Смекни!
smekni.com

Характарыстыка грамадска-палітычнага ладу і права Старажытнай Беларусі (стр. 3 из 4)

Галоўным абавязкам тысяцкага з'яўлялася ваеннае кіраўніцтва. У час вайны ён камандаваў апалчэннем, а ў мірны - сачыў за падтрыманнем парадку ў горадзе. Падвойскаму даручалася сачыць за выкананнем рашэнняў веча і распараджэнняў князя.

Ключнік і цівун займаліся гаспадарчымі справамі і некаторымі судова-адміністрацыйнымі пытаннямі ў дзяржаве.

Важным элементам палітычнай сістэмы была царква, цесна звязаная з дзяржавай. Па сутнасці, у яе веданні знаходзілася ідэалагічная апрацоўка насельніцтва. Вярхушка духавенства прымала актыўны ўдзел у палітычным жыцці дзяржавы і грамадства.

4. Станаўленне права Старажытнай Беларусі і яго характарыстыка

У 1-м тыс. н.э. ва ўсходніх славян фарміравалася ўстойлівая сістэма агульнапрынятых звычаяў, якая вызначала правілы паводзін людзей. Паступова частка звычаяў пачала набываць рысы абавязковасці, нярэдка суправаджалася прымусам, які быў санкцыянiраваны родаплемяннымі органамі і абшчынамі, і ўрэшце рэшт набыла якасці звычаёвага права. Яно выяўлялася, напрыклад, у кроўнай помсце за забойства родзічаў, у спосабах заключэння шлюбу і парадку атрымання спадчыны, у выгнанні з абшчыны за парушэнне міру і г.д.

Узнікненне старажытных дзяржаў на тэрыторыі Беларусі суправаджалася фарміраваннем старажытнага феадальнага права. Яго першай крыніцай, асновай і былі старажытныя звычаі. 3 таго моманту, калі звычай санкцыянаваўся дзяржавай, ён станавіўся нормай звычаёвага права. Гэтыя нормы маглі існаваць як у вуснай, так і ў пісьмовай форме.

Частка нормаў звычаёвага права паступова замацоўвалася ў дзяржаўным пісьмовым заканадаўстве, часткова відазмяняючыся або заканадаўча забараняючыся. Кроўная помста, напрыклад, была забаронена ўжо ў XI ст.

Такім чынам, у старажытнасці пануючым было звычаёвае права. Яно ўяўляла сабой сістэму прававых нормаў, якія ўзніклі непасрэдна з грамадскіх адносін, абапіраліся на агульнапрынятасць і даўнасць ужывання і былі санкцыянаваны дзяржавай. 3 далейшым развіццём і ўмацаваннем феадальных адносін ствараліся перадумовы для атрымання льгот пануючым класам. Таму ад дзяржавы патрабавалася выданне спецыяльных законаў, дапаўненняў і тлумачэнняў да нормаў звычаёвага права. Так ствараліся нормы пісанага права, якое спачатку не адмяняла нормаў звычаёвага права, а толькі далаўняла іх, надавала ім агульнадзяржаўны характар. Таму невыпадкова, што ва ўсіх старажытных помніках асноўны змест пісанага права складалі нормы, узятыя са звычаёвага права.

Звычаёвым правам у старажытнасці рэгуляваліся ўсе праваадносіны ў грамадскім жыцці: структура і кампетэнцыя дзяржаўных устаноў, правы і абавязкі розных класаў, станаў (саслоўяў) і сацыяльных груп насельніцтва, грамадзянскія, сямейна-шлюбныя, зямельныя, судова-працэсуальныя, крымінальныя і інш. На Беларусі звычаёвае права было пануючым да XV ст. Паступова яно выцяснялася пісаным правам. Многія нормы звычаёвага права набылі форму закона ў выглядзе шматлікіх грамат, лістоў, прывілеяў, соймавых пастаноў, статутаў, іншых прававых актаў.

Для старажытнага звычаёвага права Беларусі характэрныя наступныя рысы: партыкулярызм, традыцыяналізм і дуалізм.

Партыкулярызм права звязаны з наяўнасцю ў кожнай мясцовасці сваіх звычаяў, нормаў, правіл і адсутнасцю агульнадзяржаўнай прававой сістэмы.

Традыцыяналізм і кансерватызм прававых нормаў, іх нязменнасць у многім былі абумоўлены ўплывам царквы. Справа ў тым, што ў аснове старажытнай прававой тэорыі ляжала царкоўнае вучэнне аб тым, што ў грамадстве і ва ўсім свеце наогул пануе нязменны, раз і назаўсёды ўстаноўлены Богам парадак. Усякія спробы крытыкаваць ці змяняць сацыяльна-эканамічную, палітычную ці прававую сістэму лічыліся ерассю, выступленнем супраць царквы і Бога. Гэта значна абмяжоўвала заканадаўчую дзейнасць князя, бо ён не быў упаўнаважаны ствараць або змяняць нормы права. Нават у XV - XVI стст. урад вымушаны быў абяцаць не парушаць традыцыі і не ўводзіць новых парадкаў. 3 традыцыяналізмам у звычаёвым праве цесна звязана іерархічнасць грамадства з яго складанай сацыяльнай структурай і прававой рэгламентацыяй саслоўяў і сацыяльных груп.

У сувязі з гэтым асоба мела вельмі мала самастойнасці: жыццё кожнага чалавека павінна было ўкладвацца ў рамкі свайго класа, саслоўя, сацыяльнай або рэлігійнай групы.

Дуалізм (дваістасць) звычаёвага права заключаўся ў ідэі поўнага бяспраўя рабоў (халопаў, чэлядзі нявольнай) і фармальнай роўнасці свабодных людзей пры фактычным стварэнні льгот і пераваг пануючаму класу. Халопы, чэлядзь нявольная не прызнаваліся самастойнымі суб'ектамі праваадносін. Адноснае раўнапраўе свабодных гараджан, сялянаннікаў і іншых праяўлялася ў тым, што яны маглі ўдзельнічаць у рашэнні дзяржаўных спраў на вечавых сходах, выбіраць і быць выбранымі ў органы кіравання, неслі роўныя павіннасці, у тым ліку і вайсковую па абароне свайго горада, воласці, княства. Але далейшым развіццём феадальных адносін праваздольнасць простых людзей пачала абмяжоўвацца.

Коратка ахарактарызуем некаторыя юрыдычныя помнікі, нормы якіх доўгі час дзейнічалі на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

Як адзначалася вышэй, былі перыяды, калі беларускія княствы падпарадкоўваліся кіеўскім князям, асабліва гэта тычыцца Турава. 3 гэтага вынікае, што' ў старажытнабеларускіх землях дзейнічалі нормы "Рускай Праўды", вядомага ў свеце помніка права. Таму мы лічым неабходным пачаць разгляд прававой спадчыны з кароткай характарыстыкі гэтага вельмі глыбокага па сэнсе і змесце юрыдычнага дакумента.

Руская Праўда - зборнік законаў, які фарміраваўся на працягу XI - XII стст., а некаторыя яго артыкулы бяруць свой пачатак яшчэ ў паганскай (язычніцкай) даўніне. Аналізуючы "Рускую Праўду", можна прыйсці да высновы, што ўсе яе суб'екты з'яўляліся фізічнымі асобамі (паняцця юрыдычнай асобы закон яшчэ не ведаў). Сярод відаў злачынстваў, прадугледжаных "Рускай Праўдай", няма злачынстваў супраць дзяржавы. Нават князь як аб'ект злачыннага замаху разглядаўся ў якасці фізічнай асобы і адрозніваўся ад іншых толькі сваімі больш высокім становішчам і прывілеямі.

3 канкрэтнымі суб'ектамі звязваўся і змест права ўласнасці. "Руская Праўда" яшчэ не ведала такіх абстрактных паняццяў, як "уласнасць", валоданне, "злачынства".

Зборнік законаў грунтаваўся на казуальнай сістэме, згодна з якой заканадавец імкнуўся прадугледзець усе магчымыя жыццёвыя сітуацыі. Гэтыя юрыдычныя асаблівасці абумоўлены тым, што адной з крыніц "Рускай Праўды" служыла звычаёвае права, нормы і прынцыпы якога былі несумяшчальныя з абстрактным паняццем юрыдычнай асобы. Для звычаю ўсе суб'екты роўныя і ўсе яны могуць быць толькі фізічнымі асобамі. Другая крыніца "Рускай Праўды" - княжацкая судовая практыка, якая ўносіла суб'ектыўны элемент у вызначэнне кола асоб, на якіх перш за ўсё распаўсюджваліся прававыя прывілеі (асобы, набліжаныя да княжацкага двара), і ў ацэнку юрыдычных дзеянняў.

Нормы "Рускай Праўды" абаранялі прыватную ўласнасць (рухомую і нерухомую), рэгламентавалі парадак яе перадачы ў спадчыну па абавязацельствах і дагаворах. Адносіны па абавязацельствах маглі ўзнікнуць з прычыны нанясення шкоды ці ў адпаведнасці з дагаворам. За парушэнне абавязацельстваў даўжнік адказваў маёмасцю, а часам і сваёй свабодай. Дагаворы заключаліся пры сведках, на таргу ці ў прысутнасці мытніка. У "Рускай Праўдзе" ёсць звесткі аб дагаворах куплі-продажу (людзей, рэчаў, коней, самапродажу), пазыкі (грошай, рэчаў), крэдытавання (пад працэнты або без іх), асабістага найму (для выканання пэўнай работы) і г.д.

Злачынства, па "Рускай Праўдзе", вызначалася не як парушэнне закона ці княжацкай волі, а як "крыўда", што значыць прычыненне маральнага ці матэрыяльнага ўрону асобе або групе асоб. Крымінальнае правапарушэнне не адрознівалася законам ад грамадзянска-прававога. Да аб'ектаў злачынства Руская Праўда адносіла асобу і маёмасць. Аб'ектыўны яго бок распадаўся на дзве стадыі: замах на злачынства (напрыклад, караўся чалавек, які выняў меч, хоць і не ўдарыў ім нікога) і закончанае злачынства. Суб'ектам злачынства магла быць любая фізічная асоба, акрамя халопа, за дзеянні якога караўся гаспадар. Аб узроставым цэнзе для суб'ектаў злачынства ў законе нічога не гаварылася. Суб'ектыўны бок злачынства ўключаў намер і неасцярожнасць.

Як указвалася, "Руская Праўда" ведала толькі два родавыя аб'екты злачынства: асобу чалавека і яго маёмасць. Сярод крымінальных дзеянняў супраць асобы называліся забойствы, цялесныя пашкоджанні, пабоі, знявага дзеяннем. Да маёмасных злачынстваў адносіліся разбой, крадзёж (татьба), знішчэнне чужой маёмасці, падпал, канакрадства (як асобны від крадзяжу), злосны неплацёж доўгу і інш. Найбольш дэталёва рэгламентавалася паняцце татьба.

Сістэма пакаранняў была адносна простай і мяккай. Вышэйшая мера пакарання - "поток н разграб ленне". Часам гэта азначала смерць асуджанага і разбор яго маёмасці, іншы раз - продаж у халопы.

Наступнай па цяжкасці мерай пакарання была "віра" (штраф), якая прызначалася толькі забойцам. Калі за злачынцу разлічвалася яго абшчына, тады гэта называлася "дзікай вірай". Інстытут "дзікай віры" выконваў паліцэйскую функцыю, бо звязваў усіх членаў абшчыны кругавой парукай. Усе астатнія злачынствы як супраць асобы, так і маёмасныя караліся продажей (штрафам), памер якой знаходзіўся ў залежнасці ад цяжкасці злачынства. "Продажа" ішла ў казну, а пацярпеўшы атрымліваў "урок" - грашовую ўзнагароду за панесеную страту.

Руская Праўда яшчэ не рабіла дакладнага размежавання паміж крымінальным і грамадзянскім працэсамі. Судовы працэс меў яскрава выяўлены спаборны (спрэчны) характар: ён пачынаўся толькі па ініцыятыве істца, бакі ў ім (ісцец і адказчык) мелі роўныя правы. Судаводства было адкрытым і вусным.