкарыстоўваўся як пляц для супрацьпаветранай абароны. Акрамя таго - на тэрыторыі замка размяшчаліся вялікія запасы амуніцыі. У 1944 г., калі Чырвоная Армія падыходзіла да горада, ваенныя склады ў замку былі ўзарваныя, але сцены засталiся некранутымi.

У 1978 г. распачата комплексная рэстаўрацыя Лідскага замка, якая цягнецца да нашых дзён. Рознага за сем няпоўных вякоў пабачылі сцены Лідскага замка. Былі ў яго жыцці і ўрачыстыя хвілiны: у 1387 годзе Польскі кароль і Вялікі князь Літоўскі Ягайла прымаў у замку прысягу ад свайго брата Скіргайлы, полацкага князя. Былі таксама і вялікія шматтыднёвыя святы: у 1422 годзе ў замку шырока і бліскуча адзначаўся шлюб прастарэлага караля Ягайлы з маладзенькаю 17-гадовай Сафіяй Гальшанскай - родапачынальніцы каралеўскай дынастыі Ягелонаў. Былi і трагічныя гадзіны: у ліпенi 1506 года ў замку памiраў кароль польскі і Вялікі князь Літоўскі, Рускі і Жмудзкі Аляксандр; тут у прысутнасці ўсёй ліцвінскай знаці і жонкі Алены Іаанаўны - дачкi Вялікага князя Маскоўскага Іаана 3, ён прычасціўся і падпісаў тастамант. Добры дзесятак разоў пажары і войны выпальвалi горад да тла: толькі за першую палову ХХ ст. Ліда восем разоў пераходзiла з рук у рукі. Замак бачыў амаль усіх польскіх каралёў XIV-XVІІІ ст., а таксама Карла 12, Паўла 1, Аляксандра 1, Мiкалая 2, Адама Міцкевіча, Ігната Дамейку, Фелікса Дзяржынскага, Льва Троцкага, Юзафа Пілсудзкага. Знікала з аблічча зямлі мноства гарадзкіх пабудоў: ратуша, кармяліцкі кляштар, сінагога, цэрквы Сьвятога Спаса, Прачысьценьская, вадзяны млын і іншыя пабудовы, а замак устаяў і аднаўляецца.


2.2 Замак- кастэль у Крэве

Калі ў Лідскім замку вежы не выходзілі за межы сцен, то галоўная вежа Крэўскага замка (Княская), збудаванага ў канцы ХІІІ – пачатку XIV ст., значна выходзіць за перыметр замкавых муроў. Вежа памерам 18,6х17 м мела не менш як тры паверхі, сутарэнне-турму і была прыстасавана пад жыллё. Пакоі князя знаходзіліся на другім паверсе, дзе вокны значна большыя і шырэйшыя і, верагодна, былі аздоблены фрэскамі. Сутарэнні, відаць, мелі гатычныя скляпенні, такія ж, як вежы Лідскага замка. Летам 1988 г. падчас археалагічных раскопак унутры Княскай вежы былі знойдзены рэшткі цаглянага слупа, на які абапіраліся рэбры скляпення, шмат кавалкаў профільных нервюрных цаглін і вялікая колькасць фрэсак. На адным фрагменце добра праглядаецца чалавечае аблічча. Сцены Крэўскага замка маюць розную даўжыню, а іх таўшчыня ў аснове каля 3 м. Крыху пазней Княскай у паўночна-ўсходнім куце замкавага двара ўзвялі яшчэ адну вежу (11х10,65 м), якая мела не менш як 4 паверхі. Абедзьве вежы і баявая галерэя былі пакрыты чырвонай паўцыркульнай дахоўкай, вельмі падобнай да лідскай.

Крэўскі замак – сведка шматлікіх гістарычных падзей. Тут у сутарэннях Княскай вежы быў забіты вялікі князь літоўскі Кейстут, знаходзіўся ў палоне Вітаўт, у жніўні 1385 г. у замку была падпісана унія паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Каралеўствам Польскім. За сваю гісторыю Крэўскі замак быў сведкам многіх гістарычных падзей. У 1382 г. тут, у падзямеллі Княжацкай вежы, быў задушаны па загаду Ягайлы яго дзядзька князь Кейстут, асноўны прэтэндэнт на велікакняжацкі прастол, галоўны праціўнік Ягайлы. У 1385 г. у Крэўскім замку былі прыняты ўмовы аб'яднання Літвы і Польшчы пад уладай Ягайлы (вядомае ў гісторыі як Крэўская вунія). У 1443 г. замак быў узяты войскамі князя Свідрыгайлы, які ваяваў за велікакняжацкі прастол з князем Жыгімонтам. У 1503-1506 гг. замак абкладалі і значна разбурылі войскі перакопскіх татараў. Пазней тут, у Княжацкай вежы, жыў беглы князь Андрэй Курбскі. Аднак ужо ў ХVІ ст. вядомы дыпламат Сігізмунд Герберштэйн адзначаў, што Крэва - горад «з пакінутым замкам».