Смекни!
smekni.com

Усталяванне савецкай грамадска-палітычнай сістэмы ў СССР і БССР (стр. 4 из 6)

Партыйнае i савецкае кіраўніцтва рабiлi захады, накiраваныя на прадухiленне ў будучым парушэнняў законнасцi. У сакавіку 1954 г. ізноў аднаўляўся партыйны кантроль над дзейнасцю сілавых міністэрстваў. Так, МДБ выводзілася з МУС і рэарганізоўвалася ў Камітэт дзяржаўнай бяспекі (КДБ). 30 красавiка 1954 г. Вярхоўны суд СССР рэабiлiтаваў ахвяр так званай «ленiнградскай справы» i пакараў тых, хто сфабрыкаваў яе. Так, па прыгавору суда былы МДБ Абакумаў i тры яго памагатыя былi расстраляны. У чаканнi суда памёр i кат беларускага народа, былы кіраўнік НКУС БССР Л. Цанава.

Лiквiдаваўшы найбольш адыёзныя рудыменты рэжыму, апарат КПСС пакінуў непарушнай камандна-адмiнiстрацыйную сiстэму. Негалосна прынятая лiнiя на спыненне палiтычных рэпрэсiй не раскрывала iх прычын i асабiстай ролi у iх Сталiна. Больш таго, у снежнi 1954 г. у краіне шырока адзначалася яго 75-годдзе. З такой жа ўрачыстасцю 22 красавіка 1955 г. адзначалася 85-годдзе са дня нараджэння Ў. Ленiна. Такім чынам, у грамадска-палітычным жыцці тэма «Ленін-Сталін» была непадзельнай. Яскравым увасабленнем таго з’яўляўся Маўзалей, у якім захоўваліся парэшткі абодвух правадыроў.

У працэсе дзейнасці групы членаў ЦК КПСС па рэарганізацыі сістэмы кіравання склаліся перадумовы для крытыкі сталінізму. Першыя крокі ў гэтым напрамку былі зроблены 14–25 лютага на ХХ з’ездзе КПСС, дзе з дакладам «Аб кульце асобы i яго вынiках» выступіў М. Хрушчоў. Гэтае выступленне, а таксама пастанова ЦК КПСС ад 30 чэрвеня 1956 «Аб пераадоленнi культу асобы i яго наступстваў», былі прыхільна сустрэты грамадствам і арыентавалі яго на далейшае развіццё савецкай дэмакратыі.

Па ўказаннi ЦК КПСС следчымi органамi БССР была праведзена праверка судовых спраў даваенных гадоў. У вынiку было ўстаноўлена, што iснаванне на Беларусi антысавецкага падполля ў 1937–38 гг. з’яўлялася вынiкам фальсiфiкацыi. У гэтай сувязі з 1956 па 1962 было рэабiлiтавана 29 012 чал.

Супраць М. Хрушчова, які ініцыяваў крытыку Сталіна, выступіла група членаў Прэзідыума ЦК на чале з В. Молатавым, але пацярпела паражэнне. Гэта дало І сакратару КПСС магчымасць завяршыць распачатую працу па асуджэнні культу Сталіна. Прамова М. Хрушчова на ХХІІ з’ездзе КПСС (17–31 кастрычнiка 1961 г.) знайшла падтрымку большасці народа, асабліва творчай інтэлігенцыі.

Грамадска-палітычнае жыццё СССР і БССР увабрала ў сябе стыль, метады і наступствы кіравання М. Хрушчова, які займаў пасады І сакратара ЦК КПСС і старшыні Савета Міністраў СССР. Неўзабаве і ён стаў прымаць рашэнні аднасобна, не параіўшыся з акружэннем. Уласцівы яму стыль кіраўніцтва – валюнтарызм – выявіў сябе ў непрадуманай рэарганізацыі амаль усіх партыйных і ўпраўленчых структур. Але савецкая палітычная сістэма засталася нязменнай.

Ва ўмовах панавання КПСС паўнаўладдзе Саветаў было немагчымым у прынцыпе: іх кiраўнiцтва абiралася пад партыйным кантролем, пры прамым i непасрэдным удзеле камунiстаў. Разам з тым Саветы ўсiх узроўняў пачалi лепш выконваць свае гаспадарчыя, арганiзацыйныя i культурна-выхаваўчыя функцыi. Палажэннi аб сельскiх, пасялковых, раённых, гарадскiх Саветах адлюстравалi iмкненне да развiцця дэмакратыi. Яны заканадаўча замацавалi правы і абавязкі дэпутатаў, усталявалi iх недатыкальнасць. На працягу 1950-х гг. працоўныя Беларусi двойчы бралi удзел у выбарах у Вярхоўны Савет СССР, двойчы ў Вярхоўны Савет БССР i тройчы ў мясцовыя органы рэспублiкi. За безальтэрнатыўны спiс кандыдатаў блоку камунiстаў i беспартыйных галасавала звыш 99% выбаршчыкаў.

Прафсаюзы заставаліся самай масавай грамадскай арганізацыяй. З 1951 па 1960 г. колькасць яе членаў павялічылася з 815 тыс. да 1 988 тыс. Па-ранейшаму асноўнай сферай дзейнасці прафсаюзаў з’яўлялася вытворчасць. Па iх iнiцыятыве з ладзіліся спаборнiцтвы «за званне брыгад выдатнай якасцi», «за эканомiю iнструментаў», «за сумяшчэнне прафесiй», у якіх удзельнiчала 95,2% працоўных. З 1958 г. разгарнуўся рух за званне ўдарнiкаў i брыгад камунiстычнай працы. З 1962 г. – за званне «майстар-залатыя рукi».

У 1950-я гг. раслi i умацоўвалiся камсамольскiя арганiзацыi рэспублiкi. Калi у 1950 г. у шэрагах ЛКСМБ налiчвалася 368 тыс. камсамольцаў, то да 1961 г. ужо 621 тыс. ЛКСМБ здзяйсняў шэфства над пiянерскай арганiзацыяй, браў удзел у сацыялістычных спаборніцтвах. Па заклiку партыi камсамол Беларусi узяў удзел у асваеннi цалiны ў Казахстане, Сiбiры, на Алтаi i Урале. Камсамольскія работнікі папаўнялі кадры партыйна-савецкай наменклатуры БССР. Яе тагачасны кіраўнік І сакаратар ЦК КПБ К. Мазураў заўсёды аператыўна рэагаваў на дырэктывы з Крамля. У 1958 г. М. Хрушчоў пад час наведвання БССР высока ацаніў шанцы беларускага народа ў пабудове камунізму.

Поспехі пасляваеннага аднаўлення эканомікі СССР, выкрыццё сталіншчыны, знішчэнне «жалезнай завесы» і часовае прыпыненне «халоднай вайны», усё гэта і іншае надало савецкаму грамадству моцны імпульс далейшага развіцця. Але ўсё гэта і іншае не задавальняла частку партыйнай наменклатуры, якую палохаў працэс дэмакратызацыі грамадства. У выніку 13 кастрычнiка 1964 г. на пасяджэннi Прэзiдыума ЦК КПСС М. Хрушчову былi прад’яўлены прэтэнзii за развал сельскай гаспадаркi, злоўжываннi у кадравай палiтыцы, праявы культу яго асобы. Больш абрунтавана гэта прагучала назаўтра, 14 кастрычнiка 1964 г. на Пленуме ЦК у дакладзе А. Суслава «Аб ненармальным становiшчы, што склалася ў Прэзiдыуме ЦК у сувязi з няправiльнымi дзеяннямi Хрушчова». У выніку апошні «па ўласным жаданнi» ён быў вызвалены ад займаемых пасад.

Такім чынам, кароткачасоваму перыяду знаходжання М. Хрушчова ва ўладзе ўласцівы велічныя і заганныя падзеі, рэзкія кантрасты, дасягненні і страты. Як кіраўнік дзяржавы ён наблізіўся да народа і мкнуўся палепшыць яго жыццё, але як партыйны дзеяч, ён рабіў гэта ў адпаведнасці са сваімі ўяўленнямі аб народных патрэбах і тымі ж, добра апрабаванымі дырэктыўнымі метадамі. «Хрушчоўскай адлізе» уласцівы несумяшчальныя супярэчнасці: з аднаго боку выкрыццё сталіншчыны, амністыя і рэабілітацыя пацярпелых ад яе, з другога – адсутнасць галоснасці, патуранне новаму культу, прапаганда ўтопіі камуністычнага грамадства. Намаганнямі Хрушчова савецкае грамадства пазбавілася сталінісцкіх крайнасцяў, але глыбокіх дэмакратычных пераўтварэнняў не адчула.

6. Грамадска-палітычнае жыццё БССР у 70-я – першай палове 80-х г. ХХ ст.

У кастрычніку 1964 г., пасля адстаўкі М. Хрушчова першым сакратаром ЦК КПСС быў выбраны Л. І. Брэжнеў, старшынёй Саўміна СССР – А.М. Касыгін. Пасля ХХІІІ з’езда КПСС (сакавік-красавік 1966) Прэзідыум ЦК быў ізноў перайменаваны ў Палітбюро, і адноўлена назва «Генеральны сакратар». З’езд cкасаваў ранейшую пастанову аб забароне абрання адных i тых жа асоб на кiруючыя пасады больш, чым тры разы запар. Адначасова адбывалася далейшая цэнтралізацыя партыйна-дзяржаўнага апарата. Да бліжэйшага акружэння Л. Брэжнева належалі члены Палітбюро – старшыня КДБ Ю. Андропаў, міністр абароны Дз. Усцінаў, міністр замежных спраў А. Грамыка.

Рэальныя рычагi улады засяродзіліся ў наменклатуры. Адначасова ў яе асяроддзі ўкараніліся такія хібы, як бюракратызм, карупцыя і пратэкцыянізм. Яе намаганнямі з’явіліся «падзаконныя акты», «тэлефоннае права». Шэраговыя камунiсты не мелi магчымасцi уплываць на дзейнасць камiтэтаў, тым больш – фармiраваць палiтыку партыi.

Саветы як выбарныя органы ўлады па-ранейшаму заставаліся на другi плане. Сесii Вярхоўнага Савета СССР і саюзных рэспублік адбываліся з удзелам дэпутатаў, абраных за працоўныя або iншыя заслугi, без улiку iх дзелавых якасцей як законатворцаў. Выбарчая сістэма па-ранейшаму прадугледжвала безальтэрнатыўнасць. Удзел электарата ў выбарах пры «ўмелых падліках» – быў не менш выніковым, чым пры Сталіне, бо часам дасягаў 99,96%.

Прафсаюзы зрабіліся неафіцыйнымі дзяржаўнымі структурамі. Іх функцыі па абарона інтарэсаў работнікаў былі дзейснымі ў той ступені, у якой яны не супярэчылі інтарэсам парткама і адміністрацыі прадпрыемства або ўстановы.

Камсамолу быў адведзены свой сектар грамадска-палітычнай, галоўным чынам, ідэйна-выхаваўчай работы. Пасады кіруючых органаў УЛКСМ з’яўляліся наменклатурнымі. Усплёскі камсамольскай актыўнасці былі звязаны з правядзеннем фестываляў і спартакіяд моладзі і студэнтаў, дзяржаўных святаў, летніх «працоўных» семестраў і інш. Імкненне функцыянераў аб’яднаць у камсамоле максімум юнакоў і дзяўчат праблемы камуністычнага выхавання не вырашала.

У 1977 г. была прынята трэцяя Канстытуцыя СССР. У шостым артыкуле вызначалася роля партыі як кіруючай сілы савецкага грамадства і тым пацвярджалася манапольнае становішча КПСС у савецкай палітычнай сістэме. Там жа паведамлялася аб з’яўленні ў СССР новай сацыяльнай і інтэрнацыянальнай супольнасці – савецкага народа. У выніку КПСС ператваралася ў агульнародную, а Саветы працоўных дэпутатаў у Саветы народных дэпутатаў. Але сама ўлада агульнанароднай так і не зрабілася. Нягледзячы на адмову ад сталінізму як ідэалогіі і практыкі савецкага будаўніцтва, партыйныя лідэры не адмовіліся ад камандна-адміністрацыйных метадаў кіравання.

Вярхі кіруючай партыі з часоў Леніна фарміравалі і фармулявалі адзіную для ўсіх савецкіх грамадзян ідэалогію. Па сутнасці, усё грамадска-палiтычнае жыццё было запраграмаваным і падкантрольным партыйным органам. Яно было моцна ідэалагізаваным ва ўсіх яго формах і праявах. Адной з мэтаў усёй ідэйна-выхаваўчай дзейнасці – натхніць працоўныя масы на пабудову матэрыяльна-тэхнічнай базы камунізма. Высокі працоўны рытм павінны былі забяспечыць заклікі аб датэрміновым выкананні пяцігодак, кампаніі (ініцыятывы, пачыны, ударныя вахты і г.д.), кампаніі: «60-годдзю ўтварэння СССР – 60 ударных тыдняў», «Пяцiдзённае заданне – у чатыры днi», «ХХVI з’е-зду партыi – 26 ударных вахт». Неад’емнай рысай грамадска-палітычнага жыцця часоў Л. Брэжнева і яго паслядоўнікаў з’яўлялася святкаванне шматлікіх «чырвоных датаў» і юбілеяў