Беларусь – незалежная дзяржава
ЗМЕСТ
1. Абвяшчэнне незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Грамадска-палітычнае жыццё
2. Сацыяльна-эканамічны стан Рэспублікі Беларусі ў 1991-2003 гг. Праграмы развіцця эканомікі рэспублікі
СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ
1. Абвяшчэнне незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Грамадска-палітычнае жыццё
25 жніўня 1991 г. пасля няўдалага путча ў Маскве нечарговая сесія Вярхоўнага Савета БССР прыняла закон “Аб наданні статусу канстытуцыйнага закона Дэкларацыі Вярхоўнага Савета БССР аб дзяржаўным суверэнітэце БССР” і пастанову “Аб забеспячэнні палітычнай і эканамічнай самастойнасці БССР”. Такім чынам, фактычна была абвешчана незалежнасць Беларусі. 19 лістапада 1991 г. БССР была перайменавана ў Рэспубліку Беларусь (у скарочаным варыянце – Беларусь), былі вызначаны нацыянальныя сімвалы – бела-чырвона-белы сцяг і герб “Пагоня”. Быў выбраны новы старшыня Вярхоўнага Савета – С.С. Шушкевіч.
Абвяшчэнне незалежнасці Беларусі спрыяла далейшаму развіццю дэмакратычных адносін. Хутка развівалася незалежная прыватная прэса. Быў спрошчаны выезд грамадзян за мяжу. Ужо ў першыя гады незалежнасці было зарэгістравана 29 палітычных партый і 7 грамадска-палітычных рухаў, якія з’явіліся пасля прыняцця закона “Аб грамадскіх арганізацыях”. У 1994 г. парламент прыняў закон аб палітычных партыях, які гарантаваў грамадзянам нашай краіны права свабоды палітычных поглядаў і актыўнага ўдзелу ў палітычным жыцці.
У 1992 г. былі ўсталяваны дыпламатычныя адносіны з ЗША, Германіяй, Вялікабрытаніяй, Францыяй, Японіяй, Ізраілем, Польшчай і іншымі краінамі, нармалізаваны адносіны з беларускай дыяспарай, падпісаны найважнейшыя міжнародныя дамовы, якія гарантавалі далейшае развіццё Беларусі як мірнай дэмакратычнай дзяржавы. У 1993 годзе адбыўся З’езд беларусаў свету.
У верасні 1991 года пачалося стварэнне беларускай арміі, у 1992 годзе было заснавана міністэрства абароны, абвешчана абаронная дактрына Беларусі, згодна з якой Беларусь абвяшчалася безядзернай краінай.
Пасля распаду СССР перад Рэспублікай Беларусь паўстала задача пабудовы незалежнай дэмакратычнай дзяржавы. Важнай падзеяй стала распрацоўка асноўнага закона Рэспублікі Беларусь – Канстытуцыі. Канстытуцыйная камісія працавала да 1994 года. 15 сакавіка Вярхоўны Савет прыняў Канстытуцыю Беларусі, згодна з якой у краіне ўводзіўся пост Прэзідэнта. У гэтых умовах у чэрвені 1994 г. адбыліся выбары прэзідэнта Беларусі. На выбарах у другім туры перамог Аляксандр Лукашэнка, праграма якога прадугледжвала правядзенне радыкальных эканамічных рэформ, пабудову справядлівага грамадства і барацьбу з карупцыяй і цеснае эканамічнае супрацоўніцтва з Расіяй. Рэалізацыя праграмы цеснага супрацоўніцтва з Расіяй прывяла да падпісання 2 красавіка 1996 г. Дамовы аб стварэнні Саюза Беларусі і Расіі. Расія адкрыла для Беларусі свае рынкі і стала пастаўляць сыравіну і энергію па льготных цэнах. Беларусі былі спісаны даўгі больш чым на мільярд долараў за папярэднія пастаўкі энергарэсурсаў.
Канстытуцыя 1994 г. ўяўляла сабой варыянт прэзідэнцкай рэспублікі пры дамінуючай ролі парламента. Гэта не адпавядала палітычнай сітуацыі ў краіне, калі большасць насельніцтва выказвала давер прэзідэнту. Ступень даверу да калектыўнага прадстаўнічага органа была значна ніжэй. У выніку ў 1995-1996 гг. адбыўся шэраг сутыкненняў паміж выканаўчай і заканадаўчай галінамі ўлады, якія заканчваліся нязменна на карысць прэзідэнта. Так, на рэферэндуме 11 мая 1995 г. большасць грамадзян выказалася за змяненне сімволікі дзяржавы згодна з прапанаваным прэзідэнтам праектам. Тады ж было вырашана пытанне аб наданні рускай мове роўных правоў з беларускай, паскорылася інтэграцыя з Расіяй і былі ўнесены некаторыя змяненні ў Канстытуцыю, згодна з якімі Прэзідэнт атрымаў права распусціць ВС, калі апошні груба парушыць асноўны закон краіны. Адначасова з рэферэндумам былі праведзены выбары ў Вярхоўны Савет новага сазыва. Аднак толькі ў снежні, у выніку давыбараў, парламент прыступіў да работы – адмячалася нізкая яўка выбаршчыкаў на выбары народных дэпутатаў.
У лістападзе 1996 г. быў праведзены другі рэферэндум па ініцыятыве Прэзідэнта Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, па выніках якога народам быў адобраны прапанаваны прэзідэнтам варыянт змяненняў у Канстытуцыі. Улада прэзідэнта – кіраўніка дзяржавы была значна пашырана. Замест Вярхоўнага Савета ўводзіўся новы двухпалатны парламент. Дата нацыянальнага свята пераносілася з 27 ліпеня на 3 ліпеня – дзень вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Народ не абодрыў свабодную, без адмежаванняў, куплю-продаж зямлі і адмену смяротнага пакарання. У лістападзе адбыўся Першы Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь, які адобрыў “Праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця на 1996-2000 гады”, якая падугледжвала дасягнення ў 2000 годзе паказчыкаў эканамічнага развіцця 1991 года – лепшага за гады існавання БССР.
Пачынаючы з 1996 г., адзначаецца рост валавага нацыянальнага прадукта. На парламенцкіх выбарах 2000 г. насельніцтва падтрымала палітыку прэзідэнта, у Нацыянальнае Сабранне прайшлі толькі адзінкі апазіцыйна настроеных дэпутатаў. Спробы апазіцыі правесці альтэрнатыўныя прэзідэнцкія выбары былі беспаспяховымі. У 2001 г. прэзідэнт Беларусі А.Р.Лукашэнка быў абраны на другі тэрмін. Паскорыліся інтэграцыйныя працэсы. 2 красавіка 1997 года ў Маскве было падпісана пагадненне аб стварэнні Саюза Беларусі і Расіі, а 8 снежня 1999 года – Дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі.
Урад краіны праводзіць палітыку будаўніцтва сацыяльна-арыентаванай дзяржавы, якая будуецца на прынцыпах канстытуцыйных гарантый асабістых правоў і свабод грамадзян, свабоды прадпрымальніцтва, выбару прафесіі і месца працы, роўнасці ўсіх формаў уласнасці, гарантыі яе недатыкальнасці і выкарыстання ў інтарэсах асобы і грамадства, забеспячэння ўзаемасувязі дабрабыту работніка і вынікаў яго працы, сацыяльнай абароны непрацаздольных і іншых сацыяльна ўразлівых пластоў насельніцтва, сацыяльнага партнёрства (паміж дзяржавай, прафсаюзамі і саюзамі прадпрымальнікаў). “Беларуская мадэль” дзяржавы дазваляе, з аднаго боку, захаваць сацыяльныя заваёвы народа, а з другога – выкарыстоўваць рынкавыя механізмы для павышэння эфектыўнасці эканамічнай сістэмы, яе ўспрымальнасці да навукова-тэхнічнага прагрэсу. Ствараючы ўмовы для рынкавай эканомікі, дзяржава імкнецца да дасягнення такіх прынцыповых мэтаў, як рост дабрабыту народа, высокая ступень занятасці, спрыяльная для жыцця навакольнага асяроддзя.
27 ліпеня 1990 г. Вярхоўны Савет БССР абвясціў суверэнітэт БССР, а ў кастрычніку 1990 г. ён прыняў “Праграму пераходу да рыначных адносін у БССР”, якая была распрацавана СМ БССР на аснове радыкальнай праграмы “500 дзён”. Асноўнымі прынцыпамі беларускай урадавай праграмы было гарантаванне свабоды прадпрымальніцтва, свабода эканамічнага выбару, свабоднае цэнаўтварэнне, максімальная адкрытасць рынкавай сістэмы Беларусі, суверэннае права рэспублікі распрацоўваць і ажыццяўляць свае законы і нарматыўна-прававыя акты.
У кастрычніку 1991 г. паміж Расіяй, Беларуссю, Арменіяй, Кыргыстанам, Таджыкістанам, Туркменістанам і Ўзбекістанам, Украінай, Малдовай і Азербайджанам быў падпісаны дагавор аб адзінай эканамічнай прасторы. Ен прадугледжваў правядзенне ўзгодненай палітыкі ў галінах транспарту, энергетыкі, інфармацыі, развіцця прадпрымальніцтва, фінансаў, падаткаў і цэн, грашовай і банкаўскай сістэм, мытных правіл і тарыфаў, стандартаў, статыстыкі, бухгалтарскага ўліку, развіццё замежных эканамічных адносін; прызнанне прыватнай уласнасці, свабоды прадпрымальніцтва і свабоднай канкурэнцыі.
Была распрацавана дзяржаўная праграма па стабілізацыі эканомікі і сацыяльнай абароне насельніцтва. Былі створаны рэспубліканскі фонд стабілізацыі эканомікі, рэфармавалася грашова-крэдытная сістэма. Насельніцтву было дазволена выкупляць ва ўласнасць кватэры, дачы, гаражы і г.д. Пачалося стварэнне суб’ектаў рынкавай эканомікі – незалежных, самастойных, эканамічна адказных таваравытворцаў, якія павінны былі займацца прадпрымальніцтвам ва ўмовах здаровай канкурэнцыі. Пачалося раздзяржаўленне і прыватызацыя, якія павінны былі скончыцца на на працягу 5-10 гадоў.
Утваралася сістэма дзяржаўнага рэгулявання эканомікі, асноўныя элементы якой: ўласная банкаўская і крэдытная сістэмы (Нацыянальны банк Беларусі, Знешэканомбанк, Ашчадны і шэраг камерцыйных банкаў); уласны бюджэтны і падатковы механізм; планавае рэгуляванне (комплексны прагноз эканамічнага і сацыяльнага развіцця рэспублікі), абласцей, раёнаў і гарадоў; распрацоўка механізма цэнаўтварэння, і сістэмы аплаты працы. Складвалася рынкавая інфраструктура (спажывецкі рынак, рынак сродкаў вытворчасці, фінансавы рынак, рынак працоўнай сілы) і механізм яе дзеяння.
Не заставалася забытай і сацыяльная абарона насельніцтва. Яна праводзілася праз вызначэнне мінімума аплаты працы і прыняцце законаў «Аб сацыяльнай абароне малазабяспечаных грамадзян», «Аб індэксацыі прыбыткаў насельніцтва», «Аб абароне правоў інвалідаў» і інш. Быў створаны Пенсійны фонд і фонд сацыяльнай абароны насельніцтва.
Асаблівасцю эканамічнага развіцця Беларусі ў пачатку 90-х гг. было тое, што крызісныя з’явы тут выявіліся пазней, чым у іншых рэспубліках СССР. У 1990 г. выдаткі дзяржавы на сацыяльна-культурныя мерапрыемствы поўнасцю пакрываліся прыбыткамі, якія перавышалі выдаткі на 2,6%. Практычна адсутнічалі беспрацоўе і інфляцыя. У 1991-1992 гг. па індэксу развіцця чалавечага патэнцыялу Беларусь займала 40-е месца сярод 174 краін свету і адносілася да групы краін з яго высокім узроўнем.
Толькі ў 1991 г. у Беларусі ўпершыню адбылося абсалютнае падзенне вытворчасці прамысловай і сельскагаспадарчай прадукцыі (ВНП склаў 98%, а нацыянальны даход 97% ад 1990 г.). У наступныя гады адбылося рэзкае абвастрэнне эканамічнага крызісу, што супала з першымі гадамі незалежнага існавання Беларусі і наклала негатыўны адбітак ў масавай свядомасці на ідэю незалежнасці краіны. Народная гаспадарка рэспублікі стаяла на мяжы абвалу.