М.Ткачоў пераканаўча паказаў высокі ўзровень фартыфікацыйнай сістэмы і арганізацыі абароны беларускіх гарадоў і мястэчак, асабліва Падняпроўя і Паддзвіння, у XVI - XVIII стст. На яго думку гэта была рэакцыя на складаныя і небяспечныя адносіны ў гэты час з суседняй Маскоўскай дзяржавай. Паводле М.А. Ткачова, амаль да сяр. XVIII ст. захоўвалася вайсковая арганізацыя гараджан з падзелам на дзясяткі, сотні і паўкі, вядомая ад часоў Кіеўскай Русі. Нормы і артыкулы магдэбурскага права толькі ўдасканалі структуру вайсковай арганізацыі гараджан, надаўшы ёй еўрапейскіх рысаў. Амаль суцэльная, пагалоўная, узброенасць мяшчанаў – характэрная рыса беларускага сярэднявечча і новага часу. І, менавіта, апалчэнні гараджан і насельніцтва валасцей даволі часта выконвалі галоўную, выключную ролю ў абароне гарадоў і замкаў. На думку М.А. Ткачова, вайскова-манументальнае дойлідства Беларусі ў XIV-XVIII стст. заўсёды адпавядала патрабаванням часу і спрыяла фармаванню прыгожага аблічча беларускіх гарадоў.
Наш зямляк Тэадор Нарбут, аўтар шматтомнай гісторыі беларускага і літоўскага народаў, даследаваў Лідскі замак, асабліва замкавыя вежы, рэшткі якіх тады яшчэ захоўваліся на значную вышыню. Другі гісторык Міхал
Балінскі апісаў Крэўскі і Гальшанскі замкі, вывучаў помнікі Смаргоні, Лоска, Ляхавіч, Слуцка, Быхава, Пінска і іншых гарадоў. Помнікі старажытнай архітэктуры Беларусі – замкі, цэрквы, касцёлы і інш. – вывучаў вядомы беларускі археолаг ХІХ ст. Канстанцін Тышкевіч, які стварыў у сябе на радзіме, у Лагойску, музей старажытнасцей. У прадэсе абследавання помнікаў была вывучана гісторыя развіцця тэхнікі каменнай муроўкі, эвалюцы будаўнічых матэрыялаў (цэглы, дахоўкі, плітак падлогі) і архітэктурна-дэкаратыўнай керамікі (фасадныя пліткі і кафля). Апісаннем беларускай нацыянальнай спадчыны займаўся вучоны, пісьменнік і краязнавец А. Г. Кіркор.
Свае працы праблеме абарончага дойлідства прысвяцілі В. Чантурыя, Ю. Якімовіч, А. Лакотка і г. д. Вялікую
работу за апошнія 30 гадоў правялі мастацтвазнаўцы і гісторыкі беларускай архітэктуры. Некалькі прац па гісторыі старажытнага дэкаратыўнаўжытковага мастацтва і архітэктуры надрукаваў Міхаіл Кацар.
Пад кіраўніцтвам Уладзіміра Чантурыі праведзены абмеры пошукаў беларускага дойлідства і абследаваны гістарычныя цэнтры ў цэлым шэрагу гарадоў рэспублікі. ён аўтар некалькіх падручнікаў і манаграфій па гісторыі беларускай архітэктуры.
Тамара Чарняўская прысвяціла манаграфіі помнікам старажытнай і сучаснай архітэктуры Магілёва, Віцебска і Мінска (апошняя ў сааўтарстве з Аленай Пятросавай). Драўлянае дойлідства беларускага Палесся добра пададзена ў кнізе Юрыя Якімовіча. Цікавую працу пра архітэктуру палацаў і старадаўніх сядзіб XVIII — пачатку XIX ст. напісау Анатоль Кулагін.
Сумесна з Валянцінай Караткевіч ён выдаў кнігу аб помніках Слоніма. Пяру даследчыка належыць таксана капітальная манаграфія, прысвечаная беларускаму ракако. Разнастайнае ўбранне інтэр'ераў можна ўбачыць у каляровых альбомах, складзеных Надзеяй Фёдараўнай Высоцкай.
Вялікім укладам у справу вывучэння і аховы нашай архітэктурнай спадчыны з'яўляюцца сямітомны «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» і пяцітомная «Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі». Выйшлі ў свет першыя тры тамы шматтомнага выдання «Гісторыя беларускага мастацтва».
Даследчыкамі быў выказаны шэраг навуковых думак, якія сталі асновапалагаючымі. У прыватнасці, даследчыкі паказалі, што развіццё абарончага дойлідства на беларускіх землях мела складаны характар. Яно спалучала як мясцовыя ўласна беларускія традыцыі, так і элементы заходяга дойлідства. У гэтай сувязі асабліва цікавым уяўляецца разгляд развіцця абарончага дойлідства на Беларусі ў агульнаеўрапейскім кантэксце.
Мэта маёй працы - даць комплексны аналіз абарончага дойлідства Беларусі XIV-XV стст. у кантэксце агульнаеўрапейскай палітычнай, эканамічнай і культурнай гісторыі. У гэтай сувязі я паставіла перад сабою дзве асноўныя задачы:
- паказаць асаблівасці абарончага дойлідства на беларускіх землях XIV– XVстст.;
- ахарактарызаваць комплексы Беларусі ў XIV - XV стст. як абарончыя, эканамічныя і культурныя цэнтры.
У дадзенай працы мне б хацелася не проста абагульніць вопыт папярэдніх даследчыкаў, а знайсці новыя фактары развіцця абарончых збудаванняў, якія маглі б істотна паўплываць на сучаснае бачанне праблем развіцця культуры і фартыфікацыйнай справы на Беларусі.
Глава 1. Вежы - данджоны на Беларусі
1.1 Камянецкая вежа
Камянецкая вежа з'яўляецца ўнікальным помнікам абарончага дойлідства канца XIII ст. Гэта адзіная цэлая пабудова з групы так званых валынскіх веж, што некалі існавалі ў радзе беларускіх гарадоў.
Гісторыя вежы цесна звязана з горадам Камянцом, што ўзнік як пагранічны апорны пункт князя Уладзіміра Васількавіча супраць літоўскага князя Трайдзеня, з якім не раз прыходзілася ваяваць. У 1276 г., пасля чарговага замірэння з Трайдзенем, Уладзімір Васількавіч вырашыў на раке Лясной залажыць “град”. З гэтай прычыны сюды быў пасланы вядомы “градаруб” Алекса, які яшчэ пры бацьку Уладзіміра Васількавіча шмат гарадоў “зрубіў”. А праз нейкі час у новым горадзе пры ўладзе тутэйшых жыхароў узвялі каменны столп.
Дакладна дата збудавання гэтага помніка старажытнай архітэктуры невядома. Мяркуючы па звестках Іпацьеўскага летапісу, вежу вымуравалі прыблізна між 1276 і 1288 гг.
Вышыня пяціяруснай вежы 30 м, тыўшчыня сцен 2,5 м, вонкавы дыяметр 13,6 м. Стаіць на магутным падмурку з каменю. Змуравана з брусковай цэглы цёмна-чырвонага і жаўтаватага колеру ў тэхнiцы “балтыйскай” муроўкi – два лажкі паслядоўна чаргуюцца з адным “тычком”. Сцены вежы прарэзаны байніцамі, паміж якімі на вонкавай паверхні сцяны размешчаны чатыры плоскія нішы з паўцыркульным завяршэннем. Над 5-м ярусам захаваліся рэшткі цаглянага купальнага скляпення з патоўшчанымі рэбрамі, якія заканчваюцца ўнізе невялікімі кранштэйнамі з вузкім паяском. З 5-га яруса пачынаецца цагляная лесвіца-ход, што вядзе наверх да баявой пляцоўкі. Пляцоўка акружана чатырнаццаццю зубцамі, якія маюць скразную адтуліну, роўную па форме лажку цагліны. У двух зубцах зроблены вузкія акнападобныя праёмы. Завяршэнне вежы акружана зубчастай стужкай парэбрыка.
Камянецкая вежа спазнала нямала выпрабаванняў. Не раз, пачынаючы з 1373 г., на горад нападалі рыцары-крыжакі. У 1375 г., атрад крыжакоў абрабаваў ваколіцы Камянца і забраў шмат палонных і жывёлы. Праз тры гады рыцарам удалося штурмам захапіць горад і спаліць. У 1384г. Яны зноў напалі на Камянец.
У 1382 г. Камянец захапіў польскі князь Януш Мазавецкі. Толькі праз год, пасля тыднёвай аблогі, горад вярнуў назад князь Ягайла. У час доўгай звады між Ягайлам і Вітаўдам, у 1390 г., Ягайлу зноў давялося браць Камянец штурмам. Аднак горад быў важным стратэгічным пунктам, які да таго ж стаяў на скрыжаванні гандлёвых шляхоў. Таму яго ўмацаванні хутка адбудоўвалі і трымалі ў належным стане. Дамінантай гарацкой абароны была вежа. Яна знаходзілася ў сярэдзіне кальцавога вала, на вяршыні якога стаялі драўляныя ўмацаванні.
Пад час вайны паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскай дзяржавай горад і яго ўмацаванні так пацярпелі, што Сейм быў вынушаны ў 1661 годзе вызваліць камянец ад падаткаў на чатыры гады. У 1771 г. Горад зноў складаўся з «места» і замка. Яшчэ ў ХІХ ст. вакол Камянецкай вежы існавалі рэшткі драўлянага замка, які з трох бакоў быў абведзены рвамі, а з чацьвёртага бараніўся рэчкаю. З яе боку, відаць, і быў уваход у замак.
Што датычыцца назвы “Белая вежа”, якая трывала замацавалася за Камянецкай вежай, трэба прызнаць, што назва гэта вельмі позняя. Яна ўзнікла ў ХІХ ст., калі вежай як помнікам зацікавіліся царскія ўлады і сам цар, які ездзіў на паляванне ў Белавежскую пушчу на паляванне. У 1903 годзе выйшла кніга П. Карцава “Белавежская пушча”, дзе зусім памылкова пісалася, што Камянецкая вежа стаіць не на р. Лясной, а не р. Белай. Ад яе, нібыта, і атрымала сваю назву вежа, а паздней, быццам, і бліжэйшая пушча пачала называцца Белавежскай. Адпаведна другой версіі, прыдуманнай мясцовым свяшчэннікам Л. Паеўскім, вежу называлі Белай таму, што яе ў старажытнасці бялілі. На самой жа справе ўпершыню яе пабялілі ў 50-х гадах мінулага стагоддзя. З 1960 г. у Камянецкай вежы знаходзіцца філіял Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.
1.2 Вежы аналагічныя Камянецкай
З розных крыніц вядома, што абарончыя вежы, падобныя Камянецкай, меліся ў Брэсце, Тураве, Полацку, Гродна і Навагрудку.
Берасцейскі стоўп, паводле Іпацьеўскага летапісу, быў вышынёю як Камянецкі. Устаноўлена, што Берасцейская вежа знаходзілася на паўднёва-ўсходнім краі мыса старажытнага гарадзішча, размешчанага на правым беразе р. Буг. На ўсіх планах горада за 1798, 1800, 1803, 1830 гг. Яна пазначана. У пачатку 30-х гг. ХІХ ст., у час перабудовы замка і ўзвядзення бастыёнаў Брэсцкай крэпасці, вежу разабралі. Яе графічныя сляды на планах дазваляюць меркаваць, што вежа была не круглай, а чатырохвугольнай. Заходзячы з гэтага, можна лічыць, што вежа старажытнага Бярэсця больш паходзіла на такую ж вежу ў Стоўп’і, што на Валыні, чым на Камянецкую. Але форма яе, выцяфгнутая і тонкая, відаць дазволіла летапісцу параўнаць Берасцейскую вежу з Камянецкай.