- характарызавалася калектыўнай маёмасцю;
- падзел працы ажыццяўляўся паводле ўзросту і полу;
- у вытворчай сферы існавала простая кааперацыя;
- вядучая роля ў гаспадарцы і сацыяльнай структуры грамадства належала жанчыне.
Тэхналогіі вырабу прылад працы былі прадстаўлены мікралітычнай – на усходзе і захадзе тэрыторыі сучаснай Беларусі і макралітычнай – у цэнтры сучаснай Беларусі. Макраліты – гэта масіўныя прылады працы, вырабленыя з аднаго куска каменя. Мікраліты – мініяцюрныя прылады працы з каменя дакладнай геаметрычнай формы. Пласцінкі мелі памер каля 1-2 квадратных сантыметраў, выкарыстоўваліся для вырабу састаўнах прылад.
У мезаліце адбылося засяленне усёй тэрыторыі Беларусі, з’явілася аўтахтоннае, ці пастаяннае насельніцта.
Узнікненне і эвалюцыя вытворчых формаў гаспадаркі
На Беларусі пачатак пераходу да формаў вытворчай гаспадаркі адбыўся ў перыяд неаліту (5 тыс. год да н.э. – 3 тыс. год да н.э.). Адначасова дасягнулі росквіту прысвойвальныя формы гаспадарання.
Вытворчая гаспадарка – гэта гаспадарка, заснаваная на вытворчасці чалавекам матэрыяльных даброт, неабходных для яго жыцця і дзейнасці.
Жывелагадоўля гістарычна развілася з палявання. Перадумовы развіцця жывелагадоўлі на Беларусі:
- прыручэнне жывелы;
- аседлы лад жыцця насельніцтва;
- асваенне тэхналогіі назапашвання і захавання кармоў для жывелы;
- уплыў плямён перасяленцаў-жывёлаводаў.
Прыкладна ў пачатку 3 тысячагоддзя да н.э. жывёлаводства было вядома сярод жыхароў палескага рэгіену. Да канца неаліту жывелагадоўля – занятак насельніцтва на ўсіх беларускіх землях.
Земляробства – гэта апрацоўка зямлі з мэтай атрымання прадуктаў харчавання і сыравіны для дамашніх промыслаў. Перадумовы ўзнікнення земляробства на Беларусі:
- уплыў плямён перасяленцаў-земляробаў;
- аседлы лад жыцця мясцовага насельніцтва;
- поспехі ў выпрацоўцы і выкарыстоўванні прылад працы;
- спрыяльныя прыродныя ўмовы.
Звесткі аб спарадычным земляробстве датычацца 5 тысячагоддзя да н.э., але толькі пад канец неаліту – на пачатак бронзавага веку яно стала адной з асноўных галін гаспадаркі. На Беларусі існавала ў двух формах – “падсечна-агнявой” ці ляднай і матычнай.
Ляднае земляробства – складаны тэхналагічны працэс, што складаўся з шэрагу этапаў і аперацый.
Першы этап – выбар месца. Выконвалі асноўныя правілы: гэта быў бераг ракі ці возера, глеба павінна быць якаснай, ніколі не выбіралі нізіны і паўночныя схілы.
Другі этап – непасрэдна падсека. Складалася з дзвюх паслядоўных аперацый:
- падрэзка і выдаленне часткі кары на дрэве. На першых этапах развіцця земляробства, калі шырокае выкарыстоўванне сякер было немагчыма па тэхналагічных прычынах, дрэвы сохлі на пні;
- высыханне і спальванне дрэў. Працэс займаў 10-15 год. Выкарыстоўванне сякеры з драўлянай ручкай паскорыла падсеку, скараціўшы працягласць другога этапу да 2-3 год.
Трэці этап – выдаленне пнёў.
Чацвёрты этап – апрацоўка глебы, вырошчванне ўраджаю. Выкарыстоўваўся палетак на працягу 3-6 год. Апрацоўка зямлі і вырошчванне ўраджаю складалася з некалькіх паслядоўных аперацый:
- рыхленне зямлі
- пасеў зярнят або пасадка іншых сельскагаспадарчых культур;
- догляд пасеваў, барацьба з пустазеллем;
- ахова ад звяроў і птушак;
- збор ураджаю;
- малацьба і ачышчэнне зерня;
- пабудова збожжасховішчаў;
- памол зерня;
- выпечка хлеба;
- якасны і колькасны адбор і зберажэнне насеннага матэрыялу (прымітыўная селекцыя).
Асноўныя сельскагаспадарчыя культуры таго часу – пшаніца, лён, проса.
Паралельна ляднай сістэме земляробства ужывалася матычнае земляробства. Яно не атрымала шырокага распаўсюджання, бо на Беларусі былі стрымлівальныя фактары:
- нізкая ўрадлівасць глебы;
- адсутнічалі вялікія прасторы, свабодныя ад лясоў.
З’яўленне новых формаў гаспадарання мела вынікам значнае расшырэнне спісу прылад працы. Толькі земляробства прынесла з сабой матыкі, сярпы, зернацёркі, паспрыяла ўдасканаленню сякеры і г.д.
Далейшае развіцце ў неаліце атрымала рыбалоўства. Гэта было звязана з вынаходніцтвам лодкі. Лодка (човен) – не толькі сродак больш дасканалага рыбалоўства, але яшчэ і першы транспартны сродак. З’яўленне лодкі стымулявала больш актыўны абмен і развіццё суднаходства. У неаліце была удасканалена сетка, яна мела некалькі розных відаў, мела некалькі прызначэнняў. Усё гэта павялічыла аддачу ад рыбалавецкага занятку.
У неаліце узнікла вытворчасць першага штучнага матэрыялу – абпаленай гліны. З гліны выраблялі ляпны посуд. Сасуды былі недакладнай формы, але ужо мелі розную функцыянальную накіраванасць (гатоўка, захоўванне харчавання, культавыя патрэбы і г.д.).
У неаліце з’явілася адзенне з тканіны, што атрымлівалі ад хатняга промыслу – ткацтва. Сыравіна выкарыстоўвалася як прыродная (крапіва, канопля), так і вырошчвалася на палетках (лён).
У неаліце на Беларусі ўзнікла вытворчасць прылад працы з крэмню з мэтай абмену. Гэтая з’ява цесна звязана з існаваннем чырвонасельскіх шахтаў. Старажытныя шахты былі выпадкова выяўлены ў Ваўкавыскім раёне каля пасёлка Чырвонае Сяло ў 1962 годзе. Аб існаванні спецыялізацыі ў вытворчасці прылад працы можна гаварыць на падставе наступных фактаў:
- існавала ўстойлівая канструкцыя шахтаў. Былі выпрацаваныя галоўныя правілы пабудовы шахтаў – прыладка ствалоў, штрэкаў, устаноўка стаўбоў, функцыянаванне сістэмы вентыляцыі і асвятлення;
- апрацоўка крэмню праводзілася аднастайнымі тэхналагічнымі прыёмамі;
- канчатковая прадукцыя крэмнеперапрацоўчых майстэрань мела стандартны выгляд.
Акрамя майстэрань у непасрэднай адлегласці ад шахтаў, былі майстэрні і ў іншых рэгіёнах Беларусі. Такія знойдзены каля Оршы, у Быхаўскім раене, у Брэсцкай вобласці. Перапрацоўшчыкі камню карысталіся новымі тэхналагічнымі прыёмамі – пілаваннем, шліфаваннем, свідраваннем, што ўзніклі на прыканцы неаліту. Больш дасканалыя прылады працы, якімі было прасцей працаваць, садзейнічалі росту вытворчасці працы. З’яўленне лішкаў прадукцыі стымулявала ўзнікненне абмену.
Абмен у неаліце існаваў у дзвюх формах: абмен у межах абшчыны – ажыццяўляўся на падставе ўраўняльнага размеркавання; абмен паміж спецыялізаванымі абшчынамі земляробаў і жывёлаводаў – існаваў у адвольнай форме, бо яшчэ не існавала агульнага эквіваленту мены.
Такім чынам, перыяд неаліту на Беларусі характарызаваўся кардынальнымі зменамі у гаспадарцы, у вытворчасці. У гэты час адбыўся першы вялікі грамадскі падзел працы – на земляробства і жывёлагадоўлю. Усе гэтыя змены ёмка называюць “неалітычная рэвалюцыя”, і хоць яна цягнулася некалькі тысячагоддзяў, вынікі яе былі вызначальнымі для больш позніх перыядаў існавання чалавечага грамадства.
Бронзавы век на Беларусі мае храналагічныя рамкі: 2-е тысячагоддзе да н.э. і закранае пачатак 1-га тысячагоддзя да н.э. На Беларусі можна гаварыць аб гэтым перыядзе як аб энеаліце – ці медна-каменным веку. Асноўная маса прылад працы як і ў неаліце – была з камню. Бронзавых і медных артэфактаў знойдзена няшмат, усяго каля 70 прадметаў на ўсю Беларусь. гэта тлумачыцца адсутнасцю сваіх сыравінных рэсурсаў і аддаленасцю ад распрацовак медзі наогул. Асноўная група знаходак з бронзы ці медзі – гэта ўпрыгожанні. Сярод прылад працы можна вылучыць сякеры, наканечнікі дзідаў, далоты, шылы. У невялікай колькасці кардынальных зменаў у гаспадарцы яны зрабіць не маглі. Таму ў бронзавы век на Беларусі развівалася і ўдасканальвалася ўсё тое, што было набыта ў неаліце.
Земляробства і жывёлагадоўля з дапаможных заняткаў сталі галоўнымі формамі гаспадарання. На працягу веку бронзы земляробы вырошчвалі на палетках усе асноўныя сельскагаспадарчыя культуры.
У апрацоўцы камню шырока выкарыстоўвалі прыёмы пілавання, шліфавання, свідравання. Новы тэхналагічны прыём – струменьчатая рэтуш – выкарыстоўваўся для надання асобнай вастрыні колюча-рэжучым краям прылад. Шырокае распаўсюджанне набылі сякеры з адтулінамі для драўляных ручак – яны мелі выключнае значэнне для рапаўсюджвання ляднага земляробства.
Гліняны посуд пачалі рабіць з плоскім дном. Гэта азначае, што з’явіліся сталы, лаўкі і паліцы, пачала складвацца культура быту. Знаходкі шматлікіх прасельцаў гаворыць аб распаўсюджванні і пэўных поспехах у ткацтве.
Далейшае развіццё атрымаў абмен. Перш за ўсё гэта датычыцца міжрэгіянальнага абмену. З беларускіх зямель шырока вывозіўся крэмень і прылады працы з яго – у Прыбалтыку; з Прыбалтыкі на Беларусь везлі бурштын, далей ен трапляў на Каўказ і ў Прыкарпацце. З гэтых месцаў мы атрымлівалі медзь і бронзу. Знойдзеныя на Беларусі шкляныя ўпрыгожванні маюць паходжанне з Усходняга Міжземнамор’я.
Паспехі ў развіцці гаспадаркі спрыялі зараджэнню маёмаснай няроўнасці і няроўнасці па палавой прыкмеце. Матрыярхат як сацыяльная арганізацыя грамадства страчвае свае пазіцыі. У гаспадарчым жыцці галоўнай асобай, здабытчыкам і працаўніком становіцца мужчына. Гэта павышае яго статус у грамадстве, што спрыяе ўсталяванню патрыярхальных адносін. Пацвярджаюць гэта знаходкі больш багатых па інвентару мужчынскіх пахаванняў.
Развіццё сельскай гаспадаркі, рамёстваў і гандлёвых адносін у перыяд распаду першабытнаабшчыннага ладу і станаўлення феадальных адносін
Распад першабытнаабшчынных адносін на Беларусі храналагічна супадае з жалезным векам. Першыя прылады працы з жалеза з’явіліся на Беларусі на мяжы 2-га і 1-га тысячагоддзяў да н.э. Яны былі знойдзены ў адным месцы – на поўдні Беларусі, у Лоеўскім раёне. Толькі праз 2-3 стагоддзі перапрацоўка жалеза і вытворчасць жалезных прылад працы распаўсюдзілася па ўсей тэрыторыі сучаснай Беларусі. Таму прынята лічыць пачатак жалезнага веку з VIII-VII стст. да н.э.
На Беларусі існавалі станоўчыя перадумовы, што паспрыялі досыць хуткаму распаўсюджванню жалеза: