Смекни!
smekni.com

Заходняя Беларусь пад акупацыяй Польшчы (стр. 3 из 9)

Польскі ўрад застасаваў да праваслаўнай царквы нябывалы нутранні прыгнёт, адбіраючы ад царквы нутраную свабоду і перадаючы кіраўніцтва над ей дэпартаманту веравызнаньняў у міністэрсьцьве.

Міністэрства ператварыла духаўнікоў на "дзяржаўных агэнтаў". Урад арыштаваў і пасадзіў у манастырскую вязьніцу, або гвалтам вывяз з дзяржавы япіскапаў, а прымусам накінуў новых япіскапаў. Дачыненьні паміж праваслаўнай царквой і дзяржавай урад акрэсьліў антыкананічнымі і антыканстытуцыйнымі "часовымі прадпісаньнямі". Грамадзкі дзейнік поўнасьцю адсунены ад утляду ў царкоўныя справы. Прыходзкія рады скасаваныя сынодам пад уплывам міністэрства; епархіяльныя рады заступлены антыкананічнымі кансысторыямі. Усе пастановы сынду падлягаюць зацьверджаньню міністэрства. Міністэрства прызначае япіскапаў і кіруе імі, а паліцэйскія кіруюць сьвятарамі па прыходах.

Міністэрства Веравызнаньняў і Публічнай Асьветы дня 30 траўня б. г. прадпісала ўвесьці для праваслаўных новы каляндар, а пры нестасаваньні яго - даносіць у пастарункі паліцыі. Паліцыя распачала пісаньне пратаколаў і пагромы праваслаўных пры цэрквах.

Канчаючы прамову сэн. Багдановіч, згодна рэзалюцыі Камісыі Асьветы і Культуры, дамагаўся:

1) Свабоднага нутранога самаўраду для царквы, скліканьня праваслаўнага сабору, згодна з канонамі;

2) устрыманьня адбіраньня праваслаўных цэркваў і касаваньня прыходаў, да вырашэньня справы законадаўчым шляхам;

3) найхутчэйшага вырашэньня праз урад справы грамадзянства для праваслаўнага духавенства;

4) палагоджаньня праз урад справы падрыхтоўкі праваслаўнага духавенства, арганізуючы праваслаўную акадэмію, ці праваслаўны факультэт пры ўнівэрсытэце і утрыманьне „2-х духоўных сэмінарыяў: аднэй для ўкраінскага насельніцтва, і аднэй для беларускага насельніцтва".

Дня 23 чэрвеня 1925 г. сэнатар В. Багдановіч ізноў выступаў у сэнаце па справе буджэту Міністэрства Веравызнаньняў і Публічнай Асьветы, асьвядчаючы, што будзе галасаваць супроць буджэту. Ён сьцьвердзіў павялічэньне у буджэце сродкаў на праваслаўную цар-кву, аднак гэтыя сродкі пойдуць не на дабро царквы, а для праводжаньня полёнізацыі праз духоўныя школы і праз іерархію. Далей сэнатар крытыкаваў працягваньне кіраваньня царквой праз міністэрства, дэпартацыі іерархаў, насаджваньне іерархаў згодных на нецаркоўную палітыку ўраду, адсуненьне кліру і вернікаў ад асноўных спраў царквы, недапушчаньне да сабору і адкіданьне прынцыпу саборнасьці наагул. Духавенства непрызнаючае аўтакефальнай іерархіі ў Польшчы тэррарызуецца - недаўна арыштаваны ігумэн Лукаш Голад.

Па даўнейшаму адбіраюцца ад праваслаўных цэрквы. Сьвяціцкая царква ў Ваўкавыскім павеце адабрана і запёрта, хаця існуе ад XVII ст., ніколі ня была каталіцкай ні вуніяцкай, мае 2,886 прыхаджанаў, а найбліжэйшая іншая царква - ў адлежнасьці 15 км.

Галдовіцкі прыход, Баранавіцкага павету, мае 3,136 прыхаджанаў, аднак скасаваны, а прыхаджане далучаны да царквы адлежнай на 11 км. за ракой.

Палонкаўскі прыход, Ваўкавыскага пав., царква з 1874 г. мае 2,024 прыхаджанаў, існуе ад XVI ст., аднак зараз скасаваны, як і Байкаўскі прыход, Пружанскага пав., у якім 2,500 прыхаджанаў. Ад Дзятлаўскага прыходу, Ваўкавыскага пав., зямлю ўжо адабралі, а прыход мае быць скасаваны.

Маламажэйкаўскі прыход, Лідзкага пав. прызначаны на скасаваньне, хаця царква там збудаваная ў 1409 г. - найдаўнейшая мураваная царква. Падлягае скасаваньню Паручынскі прыход, у якім больш за 3,000 прыхаджанаў.

Афіцыйная іерархія дала сваю згоду ўраду на скасаваньне названых прыходаў, аднак ад неадпаведных духоўных кіраўнікоў нельга чакаць чагось іншага. Народ-жа масава шле просьбы да ўраду і іерархаў аб адчыненьні сваіх прыходаў.

Характэрнае сьвятло для гэтай акцыі дае справа ліквідацыі прыходу ў Дэлятычах, Наваградзкага павету. Па пераводзе тамашняга сьвятара на іншае месца, урад не даваў дазволу на іншага сьвятара для гэтага прыходу на працягу году. За парадай каталіцкага ксяндза некаторыя прыхаджане зьвярнуліся да вуніяцкага біскупа ў Львове, па чым зараз сюды прыбыў вуніяцкі духаўнік, які забраў царкву і адразу атрымаў ад уладаў дазвол на багаслужэньні; ліцытацыя царкоўнай зямлі была ўстрыманая. Калі ў Дэлятычы прыбыў праваслаўны сьвятар для багаслужэньня, то ўлады ізноў запячаталі царкву. Праваслаўны сьвятар адправіў багаслужэньне ў Падліпскай філіяльнай царкве, пасьля чаго ўлады запячаталі і гэту царкву, а протоерэя, які прыбыў абсьледваць справу на мейсцы, ваявода выдаліў з ваяводзтва.

Прамаўляючы ў сэнаце дня 10 сакавіка 1927 г. сэн.В. Багдановіч высьвятляў абураючы факт збурэньня праваслаўнай царквы ў Новым Двары, Сакольскага павету, ў 1921 г. Па абсьледваньні сэймовай камісыяй у 1923 г. гэта царква мела быць адбудаваная коштам скарбу дзяржавы, аднак яе не дазваляецца адбудаваць нават на кошт прыхаджанаў, а тым часам мясцовы ксёндз канчае руйнаваньне царквы. Найбліжэйшая царква адлеглая на 18 км. і моладзь дзеля гэтага шукае адпачынку ў гарэлцы і ў гульні ў карты. Памёршыя застаюцца без царкоўнага пахаваньня, дзеці бяз хрышчэньня і шмат веруючых бяз сповядзі.

У Сталовічах, Баранавіцкага павету, гдзе ледзь ёсьць 500 каталікоў, на 4,000 праваслаўных, гдзе маецца добры касьцёл, адабралі праваслаўную царкву таму, што яна калісь была вуніяцкай. Таксама адабралі ўсю царкоўную зямлю - 180 дзесянцін, а заместа гэтага праваслаўным прызначана 33 гактары залесянай зямлі, з якой забаронена карыстаць да часу прадажы ўрадам лесу. Прыхаджанаў змушаецца будаваць сабе царкву собскім коштам.

Сэнатар выступаў супроць нэо-вуніі, горача падтрымліванай цэнтральнымі і мясцовымі адміністрацыйнымі ўладамі. У Падароску - Ваўкавыскага пав., у Галамысьлі - Дзісьненскага пав., у Ятвеску, Дэлятычах і многіх іншых прыходах, - праваслаўныя сьвятары, падлягаючы кары сваіх духоўных уладаў, пераходзяць у вунію; паміма супраціву ўсіх прыхаджанаў - цэрквы і ўся маемасьць становяцца собскасьцяй рыма-каталіцкай царквы. Аднак, улады перашкаджаюць варочаць царкоўную маемасьць, калі такі перавернены сьвятар ізноў навяртаецца ў праваслаўе.

Праваслаўныя Антокалю ў Вільні чатыры гады бяз выніку дамагаліся зьвярнуць ім адабраную царкву, бо да іншых ім далёка хадзіць. Пазьней у гэтай царкве распачаліся вуніяцкія багаслужэньні, з перабегшым у вуніяцтва Леснабродзкім.

Уся гэта акцыя полёнізацыі і каталізацыі ідзе на карысьць толькі камунізму, але яна ня зломіць ані рэлігійнай вытрываласьці праваслаўных, ані ўзрастаньня нацыянальнай сьведамасьці беларусаў.

У сваей прамове ў сэнаце дня 9 сакавіка 1929 г. сэн. Багдановіч сьцьвердзіў, што з "адабраных праваслаўным больш за 1,000 цэркваў, каля 600 стаяць запёртымі. Паміма прозьбаў праваслаўных аб дазвол на рэмонт, нават на собскі кошт, па сягоньня гэтыя цэрквы стаяць парожныя, занядбаныя, з выбітымі вокнамі, з падзюраўленымі стрэхамі і сваім жахлівым выглядам сьведчуць. Аб чым, Спадары? Можа аб тэй заходняй культуры, якой Спадары так ганарыцёся?"

Сабор у Беластоку, збудаваны за народныя ахвяры, не дазваляецца закончыць і натура нішчыць будынак; ужо бярозы і рабіны з чырвонымі ягадамі вырасьлі на ягонай страсе; гэта сымбаль - заўсёды вырасьце штось чырвонае там, гдзе зьневажаецца рэлігія.

заходняя беларусь акупацыя польшча

"Польскі ўрад змагаецца з намі, як з нацыянальнай мяншынёй, усімі сродкамі, нават пры дапамозе рэлігіі", гаварыў сэнатар. Таму урад нэгатыўна адносіцца да вуніі ў Галіцыі, гдзе яна стала нацыянальнай украінскай рэлігіяй, а ўводзіць „нэо-вунію", для змаганьня з праваслаўем, маючым ня польскі характар. Нават калі ў каталіцкай царкве зьяўляюцца праявы нацыянальных мяншыняў, то ўрад змагаецца з імі, як аб гэтым сьведчыць суд над кс. Гадлеўскім.

Адбіраньне цэркваў ад праваслаўных працягваецца. У Маламажэйкаве, Лідзкага павету, была адабраная царква, званая „Мураванкай", бо была першай мураванай царквой, збудаванай у 1407 г., задоўга да зьяўленьня вуніі. Гэта царква мае вялікую рэлігійную і гістарычную каштоўнасьць. Адабраў яе Лідзкі стараста, які прывёз мяйсцовага благачыннага да „Мураванкі", пры якой ужо былі прадстаўнікі каталіцкай царквы, загадаў благачыннаму паквітаваць атрыманьне царкоўных рэчаў, пасьля чаго абразы былі вынесеныя з царквы, іконастас паламаны, а царкву перарабілі на касьцёл.

У буджэце сёлета прадбачана для праваслаўнай царквы 2,046,950 злотых, а на аснове прапарцыянальнасьці павінна быць 4 мільёны зл. Аднак, з прыйманых буджэтаў праваслаўнай царквы міністэрства пастаянна абцінае. Да 1926 г. такім чынам абрэзана за папярэднія гады каля 1,000,000 зл., а за 1927 г. абрэзана 500,000 зл. Каталіцкі ксёндз мае ў год 1,350 зл., а праваслаўны сьвятар толькі 430 зл.

Народных беларускіх школаў цяпер зусім няма - „хай імі пахваліцца п. Міністар Залескі ў Жэнэве".

3 чатырох існаваўшых беларускіх гімназыяў 2 атрымалі правы дзяржаўнай матуры, аданак 2 іншыя зьліквідаваныя ўрадам. Фактычна гэтымі школамі кіруюць ня школьныя ўлады, а аддзелы палітычнай бясьпекі.

Прамаўляючы ў сэнаце дня 12 сакавіка 1930 г. сэн. Багдановіч сьцьвердзіў, што з бегам часу зьмяняюцца прозьвішчы міністраў веравызнаньняў, назвы адабраных ці разабраных цэркваў, але сутнасьць справаў застаецца тэй самай, што была папярэдня. Па сутнасьці аўтакефальная Праваслаўная Царква ў Польшчы ня існуе; яна поўнасьцю падпарадкаваная дэпартаманту веравызнаньняў, а міністар веравызнаньняў ёсьць і юрыдычнай і кананічнай галавой гэтай царквы, бо ён кіруе ня толькі нутранымі справамі царквы, але нават папраўляе кананічныя асновы сабору.

Акцыя адбіраньня цэркваў пры помачы ашуканчых спосабаў трывае. Так, у Мазольскую праваслаўную царкву, Ваўкавыскага павету, на Горадзеншчыне, прыбыў каталіцкі ксёндз Кардэль і прасіў царкоўнага старасту аб наведаньні царквы. Увайшоўшы ў царкву ён заявіў, што ад цяпер царква будзе каталіцкай, паклікаў сваіх вернікаў і распачаў ламаньне іконастасу і царкоўнага устаткаваньня. Усе зажаленьні да ўладаў засталіся бяз выніку.