Смекни!
smekni.com

Станаўленне таталітарнай сістэмы грамадства на Беларусi у 1930-я гг (стр. 1 из 3)

Станаўленне таталітарнай сістэмы грамадства на Беларусi у 1930-я гг


ЗМЕСТ

1. Станаўленне таталітарнай сістэмы грамадства на Беларусi у 1930-я гг

1.1 Грамадска-палітычнае жыццё БССР (1928–1939 гг.)

1.2 Фарміраванне камандна-адміністрацыйнай сістэмы кіравання гаспадаркай. Індустрыялізацыя

1.3 Масавая калектывізацыя. Яе наступствы для развіцця сельскай гаспадаркі Беларусі

1.4 Сацыяльная палітыка на Беларусі ў 1928-1941 гг. Матэрыяльны дабрабыт беларусаў

СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ


1. Станаўленне таталітарнай сістэмы грамадства на Беларусi у 1930-я гг

1.1 Грамадска-палітычнае жыццё БССР (1928–1939 гг)

У канцы 1920-х гг. пачаўся курс на згортванне беларусізацыі. Усталёўваліся загадныя метады кіравання ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. Бюракратычны апарат зліўся з партыйным і пераўтварыўся па сутнасці ў асобны сацыяльны клас. У выніку зрошчвання дзяржаўнага і партыйнага апарату рэзка знізілася роля выбарных Саветаў. Выканаўчая ўлада стала кантраляваць органы заканадаўчай улады. Тэрытарыяльныя рэспубліканскія прафсаюзы ліквідаваліся, у БССР быў прызначаны ўпаўнаважаны ВЦСПС. У кіраванні спалучаліся метады татальнай цэнтралізацыі, адміністрацыйна-загадныя метады кіравання і дзяржаўны тэрор у дачыненні да незадаволеных і патэнцыяльна незадаволеных асоб. Адбылася змена сацыяльных слаёў насельніцтва і яго інстытутаў, на якія зараз абапіраліся ўлады – гэта люмпенізаванае насельніцтва, бюракратыя, армія, праваахоўчыя і карныя структуры.

Адначасова Канстытуцыя СССР 1936 года і напісаная на яе аснове Канстытуцыя БССР 1937 года былі амаль не самымі дэмакратычнымі ў свеце. Яна вызначала вышэйшым органам улады Вярхоўны Савет. Дэкларавала шматлікія дэмакратычныя свабоды. Аднак выбары ў Вярхоўны Савет БССР 1938 года і давыбары 1940 года ў Заходняй Беларусі прайшлі на безальтэрнатыўнай аснове, была зафіксавана 100% яўка выбаршчыкаў.

Усталяванне ў СССР дыктатуры Сталіна прывяло да масавых чыстак партыйных арганізацый ад “ворагаў народа” і палітычных рэпрэсій. “Ворагі народа” былі патрэбны, каб спісаць на іх няўдачы ў эканамічным развіцці. Гэта так сама было падставай для ліквідацыі палітычных праціўнікаў улады, паралізавання пратэстных настроеў у насельніцтва. Да тагож з абвінавачаных можна было стварыць шматмільённую працоўную армію рабоў (ГУЛАГ), на якую не распаўсюджваліся сацыяльныя гарантыі і працоўнае заканадаўства.

І.Сталін заявіў, што рэпрэсіі ў галіне сацыялістычнага будаўніцтва з’яўляюцца неабходным элементам. Карані рэпрэсій 1930-х гадоў ляжалі ў вераснеўскай пастанове СНК РСФСР яшчэ 1918 года, якая ўводзіла «чырвоны тэрор». Падрыхтоўка да вынішчэння “класавых ворагаў” пачалася ў пачатку дзесяцігоддзя. Так, міліцыя была выведзена з падпарадкавання мясцовых уладаў і перададзена АДПУ СССР, якое ў ліпені 1934 года было перайменавана ў НКУС СССР. У рамках НКУС ствараліся Асобыя нарады, якія мелі права караць без судовых пастаноў. Пасля забойства Кірава ў снежні 1934 года спрашчалася следства па “тэрарыстычных” справах, якія праводзіліся без адвакатаў і пракурораў, “нарадамі” з 3-5 асоб. Спрошчанае следства было ў 1937 годзе пашырана на справы па шкодніцтву і дыверсіям. Смяротны прысуд выконваўся адразу. Да арыштаваных дазвалялася (а з 1939 года патрабавалася) прымяненне фізічнага ўздзеяння. Судовая “тэорыя Вышынскага” – Генеральнага пракурора СССР – дазваляла выносіць абвінаваўчыя пастановы на падставе прызнанняў падсудных. Нават дзеці падпалі пад рэпрэсіі – бо з 1935 года ўводзілася крымінальная адказнасць з узросту ў 12 год.

Рэпрэсіі ў СССР пачаліся яшчэ ў 20-я гады, у дачыненні да праваслаўнага, каталіцкага і інш. духавенства. На рубяжы дзесяцігоддзяў рыпрэсіравалі кулакоў, а на пачатак 1930-х гадоў рэпрэсіі перакінуліся на іншыя слаі грамадства, у тым ліку блізкія да ўлады. Так, па справе 1930 г. аб неіснуючым “Саюзе вызвалення Беларусі” было арыштавана 108 чалавек, у тым ліку дзяржаўныя і культурныя дзеячы, галоўным чынам, рээмігранты В.Ластоўскі, Дз.Прышчэпаў, А.Смоліч, М.Гарэцкі і інш. З кожным годам карны механізм паскараўся, дасягнуўшы піка ў 1937 годзе.

Пачала рэпрэсіі партыйная сістэма, але хутка пачаліся чысткі партыйнага апарата, сярод радавых членаў партыі і кіраўніцтва. З 1933 па 1937 год колькасць членаў партыі на Беларусі паменьшылася з 65 да 31 тыс. чалавек. Напярэдадні ліпеньскага пленума 1937 года быў арыштаваны першы сакратар партыі В.Ф.Шаранговіч, даведзены да самагубства А.Чарвякоў. У Маскве ў чэрвені 1937 года арыштавалі старшыню СНК БССР М.М.Галадзеда (пазней выкінуўся з акна НКУС БССР). Да пачатку 40-х былі рэпрэсіраваны кіраўнікі партыі на Беларусі Я.Б.Гамарнік, К.В.Гей, М.Ф.Гікала, пры якіх і распачаліся рэпрэсіі. Амаль усе наркомы БССР, камсамольскія лідары, кіраўнікі прафсаюзаў і прадпрыемстваў народнай гаспадаркі былі рэпрэсіраваны. На месцах у сельскай мясцовасці пры МТС былі ў студзені 1933 года створаны палітаддзелы пры МТС. Гэтыя надзвычайныя партыйныя органы прызваны былі замацаваць калгасы палітычна, дзеля чаго праводзілі чыстку сярод сялян-камуністаў, у выніку колькасць іх паменшылася амаль напалову. Адначасова палітаддзелы вышуквалі “падкулачнікаў” – бо сапраўдных кулакоў ліквідавалі ў пачатку калектывізацыі, наглядалі за выкананнем “закону аб 5 каласках” – закон ад 7 жніўня 1932 года “Аб ахове маёмасці дзяржаўных прадпрыемстваў, калгасаў, кааператываў і ўмацаванні сацыялістычнай уласнасці”. Ва ўмовах страшэннага голаду 5 каласкоў, падабраных на ўжо ўбраных калгасных палетках з’яўляліся падставай для растрэлу з канфіскацыяй маёмасці (у 1933-34 гадах асуджана каля 10 тыс. чалавек).

Цяжкія страты панесла навука – 26 акадэмікаў і 6 членаўкарэспандэнтаў АН БССР, у тым ліку прэзідэнты акадэміі П.В.Горын, І.З.Сурта, акадэмікі Я.М.Афанасьеў, Т.Ф.Домбаль, П.Я.Панкевіч, І.А.Пятровіч, Б.Тарашкевіч. Былі абвінавачваны ў стварэнні тэрарыстычнай арганізацыі і расстраляны сыны першага прэзідэнта акадэміі навук У.Ігнатоўскага Юрый і Валянцін. Расстраляны так сама пісьменнікі М.Гарэцкі, М.Зарэцкі, М.Чарот, П.Галавач і інш. Не пазбеглі арышту Я.Колас і Я.Купала.

З далучэннем да БССР Заходняй Беларусі там адразу падвегліся рэпрэсіям асаднікі, леснікі, каталіцкае духавенства, супрацоўнікі польскай адміністрацыі. Каля 50 тыс. чалавек, ці больш за 9 тыс. сямей было адразу выселена ў Сібір. Ахвярамі ўнутранага тэрору сталі многія палітычныя і культурныя дзеячы, вучоныя, артысты, пісьменнікі, святары і простыя людзі.

Рэгламентацыя паўсядзённага жыцця савецкіх людзей узмацнялася. У чэрвені 1940 года Указ ВС СССР уводзіў 8-мі гадзінны працоўны дзень і 7-мі дзённы працоўны тыдзень. Адначасова забаранялася самавольна пакідаць прадпрыемствы і ўстановы. Яшчэ раней сялянам было забаронена пакідаць без дазволу калгасы. Па сутнасці, гэта было мадэрнізаванае прыгонніцтва.

1.2 Фарміраванне камандна-адміністрацыйнай сістэмы кіравання гаспадаркай. Індустрыялізацыя

Пасля правалу “сусветнай рэвалюцыі” ў кіраўніцтве краіны стала пашырацца ідэя аб магчымасці пабудовы сацыялізму ў адной асобна ўзятай краіне. Існавала дзве праграмы сацыялістычнага будаўніцтва, розніца паміж імі знаходзілася ў пытанні аб суадносінах долі назапашання і спажывання.

Праграма «аптымальнага спалучэння» М.І.Бухарына і спецыялістаў Дзяржплана (А.І.Рыкаў, М.П.Томскі і інш.) прадугледжвала павышэнне жыццёвага ўзроўню і культуры рабочых і сялянскіх мас; рост дзяржаўнай прамысловасці ў народнай гаспадарцы; больш высокія, чым у капіталістычных краінах, тэмпы развіцця гаспадаркі; павышэнне ўдзельнай вагі сацыялістычнага гаспадарчага сектара; аптымальнае спалучэнне ў развіцці цяжкай і лёгкай прамысловасці; аптымальнае спалучэнне ў развіцці прамысловасці і сельскай гаспадаркі. У межах выканання праграмы прадугледжвалася захаванне асабістай уласнай гаспадаркі ў сельскай гаспадарцы; пераадоленне павышэння прамысловых ці рэзкага зніжэння сельскагаспадарчых цэн; пераадоленне значнага павышэння падатковага абкладання сялянства; павышэнне пакупной здольнасці чырвонца; прыцягненне дробных зберажэнняў грамадзян для ўнутраных інвестыцый (да індустрыялізацыі); устанаўленне сувязі эмісіі грошай з ростам тавараабароту; распрацоўка пяцігадовага плана як дакладнага прагноза асноўных тэндэнцый у развіцці эканомікі з папраўкамі пад уплывам міжнародных і ўнутраных умоў.

Гэта была праграма развіцця рэгулюемага рынку з выкарыстаннем таварна-грашовых адносін і пераадоленнем дыспрапорцый развіцця эканамічнымі метадамі. Праграма прадугледжвала існаванне агульнадэмакратычных нормаў, магчымасць з’яўлення новых палітычных аб’яднанняў.

Праграма “вялікага скачка” І.Сталіна (В.Куйбышаў, В.Молатаў, А.Андрэеў, Л.Кагановіч, С.Кіраў, А.Мікаян, Г.Арджанікідзе і інш.) мела крыху іншыя мэты: паскораную індустрыялізацыю народнай гаспадаркі; паскоранае каапераванне сялянства і сярэдніх слаёў горада; пад’ём дабрабыту і культуры мас; пабудову сацыялізму. Праграма будавалася на прынцыпах адмаўлення адначасовага і раўнамернага развіцця ўсіх галін гаспадаркі; выкарыстання энтузіязму рабочага класу; умацавання партыйна-дзяржаўнай сістэмы, усталявання адміністрацыйна-каманднай сістэмы кіраўніцтва гаспадаркі; адмены плюралізму ў грамадска-палітычным жыцці.

У студзені 1928 г., прынятае рашэнне Палітбюро ЦК УКП(б) аб правядзенні хлебанарыхтоўкі адміністрацыйна-прымусовымі мерамі выклікала адкрытае сутыкненне дзвюх праграм. Прыхільнікі Бухарына былі зняты з пасад і пазней знішчаны. У краіне ўсталявалася таталітарная сістэма кіравання. Таталітарызм – гэта цэласная ідэалагічная, палітычная і арганізацыйная структура, у якой эканоміка мае падпарадкаваную да ідэалогіі ролю.

Асаблівая ўвага пачала надавацца планаванню развіцця эканомікі, якое набыло статус абавязковых для выканання дакументаў. Раней, у 1926 г., Дзяржплан і ВСНГ падрыхтавалі два варыянты пяцігадовага плана развіцця гаспадаркі – максімальны і мінімальны. Першы прадугледжваў рост прамысловай вытворчасці на 180% (амаль што ў 3 разы), рост вытворчасці сродкаў вытворчасці – 230%, рост прадукцыйнасці працы ў індустрыі – 110%, рост вытворчасці ў сельскай гаспадарцы – 55%, рост рэальнай зарплаты, падваенне нацыянальнага даходу. Мінімальны план прадугледжваў скарачэнне гэтых паказчыкаў максімальнага на 20%. Гэта былі збалансаваныя планы, нягледзячы на высокія тэмпы развіцця. Пасля асабістага ўмяшальніцтва І.Сталіна, абавязковым для выканання застаўся толькі максімальны варыянт, у які ўнеслі карэктывы ў бок павелічэння паказчыкаў.