Смекни!
smekni.com

Заходняя Беларусь пад акупацыяй Польшчы (стр. 8 из 9)

Некалькі год раней, дэлегацыя беларускіх культурна-прасьветных арганізацыяў паехала ў Варшаву да цэнтральных уладаў з жалямі на зачыняньне ўрадам беларускіх школаў; адзін з польскіх міністраў заявіў дэлегацыі: "Запэўняю вас, што праз дзесяць гадоў у Польшчы нават са сьвечкай ня знойдзеце ні аднаго беларуса".

Як відаць з сакрэтнага пляну аб справе польскага ўладаньня ў Наваградзкім ваяводзтве, з красавіка 1939 г., палякі мелі праводзіць узмоцненую палітыку асыміляцыі беларусоў і вынішчаньня рэштак беларускасьці. У галіне рэлігійнага праваслаўнага жыцьця сакрэтны плян прадбачаў наступнае: "Праваслаўных сьвятароў улады мелі далей уцягваць па-за царквой да грамадзкай працы ў арганізацыях з моцнымі польскімі падставамі, імкнучыся, каб яны ў прыватным жыцьці карысталіся польскай мовай і, каб чуючыся палякамі, або прынамся лёяльнымі грамадзянамі дзяржавы, у падобным духу навучалі сваіх аднаверцаў. Апрача таго, справу прызначаньня новых настаяцеляў праводзілі з увагай на інтарэсы дзяржавы". "Зьвернена была ўвага і на навуку рэлігіі ў школах папольску. Адміністрацыйныя ўлады думалі, што моладзь, вучачыся рэлігіі папольску, па сканчэньні школаў сама будзе дамагацца багаслужэньня папольску, бо мовы расейская і царкоўна-славянская ня будуць для яе зразумелымі, і тады яна сама будзе дамагацца палянізацыі царквы".

Заместа даўна абяцанага дэкрэтам прэзыдэнта дзяржавы царкоўнага сабору, які павінен быў урэгуляваць юрыдычнае палажэньне і адносіны праваслаўнай царквы да дзяржавы, польскі ўрад увёў у жыцьцё статут, які поўнасьцю ўзалежніў царкву ад вышэйшай і ніжэйшай сьвецкай адміністрацыі. Расейская праваслаўная іерархія і духавенства, заместа таго, каб разам з беларускім народам, абапёршыся на беларускіх рэлігійна-нацыянальных асновах, супроцьстазіцца полёнізацыйнаму наступу, пайшлі на ўгоду з польскай палітыкай, разам дэнацыяналізуючы беларусоў.

Палякі стварылі адумысловы дзейнік: "праваслаўных палякаў", у рамы якога хацелі ўлажыць праваслаўных беларусаў, якія праз праваслаўную царкву захоўвалі сваю нацыянальную апрычонасьць. У Вільні, Горадні, Наваградку і Варшаве былі заснаваныя аддзелы арганізацыі праваслаўных плякаў і там-жа пачала выдавацца праваслаўная прэса папольску. Па пастанове мітр. Дзяніса ў 1934 г. былі перакладаныя на польскую мову праваслаўныя багаслужбовыя кнігі. У 1936 г. былі перакладзеныя на польскую мову літургічныя кнігі і з благаслаўленьня Сыноду рассылаліся ўрадава праз кансысторыі па прыходах бясплатна.

Кансысторыі некаторых епархіяў пачалі рассылаць па благачыньнях інструкцыі, каб кожную нядзелю ў цэрквах адбывалася для моладзі раньняя абедня на польскай мове, з пропаведзяй папольску, а на заканчэньне - польская патрыятычная песьня: "Божэ цось Польскэн." Праваслаўныя палякі арганізавалі свае гурткі па прыходах і дапільноўвалі полёнізацыйнай акцыі царквы. На польскія дзяржаўныя сьвяты, як: угодкі канстытуцыі 3-га траўня, паніхіда па Я. Пілсудзкім і інш., ува ўсіх цэрквах павінны былі адбывацца багаслужэньні папольску. На польскія дзяржаўныя багаслужэньні звычайна прыходзіла жменька праваслаўных палякаў урадаўцаў, а народ ня прыходзіў тады ў царкву. Калі сьвятары служылі на царкоўна-славянскай мове, то народ прыходзіў у царкву, але як толькі сьвятар пачынаў прапаведываць папольску, то народ выходзіў з царквы і варочаўся па сканчэньні пропаведзі. Шэраг сьвятароў адмовіўся прапаведываць папольску, за што яны былі звальняныя з прыходаў па загаду ваяводзтваў, на аснове 3-га пункту "Часовых правілаў", як: сьв. Сеўба, сьв. Бекарэвіч і інш. За адмову праводзіць полёнізацыйную дзейнасьць сьвятаром ня толькі забаранялі служыць, але высялялі іх з мейсцаў жыхарства, накладалі грашовыя кары ад 200 да 1200 злотых, арыштоўвалі, дэпартавалі ў канцэнтрацыйны лягер ў Бярозе Картускай (сьв. Сеўба).

Пастаўскі стараста выклікаў к сабе благачыннага, сьв. Паўлу Выдрыцкага, і пагражаў яму дэпартацыей у СССР за неправоджаньне полёнізацыйнай працы. Благачынны сьцьвярджаў, што ён ёсьць польскі грамадзянін і ніхто ня мае права высяліць яго з Польшчы.

Некаторыя благачынныя тлумачылі ў ваяводзтвах бясскуткоўнасьць багаслужэньняў і пропаведзяў папольску, бо гэта адпіхае наагул народ ад царквы. На падобнае выясьненьне Лідзкага благачыннага, прат.А. Апанасэвіча, у Наваградзкім ваяводзтве, адпаведны ўраднік яму заявіў, што сьвятары павінны настойліва дзеіць у вызначаным кірунку, бо яны кіруюць цэрквамі і зьяўляюцца ўсім, а народ - "быдла" і павінен слухацца.

Шэраг дадзеных сьцьверджае, што палякі праводзілі набліжэньне праваслаўя да вуніі. Праваслаўныя палякі, у выдаваным за дзяржаўныя грошы часапісе: "Православнэ Слово", выхвалялі царкву ў былой Рэчыпаспалітай да 1772 г., аднак яны прамоўчвалі, што гэта была вуніяцкая, а не праваслаўная царква. У гэтую пару іезуіт, кс.Я. Урбан са Львова, літаральна закідаў усе праваслаўныя прыходы Беларусі вуніяцкай літаратурай папольску, рассыланай бясплатна і без запатрабаваньня. Тэй-жа мэце служыла ўзнаўленьне акцыі прымусовага ўвядзеньня ў праваслаўную царкву новага календара ў 1938 г. Глум, зьдзек і паніжаньне праваслаўя суправаджалі гэту акцыю, праводжаную на гэты раз з рашучым тэррорам. Напр., дня 24 чэрвеня 1939 г. па старому стылю, вернікі сабраліся на багаслужэньне на сьвята Яна ў Рачавіцкай царкве, Вялейскага павету. Прыбыўшая ў вялікай колькасьці паліцыя з воласьці ў Войстаме, уварвалася ў царкву, паськідала і патаптала сьвечкі, а народ бізунамі выгнала з царквы, не дапушчаючы да багаслужэньня па старому стылю. Наагул новы стыль такім шляхам прыняўся на Горадзеншчыне і Піншчыне, а Віленшчына адстаяла стары стыль і стасаваньне стылю ў царкоўным жыцьці было пакінена "на апінію настаяцеля".

Ад 1938 г. палякі распачалі палянізацыю праваслаўнай іерархіі згары. На дамаганьне польскага ўраду былі высьвячаныя два новыя япіскапы, якія адразу абвесьцілі сябе палякамі: Мацей і Цімахвей. Япіскап Мацей (Сямашка) быў прызначаны Віленскім вікарным япіскапам, аднак ён адразу ўзяў у свае рукі ўсё кіраўніцтва Віленскай епархіяй. Неадкладна ён разгарнуў шырокую палянізацыйную дзейнасьць, спатканую варожа ўсім праваслаўным насельніцтвам. Хутка па сваім прыбыцьці яп. Мацей адслужыў у сьв. Духавай царкве малебен удзячнасьці і прапаведываў папольску. Народ стаў на калені і голасна запяяў малітву: "Спасі Госпадзі людзі Твае.", заглушаючы сьпевам польскую пропаведзь. Наступна вернікі сабраліся каля ўваходу ў царкву і чакалі на выхад яп. Мацея з царквы, дамагаючыся, каб ён пакінуў Вільню. Аднак, яп. Мацей ня выходзіў з царквы, пакуль пакліканая ўзброеная паліцыя не арыштавала многіх дэманстрантаў і не разагнала рэшты праваслаўных.

Характэрна трактаваньне яп. Мацеям духавенства, якое не праводзіла полёнізацыі. У 1939 г. быў ім выкліканы сьв. Міхаіл Іванкевіч, настаяцель Вішнеўскага прыходу, Валожынскага павету. Чакаючы на сваю чаргу ў калідоры сьвятар Я. Грынкевіч апавядаў, што ён чуў грубы крык з лаянкай япіскапа на сьвятара, пасьля - глухі ўдар і наступна - выпіргнены сьв. Іванкевіч з сілай вываліўся праз зачыненыя дзьверы і ўдарыўся аб процілежную сьцяну калідору.

Выкліканы тры разы яп. Мацеям сьв. Язэп Грынкевіч, ня могучы адразу прыбыць і падаючы кожнаразова свае прычыны, быў тэррорызаваны япіскапам за не праводжаньне полёнізацыйных указаньняў кансысторыі. Пры гэтым япіскап Мацей схапіў сьвятара Я. Грынкевіча за каўнер з такой сілай, што павыдзіраў гузікі з расы. Дадаткова япіскап закідаў сьвятару, чаму ён вучыць сваю дачку ў расейскай гімназіі, а ня ў польскай, ці беларускай філіі польскай гімназіі ў Вільні. Сьв. Грынкевіч тадыж быў пазбаўлены прыходу.

Япіскап Цімахвей (Шрэтэр) дзеіў у Варшаве і на Холмшчыне.

Япіскап Савва (Советов) ўключыўся ў полёнізацыйную акцыю і абняў Горадзенскую епархію. Ён кіраваў полёнізацыйнай дзейнасьцяй праваслаўнай царквы, прадстаўленай вышэй. Найбліжэйшым яго супрацоўнікам па полёнізацыі быў сьв. Леанід Касьперскі, прызначаны дырэктарам "Праваслаўнага Навуковага Інстытуту", заснаванага ў 1938 г. у Горадні, з мэтай "арганізацыі жыцьця праваслаўных палякаў у царкоўных рамках". Там-жа выдаваліся праваслаўныя прапагандовыя брашуры ў польскім нацыянальным духу.

Віленская Духоўная Сэмінарыя, дыхаючая навакольным беларускім паветрам, была зьліквідаваная польскім урадам, а заместа яе ў цэнтры Польшчы - Варшаве, быў заснаваны польскі праваслаўны ліцэй, з чыста польскім узгадаваўчьш напрамкам. Праваслаўны багаслоўскі аддзел пры Варшаўскім унівэрсытэце, а роўна і тамтэйшы інтарнат для студэнтаў багаслоўя, былі поўнасьцю спалянізаваныя. Студэнты багасловы былі ахопленыя арганізацыей "Акадэмічнага Саюзу Праваслаўных Палякаў". Толькі што скончыўшыя навуку маладыя і недасьведчаныя, але спалянізаваныя духаўнікі былі адразу прызначаныя благачыннымі, сябрамі кансысторыяў і на іншыя кіраўнічыя становішчы, а старыя і заслужаныя пратаерэі пераводзіліся на глухія прыходы, або зусім звальняліся з дупшастырскай працы, каб даць мейсца палянізатарам.

Польская адміністрацыя зьвяла ролю кансысторыяў да зьбіраньня царкоўнага падатку і забясьпячэньня багаслужбовымі матар'яламі. Ваяводзтвы загадвалі кансысторыям выконваць усе пэрсанальныя зьмены духавенства. Сьвятары праваслаўныя палякі наагул ігнаравалі кансысторыі, а зьвярталіся непасрэдна ў ваяводзтвы.

Усё праваслаўнае духавенства было ператворана ў дзяржаўных ураднікаў цывільнага стану, поўнасьцю залежыла ад ураду і мусіла дакладна выконываць загады польскай адміністрацыі.