Смекни!
smekni.com

Эканамічнае і палітычнае развіццё Беларусі у пачатку ХХ стагоддзя (стр. 4 из 4)

Урад на Беларусі працягваў, як і раней, праводзіць мерапрыемствы па пашырэнні рускага землеўладання. Быў створаны “асобны фонд для ўладкавання рускіх пасяленцаў у Паўднева-Заходнім краі”, які фарміраваўся за кошт казённых зямель. Адначасова Дзяржаўны банк не даваў крэдытаў мясцовым землеўладальнікам каталіцкага веравызнання.

Значная роля роля ў рэфармаванні вескі адводзілася Сялянскаму пазямельнаму банку. Ён праводзіў аперацыі па пакупке сялянамі зямлі. Галоўнымі прадаўцамі зямлі былі памешчыкі, бо ў у Дваранскім банку было закладзена 52% памешчыцкай зямлі, і банк ужо не падзяваўся на вяртанне выдадзеных пад залог маёнткаў грошаў. Акрамя дваран, прадаўцамі зямлі былі купцы, мяшчане, малазямельныя сяляне-абрубшчыкі. Галоўнымі пакупнікамі зямлі былі заможныя сяляне, дробнае сельскае чыноўніцтва. За 10 гадоў рэформы ў пяці беларускіх губернях Сялянскім банкам было прададзена з выдзяленнем ссуд і за наяўны разлік каля 250 тыс. дзесяцін зямлі на суму 20,5 млн. руб., галоўным чынам прыватным асобам пад хутары. Для куплі зямлі сялянам-адзіночкам даваўся крэдыт.

У выніку рэформы памешчыцкае землеўладанне захавалася, але яго доля скарацілася да 47% агульнай зямельнай плошчы. Яшчэ большая частка памешчыкаў перайшла на капіталістычныя формы гаспадарання – увялі шматполле, прымянялі жалезные плугі, сельскагаспадарчыя машыны, мінеральные ўгнаенні, наёмную рабочую сілу. У капіталістычных памешчыцкіх гаспадарках павысілася ўдзельная вага малочнай і мясной жывёлагадоўлі, свінаводства, садаводства, льнаводства.

Адбыўся істотны рост сялянскай гаспадаркі. Яна давала каля 90% збору збожжа і бульбы. Пад тэхнічныя культуры і бульбу сяляне адводзілі зямлі болей, чым памешчыкі. Сялянам належала 95% коней і буйной рагатай жывёлы. Адбылася канцэнтрацыя зямлі ў руках заможных сялян, а гэта ўмова перабудовы сельскай гаспадаркі на буржуазны лад. Сельскагаспадарчая буржуазія пераважна была беларускай. Сераднякі складалі 20% ад сялянскіх двароў, заможныя 12%.

Узрасла ўраджайнасць асноўных культур. Гродзенская губерня займала першае месца па ўраджайнасці жыта, Мінская – трэцяе, Віленская – пятае, Магілёўская – адзінаццатае сярод губерняў Еўрапейскай Расіі. У беларускіх губернях пашыралася перапрацоўка жывёлагадоўчых прадуктаў, траванасенне, карыстанне с/г машынамі. Павялічыўся экспарт с/г прадукцыі. За 1900-1913 гг. малочных прадуктаў вывезлі на 20,8%, мяса на 193,6%, льновалакна на 18% больш. У 1913 г. вывезена 9.671 тыс. вёдраў спірту (68% ад вырабленага на Беларусі).

Адбыўся рост капіталаў у таварыствах узаемнага крэдытавання, створаных беларускімі сялянамі, выраслі і колькасць таварыстваў да 2046 (1913 г.) з сумай укладаў 53 млн. руб. Сельскагаспадарчая кааперацыя была спажывецкай, вытворчай, крэдытнай, збытавай, развіваліся іншыя формы кааперавання.

Рэформа спрыяла распаду сялянскай абшчыны, надзелу сялян прыватнай зямлёй, паляпшэнню структуры сялянскай гаспадаркі і яе матэрыяльнага дабрабыту, пашырэнню праслойкі заможных гаспадароў і росту вясковага пралетарыяту. Але яна не змагла карэнным чынам змяніць паўфеадальны характар беларускай вёскі і паставіць яе на заходнееўрапейскі ўзровень.

5 Развіццё транспарту, унутранага і знешняга гандлю, фінансава-крэдытнай сістэмы

Развіцце інфраструктуры Беларусі прама залежала ад поспехаў у развіцці прамысловасці і стратэгічнага палажэння края ў Расійскай імперыі. Будаўніцтва чыгунак у пачатку стагоддзя ішло больш павольна, чым у папярэдні перыяд. Быў пабудаваны адрэзак Пецярбургска-Адэскай дарогі ад Віцебска да Жлобіна, лінія Балагое-Полацк-Маладзечна-Седлецк. Уводзілі ў эксплуатацыю другія калеі раней пабудаваных дарог. На 1913 г. па насычанасці чыгункай на 1000 км2 тэрыторыі Беларусь у 1,8 раза перавышала сярэдні паказчык па еўрапейскай часткі імперыі.

У развіцці гаспадаркі края чыгунка адыгрывала вялікую ролю. Дзякуючы ёй паскаралася распрацоўка і выкарыстанне прыродных багаццяў; спрыяльныя ўмовы для развіцця атрымлівала прамысловасць і сельская гаспадарка; пашыраўся прыток капіталу і сфера яго прымянення; вузлавыя станцыі хутка раслі і ператвараліся ў прамысловыя гарады.

Водны транспарт атрымаў другараднае значэнне з развіццём чыгунак, аднак меў спрыяльныя ўмовы для далейшага развіцця. Па насычанасці рачнымі шляхамі Беларусь у 3 разы перавышала паказчыкі па Еўрапейскай Расіі. Параходнае суднаходства існавала на ўсіх буйных рэках Беларусі. Дзеля бяспечнасці суднаходства праводзіліся мерапрыемствы па ачыстцы руслаў рэк. Вялікую ролю рэкі мелі для сплава леса.

Шашэйныя дарогі дзяржаўнага значэння злучалі прамысловыя і адміністрацыйныя цэнтры рэгіёну з іншымі рэгіенамі імперыі і замежнымі краінамі. Роля дорог узрасла з развіццём аўтамабільнага транспарту. Дзякуючы развітай транспартнай сетцы і спрыяльнаму геаграфічнаму становішчу, Беларусь стала важным рэгіёнам, які злучаў прамысловыя цэнтры Расійскай імперыі паміж сабой і з прамысловаразвітай Еўропай. Беларусь актыўна ўдзельнічала ў міжнародным гандлі.

Беларусь была не толькі пасрэднікам, але і сама вывозіла шэраг тавараў. Экспарт лёну склаў 1/6 ад агульнарасійскага, шмат экспартавалі леса і прадукцыі лесаапрацоўкі, прадукцыі сельскагаспадарчай прамысловасці: масла, хлеба, яек, сыра, жывой і забітай птушкі, садавіны. Вываз малочных прадуктаў за першыя 10 гадоў стагоддзя вырас на 1/5, мяса амаль у тры разы. Сельскагаспадарчыя машыны і прылады вытворчасці мясцовых прадпрыемстваў вывозіліся ва ўсходнім напрамку. На Беларусь увозілі: загатоўкі і сталь для перапрацоўкі на мясцовых заводах; сельскагаспадарчыя машыны з Захаду; пшаніцу.

Унутраны гандаль. Галоўнае месца ў ім заняў аптовы і рознічны гандаль, якім займаліся 220 буйных гандлёвых дамоў і акцыянерных таварыстваў (1913 г.). Дапаможную ролю мелі ярмаркі і базары. У 1913 г. налічвалася, 55.300 сярэдніх і дробных гандлёвых прадпрыемстваў – ларкоў, палатак, тракціраў, крам і г.д. Галоўным чынам яны былі прыватнакапіталістычнымі, толькі 1/5 належыла да дзяржаўна-капіталістычнага сектара.

Хоць рост рознічнага тавараабароту аперажаў агульнарасійскія тэмпы, на душу насельніцтва ён быў амаль у 2 разы меней. У горадзе тавараабарот быў у 18 разоў большы, чым на вёске, а 1/3 тавараабароту – гэта продаж алкагольных напоеў.

Значна паспрыяла развіццю гандлю грашовая рэформа 1895-1897 гг., якая ўвяла залаты монаметалізм і стабілізавала грашовую сістэму Расійскай імперыі. У абарачэнні былі ўведзены папяровыя крэдытныя білеты ад 1 да 50 руб., якія свабодна разменьваліся на золата, залатыя, сярэбраныя і медныя манеты. Беларусь з’яўлялася рэгіёнам-донарам у выкананні джярбюджэту імперыі, тут збіралася на 1/3 дзяржаўных падаткаў больш, чым выдаткоўвалася на мясцовыя расходы. Так, за 1900-1913 гг. было сабрана 879 млн. руб., выдаткавана 588 млн. руб. Асноўнымі крыніцамі даходаў былі чыгунка, акцызы, пошліны, віна-водачная манаполія, у той час як прамысловасць, гандаль і грашовыя капіталы абкладаліся нязначнымі падаткам. Мясцовыя бюджэты папаўняліся за кошт абкладання нерухомай маёмасці.

У пачатку XX стагоддзя склалася шматступенчатая сістэма крэдытных устаноў. На чале яе стаялі губернскія аддзяленні Дзяржаўнага банка, якія абапіраючыся на бюджэтныя і эмісійныя рэсурсы абслугоўвалі буйны гандль і камерцыйныя банкі. На Беларусі дзейнічала каля 20 камерцыйных банкаў, як мясцовых, так і агульнарасійскіх, гэта – Руска-Азіяцкі, Азоўскі, Злучаны, Руска-Французскі, Віленскі камерцыйны банк. Капіталы яны ўкладвалі праз пасрэднікаў – прыватныя банкірскія канторы, што ўкладвалі атрыманыя ад банкаў сродкі (кароткатэрміновыя пазыкі) ў прамысловасць і гандаль. Так адбывалася зрошчванне банкаўскага капіталу з прамысловым капіталам праз пасрэдніцтва агентаў фінансавага капіталу. Такая сістэма выклікала развіццё яшчэ аднаго тыпа крэдытных устаноў – таварыстваў узаемнага крэдыту.

На працягу 1900-1913 гг. эканоміка Беларусі зрабіла значныя поспехі. Нацыянальны даход вырас удвая, дасягнуўшы 1 млрд руб. Капіталістычныя формы гаспадарання замацаваліся ў прамысловасці, аграрным сектары, будаўніцтве, гандлі, фінансавай і іншых сферах. Але Беларусь і ў 1913 г. працягвала заставацца ў Расійскай імперыі пераважна аграрным раёнам.


СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ

1. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 1-5; Т. 6. Кн. 1-2. Мн.: БелЭн, 1993-2003.

2. Шымуковiч С.Ф. Гiсторыя Беларусi: курс лекцый / Шымуковiч С.Ф.– Мн., 2005. – 235 с.

3. З гісторыі эканамічных рэформаў на Беларусі - Мн., 1990-е гг.

4. В.І. Галубовіч Эканамічная гісторыя Беларусі / Пад рэд. В.І. Галубовіча - Мінск, 1996.

5. Доўнар-Запольскі М.В. Гісторыя Беларусі / Пер. з рус. Т.М.Бутэвіч і інш.; Прадм. Дз.У.Карава, Я.І.Бараноўскага. Мн.: БелЭн, 1994. 510 с.