Хваля прымусовага ўводжаньня новага календара ў праваслаўную царкву, праз польскую адміністрацыю і паліцыю, выклікала па ўсей Беларусі моцны адпор. Сьвятары пайшлі служыць у сьвяты па новаму стылю, але народ не пайшоў у цэрквы, якія былі парожнымі. У сьвяты па старому стылю народ прыбываў масава ў цэрквы, клікаў сьвятара ў царкву, пераважна так: „Вы, бацюшка, маліліся для палякоў, а цяпер хадзіце маліцца для нас". Уводжаньне новага стылю для праваслаўнай царквы было часова ўстрымана. Магчыма, на гэта ўстрыманьне ўплынулі збройныя выступленьні агульнага характару па Заходняй Беларусі і Украіне супроць польскіх уладаў.
Міністэрства Рэлігійных Вызнаньняў і Публічнай Асьветы пастанавіла зачыніць праваслаўны прыход у вёсцы Дубіны, Лосінскае, гміны, павет Бельск Падляшскі. Прыхаджане падалі прозьбу, каб прыход быў пакінены, бо тут маецца каля 4000 праваслаўных у 17 вёсках, прыход тут заўсёды быў штатны, царква знаходзіцца ў цэнтры ваколічных вёсак, даючы добрае спалучэньне, мураваная царква пабудавана прыхаджанамі бяз удзелу скарбу і ніколі ня была каталіцкай, ні вуніяцкай. Паслы беларускага клюбу падалі інтэрпэляцыю ў Міністэрства Рэлігійных Вызнаньняў і Публічнай Асьветы, спасылаючыся на арт.115 канстытуцыі Польшчы, паводля якога цэрквы рэлігійных меншасьцяў кіруюцца сваімі статутамі. Паслы жадалі, каб урад спыніў ліквідацыю праваслаўных прыходаў, як супярэчную з польскім законадаўствам, а так сама - каб пакінуў прыход у в. Дубіны.
Дня 15 кастрычніка 1924 г. у Жыровіцкім манастыры быў арыштаваны архімандрыт Ціхан і гвалтам вывезены ў Нямеччыну. Арыштоўваў яго Слонімскі стараста, які з мноствам паліцыі заяяў усё мястэчка, абкружыў манастыр, запёршы ўсе выхады. На дапамогу паліцыі былі пакліканы вучні мясцовай польскай сельска-гаспадарскай школы. Паліцыя, шпікі і вучні пабілі прыхаджан, якія хацелі разьвітацца з архімандрытам, пабіты быў і архімандрыт. Паслы беларускага клюбу падалі ў сойм дня 4 лістапада 1924 г. сьпешную прапазыцыю, у якой дамагаліся: спыненьня ўмешваньня сьвецкай улады ў справы праваслаўнай царквы, як супярэчнай канстытуцыі; ануляваньня загадаў аб выгнаньні з дзяржавы арxіяпіскапа Тладзі-мера і архімандрыта Ціхана і дазволу ім вярнуцца; пакараньня ворганаў улады, якія пабілі архімандрыта і жыхароў Жыровіц.
Дня 18 сьнежня 1924 г. паслы беларускага клюбу падалі Міністру Рэлігійных Вызваньняў і Публічнай Асьветы інтэрпэляцыю, ў якой пісалі:,, Ня гледзячы на тое, што арт.111, 113 і 115 Канстытуцыі выразна кажуць, што рэлігійныя саюзы кіруюцца самі на аснове собскіх статутаў, што маюць права самастойна весьці свае нутраныя справы, і што ўсе жыхары Рэспублікі маюць права вольнага, як публічнага, так і прыватнага вызнаваньня сваей веры, - польскі урад на кожным кроку прасьледуе праваслаўную царкву. Ня кажучы ўжо аб справе арганізацыі найвышэйшых уладаў праваслаўнай царквы, польскі ўрад дазваляе сабе нават зачыняць праваслаўныя цэрквы, супроць волі насельніцтва.
Гэткім чынам была зачынена царква ў вёсцы Пасынкі, Бельскага павету. Не зважаючы на тое, што прыход у Пасынках лічыць каля 3000 душ, не зважаючы на ўзмоцненыя стараньні мясцовага насельніцтва аб адчыненьні ізноў царквы, польскія ўлады не дазваляюць Царкоўным уладам назначыць духаўніка ў гэту царкву.
Дзеля вышэйпаданага інтэрпэлянты пытаюцца ў Пана Міністра:
1) На якой падставе былі парушаны арт.111, 113 і 115 Канстытуцыі?
2) Ці ён мае намер перастаць рабіць перашкоды назначэньню духоўніка ў праваслаўны прыход у Пасынках?
У вадным з праваслаўных прыходаў пад Вільняй, ксёндз Бабровіч, паляк, тэррорызаваў праваслаўных, забараняючы ім званіць у Царкве. Беларускі пасол у сойм, кс. Адам Станкевіч, інтэрпэляваў У абароне правоў праваслаўных перад адміністрацыйнымі ўладамі, за што на інтэрпэлянта спаў прасьлед польскіх духоўных уладаў.
Дня 23 ліпеня 1924 г. сэнатар Вячаслаў Багдановіч выступаў у сэнаце па справе буджэту Міністэрства Веравызнаньняў і Публічнай Асьветы. Ён сьцьвердзіў, што ў Польшчы няма роўнапраўнасьці веравызнаньняў. Дзяржаўны буджэт для каталіцкага веравызнаньня ў 67 разоў перавышае праваслаўны буджэт, хаця лічбовыя адносіны іх вернікаў выражаюцца, як 3 да 1. Алекай карыстаецца каталіцтва, а праваслаўе талеруецца, як зло паступова зьнішчанае. Для урадавага настаўленьня да праваслаўя характэрным зьяўляецца факт клясыфікацыі яго: дэпартамант веравызнаньняў міністэрства падзелены на 4 аддзелы - каталіцкі, эвангэліцка-лютаранскі, майсееў і аддзел „іншых веравызнаньняў", да якога належуць магамэтане, пагане і праваслаўныя; урад не знайшоў мейсца для праваслаўных сярод хрысьціянскіх веравызнаньняў.
Урад праводзіць палітыку зьмяншэньня колькасьці праваслаўных прыходаў. У першым годзе панаваньня польскай улады адабрана: на Холмшчыне каля 300 цэркваў, у Горадзенскай епархіі каля 100, а да гэтага даходзяць яшчэ Віленшчына, Палесьсе і інш. Адбіраюцца цэрквы, якія ніколі ня былі каталіцкімі, ні вуніяцкімі, як сабор у Лідзе, царква на Сьніпішках у Вільні, царква ў Крывічах, сабор у Беластоку, царква ў Новым Двары, у Васількове, у Сьвяткаве, у Грабаве, Мікалаеўская царква ў Ваўкавыску, царква ў Ялаве, у Самагрубе і шмат іншых. Адбіраньне адбываецца пры ўдзеле і падтрымцы ўраду. Так, у Новым Двары на сьвята нарадзінаў Багародзіцы, падчас багаслужэньня, ў царкву ўварваўся паляк паліцэйскі з мясцовага пастарунку, Аляксандра Боцьковскі, у шапцы на галаве і са стрэльбай на плячы; ён голасна запатрабаваў спыненьня багаслужэньня і апаражненьня царквы, якую ён мае запёрці. Выгнаўшы гвалтам вернікаў з царквы паліцэйскі запёр яе, пасьля чаго царква была пазьней збураная.
Зьневажаючы сьвятыні, выкідаючы з цэркваў абразы, іконастасы, царкоўныя ўстаткаваньні, рызы і інш., - былі адабраныя цэрквы ў Беліцы, Бейніцы, сабор у Лідзе і шмат іншых.
Кафэдральны сабор у Вільні быў адабраны подступам; з падробленымі ключамі была адабраная царква Благавешчаньня і манастыр Марыі там-жа. Царкоўнае ўстаткаваньне там было проста зрабаванае і пазьней прадаванае на рынку. Адзін польскі ксёндз меў адвагу прынесьці на прадажу такія праваслаўныя рэчы ў епархіяльны праваслаўны склад. Пры Вялікай вуліцы ў Вільні былі адабраныя архірэйская царква і дом, якія ніколі ня былі ані каталіцкімі, ані вуніяцкімі. Царкоўнае ўстаткаваньне прапала з цаквы, а ў ей іезуіты зрабілі кінотэатр, які існуе па цяпер.
На зажаленьні праваслаўных урад абяцаў урэгуляваць палажэньне ўсіх веравызнаньняў па арганізацыі ўладаў у дзяржаве. Аднак, цяпер гвалт над праваслаўнай царквой праводзіцца з яшчэ большай сілай. Урад уводзіць у жыцьцё праект зменшаньня праваслаўных прыходаў. Маюць быць зачыненыя прыходы: на Горадзеншчыне некалькі дзесяткаў, у Віленскай епархіі касуецца 53 прыходы, з якіх 20 мае ператварыцца ў філіі. Зачыняюцца моцныя прыходы, як напр. на Віленшчыне: у Кабыльніку - 3,000 прыхаджанаў; У Гануце - 4,000; у Старым Мядзеле - 3,500; у Порплішчы - 3,000; У Латыгалі - 4,500; у Грыгаровічах - 3,000; у Старой Шаркаўшчыне - 3,000; у Княгініне - 3,000 і г. д. У Горадзеншчыне касуюцца прыходы у: Міжрэччы, Падароску, Сьвяціцах, Ляўшове, Белавічах, Пяскох і інш. У Палескай епархіі касуюцца прыходы ў: Руце - 3,600 прыхаджанаў; Морыне - 3, 200; Дэлятычах - 3,000; Лаўрышаве - 3,300; Валяўцы - 3,700; на філіі пераводзяцца прыходы: Паўбераг - 3,800; Райцы - 6,800; Шчорсы 4,500, і нават наваградзкі сабор, за якім лічыцца 6,900 прыхаджанаў. Як відаць, ляўры Мураўёва не даюць супакою польскаму ўраду.
Іншым спосабам аслабленьня праваслаўнай царквы праз урад зьяўляецца агульнае зьмяншэньне царкоўнай маемасьці. Дня 16 сьнежня 1918 г. быў выдадзены дэкрэт, на падставе якога ўрад мае права, са згодай духоўнных уладаў, забіраць царкоўную зямлю для патрэб колёнізацыі і зямельнай рэформы. Зусім бяз згоды царкоўных уладаў зямля ад праваслаўных прыходаў адбіраецца поўнасьцю, або для іх пакідаецца толькі некаторая частка. Каталіцкая царква застаецца незакраненай гэтым мерапрыемствам. На Віленшчыне на 160 прыходаў зямля ўжо адабраная поўнасьцю, ці часткова, ад 69 прыходаў. У іншых епархіях працэнт адабраньня яшчэ большы. Разам з зямлёй адбіраюцца царкоўныя будынкі і будынкі царкоўных школаў, збудаваныя праваслаўнымі, якія аддаюцца для польскіх школаў і прытулкаў, а на беларускія школы ўлады не даюць дазволу, матывуючы адсутнасьцяй памяшчэньняў. У Віленскай епархіі адабрана да цяпер звыш 80 царкоўных будынкаў.
Трэцім спосабам аслабленьня праваслаўя праз урад ёсьць абмяжоўваньне праваслаўных, а перадусім духавенства, у правох і ў справе грамадзянства. На аснове Вэрсальскага Трактату ўсе асобы, пражываючыя на абшары Польшчы ў часе ратыфікацыі трактату, ста-новяцца польскімі грамадзянамі. Аднак, цяпер польскі ўрад стасуе практыку адумысловага прызнаваньня грамадзянства праваслаўнаму духавенству і да цяпер прызнаў яго толькі малой колькасьці духоўных. У Ваўкавыску сьв. Занкавічу, які паходзіць з дзядоў-прадзедаў, пражываўшых на Беларусі, цяпер адабрана грамадзянства і яго маецца дэпартаваць у Расею.
Праваслаўных абмяжоўваецца ў правох усюды. Пры звальняньні службоўцаў пяршынство маюць праваслаўныя. У мінулую зіму звольнена амаль усіх праваслаўных чыгуначнікаў, а так сама і з судовай службы. Патаемны загад дырэкцыі віленскай чыгункі з 22 красавіка б. г. гавора:,, катэгарычна забараняецца прымаць праваслаўных" на працу на чыгункі на ўсход ад лініі Вільня-Лунінец.
Урад аслабляе праваслаўную царкву не дазваляючы, або ўтруд-няючы, навучаньне Закону Божага, матывуючы гэта адсутнасьцяй падручнікаў і няведаньнем сьвятарамі ні польскай, ні беларускай моваў.
У Польшчы існуе 21 каталіцкая духоўная сэмінарыя, якія маюць значную дапамогу з дзяржаўнага буджэту. Праваслаўныя маюць толькі дзьве духоўныя сэмінарыі, якія не маюць ніякай дапамогі ад ураду. Вышэйшай багаслоўскай праваслаўнай школы зусім няма.