Заступнікамі і абаронцамі праваслаўя выступала беларуская і ўкраінская шляхта. Яны не дапушчалі ў свае маемасьці вуніятаў, будавалі ў сябе новыя цэрквы, манастыры і падтрымлівалі праваслаўнае духавенства. Яны баранілі праваслаўе на соймах і сойміках. Праваслаўная шляхта заключыла ў Вільні ў 1623 г. саюз з пратэстанцкай шляхтай, у якім прынялі удзел «самыя выдатныя сэнатары дзяржавы», як аб гэтым данасіў у Рым мітрапаліт Руцкі.
Але больш супраціву вуніі рабілі праваслаўныя брацтвы. За сваю арганізаванасьць, ахвярнасьць і адданасьць праваслаўю брацтвы былі асабліва зьнеслаўляныя вуніятамі. Руцкі даносіў у Рым, што віленскае брацтва, галава іншых брацтваў, ад пачатку вуніі ўжо звыдаткавала 200,000 флёрынаў для супроцьдзеяньня ёй. Такія брацтвы арганізаваліся і па іншых гарадох. На гэнэральныя соймы і нават на соймікі брацтвы пасылалі сваіх упаўнаважаных і свае пасланьні са скаргамі на вунію; гэтыя ўпаўнаважаныя «грашмі і дарункамі змаглі схіляць на свой бок важнейшых паслоў і самога маршалка, а нават галаўнейшых сэнатараў дзяржавы», як аб гэтым пісаў Руцкі. Брацтвы і праваслаўная шляхта арганізавалі школы, друкарні, выдавалі кнігі супроць вуніі і для праваслаўных патрэб, арганізавалі новыя манастыры заместа адбіраных вуніятамі, як: Сьв. Духа ў Вільні, мужчынскі і жаночы ў Менску і інш.
Аб супрацоўніцтве розных станаў на Беларусі ў вабароне праваслаўя гаворуць сьпіскі праваслаўных брацтваў. Да менскага брацтва належылі ня толькі мяшчане і духоўныя, але былі 52 сябры са шляхты; тое самае было з віленскім брацтвам і з іншымі. У гэты пэрыод сярод праваслаўнай шляхты ўжо ня было сэнатараў, але яшчэ былі князі: Агінскія, Карыбут-Вішнявецкія, Палубенскія, Карэцкія, Друцкія-Горскія, Друцкія-Любэцкія, Чартарыйскія, Сангушкі-Кашырскія, хаця іншыя сябры гэтых фаміліяў ужо прынялі каталіцтва і сполёнізаваліся. Яшчэ была праваслаўная шляхта, якая займала больш, ці менш важныя дзяржаўныя пасады, як: падкаморы, чашнік, гарадзкі стараста, гарадзкі судзьдзя, падсудак, падстолі і інш., якія прадстаўлялі значную сілу.
Вунію на Беларусі праводзілі чужыя дзейнікі: польскі кароль і рымскі папа. Папа стала пісаў па справе вуніі каралю, сэнатарам і гэнэральным соймам, а так сама дзеіў праз сваіх нунцыяў у ВКЛ і ў Польшчы. Кароль выдаў на карысьць вуніі безліч загадаў, бараніў яе на гэнэральных соймах, уневажняў самыя справядлівыя прысуды трыбуналаў на карысьць праваслаўных, сурова прасьледваў праваслаўных духаўнікоў і сьвецкіх, супроцьставячыхся вуніятам і часта прысуджваў на выгнаньне з бацькаўшчыны. Каталіцкія біскупы хутка пачалі адносіцца няпрыязна да вуніі, трактуючы яе як штось ніжэйшае. Вуніяцкія япіскапы не атрымалі мейсцаў у сэнаце. У вунію гвалтам пераводзілі перадусім сялян, а шляхта дабраахвотна адразу прымала каталіцтва.
Цяжка было праваслаўным бараніцца супроць польска-каталіцкага наступу, не маючы іерархічнага кіраўніцтва. Дапамог гэтаму ірусалімскі патрыярх Феафан, які ў 1620 г. наведаў ВКЛ патаемна высьвяціў мітрапаліта і япіскапаў. У ліку высьвячаных быў і архіяпіскап полацкі Мялет Сматрыцкі. Новапастаулены мітрапаліт Іоў Барэцкі жыў у Кіеве пад апекай казакаў дзякуючы чаму мог праводзіць сваю дзейнасьць. А праваслаўных беларусаў урад уціскаў па ранейшаму. У пратэсьце мітрапаліта Іова супроць уціску праваслаўных у Вільні, гаварылася, што ў Магілеве, Менску, Оршы, Горадні, Пінску і інш. гарадох ад праваслаўных адабраныя цэрквы. У Берасьці Дарафея з братамі ўкінулі ў студню; у Краснаставе уварваліся ў мураваную царкву і шмат каго забілі ў царкве; тое самае зрабілі ў Сокале, Бельску, Бусьне, – дарослых забівалі бяз споведзі, а дзяцей – бяз хрышчэньня.
Больш за іншых зьдзекаваўся над праваслаўнымі і тэррорызавау іх полацкі вуніяцкі архіяпіскап Ёзафат Кунцэвіч. Дня 22 чэрвеня 1620 г. у Траецкі манастыр пад Полацкам сабраліся многія праваслаўныя вернікі з аколічных прыходаў і манастыроў, з крэснымі ходамі, для ўзьняцьця пратэсту супроць гвалтаў вуніята Кунцэвіча. Ваявода полацкі, паляк і каталік, загадаў сваім гайдукам і казакам разграміць гэту маніфэстацыю праваслаўных. Крэсныя ходы, ідучыя дарогамі ў манастыр, былі крывавым тэррорам з забойствамі разганяныя. Уначы манастыр быў абкружаны збройнымі людзьмі полацкага ваяводы, вада была адрэзаная, а нарэшце манастыр быў спалены разам з мноствам сабранага там народу. На суседнім узгорку Кунцэвіч з гайдукамі ваяводы служыў малебен удзячнасьці, пры полымі пажару манастыра і пры крыках кананьня праваслаўных, гінучых у вагні.
У 1621 г. Кунцэвіч адабраў ад праваслаўных у Полацку і Віцебску ўсе цэрквы і манастыры. Ён забараняў праваслаўныя багаслужэньні ў прыватных памешканьнях і ў паветках за межамі гораду, садзіў праваслаўных сьвятароў у турму, выганяў з епархіяў, загадаў выкапаць праваслаўных нябожчыкаў з могільніка і кінуць іх сабакам і г. п. Канцлер Сапега пісаў Кунцэвічу з мэтай устрыманьня яго ад эксцэсаў, але без памыснасьці. Ненавісьць праваслаўных да Кунцэвіча была такая вялікая, што яго ўсюды хацелі забіць. Так было ў Віцебску ў 1622 г., у Мсьціслаўлі і ў Оршы. У 1623 г., калі Кунцэвіч загадаў схапіць праваслаўнага сьвятара Ільлю, ідучага ў праваслаўную паветку за горадам для служэньня там абедні, – у Віцебску пачалося народнае паўстаньне. Пад гул трывожны званоў народ з бурмістрам Лявонам Ваўком на чале, забіў Кунцэвіча, а цела яго ўкінуў у раку Дзьвіну.
Папа Урбан III пісаў дня 10 лютага 1624 г. каралю Жыгімонту ІІІ адносна сьмерці Кунцэвіча: «Суровасьць забойцаў не павінна застацца без пакараньня. Там, дзе такое цяжкае злачынства жадае бічоў помсты Божай, хай будзе выкляты той, хто ўстрымае свой меч ад крыві. I ты, дзяржаўны, не павінен устрымацца ад мяча і вагню; хай ерась адчуе, што суровым злачынцам няма літасьці». Кароль даручыў Сапегу справу пакараньня мяшчанаў. Сапега, як прыладзьдзе польска-каталіцкай палітыкі на Беларусі, паслухмяна выканаў даручэньне: 19-ці праваслаўным беларусам адсеклі галовы, а ў тым ліку першым бурмістрам Віцебску і Полацку. Каля 100 іншых, якія ўцяклі, асудзілі на сьмерць завочна.
Па сьмерці караля Жыгімонта III, сьляпога прыладзьдзя ў руках іезуітаў, на дзяржаўны пасад быў выбраны Уладыслаў IV. Палажэньне праваслаўных трохі палягчэла. Новы кароль вызначыў праваслаўным мітрапаліта і 4-х япіскапаў, прызначыў ім епархіі, азна-чыў утрыманьне, прызнаў і пацьвердзіў правы праваслаўных брацтваў і манастыроў, дазваляў праваслаўным засноўваць новыя брацтвы, цэрквы, манастыры, арганізаваць школы, друкарні, падзяліў ранейшыя цэрквы паміж праваслаўнымі і вуніятамі і вызначыў дзеля гэтага адумысловых камісараў.
Хаця раней ужо ня было праваслаўных сэнатараў у ВКЛ, аднак каля 1646 г. былі 3 праваслаўныя ўраднікі, якія маглі быць сэнатарамі: ваявода менскі кн. Аляксандра Агінскі, каштэлян наваградзкі Багдан Стэцкевіч і каштэлян кіеўскі Адам Кісель.
Польская колёніяльная палітыка ўціску на Беларусі і Ўкраіне выклікала супроць сябе пратэст у форме народных збройных паўстаньняў казакоў. Узрастаючая ў сілу Маскоўшчына пільна сачыла за рэлігійным і нацыянальным уціскам беларусоў і ўкраінцаў пад польскай уладай і выкарыстоўвала яго для сваіх экспансыўных мэтаў. У 1654 г. маскоўскія войскі пайшлі на заваяваньне Беларусі. Перад пачаткам вайны маскоўскі цар Аляксей зьвярнуўся да беларускага і ўкраінскага народаў з граматай, у якой пісаў, што ён ідзе вайной супроць адступнікаў і ворагаў рускага народу і праваслаўнай царквы – палякоў, каб усходняя царква вызвалілася ад уціску і закрасавала даўнымі грэцкімі законамі, а за шматлікія каралеўскія няпраўды маецца быць помста. Бяз бою маскоўцы занялі гарады: Дарагабуж, Невяль, Белую, Полацк, Веліж, Гомель, Магілеў, Усьвят, Шклоў і Дуброўку. Пэўны супраціў быў зроблены ў гарадох: Раслаўль, Мсьціслаўль, Дзісна, Друя, Орша, Чачэрск, Новы Быхаў, Прапойск і Віцебск. Найдаўжэй бараніўся Смаленск, але і ён быў заваяваны. У наступным годзе на Беларусь быў пасланы з Маскоўшчыны цьверскі архіяпіскап Лаўрэнці з шэрагам іншых духоўных супрацоўнікаў і влахернскім цудатворным абразом Божае Маці. Цяпер маскоўцы здабылі гарады: Вільню, Коўню, Горадню, Пінск, словам – усю Беларусь. У заваяванай Беларусі насельніцтва застаўлялі прысягаць маскоўскаму цару, а праваслаўная царква была падпарадкавана ма-скоўскаму патрыярху. Япіскапы Магілева павінны былі высьвячацца ў Маскве – як выраз асаблівай ласкі цара. У 1655 г. з Масквы быў высланы намесьнік іверскага сьвята-возерскага манастыра Філафей, з братам Сэрапіёнам, для кіраваньня манастырамі Вязьмы, Дарагабужа, Смаленска, Оршы, Копыса, Шклова, Магілева і Мсьціслаўля. У 1656 г. у Смаленск быў вызначаны сталы япіскал – былы суздальскі Філарэт, які прыбыў на новае месца з шматлікімі супрацоўнікамі. Цар загадаў вуніятам прымаць праваслаўе, або высяляцца з Беларусі. Так пачалося апаноўваньне і русыфікацыя праваслаўнай царквы на Беларусі.
Праваслаўныя беларусы і ўкраінцы ў ВКЛ і ў Рэчы паспалітай Польскай утрымлівалі арганізацыю сваей праваслаўнай царквы з мітрапалітам на чале. У 1663 г. у Корсуні, на Украіне, адбыўся сабор духавенства і сьвецкіх прадстаўнікоў. Сабор ня быў адназгодны, а падзяліўся на дзьве групы. Адна з іх выбрала мітрапалітам Язэпа Нялюбовіча-Тукальскага, япіскапа мсьціслаўскага, які называўся япіскапам беларускім, намесьнікам кіеўскай мітраполіі, архімандрытам ляшчынскім і старэйшым манастыроў: віленскага сьвята-духаўскага, пінскага богаяўленскага і інш. Другая частка сабору выбрала мітрапалітам Антона Вінніцкага, япіскапа перамышльскага і самборскага. Пазьнейшыя захады ня прывялі да згоды. Абодва кандыдаты былі зацьверджаны каралём Янам Казімірам. Гэтман Цяцера загадаў падпарадкавацца мітрапаліту Тукальскаму, якога рэзыдэнцыяй быў Корсунь, ці Чыгірын. Аднак ён нядоўга займаў гэта становішча. Польскія ўлады абвінавацілі былога гэтмана, ваяводу кіеўскага – Выгаўскага, разам з мітрапалітам Тукальскім, што яны намерваюцца выціснуць палякаў з беларускіх і ўкраінскіх земляў на захад і хочуць падпарадкавацца маскоўскаму цару. Выгаўскі быў схоплены і расстраляны палякамі, а мітрапаліт Тукальскі пасаджаны палякамі ў турму ў Марыенбургу. Пасьля двух гадоў ён вярнуўся на мітраполію і кіраваў ей шмат гадоў.