Гандаль на Беларусі развіваўся пераважна ў форме кірмашоў. Так, у Гродзенскай губерні налічвалася 43 ярмаркі. На самай буйной з іх - Зэльвенскай - гадавы гандлёвы абарот перавышаў 1 млн. рублёў. Сярод буйных кірмашоў Беларусі вылучалiся таксама Любавіцкая ў Магілёўскай губерні і Мінскія кантракты. Усяго на Баларусі праходзіла каля 200 кірмашоў. Сюды прывозілі сельскагаспадарчыя і прамысловыя тавары не толькі з Беларусі, але і з Маскоўскай, Уладзімірскай, Ніжагародскай губерніяў, Украіны, Польшчы, Прусіі і г. д. У Беларусь увозілі воўну, металічныя вырабы, галантарэю і г. д. Цікава адзначыць паступовае змяненне асартыменту прывезеных тавараў. Напрыклад, на Стаўпянскую прыстань у І827 г. прывозілі пераважна прадметы раскошы: фарфоравы і фаянсавы посуд, крышталь, люстэркі, дарагое віно, а ў 50-х гадах выгружалі пераважна чугунныя вырабы, свінец, волава, паперу; у 1860 г. было выгружана на прыстань 19,7 тыс. пудоў чугуну.
Уразвіцці гандлю важную ролю адыгрывалі судаходныя рэкі Бярэзіна, Прыпяць, Дняпро, Заходняя Дзвіна, Нёман, якія звязвалі Беларусь з балтыйскімі і чарнаморскімі портамі. Транспартныя перавозкі дасягнулі значных памераў. У 1861 г. у Магілёўскай губерні па Дняпру і Сожы прайшло 1 082 судна, 441 плыт, на якіх было занята 17 тыс. рабочых. У Гродзенскай губерні па суднаходных рэках прайшло 5 531 судна і 7 584 плыта, 772 суднарабочых перавезлі тавараў на 8 563, 5 тыс. руб., у Віленскай губерні прайшло 3 230 судоў, 2 441 плыт; на іх было занята 18 991 чалавек і загружалася тавару на 4 471 тыс. руб. Праз Рыгу, Гданьск, Кенігсберг адпраўляліся велізарныя баржы з таварамі з Беларусі за мяжу.
Вывазны гандаль Беларусі асабліва пашыраецца ў 40-50-я гады, калі ўзняліся сусветныя цэны на збожжа. Пра яго ажыўленне сведчыць павелічэнне вывазу збожжавых культур за апошнія пяць год перад рэформай. Так, калі ў 1856 г. з Беларусі вывезена жыта 73, аўса 92, ячменю 39 тыс. чвэрцей, то у І86І г. адпаведна: 318, 447, 154 тыс. чвэрцей. Такім чынам, за пяць год вываз збожжа з Беларусі павялічыўся ў 1,5 раза. Гэтаму спрыяла і паляпшэнне сродкаў сувязі, будаўніцтва дарог. Была пабудавана Маскоўска-Варшаўская шаша, якая прайшла праз тры беларускія губерні: Магілёўскую, Мінскую, Гродзенскую. Важную ролю ў гандлёвых перавозках адыгрывалі рэкі і каналы. На іх знаходзілася да 85 прыстаняў. У 1804-1805 гг. скончылася будаванне Агінскага і Бярэзінскага каналаў, якія звязалі Дняпро з Заходвяй Дзвіной, Нёманам і Віслай. Хоць прапускная магчымасць гэтых каналаў была малой, яны ўсё ж мелі вялікае транспартнае значэнне.
Але развіццё гандлю было цесна звязана са станам прамысловасці, сельскай гаспадаркі, плацёжаздольнасці насельніцтва. Феадальна-прыгонная сістэма скоўвала развіццё ўсіх галін народнай гаспадаркі, абмяжоўвала пашырэнне ўнутранага рынку.
Знішчэнне прыгонных адносін з'яўлялася неабходнай перадумовай далейшага эканамічнага развіцця.
1. Шыбека З.В. Гарады Беларусi (60-я гады XIX - пачатак XX ст.). Мн., 1997.
2. Белоруссия в эпоху капитализма: Сб. док. и материалов: В 3 т. Мн., 1983 - 1990. Т.1 - 2. Мн., 1990.
3. Дакументы i матэрыялы па гiсторыi Беларусi. Т.2. (1772 - 1903 гг.). Мн., 1940.
4. Документы и материалы по истории Белоруссии. Мн., 1953. Т.3.
5. Фiлатава А. Дваранства на Беларусi ў канцы XVIII - XIX cт. // Беларускi гiстарычны часопiс. 1997. №4.