Беларусь у першай палове ХІХ ст. з'яўлялася выключна аграрным рэгіёнам Расійскай імперыі. Яе сельская гаспадарка мела ў целым экстэнсіўны характар. У ёй пераважала трохпольная сістэма: ярына - азімыя - папар, а дзе-нідзе яшчэ захавалася аблогавае карыстанне зямлёй.
Нярэдкай з'явай у прыгонніцкай вёсцы былi неўраджаі і голад. Напрыклад, у Віцебскай губерні з 1814 г. по 1826 г. на працягу дванаццаці гадоў запар трымаліся "поўныя неўраджаі", а затым з 1847 г. неўраджайныя гады паўтараліся зноў. У Гродзенскай губерні 1845, 1853, 1854 і 1855 гг. характарызуюцца "поўнымі неўраджаямі". Трэба адзначыць, што і ў астатніх губернях Беларусі ўраджайныя гады былі вельмі рэдкай з'явай.
Частыя неўраджаі, характэрныя для беларускіх губерняў і выкліканы імі рост недаімак у прыгонніцкай вёсцы, былі прычынай сур'ёзнай заклапочанасці і трывогі з боку ўрадавага акружэння. Аднак усе прымаемыя ўладамі меры былі недастаткова эфектыўнымі.
Нізкая ўраджайнасць была непазбежным спадарожнікам прыгонніцкай сістэмы з яе прымітыўнай тэхнікай земляробства і невысокай прадукцыйнасцю прыгонніцкай працы, боль таго, у першай палове XIX ст. яна набыла нават некаторую стабiльнасць. Па даных губернатарскіх справаздач падлічана, што ў Беларусі з 1801 па 1861 гг. ураджайнасць па ярыне і азімых у сярэднім не перавышала: у Магілеўскай губерні - 2,5 чвэрці збору на кожную чвэрць пасеву, у Мінскай - 3, у Гродзенскай - 3,5, у той час як па ўнутраных губернях Расійскай імперыі ўраджайнасць у сярэднім складала не менш за 3,6 чвэрці збору на кожную чвэрць пасеву. Сiстэма прыгонніцкіх адносін ператварылася ў моцны тормаз для далейшага развіцця сельскай гаспадаркі. Гэта разумелі і прадстаўнікі ўлады. Магілёўскі губернатар у справаздачы за 1859 г. падкрэсліваў, што "галоўная, асноўная прычына нездавальняючага стану сельскай гаспадаркі заключаецца ў існаванні да гэтага часу прыгонніцкіх адносін, пры якіх сяляне не маюць магчымасці распараджацца сваёй работай і, не маючы ніякіх праў уласнасці на зямлю, неахвотна выкарыстоўвалі сваю працу па апрацоўкі палёў". Мінскі губернатар у справаздачы за 1859 г. таксама адзначаў: "Прыгонніцкая залежнасць земляробства перашкаджае новаму ўдасканаленню".
Адной з прычын нізкай ураджайнасці была прымітыўная тэхніка земляробства. У першай палове ХІХ ст. асноўнымі сельскагаспадарчымі прыладамі па-ранейшаму заставаліся саха (драўляная бярозавая палка з двума жалезнымі разцамі, якую цягнулі два валы або адзін конь) і драўляная барана, якая складалася з двух драўляных дуг, да якіх тонкай лазой прымацоўваліся два дубовыя вострыя зубы. Праўда, часам на цвёрдых глебах выкарыстоўваліся жалезныя бароны. У Віцебскай жа губерні барану замяняў "смык", які быў зроблены з елкі. Пры ўборцы збожжа па-ранейшаму выкарыстоўваліся сярпы.
З-за недахопу жывёлы ў сялян іх палеткi дрэнна ўдабраліся, што таксама ўплывала на нізкую ўраджайнасць. Асабліва дрэнна былі забяспечаны жывёлай сяляне Віцебскай, Мінскай і Гродзенскай губерняў. Так, па колькасці коней Гродзенская губерня была на опошнім месцы - 9 коней на 100 жыхароў.
Сярод сельскагаспадарчых культур, якія апрацоўваліся, перажавалі так званыя "шэрыя" хлябы: жыта, ячмень. З 40-х гадоў ХІХ ст. пасшыраюцца пасевы бульбы, якая з агародняй культуры становіцца палявой. Хутка бульба стала другім хлебам для сялян і важнай тэхнічнай сыравінай для пераапрацоўчай прамысловасці, галоўным чынам для вінакурнай. На поўдні Магілёўскай губерні істотна павялічыліся пасевы цукровых буракоў, якія ішлі на цукровыя заводы і вінакурэнне.
Вайна 1812 г. прывяла народную гаспадарку Беларусі ў стан сур'ёзнага заняпаду. Велізарныя рэквізыцыі і разбурэнні пры адступленні войскаў спусташалі сельскае насельніцтва. Сяляне страцілі амаль усю жывёлу і коней. Значна скарацілася плошча пасеваў. У справаздачы за 1831 г. беларускi генерал-губернатар вымушаны быў прызнаць, што ў выніку вайны 1812 г. Віцебская і Магілёўская губерні "працягвалі знаходзіцца ў канчатковым заняпадзе" і належаць да "самых бедных у дзяржаве". Асабліва цяжкімі былі неўраджайныя 1820-1822 гг. Голад прывёў да скарачэння насельніцтва Беларусі. На працягу наступных дзесяцігоддзяў смяротнасць на Беларусі перавышала нараджальнасць. Пры параўнанні дадзеных VIII і X рэвізій выявiлася, што з 1833 па 1857 гг. у пяці Беларускіх губернях прыгоннае насельніцтва скарацілася больш як на 76 тыс. рэвізскіх душ, або на 6,2 працэнта.
Прыгонная сельская гаспадарка як памешчыцкая, так і сялянская, на працягу другой чвэрці ХІХ ст. паступова губляла спецыфічныя для яе рысы. Трапляючы ў сферу ўплыву рынка, сельская гаспадарка набывала таварны характар.
Адной з прычын росту таварнасці сельскай гаспадаркі з'яўлялася наяўнасць значнай колькасці "спажывецкага" насельніцтва. Так, на Беларусі ў 1835 г. налічвалася болей 275 тыс. чалавек гарадскога і местачковага насельніцтва, якое займалася пераважна рамяством, гадлем, прадпрымальніцтвам і наймалася на розныя работы. Сярод "спажывецкай" часткi насельніцтва неабходна таксама ўлічваць значную колькасць адыходнікаў.
Росту таварнасці сельскай гаспадаркі садзейнічала павялічэнне вывазу сельскагаспадарчых прадуктаў у прамысловыя губерні Расіі і за мяжу. Развіццю таварна-грашовых адносін спрыялi разгалінаваныя сістэмы рэк, якiя звязвалi Беларусь з гарадамі Расіі, Украіны і Польшчы, а праз балтыйскія порты з краінамі Заходняй Еўропы.
У першай палове ХІХ ст. на Беларусі пачалася спецыялізацыя асобных рэгіёнаў. У прыватнасці, у Віцебскай губерні штогод выраблялася да 500 тыс. пудоў ільновалакна. Лён засяваўся і ў іншых губернях Беларусі, але ў меншых памерах. У Магілёўскай губерні вырошчвалiся каноплi. У Мінскай губерні шырокае распаўсюджванне атрымалі пасевы бульбы, якая потым пераганялася ў спірт. Па вытворчасці спірту з бульбы Мінская губерня займала першае месца сярод усіх губерняу Расійскай імперыі. У паўднёвых раёнах Магілёўскай і Мінскай губерняў з канца 30-х гадоў некаторыя памешчыкі сталі істотна пашыраць вытворчасць цукровых буракоў, пераапрацоўваючы іх на сваіх цукровых заводах.
З другой чвэрці ХІХ ст. у сельскай гаспадарцы Гродзенскай губерні шырокае развiццё атрымала танкарунная авечкагадоўля. У губернатарскіх справаздачах за 40-50 гг. падкрэслівалася, што ў губерні "воўна складае вельмі значную крыніцу даходу і прадаецца часткова для ўжывання на мясцовыя фабрыкі, а часткова - ў Варшаве". У канцы 30-40 гг. у Гродзенскай губерні выраблялася штогод да 40-50 тыс. пудоў высакаякаснай танкаруннай воўны.
У першай палове ХІХ ст. жывёлагадоўля на Беларусі, за выключэннем танкаруннай авечкагадоўлі, яшчэ не набыла таварнага характару. Крупная жывёла разводзілася галоўным чынам для атрымання ўгнаенняў. Толькі некаторыя з памешчыкаў спрабавалі прыстасаваць жывёлагадоўлю да патрэб рынку: адкормліваць жывёлу на мяса, вырабляць на продаж масла і сыр. Удзельная вага прадпрымальніцкага земляробства на працягу першай паловы ХІХ ст. была нязначнай. Рост прадукцыйнасцi сельскагаспадарчай вытворчасці на Беларусі стрымліваўся ў першую чаргу ўплывам прыгоннага права, празмернае ўздзеянне якога прыводзiла да нiзкага ўзроуню сельскагаспадарчай вытворчасцi.
Асновай прыгонніцкай гаспадаркі Беларусі з'яўлялася феадальная ўласнасць на зямлю. Памешчыкі манапольна валодалі амаль усёй ворнай зямельнай плошчай. Напрыклад, у Мінскай губерні, дзе колькасць памешчыкаў складала толькі 0,2% ад агульнай колькасці жыхароў, ім належала 85% агульнай прасторы зямлі; у Гродзенскай - 58,5%, у Віленскай - 69,5%.
Беларусь была раёнам буйнога памешчыцкага землеўладання. Па даных Х рэвізіі ў Беларусі 9 404 памешчыкам належала 1 152 411 рэвізскіх душ, гэта значыць сялян мужчынскага полу. Па колькасці прыналежных ім прыгонных сялян усiх памешчыкаў Беларусi можна падзяліць на некалькі груп: безмаёнткавыя - 332 чал., у якіх было 868 рэвізскіх душ (да 100 прыгонных); дробнамаёнткавыя - 6 557, якія мелі 188 921 прыгонных; сярэднемаёнткавыя - 2 117, якія валодалі 448 791 (да 500 прыгонных) рэвізійскіх душ; буйнамаёнткавыя - 398 чал., мелі 509 000 прыгонных (больш за 500 прыгонных).
Такім чынам, 398 буйных памешчыкаў (4,2% ад агульнай колькасці) мелі ва ўласнасці 44,4% усіх прыгонных. З іх 149 найбольш буйных памешчыкаў Беларусі (1,5 % ад iх агульнай колькасцi), у кожнога з якiх было больш за 1000 рэвiзскiх душ, з'яўляліся ўладальнікамі больш як 339,5 тыс. сялян, што складала 29,4% ад колькасці ўсіх прыгонных. Сярод іх найбольш уплывовымі былі магнаты Вітгенштэйны, Радзівілы, Румянцавы.
Самая вялікая колькасць буйных латыфундый была ў Магілёўскай губерні, а самая меншая - у Віленскай. У Магілёўскай губерні знаходзілася і найбольшая колькасць (142) безмаёнткавых памешчыкау, што складала каля 50% усіх дваран гэтай катэгорыі.
На працягу першай паловы ХІХ ст. у памешчыцкай гаспадарцы Беларусі адбываліся змены, якія сведчылі пра разлажэнне феадальна-прыгонніцкай сістэмы. Памешчыцкая гаспадарка паступова ператваралася ў гаспадарку, якая працавала для рынку. Галоўнымі прадметамі вывазу з Беларусі былі - лён, ільняны алей, пянька, воск, лес, каноплi, скура і інш. З 20-х гадоў ХІХ ст. пашыраецца вываз збожжа.
Значнае павілічэнне экспарту беларускага збожжа адзначаецца ў 40-х і асабліва 50-х гадах ХІХ ст. Так, у Гродзенскай губерні ў гэты час у сярэднім штогод паступала ў продаж да 250 тыс. чвэрцей хлеба на суму каля аднаго мільёна рублёў. Толькі ў Данцынг і Кёнігсберг губерня вывозіла штогод ад 150 да 175 тыс. чвэрцей жыта, жытняй мукі, проса і іншага зерня. У Віленскай губерні ў сярэднім кожны год паступала ў продаж да 346 тыс. чвэрцей хлеба на суму 1,4 млн. руб. Значная частка хлеба, якая прадавалася на ўнутраным рынку, выкарыстоўвалася вінакурэннем.
Галоўным пастаўшчыком таварнага збожжа былі памешчыкі. Але і сяляне, якім патрэбны былі грошы для выплаты дзяржаўных падаткаў і набыцця розных прадметаў, таксама прадавалі частку свайго хлеба.