Смекни!
smekni.com

Журналістыка Беларусі ў 1918-1928 гг. i ў гады першых пяцігодак (стр. 3 из 4)

У гады першай пяцігодкі бурна развівалася беларускае радыёвяшчанне. Рашаючы ўплыў на станаўленне айчыннай радыётэхнікі аказалася індустрыялізацыя. Дзякуючы масавай вытворчасці радыёпрыёмнікаў, імкліва пашыралася аўдыторыя слухачоў агульнабеларускай радыёстанцыі. Дзякуючы гэтаму голас радыё гучаў у самых аддаленых кутках Беларусі. Вяшчанне вялося на беларускай і польскай мовах. У ліку першых супрацоўнікаў беларускага радыё былі пыэты А.Звонак і С.Грахоўскі, пісьменнік У.Юрэвіч і інш. Радыё хутка атрымала шырокае распаўсюджанне ў розных галінах дзяржаўнага і культурнага жыцця Беларусі. У 1934 г. кінатэатр “Перамога” ў Мінску быў ператвораны ў радыётэатр.

1928-1929 гг. былі паваротным пунктам у правядзенні і характары савецкага кіраўніцтва. Ясна праследжваўся пераход пераважна адкрытай унутрыпартыйнай палітыкі 20-х гг. да тайнай палітыкі 30-х. Пасля 1929 г. адкрытасць савецкага палітычнага жыцця паступова знікае і на старонках друку.

У партыі, якая ажыццяўляла кіраўніцтва друкам, у гэты час пашыраўся настрой “надзвычайшчыны”, які знайшоў сваё “тэарэтычнае” выражэнне ў сфармуляванай у ліпені 1928 г. тэорыі абвастрэння класавай барацьбы па меры поспехаў сацыялістычнага будаўніцтва. Метады націску і штурму былі правераны ў грамадзянскай вайне, чаму было не прымяніць іх у мірны час, калі скараціліся хлебанарыхтоўкі? “Надзвычайшчына” і нэп супярэчылі адзін аднаму, па сутнасці надзвычайныя меры абазначалі канец нэпа. Закулісная барацьба паміж Бухарыным і Сталіным закончылася перамогай апошняга, што вызначыла і тэматыку публікацый на партыйныя тэмы. Напр., у маі 1929 г. “Звязда” на працягу многіх дзён друкавала вялікі артыкул “Партыя і правы ўклон”. Газета “Рабочий” заклікала камуністаў і беспартыйных мацаваць шэрагі ў барацьбе за генеральную лінію партыі.

Рэвалюцыя “зверху” ў сельскай гаспадарцы СССР адбылася ў снежні 1929 г. Сталін цяпер бамбардзіраваў сельскія кадры катэгарычнымі дырэктывамі аб паскарэнні тэмпаў калектывізацыі. Сутнасць гэтых дырэктыў зводзілася да наступнага: “Кожны, хто не ідзе ў калгас, з’яўляецца ворагам Савецкай улады”. 27 снежня Сталін аб’явіў аб “ліквідацыі кулацтва як класа”. Падмацаванае паспешліва выпрацаваным паняццем “падкулачнікі” раскулачванне санкцыянавала насільную калектывізацыю 125 мільённага сялянства краіны. З таго часу старонкі газет, у тым ліку і беларускіх, сталі падобныя на баявыя зводкі: “Знішчым кулацтва як клас!”, “Біць па кулацтву, правым і левым апартуністам, якія перашкаджаюць разгортванню калектывізацыі” і г.д. Кампанію па раскулачванню заклікаў праводзіць перадавы артыкул “Правды” ад 11 студзеня 1930 г. “Ліквідацыя кулацтва як класа становіцца ў парадак дня”, у якім прапанавалася “аб’явіць вайну не на жыццё, а на смерць кулаку і ў рэшце рэшт змесці яго з ліца зямлі”.

У 1930 г. былі ліквідаваны акругі. Пастановай ЦК ВКП(б) ад 11 жніўня “Аб рэарганізацыі сеткі газет у сувязі з ліквідацыяй акруг” прадугледжвалася на аснове ліквідуемых акруговых, калгасна-саўгасных, асобных фабрычна-заводскіх газет разгарнуць сетку раённых газет. У 1930-1931 гг. у Беларусі выходзіла 36 раёнак, якія адразу ўключыліся ў актыўную работу па асвятленні мясцовага жыцця, хутка набіралі сілы, заваёўвалі новых чытачоў. Прыкладам імклівага росту папулярнасці новых перыядычных выданняў можа служыць раённая газета “Бальшавік Барысаўшчыны”, якая пачала выходзіць у снежні 1930 года. Спачатку яна выдавалася 1 раз у пяцідзёнку, у 1931 – 5 разоў у дэкаду, з 1932 – штодзённа. У 1934 г. каля газеты гуртавалася 944 рабселькоры.

За часы калектывізацыі ў Беларусі было раскулачана 15629 гаспадарак, з якіх 2293 былі серадняцкімі. Газеты ўсяляк расхвальвалі тых кіраўнікоў калгасаў, якія правялі калектывізацыю датэрмінова, друкавалі станоўчыя карэспандэнцыі нават з тых калгасаў, дзе справа не ішла далей фармальнага аб’яднання сялян. Больш за тое, газеты віталі стварэнне калгасаў-гігантаў, у якія ўваходзілі амаль што цалкам асобныя раёны. Канчаткова супраціўленне сялян было зламана голадам 1932-33 гг.

Калі ўсё гэта скончылася, 25 млн прыватных гаспадарак былі заменены 250 тыс. калгасаў, якія знаходзіліся пад кантролем дзяржавы і прымушаны былі пастаўляць ёй значную частку свайго ўраджаю па вельмі нізкіх цэнах. Насільная калектывізацыя была воссю эканамічнай рэвалюцыі Сталіна і яго буйнейшым новаўвядзеннем. Ніхто з бальшавікоў ніколі не заклікаў да чаго-небудзь хоць аддалена падобнага таму, што адбылося ў 1929-1933 гг. Амаль любая іншая с/г палітыка была б больш прадукцыйнай і прынесла б намнога менш шкоды. Толькі адным дасягненнем мог бы пахваліцца Сталін. Ён паставіў пад дзяржаўны кантроль некалі самастойнае сялянства і зрабіў магчымым нешта накшталт “ваенна-феадальнай эксплуатацыі”. Гэта пацвярджаюць і статыстычныя дадзеныя: хоць у 1933 г. ураджай збожжавых быў на 5 млн тон менш, чым у 1928 г., хлебанарыхтоўкі тым не менш выраслі ў два разы.

2.2 Журналістыка Беларусі ў перыяд другой пяцігодкі (1933-1937)

Да пачатку 1933 года ў Беларусі выдавалася 201 газета гадавым тыражом 113,5 млн экземпляраў, у тым ліку 13 рэспубліканскіх газет, 75 раённых і 113 шматтыражных. З усіх рэспубліканскіх газет 8 выходзіла на беларускай мове, 2 – на яўрэйскай, па 1 – на польскай, літоўскай і рускай. Гадавы тыраж = 58681,6 тыс.экземпляраў. Тыраж раённых газет, якія выдаваліся ў БССР, складаў 46476 тыс.экземпл. 74 газеты выходзілі на бел.мове і 1 на польскай.

Са 113 шматрыражак, што выдаваліся ў рэспубліцы, 77 друкаваліся на беларускай мове, 5 на рускай і 31 – на той і другой. Гадавы тыраж складаў 8386 тыс.экземпляраў.

Значнае развіццё да пачатку 1933 г. набыў рабселькораўскі рух у Беларусі. На 1 студзеня 1933 г. толькі вакол 94 газет рэспублікі аб’ядналіся 37305 рабселькораў, у сярэднім на адну газету прыходзілася каля 400 пастаянна пішучых актывістаў друку. Сюды не ўваходзяць тыя рабочыя і сялянскія карэспандэнты, якія пісалі ў газеты перыядычна.

У канцы чэрвеня 1934 г. Бюро ЦК КП(б)Б прыняло пастанову аб скліканні ІІІ Усебеларускага з’езда рабселькораў. Лічачы падрыхтоўчую работу да з’езда найважнейшай справай, Бюро прапанавала гаркамам, райкамам, палітаддзелам МТС і саўгасаў правесці з 2 ліпеня да 1 кастрычніка 1934 г. агляд нізавога друку, мэта якога – далейшая барацьба за павышэнне прадукцыйнасці працы, паляпшэнне якасці прадукцыі, выкананне вытворчых планаў, ахоп рабочых тэхнічнай вучобай і іншыя праблемы развіцця народнай гаспадаркі. Выконваючы пастанову ЦК, многія партарганізацыі наладзілі пры рэдакцыях газет работу семінараў для актыву рабселькораў і рэдактараў насценных і шматтыражных газет. З’езд адкрыўся 25 лютага 1935 г. У яго рабоце прынялі ўдзел 400 дэлегатаў. Былі падведзены вынікі дзейнасці друку Беларусі за перыяд, які прайшоў ад ІІ з’езда (1931 г.) рабселькораў і вызначана канкрэтная праграма барацьбы прэсы за датэрміновае выкананне другога пяцігадовага плана (маецца на ўвазе ў першую чаргу яго прапаганда).

У той час лозунг “Кадры рашаюць усё” не сыходзіў са старонак газет і часопісоў БССР, ён выклікаў да жыцця рух стаханаўцаў, які нарадзіўся ў вугальнай прамысловасці Данбаса. Яго пачынальнікам з’явіўся забойшчык шахты “Цэнтральная Ірміно” Аляксей Стаханаў. За 6 гадзін ён вырубіў 102 тоны вугалю, перавысіўшы норму ў 10 разоў. У хуткім часе рух стаханаўцаў пачаўся ў розных частках прамысловасці па ўсяму Сав.Саюзу.

Друк стаяў каля вытокаў гэтага руху... Рэдактар шматтыражнай газеты шахты “Цэнтральнае Ірміно” “шэсць гадзін знаходзіўся ў шахце побач са Стаханавым для таго, каб лепш расказаць працоўным пра метад работы Аляксея Стаханава. 2 верасня 1935 г., г.зн. на наступны дзень абласная газета “Кадиевский рабочий” перадрукавала матэрыял шматтыражкі аб рэкордзе Стаханава. 6 верасня “Правда” на першай старонцы змясціла рэдакцыйны артыкул “Савецкія асілкі”, у якім расказала аб рэкордах Стаханава і Дзюканава і заклікала шахцёраў Данбаса вучыцца ў піянераў руху наватараў.

Услед за цэнтральным друкам газеты Беларусі шматтыражныя адлюстравалі рух стаханаўцаў вытворчасці. Пачынаючы з №222 (1935) “Звязда” інфармавала чытачу аб уключэнні ў рух наватараў ўсё новых і новых рабочых рэспублікі.

27 лістапада друк Беларусі паведаміў аб новым усесаюзным рэкордзе лесапілавання, пастаўленым 24 лістапада 1935 г. рамшчыкам Бабруйскага лесаапрацоўчага камбіната Рыгорам Рушко. Ён распілаваў за змену 320,4 кубаметры лесаматэрыялаў. 27 лістапада паміж пачынальнікамі стаханаўскага руху ў лясной прамысловасці Васілём Мусінскім і Рыгорам Рушко разгарнулася спаборніцтва. 9 снежня “Звязда” прысвяціла гэтаму пытанню паласу. Праз газету Рыгор Рушко падзяліўся сваім вопытам работы. “Назаўтра (пасля ўстанаўлення ўсесаюзнага рэкорда), – расказвае Р.Рушко, – мне падносяць тэлеграму: “Таварыш Рушко, жму крэпка руку за выдатную работу ў авалоданні тэхнікай. Я на такой жа машыне абашоў цябе, даў 336,7 кубаметры. Мусінскі”. Гэта тэлеграма дала яшчэ больш мне ахвоты апярэдзіць Мусінскага. Папрасіў я начальніка цэха і дырэктара камбіната, каб падрыхтавалі мне сыр’ё. 3 снежня 1935 г. на першай змене я даў новы рэкорд – распілаваў 349,4 кубаметны дрэвясіны. Чакаю адказу ад Мусінскага – і я не памыліўся. 4 снежня прыйшла з Архангельскага радыё тэлеграма. Некалькі слоў: “Таварыш Рушко, у бліжэйшыя дні перакрыю”. Так, змяшчаючы выступленні піянераў стаханаўскага руху, газеты агітавалі фактамі за гэты рух.