Смекни!
smekni.com

Усталяванне савецкай грамадска-палітычнай сістэмы ў СССР і БССР (стр. 6 из 6)

Міжрэгіянальная дэпутацкая група аказала моцны ўплыў на фарміраванне праграмы дэмакратычнага руху ў Расіі, у тым ліку на працэс пазбаўлення ад ідэалогіі «гуманнага сацыялізма» або «сацыялізма з чалавечым тварам». Так, 11 сакавіка 1990 г. Пленум ЦК КПСС вырашыў адмовіцца ад канстытуцыйных гарантый партыйнай манаполіі на ўладу і выказаўся за ўвядзенне ў краіне інстытута прэзідэнцтва. Трэці, нечарговы з’езд народных дэпутатаў (12–15 сакавіка 1990) выбраў М. Гарбачова Прэзідэнтам СССР і ануляваў шосты артыкул Канстытуцыі. У выніку шматпартыйная сістэма рабілася рэальнасцю.

Такой самай рэальнасцю зрабілася імкненне народаў СССР да перагляду свайго нацыянальна-прававога статусу. Пачаткам абнаўленчага працэсу мусіла стаць прыняцце 12 чэрвеня 1990 г. І з’ездам народных дэпутатаў РСФСР пад старшынствам старшыні Вярхоўнага Савета Б. Ельцына Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце. Услед за Ўкраінскай ССР 27 ліпеня 1990 г. Дэкларацыю аб суверэнітэце БССР прыняў Вярхоўны Савет рэспублікі пад старшынствам М. Дземянцея.

Паступовае ўстараненне КПСС ад кадравых функцый разбурала механізм дзяржаўнага кіравання СССР. Замена існаваўшага парадку прызначэння на пасады сістэмай альтэрнатыўных выбараў кіраўнікоў ва ўстановах і арганізацыях аслабіла патэнцыял КПСС і веру людзей у сацыялізм. Так, 26 кастрычніка 1990 г. мінскі палітклуб «Камуніст» звярнуўся «да членаў Кампартыі Беларусі, да ўсіх грамадзян рэспублікі, якія захавалі вернасць ідэалам Вялікага Кастрычніка» з заклікам «Ні кроку назад, таварышы». Любымі сродкамі захаваць таталітарны рэжым – распаўсюджаннем цемрашальства, юдафобіі і іншай навалачы – такой была мэта органа ЦК КПБ «Политический собеседник».

Такім чынам, за час знаходжання М. Гарбачова на пасадзе Генеральнага сакратара КПСС савецкая палітычная сістэма набыла істотныя змены, пры чым, не зусім такія, на якія разлічвалі сам ініцыятар перабудовы і яго бліжэйшае атачэнне.

Па-першае, хоць са сталінізмам было пакончана, але пабудовы «сацыялізму з чалавечым тварам» не адбылося.

Па-другое, КПСС страціла канстытуцыйную гарантыю кіруючай сілы грамадства і ператварылася ў адну з многіх партый у шматпартыйнай сістэме. Марксізм-ленінізм як пануючая ідэалогія быў адкінуты. Яму на змену прыйшоў ідэйны плюралізм.

Па-трэцяе, рэспубліканскія партыйныя арганізацыі, у тым ліку КПБ, сталі заяўляць аб сваёй самастойнасці. Пры гэтым многія з іх, у тым ліку КПБ, не падзялялі курса М. Гарбачова і абвінавачвалі яго самога ў здрадзе справе камунізму.

Па-чацвертае, у зноў створаных на дэмакратычнай аснове Саветах усіх узроўняў – ад Вярхоўнага да сельскага – роля камуністаў па-ранейшаму заставалася вызначальнай. У выніку, змены да лепшага амаль не адбываліся.

Па-пятае, распачатая дэмакратызацыя і спробы ўдасканаліць саюзны дагавор узмацнілі ў нацыянальных рэгіёнах цэнтрабежныя тэндэнцыі, што ў многім падрыхтавалі распад СССР. Дэкларацыя аб суверэнітэце БССР асаблівага энтузіязму ў кіруючых колах не выклікала.

У выніку разам з яшчэ не знішчанай таталітарнай палітычнай сістэмай у СССР узніклі і набылі тэндэнцыю да ўзмацнення элементы дэмакратычнай сістэмы з уласцівымі ёй правамі і свабодамі людзей, шматпартыйнасцю, абіраемымі органамі ўлады, вяршэнствам закону, незалежнымі СМІ і г. д. У гэтых адносінах палітычнаму рэжыму БССР былі характэрны крайні кансерватызм і канфрантацыйнасць. Невыпадкова, что КПБ, якая ўвасабляла гэты рэжым, набыла назву «анты-перабудовачнай Вандэі» – сілы, скіраванай супраць рэвалюцыйнага абнаўлення грамадства.

Спіс выкарыстаных крыніц

1. Гісторыя Беларусі: Вуч. дапаможнік. / Пад рэд. А.П. Ігнаценка. – Мн., 1994.

2. Сяменчык М.Я. Гiсторыя Беларусi: курс лекцый / М.Я. Сяменчык – Мн., 2009 г.

3. Храналогія гісторыі Беларусі / Склад. В.В. Гетад, M.I. Калінскі. 3 – е выд. – Мн., 1992.

4. Шымукович С.Ф. Гiсторыя Беларусi: курс лекцый / С.Ф. Шымукович. – Минск, 2005. – 235 с.