Вельмі цяжкімі былі ўмовы працы для рабочых прамысловых прадпрыемстваў. Адсутнічала тэхніка бяспекі і аховы працы, наглядаўся рост траўматызму. Працягласць працоўнага тыдня афіцыйна складала 8 гадзін, фактычна – 10–12, у сельскай мясцовасці – 16 гадзін.
З 1929 г. ва ўмовах крызісу адбываюцца масавыя звальненні, зніжаецца заработная плата, павялічваецца працягласць працоўнага дня, адмяняецца сацыяльнае страхаванне. Законы 1933 г. далі прадпрымальнікам правы павялічваць рабочы дзень, скарачаць водпуск з 8 да 4 дзён, ліквідаваць сістэму сацыяльнага страхавання. Дапамога па хваробе скарачалася з 39 да 26 тыдняў.
У гады крызісаў зніжаўся рэальны заробак рабочых. У 1931 г. ён склаў каля 70%, а ў 1933 г. – каля 40% ад узроўню 1928 г. Адначасова сярэдні заробак беларускага рабочага, а гэта каля 20 злотых у тыдзень, складаў ад 30 да 50% сярэдняга заробку рабочых цэнтральнай Польшчы. Часта яна выдавалася ў выглядзе талонаў у магазін і крамы, дзе рабочыя павінны былі купляць тавары і прадукты па завышаных цэнах. Аплата працы жанчын складала 25–50% ад заробку мужчын. Сельскагаспадарчыя рабочыя атрымлівалі заработную плату пераважна сельскагаспадарчай прадукцыяй.
Афіцыйная колькасць беспрацоўных у Заходняй Беларусі на 1936 г. склала 25,5 тыс. чалавек (улічваліся толькі прамысловыя рабочыя). Рэальнае беспрацоўе было значна большым. Не ўсе афіцыйныя беспрацоўныя атрымлівалі дапамогу, малымі былі яе памеры: у 1936–1937 гг. на аднаго беспрацоўнага ў месяц выдаткавалася 4–5 злотых, для сям’і з 4–5 чалавек – 12–14 злотых, для сям’і з 6 і больш чалавек – 16–20 злотых. Той, хто атрымліваў гэтую дапамогу, павінен быў працаваць на грамадскіх работах. Беспрацоўе – адна з прычын масавай эміграцыі.
Існавалі дзесяткі розных падаткаў і збораў (пазямельны, царкоўны, капытковы, меліярацыйны, падаходны, дарожны, маставы, канцылярскі, ураўняльны і інш.). Агульная сума падаткаў у 1931 г. было больш у 4 разы за 1913 г. Падатковая стаўка пазямельнага падатку складала з гаспадаркі ад 5 да 15 га – 2,15 злотых з га; з гаспадаркі ад 60 да 100 га – 2,03 злотых з га; з гаспадаркі памерам звыш 2000 га – 1,01 злоты з гектара. За сваечасовым выкананнем сачылі фінансавыя інспектары (секвестратары) і судовыя выканаўцы. Пры невыкананні падатковага абавязку выкарыстоўвалі канфіскацыі маёмасці, экзекуцыі і ліцытацыі (распродаж усёй маёмасці ці яе часткі на публічных таргах).
Гандлёвая палітыка манаполій адмоўна адбівалася на спажыванні. У 1928 г. для пакупкі аднаго плуга трэба было прадаць 100 кг жыта ці 28 кг свініны, а ў 1935 г. – ужо 270 кг жыта ці 41,5 кг свініны. Нават у заможных сялян з 1930 па 1934 г. спажыванне скарацілася на 70%.
Грамадскія фонды спажывання (выдаткі на адукацыю, культуру, ахову здароўя і інш.) мелі мізерныя памеры. У 1929 г. у заходнебеларускім краі на 3,3 млн. насельніцтва налічвалася 75 бальніц, якія засталіся з часоў Расійскай імперыі. Лячэнне было платным, таму для асноўнай колькасці людзей недаступным.
Насельніцтва заходнебеларускіх земляў у перыяд знаходжання ў складзе Польшчы пакутавалі як ад сацыяльных бедстваў, так і ад нацыяльнага прыгнёту.
5. Культура Заходняй Беларусі ў 20–30-я гады
Зместам нацыянальна-культурнай палітыкі польскіх улад на заходнебеларускіх землях была прымусовая паланізацыя і асіміляцыя мясцовага насельніцтва. Так, да 1938/39 навучальнага года ў заходнебеларускіх ваяводствах не было ніводнай беларускай школы (на 1919 г. іх было каля 400). Насельніцтва, якое валодала беларускай мовай, лічылася непісменным, пазбаўлялася выбарчых правоў. Навучанне вялося ў польскамоўных установах. На 1927/1928 навучальны год было 3,455 школ, дзе вучылася 292,9 тыс. вучняў і 85 гімназій (17,8 тыс. вучняў); на 1937/1938 навучальны год колькасць школ склала лічбу ў 4.421 (гэта 546,6 тыс. вучняў), гімназій – 54 (15,9 тыс. вучняў). Высокая плата за навучанне (220 злотых за год у гімназіі) абмяжоўвала магчымасці асветы.
Супраць гэтай сітуацыі выступіла Таварыства беларускай школы (ТБШ). Яно дзейнічала на працягу 1921–1937 гг. У розны час яго ўзначальвалі Б. Тарашкевіч, І. Дварчанін, Р. Шырма, П. Пестрак і інш. Яго сябры выступалі за беларускую школу, рыхтавалі новыя падручнікі, стваралі чытальні, гурткі самаадукацыі. У канцы 20-х гг. пад націскам грамадскасці было адчынена 18 беларускіх школ. А 500 гурткоў арганізацыі аб’ядналі каля 30 тыс. членаў. Ідэйным кіраўніком ТБШ стаў вучоны-філолаг, літаратар, аўтар «Беларускай граматыкі для школ» (1918 г.) Браніслаў Тарашкевіч. Сапраўднымі асяродкамі беларускай мовы і культуры становяцца Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры (1926–1936 гг.), беларускія гімназіі ў Вільні (1914–1944), Наваградку, Нясвіжы, Радашковічах, Клецку, Будславе (зачынены ў канцы 20-х – пачатку 30-х гг.). У віленскіх выдавецтвах выходзяць «Хрэстаматыя беларускай літаратуры ХІ век – 1905 год» М. Гарэцкага (1922 г.), «Хрэстаматыя новай беларускай літаратуры (ад 1905 г.)» І. Дварчаніна (1927 г.), падручнікі для беларускіх школ С. Рак-Міхайлоўскага, С. Паўлоўскага, беларускамоўныя часопісы і газеты («Маланка», «Шлях моладзі», «Летапіс ТБШ» («Беларускі летапіс»), «Беларуская крыніца» і інш.). У 1921 г. на базе прыватнай калекцыі беларускага археолага і этнографа І. Луцкевіча па ініцыятыве Беларускага навуковага таварыства (1918–1939) быў заснаваны Віленскі беларускі гісторыка-этнаграфічны музей. У навуковай і культурна-асветніцкай рабоце актыўна ўдзельнічалі В. Ластоўскі, А. Станкевіч, Б. Тарашкевіч, браты Луцкевічы і інш.
У час, калі ў БССР пачаўся працэс згортвання палітыкі беларусізацыі, супрацьстаянне прымусовай паланізацыі ў Заходняй Беларусі садзейнічала актывізацыі і аб’яднанню беларускай інтэлігенцыі. Нацыянальны фактар вызначаўся як галоўны ў сацыяльна-палітычнай барацьбе. У канцы 20-х – 30-я гады палітыка польскага ўрада канчаткова павярнулася да ліквідацыі беларускіх нацыянальных асяродкаў (выдавецтваў і выданняў, культурна-асветніцкіх арганізацый). У 1937 годзе ўлады забаранілі дзейнасць ТБШ.
Для заходнебеларускай літаратуры характэрна перавага паэтычнага жанру, які адзначаецца эмацыянальнай рэакцыяй на падзеі, актыўнай грамадзянскай пазіцыяй аўтараў (М. Танк, В. Таўлай, М. Засім), а таксама рамантызмам і лірызмам (Н. Арсеннева, К. Сваяк, У. Жылка і інш.). Выяўленчае мастацтва адметна касмічнымі, гістарычнымі і сімволіка-алегарычнымі карцінамі Я. Драздовіча («Дух зла» і інш.), бытавымі палотнамі М. Сеўрука і П. Сергіевіча, партрэтам і пейзажам (Г. Семашкевіч), карыкатурамі Я. Горыда. Сур’ёзную працу па збіранні і прапагандзе беларускага фальклору праводзілі Р. Шырма, г.Цітовіч. Утвараліся хоры (адзін з самых папулярных – хор Беларускага саюзу студэнтаў у Вільні), рэпертуар якіх складаўся пераважна з беларускіх песень. Значны ўнёсак у музычную культуру зроблены кампазітарамі К. Галкоўскім, Л. Раеўскім, оперным спеваком і выканаўцам народных беларускіх песень М. Забэйда-Суміцкім.
Спіс выкарыстаных крыніц
1. История Беларуси в документах и материалах / Авт.-сост. И.Н. Кузнецов, В.Г. Мазец. Мн.: Амалфея, 2000. 672 с.
2. Шымуковiч С.Ф. Гiсторыя Беларусi: курс лекцый / Шымуковiч С.Ф. – Мн., 2005. – 235 с.
3. Дакументы па гісторыі Беларусі, якія зберагаюцца ў цэнтральных дзяржаўных архівах СССР / Рэд.-склад. А.М.Міхальчанка, Т.А. Вараб’ёва. Мн.: БелСЭ, 1990. 261 с.
4. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 1–5; Т. 6. Кн. 1–2. Мн.: БелЭн, 1993–2003.
5. Доўнар-Запольскі М.В. Гісторыя Беларусі / Пер. з рус. Т.М. Бутэвіч і інш.; Прадм. Дз.У. Карава, Я.І. Бараноўскага. Мн.: БелЭн, 1994. 510 с.