Смекни!
smekni.com

Гаспадарчая дзейнасць насельніцтва Беларусі ў першабытную эпоху (стр. 3 из 3)

- наяўнасць вялікай колькасці лёгкадаступнай сыравіны – балотнай ці лугавой руды і драўнянага вугалю;

- адносна нескладаная тэхналогія перапрацоўкі жалеза ў домніцах (прымітыўных плавільных печах);

- адзначаўся вялікі попыт на якасныя і прасцейшыя ў эксплуатацыі прылады працы, асабліва ў земляробстве;

- існавала магчымасць выкарыстоўваць мясцовымі кавалямі ўжо распрацаваныя тэхналагічныя прыёмы – кавальскую зварку, пакетную коўку і інш.

Выкарыстоўванне жалезных прылад працы значна павысіла вытворчасць працы, людзі атрымлівалі больш прадукцыі, з’явіўся прыбавачны прадукт, што выкарыстоўваўся для накаплення ці абмену.

Абмен у гэтыя часы меў пераважна натуральны характар, калі адна рэч мянялася на іншую рэч. Тым не менш, з’явіліся грошы – грэчаскія і рымскія манеты. Яны яшчэ не выконвалі ролю універсальнага эквіваленту, а хутчэй за ўсё з’яўляліся прадметам накаплення. Аб гэтым сведчаць знаходкі буйных кладаў, што адносяцца да адзначанай эпохі. Як і раней, існаваў лакальны абмен і міжрэгіянальны. Беларускія землі пастаўлялі суседзям з Паўночнага Прычарнамор’я і Ніжняга Падняпроў’я драўняны вугаль (існавала вытворчасць гэтага прадукта), рээкспартавалі у тым жа напрамку прыбалтыйскі бурштын. На Беларусь прывозіліся манеты грэчаскіх і рымскіх гарадоў, прадметы “прэстыжу”.

На пачатак нашай эры гаспадарчае развіцце беларускіх земляў шло пад ўплывам актыўных этнічных працэсаў. Апошняя стадыя гэтых працэсаў – гэта рассяленне на сучасных беларускіх землях славянскіх пляменаў. Рассяленне славян (пачалося ў VI ст.) прынесла кардынальныя змены ў эканамічным жыцці. Славяне мелі больш высокі ўзровень развіцця гаспадаркі ў параўнанні з мясцовым насельніцтвам. Перасяленцы вялі ворнае земляробства і жывёлагадоўлю, арыентаваную на малочную вытворчасць. Больш таго, яны прынеслі жорны на змену зернацёркам, якімі карысталася мясцовае насельніцтва. Славяне прынеслі новую форму сацыяльнай арганізацыі – сельскую абшчыну. Змешваючыся з мясцовымі жыхарамі у VI-VII стст. яны утварылі славяна-балцкія калочынскую і банцараўскую археалагічныя культуры. Некаторыя даследчыкі лічаць , што гэтыя утварэнні маглі мець прыкметы прота-дзяржавы. На вялікіх тэрыторыях адсутнічалі ўмацаваныя паселішчы, што гаворыць аб скаардынаванай абароне і адсутнасці ўнутранных сутычак. На тэрыторыі існавання гэтых культур ёсць знаходкі пахаванняў, што змяшчаюць выключныя па якасці і каштоўнасці рэчы. Гэтыя пахаванні прыпісваюць правадырам вялікіх тэрыторый.

Сельская абшчына (мір, вервь) – аб’яднанне людзей, заснаванае не на роднасных, а на тэрытарыяльных і часткова, вытворчых сувязях. У працэсе развіцця мела тры асноўныя формы, што змянялі адна адну.

Вялікасямейная сельская абшчына (VI-VII стст.) складалася з 150-200 абшчыннікаў, што разам апрацоўвалі зямлю. Маёмасць на зямлю была калектыўная, а на жыллё і гаспадарчыя пабудовы ўжо ўсталявалася прыватная ўласнасць. Размеркаванне прадукцыі адбывалася згодна са звычаем.

Суседска-вялікасямейная ці земляробчая сельская абшчына (VIII-IX стст.). Разам з цэнтрам абшчыны – галоўным вялікім пасяленнем існавалі малыя паселішчы – “сямейныя абшчыны”. Вялікая патрыярхальная сям’я як і раней была асноўнай гаспадарчай адзінкай. Ёй належала тая зямля, што яна апрацоўвала, і ўжо на той час сем’і мелі розны ўзровень багацця. Адначасова вылучаюцца малыя сем’і, што самастойна вялі гаспадарку.

Суседская сельская абшчына (X-XI стст.). Яе існаванне адзначана наступнымі прыкметамі:

- вылучэнне малых сем’яў з вялікай патрыярхальнай;

- усталяванне прыватнай уласнасці сям’і на зямлю;

- індывідуальнае вядзенне гаспадаркі кожнай сям’ёй.

Далейшае развіццё абшчыны ішло ў двух напрамках. Першы шлях – гэта дыферэнцыяцыя абшчынікаў унутры абшчыны, што мела вынікам канцэнтрацыю права маёмасці на зямлю у адной ці некалькіх сем’ях, рост залежнасці бяднейшых абшчыннікаў ад багацейшых. Такім чынам, усталёўваліся феадальныя адносіны. Другі шлях – гэта прамы захоп абшчынных зямель і свабодных абшчынікаў з боку дзяржаўнай улады ў асобе князя і дружыны. Вынік той жа – знікненне сялянскай маёмасці на зямлю, усталяванне феадальных адносін. Першабытнаабшчынны лад хутка распадаўся, а з ім адыходзіла і першабытная гаспадарка.

Вылучэнне рамяства і развіццё гандлю

У першабытнай гаспадарцы рамесніцкая вытворчасць была непарыўна звязана з сельскай гаспадаркай. Вытворчасць розных прылад мела выгляд хатняга промыслу. Хатні промысел – гэта вытворчасць тых ці іншых вырабаў для ўжытку ў сям’і. Рамяство – гэта вытворчасць розных рэчаў на рынак ці пад заказ людзьмі, што валодалі спецыяльнымі ведамі і навыкамі.

Вылучэнне рамяства з сельскай гаспадаркі мае наступныя прыкметы:

- былі распрацаваныя спецыфічныя складаныя тэхналогіі вырабу прадметаў;

- наяўнасць спецыялізаваных майстэрняў, размешчаных асобна ад іншых пабудоў;

- наяўнасць сыравіннай базы ці шляхоў дастаўкі сыравіны;

- гатовая прадукцыя мела стандартны выгляд на вялікай тэрыторыі;

- абмен меў развіты характар.

Ужо ў VI-VIII стст. шэраг хатніх промыслаў існаваў у пераходнай стадыі да рамяства. Так, апрацоўка дрэва вылучалася шырокім спісам дрэваапрацоўчых інструментаў (сякеры сучаснага тыпу, далоты, цясло, свярдзёлкі і інш.). Гэта гаворыць аб развітай тэхналогіі дрэваапрацоўкі. Вырабы з керамікі на вялікай тэрыторыі мелі больш-менш стандартны S-падобны выгляд, амаль на ўсей тэрыторыі сустракаліся прасліцы аднаго тыпу. Разьбой па косці і рогу займаліся ў кожнай хаце, але з’яўленне выключных па мастацкай якасці рэчаў можна аднесці толькі да вытворчасці пад заказ ці на абмен. Тое ж можна сказаць і пра ткацтва і прадзенне. Для ўнутраннага ўжывання выкарыстоўвалася больш грубая тканіна, а якасная выраблялася пад заказы ці на абмен.

Першае рамяство звязана з апрацоўкай жалеза і вытворчасцю жалезных прылад працы. Кожны жадаючы не мог займацца гэтай справай, таму што: патрабавалася веданне складанай тэхналогіі, спецыяльныя веды. Шматгадовая практыка, фізічная падрыхтоўка таксама былі вызначальнымі фактарамі выдзялення кавальства ў рамяство. Развіццё рамяства ішло ў двух напрамках. Існавалі аседлыя кавалі. Іх праца мела сезонны характар. Вытворчасць асноўнай масы прадукцыі адбывалася ў перыяды, свабодныя ад сельскагаспадарчых работ (каваль вёў сваю гаспадарку). Але існавалі і кавалі-вандроўнікі. Гэта былі прафесійныя кавалі, што выконвалі заказы жыхароў розных месцаў ці прапанавалі ім гатовыя вырабы. У замен яны атрымлівалі ўсе неабходнае для існавання.

Вылучэнне рамёстваў мела наступныя вынікі:

- падрываўся калектыўны характар працы і прысваення;

- асобныя члены абшчыны атрымлівалі магчымасць самастойна прысвойваць прыбавачны прадукт, абыходзячы працэдуру размеркавання ў межах абшчыны;

- развіваўся абмен ў рамках селянін-рамеснік.

Вылучэнне рамясва з сельскай гаспадаркі было другім грамадскім падзелам працы. Гэта быў рухавік, што прывеў да фарміравання дзяржавы і класаў.

Абмен і гандаль. Паступова, у працэсе развіцця і ўдасканалення абмену, сваё месца стаў адваёвываць гандаль. Перадумовы ўзнікнення гандлю:

- хуткае развіцце сельскай гаспадаркі;

- аседлы лад жыцця мясцовага насельніцтва;

- рост шчыльнасці насельніцтва;

- вылучэнне і развіццё рамёстваў;

- далейшае развіццё прысвойвальных формаў гаспадаркі;

- гаспадарчая спецыялізацыя рэгіенаў;

- усталяванне эквіваленту абменаў.

Эквівалент – гэта найбольш значная, універсальная для абодвух абменьваючыхся бакоў рэч. Славяне спачатку выкарыстоўвалі ў якасці эквіваленту жывёлу, пазней – металы, а дакладней – манеты існаваўшых у тыя часы дзяржаў, з якімі падтрымлівалі гандлёвыя сувязі. Міжрэгіянальны абмен меў выгляд так званага “прэстыжнага абмену”. Яго сутнасць у тым, што за свой тавар (у асноўным – сыравіну) атрымлівалі рэчы, якія не мелі спажывецкай ці вытворчай вартасці, але неслі прэстыж яго ўладальніку. Лакальны абмен дапамагаў пераразмяркоўваць прыбавачны прадукт ў межах абшчыны ці невялікага рэгіёну. На гэтай першай стадыі развіцця прымітыўны гандаль яшчэ адбываўся без пасрэднікаў. Гандляры як сацыяльная група з’явяцца ў працэсе класаўтварэння і станаўлення дзяржаўных інстытутаў. З іх з’яўленнем адбудзецца трэці вялікі грамадскі падзел працы.

Шматукладная гаспадарка

Шматукладнае грамадства – гэта грамадства, дзе феадальны ўклад жыцця паступова пераважаў над родаплемяным і рабаўладальніцкім, суіснуючы некаторы час побач.

Эканамічная шматукладнасць наглядалася ў суіснаванні суседскай абшчыны і феадальных зямельных уладанняў. Сацыяльная шматукладнасць – гэта падзел грамадства на розныя сацыяльныя групы. Адначасова суіснавалі групы: свабодных сялян-абшчыннікаў, але ўжо пачалося іх расслаенне, вылучэнне феадальна-залежнага сялянства (чэлядзі); была група рабоў, складваўся клас феадалаў-землеўладальнікаў. Адначасова ішло ўсталяванне дзяржаўных устаноў. З’явіліся “кармленні” – складваліся васальныя адносіны, насельніцтва пачало эксплуатавацца дзяржавай – у выглядзе палюддзя. Наогул, паступова вярхоўная ўлада на зямлю перайшла да дзяржавы ў асобе князя.


СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ

1. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1-5. Мінск, 1993, 1999.

2. С. Ф. Шымуковіч Эканамічная гісторыя Беларусі / С. Ф. Шымуковіч – Мн, 2001.

3. Галубовіч В.І. Эканамічны стан, побыт і гандаль старажытнай Беларусі / Галубовіч В.І. - Мінск, 1997.